• Газеты, часопісы і г.д.
  • Псіхалогія  Дэвід Майерс

    Псіхалогія

    Дэвід Майерс

    Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
    Памер: 560с.
    Мінск 1997
    478.44 МБ
    Раздзел 10 Мысленне і мова 283
    Высновы
    Наш розум то больш, то менш ўдала атрымлівае, успрымае і ўзнаўляе інфармацыю, якой мы карыстаемся ў працэсе зносінаў. У гэтым раздзеле мы разгледзелі, як утвараюцца паняцці, рашаюцца задачы, прымаюцца рашэнні і як чалавек карыстаецца мовай.
    Мысленне
    Паняцці. З’яўляючыся будаўнічымі элементамі мыслення, паняцці з дапамогай іерархіі катэгорый спрашчаюць і ўпарадкоўваюць нашы ўяўленні аб навакольным свеце. Паняцці часта ўтвараюцца на аснове прататыпаў — яскравых узораў пэўнага класа з’яў і прадметаў.
    Рашэнне задач. Калі мы сутыкаемся з новай сітуацыяй і ў нас няма гатовага рэцэпту выйсця з яе, мы можам выбраць любы з некалькіх метадаў: спробаў і памылак, алгарытму і практычнай эўрыстыкі. Часам рашэнне прыходзіць раптоўна, як азарэнне (інсайт). Аднак часта мы сутыкаемся з перашкодамі пры вырашэнні праблем. Устаноўка на пацверджанне прымушае нас шукаць пацверджанні сваёй гіпотезы, а не ставіць яе пад сумненне. Такія віды фіксацыі, як устаноўка і функцыянальная замацаванасць, могуць перашкодзіць нам убачыць праблему з іншага боку.
    Прыняцце рашэнняў і фарміраванне суджэнняў. Наша скарыстанне рэпрэзентатыўнай эўрыстыкі і эўрыстыкі наяўнасці прыводзіць да эканомных, але падчас памылковых шляхоў прыняцця рашэнняў і інтуітыўнага фарміравання суджэнняў. Наша схільнасць шукаць пацверджанні сваіх поглядаў і карыстацца перавагамі эўрыстыкі часам прымушае нас закрываць вочы на магчымасць памылак. Такая з’ява называецца празмернай упэўненасцю.
    Прадузятасць пераконанасці. Мы ахвотней пагаджаемся з высновамі, якія адпавядаюць нашым перакананням. Такі феномен, як трываласць перакананняў, вядзе да таго, што мы прытрымліваемся сваіх думак нават тады, калі іх аснова разбурана: тлумачэнне, якое мы ўспрынялі як слушнае, захоўваецца ў нашай свядомасці. Аднак нягледзячы на схільнасць да памылак і розныя фактары, што замінаюць нам разважаць, чалавечы розум — гэта надзвычай эфектыўнае і пластычнае ўтварэнне. Як толькі мы набываем вопыт у якойсьці галіне дзейнасці, мы прымаем хуткія і мудрыя рашэнні.
    Штучны інтэлект (ШІ). Пробныя камп’ютэры і робаты сёння ажыццяўляюць аперацыі, што імітуюць чалавечае мысленне. Самыя ўражлівыя поспехі ШІ праяўляюцца ў магчымас
    цях камп’ютэраў запамінаць інфармацыю і рашаць асобныя задачы: напрыклад, гуляць у шахматы або ставіць дыягназ хваробы. Да нядаўняга часу магчымасці камп’ютэраў адначасова апрацоўваць мноства розных дадзеных былі вельмі сціплымі.
    Мова
    Структура мовы. Вусная форма мовы складаецца з гукаў, або фанем; элементарных адзінак, якія маюць значэнне, — марфем, слоў; семантыкі (значэння) і сінтаксгсу (правіл размяшчэння слоў у сказе), што складаюць граматыку.
    Развіццё маўлення. Адным са шматлікіх цудаў прыроды з’яўляецца здольнасць дзіцяці да засваення мовы. Лёгкасць, з якой дзіця рухаецца ў сваім развіцці ад лепятання праз аднаслоўную стадыю да стадыі тэлеграфнага стылю (або двухслоўнай) і далей, выклікала навуковую дыскусію адносна таго, як гэта адбываецца. Біхевіярыст Скінер сцвярджае, што мы засвойваем мову згодна з прынцыпамі асацыяцый, імітацыі і падмацавання. Існуе і супрацьлеглы пункт гледжання, паводле якога дзеці біялагічна падрыхтаваны да засваення мовы і граматыкі.
    Мова жывёл. Яшчэ адна праблема, што выклікала вялікія спрэчкі: ці толькі ў людзей ёсць мова? Напрыклад, пчолы паведамляюць аб месцазнаходжанні пылку пры дапамозе мудрагелістага танца. Некалькі псіхолагаў навучылі падвопытных малпаў, у прыватнасці шымпанзэ, “размаўляць” з чалавекам на мове жэстаў або шляхам націскання кнопак на камп’ютэры. У малпаў сфарміраваўся значны запас слоў. Яны навучыліся спалучаць словы, каб выказаць пэўнае значэнне, выконваць пэўныя заданні. Скептыкі ўказалі на важнае адрозненне паміж моўнымі ўменнямі малпаў і чалавека, асабліва пры спалучэнні слоў і карыстанні сінтаксісам.
    Мова і мысленне
    Уплыў мовы на мысленне. Безумоўна, словы перадаюць думкі, а розныя мовы адлюстроўваюць розныя спосабы мыслення. Хоць гіпотэза лінгвістычнай адноснасці і сцвярджае, што мова дэтэрмініруе думкі, больш дакладна было б сказаць, што мова ўплывае на іх.
    Мысленне без мовы. Некаторыя рэчы, напрыклад, здольнасць успрымаць і запамінаць колеры, не залежаць ад мовы. Мы часта мыслім вобразамі, а не словамі, і прыдумваем новыя словы, каб абазначыць новыя паняцці.
    284 Частка 4 Пазнанне і мысленне
    Тзрміны і паняцці для запамінання
    Мысленне (пазнанне). Разумовая дзейнасць, звязаная з разуменнем, апрацоўкай інфармацыі і перадачай ведаў.
    Кагнітыўная псіхалогія. Галіна псіхалогіі, якая вывучае працэс апрацоўкі інфармацыі і яе прадстаўленасці ў структурах мозга, а таксама разумовую дзейнасць, якая ляжыць у аснове рашэння задач, фарміравання суджэнняў, прыняцця рашэнняў і моўнай дзейнасці.
    Паняцце. Мысленнае аб’яднанне падобных прадметаў, з’яў і людзей у катэгорыі.
    Прататып. Яскравы ўзор пэўнай катэгорыі; суаднясенне новых аб’ектаў з прататыпам з’яўляецца хуткім і эфектыўным спосабам іх класіфікацыі.
    Алгарытм. Метадычнае, лагічнае правіла або працэдура рашэння пэўнай задачы. Яго можна супрацьпаставіць хуткай, але і больш памылковай эўрыстыцы.
    Эўрыстыка. Практычны спосаб, які дазваляе нам фарміраваць суджэнні і эфектыўна рашаць задачы.
    Інсайт. Азарэнне, раптоўны і звычайна новы падыход пры рашэнні задачы, процілеглы паслядоўным, лагічным развагам.
    Устаноўка на пацверджанне. Тэндэнцыя да пошуку інфармацыі, якая б пацвярджала папярэднія меркаванні.
    Фіксацыя. Няздольнасць бачыць праблему з іншага боку.
    Стэрэатып. Стандартны падыход да праблемы; мог быць слушным у мінулым, але бяздзейсны пры рашэнні новай задачы.
    Функцыянальная замацаванасць. Тэндэнцыя разглядаць аб’екты толькі ў межах іх звычайных функцый; перашкода пры вырашэнні праблем.
    Рэпрэзентатыўная эўрыстыка. Практычны спосаб выяўлення адпаведнасці з’яў і рэчаў пэўным прататыпам; можа прывесці да ігнаравання іншай важнай інфармацыі.
    Эўрыстыка наяўнасці. Практычны спосаб ацэнкі праўдападобнасці з’яў па тым, наколькі хутка яны ўзнаўляюцца ў памяці (магчыма, дзякуючы сваёй нагляднасці), калі мы лічым такія з’явы верагоднымі.
    Празмерная ўпэўненасць. Тэндэнцыя да пераацэнкі сваіх меркаванняў.
    Прадузятасць перакананняў. Разбурэнне логікі першапачатковымі меркаваннямі; вядзе да таго, што часам няслушныя высновы здаюцца слушнымі, і наадварот.
    Феномен трываласці перакананняў. Ўпэўненасць у слушнасці сваіх першапачатковых меркаванняў нават пасля таго, як іх аснова разбурана.
    Штучны інтэлект (ШІ). Навука, што займаецца распрацоўкай камп’ютэрных сістэм, якія б выконвалі інтэлектуальныя аперацыі і імітавалі працэсы чалавечага мыслення: інтуіцыю, навучанне, разуменне мовы.
    Нервовыя сеткі. Камп’ютэрныя схемы, што імітуюць узаемазвязаныя нервовыя вузлы чалавека і пэўныя функцыі, скажам, распазнаванне зрокавых вобразаў і пахаў.
    Стадыя лепятання. Пачынаючы з 3—4 месяцаў дзіця ўступае ў першую стадыю развіцця маўлення, спантанна вымаўляючы разнастайныя гукі чалавечай мовы.
    Аднаслоўная стадыя. Стадыя развіцця маўлення, якая доўжыцца прыкладна з года да двух, на працягу якой дзіця вымаўляе асобныя словы.
    Двухслоўная стадыя. Стадыя развіцця маўлення, якая наступае пасля 2х гадоў, калі дзіця размаўляе пераважна спалучэннямі з двух слоў.
    Тэлеграфны стыль. Ранняя стадыя засваення мовы, калі маўленне дзіцяці нагадвае тэлеграму з адных назоўнікаў і дзеясловаў (без службовых слоў).
    Гіпотэза лінгвістычнай адноснасці. Гіпотэза Уорфа, паводле якой мова вызначае спосаб нашага мыслення.
    Раздзел 11
    Інтэлект
    Рухавы хлопчык Скот у дзіцячым садку нудзіўся і не знаходзіў сабе месца. Выхавальніца, падазраючы ў ім разумова адсталага, папрасіла псіхолага ацаніць здольнасці хлопчыка. Тэст, праведзены псіхолагам, выявіў, што на самай справе Скот быў надзвычай здольным дзіцем: ён чытаў, як трэцякласнік, і складваў лічбы, як вучань другога класа. He дзіўна, што яму было сумна: хлопчыку патрабаваліся заданні, якія адпавядалі б яго інтэлектуальнаму развіццю.
    Пасля таго, як Лары і яшчэ шэсць афраамерыканскіх хлопчыкаў і дзяўчынак з Каліфорніі прайшлі сістэму тэстаў, адміністрацыя школы размеркавала іх у спецыяльныя класы для разумова адсталых дзяцей. Бацькі разам з Псіхалагічнай асацыяцыяй чорных СанФранцыска ўзялі пад сумненне заключэнне псіхолагаў. Яны падазравалі, што тэсты былі прадузятыя. У 1979 г. суддзя Федэральнага акруговага суда Роберт Пэкхем пагадзіўся з імі. Ён заключыў, што тэсты на праверку інтэлектуальнага развіцця “маюць пэўную расісцкую і этнічную накіраванасць, дыскрымінуюць чорных дзяцей і не могуць прымяняцца зза таго, што ставяць сваёй мэтай змясціць іх у ізаляваных, непрэстыжных класах з нізкім узроўнем выкладання” [Opton, 1979]. У 1986 г. суддзя Пэкхем поўнасцю забараніў правядзенне тэстаў на вызначэнне IQ у Каліфорніі як “частку сістэмы ацэньвання дзяцей... скіраванай на тое, каб пазбавіць чорных дзяцей магчымасці атрымаць добрую адукацыю” .
    Марыя і Джэніфер сябравалі ўсе школьныя гады. Абедзве паспяхова скончылі школу і хацелі вывучаць медыцыну ў адным з каледжаў. Аднойчы раніцай яны разам выканалі ўступны тэст на агуль
    ную адоранасць. Марыя справілася з ім добра, і яе прынялі. Вынікі Джэніфер аказаліся не такімі высокімі, і, нягледзячы на яе выдатныя поспехі ў школе, ёй адмовілі. “Якая несправядлівасць!” — скардзіліся яны. — Цэлыя тры гады мы атрымлівалі выдатныя адзнакі ў адным і тым жа класе, і вось нейкі двухгадзінны тэст разлучае нас!”
    Вестка пра тое, што агульныя разумовыя здольнасці кожнага з нас, або інтэлект, паддаюцца вымярэнню, выклікала гарачыя спрэчкі сярод псіхолагаў. Адміністрацыі школ, суды і вучоныя спрачаліся адносна карысці і справядлівасці правядзення тэстаў на інтэлект — ацэнкі разумовых здольнасцей чалавека ў лічбавых паказчыках і параўнання іх з іншымі. Ці варта праводзіць тэсты дзеля таго, каб даць ацэнку здольнасцям чалавека і прыняць яго ў каледж ці на работу? Калі так, то як трэба вымяраць інтэлект? У якой ступені на яго ўплывае прырода (спадчыннасць) і навучанне (асяроддзе)? Пра што на самай справе сведчаць адрозненні ў тэставых паказчыках асобных індывідаў і цэлых груп людзей? З’яўляецца тэсціраванне інтэлекту пазітыўным спосабам раскрыць перад імі іх уласныя магчымасці ці гэта зброя дыскрымінацыі, замаскіраванай пад навуку? У гэтым раздзеле мы дапаможам вам сфарміраваць уласны пункт гледжання па згаданых спрэчных пытаннях.