Цудадзейны карагод
зборнік твораў для пазакласнага чытання ў 3-м класе. У 2 ч. Ч. 2
Выдавец: Народная асвета
Памер: 303с.
Мінск 2018
А Паўлік падумаў, што не такая ўжо гэтая цёця і прыгожая. Ен і праўда памыліўся. I пайшоў далей па алейцы. Мінуў некалькі лавачак, на якіх сядзелі цёці з дзецьмі, але ніводная з іх не здалася яму такою, каб аказацца яго мамаю.
Каля адной лавачкі Паўлік зноў запыніўся. Тут сядзелі цёця з дзядзем. Цёця абдымала дзядзю за шыю. Значыцца, яна яго любіць. А Каця сказала, што мама добрая, што яна ўсіх любіць. I была гэтая цёця прыгожая. Паўлік пастаяў крыху ўбаку, потым адважыўся і нясмела падышоў.
— Цёця, вы мая мама? — спытаў ён.
Цёця спалохана зірнула на яго:
— Гэта ты ў мяне пытаешся, хлопчык?
— У вас, — ветліва адказаў Паўлік.
— Ты што! Якая я табе мама, — цёця, здаецца, нават зазлавала. — Пойдзем, — сказала яна дзядзю.
Калі цёця паднялася, то аказалася такой высокаю, што Паўлік зразумеў — такая не магла быць яго мамаю. Ен засумаваў. Аказва-
ецца, не так проста знайсці маму. Можа, яна ходзіць не там, дзе ён шукае? Хлопчык цяжка ўздыхнуў. Ен ужо не спадзяваўся на ўдачу. Ішоў па алейцы, не вельмі і прыглядаючыся да цёцяў Але адна зноў кінулася яму ў вочы. На лавачцы сядзела цёця ў белым капялюшыку і чытала кнігу. Паўлік аглядзеў яе з аднаго боку, з другога некалькі хвілін, падышоў да яе.
— Цёця, — нясмела загаварыў ён, — можа, вы мая мама?
Цёця апусціла кнігу, глянула на Паўліка.
— А як цябе зваць? — спытала яна.
— Паўлік.
— А колькі табе гадоў?
— Пяць...
— А дзе ты жывеш?
— У дзіцячым доме...
Цёця ласкава пагладзіла яго па галаве.
— Трэба падумаць, успомніць, можа, я і праўда твая мама...
Яна ўзяла Паўліка за руку і павяла ў дзіцячы дом. Потым доўга нешта гаварыла з Людмілай Іванаўнай. А праз нейкі час прыйшла ў дзіцячы дом з дзядзем і сказала Паўліку:
— Я — твая мама, а гэта — твой тата. Збірайся, сынок, пойдзем дадому.
Так Паўлік знайшоў сваю маму. Нездарма людзі кажуць: «Хто шукае, той знаходзіць».
СТРАЛЕЦ I РЫБАК
Беларуская народная казка у апрацоуцы Алеся Якімовіча
Былі ў бацькі два сыны. Выраслі яны, як дубы, а бацьку ўсё няма палёгкі.
Большы, праўда, старанны быў хлопец, ды вось бяда: змалку ўсё розныя пасткі майстраваў, а як падрос, дык дастаў сабе стрэльбу і не разлучаецца з ёю. Людзі на работу ідуць, а ён стрэльбу на плячо ды шмыг у лес ці на балота. Цягаецца ўвесь дзень, дахаты ж з пустымі рукамі ідзе, галодны як воўк. Ton43 лапці, а прыбытку ніякага. Калі ж часам і ўпалюе якое зайчаня, дык хутчэй нясе пану, каб той даў пораху.
Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць — нічога не парадзіш, калі ў сына такая ахвота.
А меншы сын такі гультай удаўся, што хоць ты яго з хаты гані. Дзень і ноч сядзіць з вудаю на рэчцы, за гаспадарку ж ані не бярэцца. Наловіць жменю печкуроў ці яршоў — якая ад іх карысць? Кату паласавацца.
Пачаў і на яго бацька сварыцца, што толькі час марна траціць. Але і меншы сын не слухае бацькі, бо, вядома, ахвота горш няволі.
А каб апраўдацца перад бацькам, што з пустымі рукамі прыходзяць, выдумляюць сыны розныя прычыны.
Стралец расказвае:
— Сёння з самага ранку натрапіў я на чараду коз. Была там каза з казлянятамі ды стары казёл барадаты. Але толькі я злажыўся, каб стрэліць, ажно ў казла, ліха на яго, у ноздрах восы заказыталі. Ен як чмыхнуў, дык цэлы рой восаў вылецеў з ноздраў. Давай тыя восы казу з казлянятамі кусаць... Ну, яны і пасмалілі, як шалёныя, у гушчар. Я за імі. Выскачыў на палянку, а там стаіць на задніх лапах вялізны, як вол, мядзведзь. Чмыхае мядзведзь носам ды абараняецца пярэднімі лапамі ад чмялёў. Ну, думаю, гэта, відаць, толькі што выйшаў з яго чмяліны рой. У такі час мядзведзі вельмі злосныя. Пабаяўся я страляць у яго, а хутчэй скокнуў на елку. Дык вось і сядзеў там, на елцы, увесь дзень, пакуль мядзведзь не пайшоў...
Рыбак расказвае:
— Сяджу гэта я на беразе, цікую за паплаўком. Раптам нейкі шчупачышча цоп за кручок — і на дно! Я за вудзільна, цягну, ажно жылы ў мяне трашчаць. Давалок да берага, a шчупак віль хвастом — і будзь здароў... Бадай цябе! Закінуў другі раз вуду. Зноў той шчупачышча-дурнішча папаўся. Падцягнуў яго да
берага, хацеў рукамі ўхапіць, ды не ўтрымаўся і — шабулдых у ваду!.. Насілу жывы выкарабкаўся.
Слухае іх бацька і толькі галавою ківае:
— Праўду людзі кажуць, што ў стральца дым густы ды абед пусты, а рыбак, як намочыцца, дык і рыбы яму не захочацца.
Думаў, думаў бацька, як яму адвучыць сыноў ад благой прывычкі, ды нічога не можа прыдумаць.
Аднойчы зайшоў да яго стары жабрак і папрасіўся нанач. Разгаварыўся бацька з жабраком, на сыноў паскардзіўся.
— Выгадаваў, — кажа, — дзяцей, а падмогі на старасць ніякай. Бо вядома: стралец страляе, а гаспадарка гуляе!
Выслухаў жабрак бацькаву скаргу і параіў, што яму зрабіць, каб прывучыць сыноў да гаспадаркі. Назаўтра бацька кажа сынам:
— Вось што, сынкі, ёсць у мяне адна далёкая радня. Пайду я да яе. А вы сабе жывіце як хочаце.
Сабраўся і пайшоў
Засталіся сыны гаспадарамі. Доўга яны гаспадарылі ці нядоўга, але хутка дажыліся так, што няма чаго, як кажуць, і на зуб палажыць. Пачалі браты спрачацца, хто вінаваты. Спрачаліся, спрачаліся, а да праўды так і не дайшлі.
Толькі вось праз нейкі час зноў завітаў да іх той жабрак. Ну, вядома, трэба накарміць чалавека, а ў братоў ні кавалка хлеба.
Стралец дакарае рыбака:
— Няхай бы ты хоць якую рыбіну злавіў, каб было чым чужога чалавека прыняць.
Рыбак адказвае стральцу:
— Няхай бы ты хоць якое казляня падстрэліў...
Паслухаў іх жабрак і кажа:
— Дзякую вам, хлопчыкі, за клопат. Ёсць у мяне хлеб, што добрыя людзі далі.
Дастаў ён з торбы хлеб, сала і пачаў частаваць стральца і рыбака. Сорамна ім прымаць пачастунак ад беднага жабрака, ды голад не цётка.
Накінуліся браты на жабракову торбу і як бачыш усю апрасталі.
— Чаму вы такія бедныя? — пытаецца ў іх жабрак. — Хіба ў вас няшчасце якое, ці што?
Браты цяжка ўздыхнулі:
— Зусім, дзядуля, прапала наша гаспадарка...
— А як жа вы раней жылі?
— Бацька гаспадарыў, дык хлеб і вёўся.
— А што ваш бацька: малады ці стары?
— Ды зусім ужо стары.
— Вось бачыце, — кажа жабрак, — ён стары ды гаспадаркаю карміўся сам і вас кар-
міў. А вы маладыя, дужыя і без хлеба галееце...
Брыдка стала братам, радзей пачалі яны са стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца.
Мінуў год-другі, і зажылі яны як трэба.
Тым часам вярнуўся бацька з гасцей. Паглядзеў: гаспадарка як мае быць!
Зарадаваўся ён і кажа:
— Вось цяпер я магу спакойна і паміраць, бо бачу, што вы розуму набраліся: ловіце, страляеце і гаспадарку даглядаеце.
Тамара Бунта
ДАЛОНЬКІ 3 ПУШЫНКАМІ
Уладзік зайшоў на кухню і моўчкі сеў за стол. На кухні смачна пахла: бабуля пякла блінкі. Але Уладзік незадаволена нахмурыў бровы.
— Хочаш блінок? — спытала бабуля. — Для цябе пяку!
Яна стаяла каля пліты і не бачыла, што ўнук хмурыцца.
— He хачу! — незадаволена адказаў Уладзік. Бабуля зняла з патэльні апошні блінок і падышла да ўнука. Яна ласкава пагладзіла яго па галоўцы.
— He трэба! — зноў незадаволена сказаў Уладзік і, матлянуўшы галавой, скінуў бабуліну руку-
— Чаму ж не трэба?.. — сказала бабуля ўсміхаючыся. — Я ж цябе люблю...
Яна села побач на крэсла.
— Ну, што здарылася?
«Што здарылася, што здарылася?!. — сярдзіта падумаў Уладзік. — Нічога не здарылася!» I праўда: нічога не здарылася. Яму проста стала сумна. Нядаўна ён хварэў, і таму пакуль сядзіць дома. Вось яму і сумна.
— А ты мяне любіш? — раптам спытала бабуля.
Уладзік, насупіўшыся, упарта маўчаў.
— Пагладзь мяне па руцэ, — папрасіла бабуля і паклала сваю руку на стол. — Калі ласка...
Уладзік сціснуў рукі ў кулачкі і схаваў іх за спінай.
— А, разумею... У цябе на далоньках, мусіць, выраслі злыя калючкі, і ты баішся мяне падрапаць? — сказала бабуля.
— Няма ў мяне ніякіх калючак! — запярэчыў Уладзік. Але неяк не надта ўпэўнена запярэчыў.
— Давай праверым! — прапанавала бабуля. — Ану, пакажы свае далонькі!
Уладзік трохі павагаўся, але ўсё ж такі дастаў рукі з-за спіны і расціснуў кулачкі. Яму і самому хацелася паглядзець, ці не выраслі на яго далонях калючкі ад таго, што ён чамусьці сярдуе на бабулю.
— Ура! — узрадавалася бабуля. — Аніякіх злых калючак у цябе няма, і ты можаш смела пагладзіць мяне па руцэ!
Яна сама ўзяла руку Уладзіка і правяла ёю па сваёй.
— Ды ў цябе далонькі не з калючкамі, а з пушынкамі! — усклікнула бабуля.
— I пушынак аніякіх у мяне няма! — сказаў Уладзік, але ўжо зусім не сярдзіта.
— Як гэта няма? — здзіўлена спытала бабуля. — А чаму ж тады твае далонькі такія пяшчотныя і ласкавыя?
Уладзік памаўчаў, а потым сказаў:
— Таму што я таксама цябе люблю.
Алена Васілевіч
МАЯ ГАСПАДАРКА
Раніцай бабуля наліла мне шклянку малака — запіць снеданне — і сказала:
— Канчай, унучак, есці, ды бярэмся за гаспадарку. Твае дзядзька і цётка напрацаваліся ўжо недзе ў полі, пакуль ты спаў.
— За якую гаспадарку? — не зразумеў я.
— А я табе раскажу.
Ну што ж, за гаспадарку дык за гаспадарку. У нас у горадзе ніякай гаспадаркі няма. А калі ў бабулі яна ёсць — буду дапамагаць. Так мне і мама дома сказала: «Глядзі, Вова, дапамагай бабулі. Яна старэнькая».
Бабуля і кажа:
— Пайдзі, унучак, зірні, куды гэта падзеліся нашы падушачкі.
— Добра, бабуля, зараз!
Я ўсхапіўся з-за стала і хуценька пабег у «новую» хату — так называлі чысты і заўсёды прыбраны пакой, дзе мы з бабуляй спалі. Там усё было ў парадку: ложкі засланы, а падушкі, узбітыя бабулінымі рукамі, узнімаліся ледзь не да столі. Маленькія падушачкі-думкі таксама ляжалі на месцы...
— Бабуля, яны ляжаць на ложках! — Мне нават дзіўна было з бабулінага загаду: сапраўды, куды ж ім дзецца — гэтым яе падушачкам?
— А дзіцятка ты маё! — пляснула рукамі бабуля і аж затрэслася ўся ад смеху. — А я думаю, чаго гэта ён у тую хату пабег, а ён падушак глядзець...
— Ты ж сама загадала мне, — пакрыўдзіўся я, не разумеючы, што магло так рассмяшыць бабулю.
— Дурненькі, гэта ж я сказала, каб ты пайшоў паглядзеў, дзе нашы гусяняткі ходзяць.
— Гусяняткі?.. А ты ж сказала: «Ідзі паглядзі падушачкі...»
— А з чаго ж падушачкі робяць?
— 3 чаго? He з гусянят жа!..
— Ды пэўна ж — не з гусянят... — зноў засмяялася бабуля.
I растлумачыла мне, што падушкі робяць з пер’я і пуху, а пух і пер’е расце на гусях. А гусі вырастаюць з гусянят. Вось і выходзіць, што гусяняткі і сапраўды маленькія падушачкі...