Душы маёй бяссонніца
Сяргей Давідовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 1999
3 часам пастарэла вёска, памаладзелі звычаі, і пра згаданы рытуал болей у нас не чуваць.
АКОПЫ
Акопы... Купалавы Акопы...
Для мяне Акопы існуюць у трох іпастасях: Акопы тых гадоў, калі Купала знаходзіў тут прытулак для душы, для стварэння лепшых сваіх твораў. Другія Акопы — Акопы майго дзяцінства і юнацтва. Трація Акопы — сучасныя, даволі штучныя...
Мне помняцца, мяне хвалююць «другія» Акопы, калі я, малапісьменны, часцяком забягаў туды, не ведаючы пра святасць гэтага месца, не прачытаўшы яшчэ аніводнага Купалавага радка, хоць чуў, што быў такі паэт, які наязджаў да сваёй маці ў Акопы...
Дык чым прыцягвала мяне гэтае месца? Перш за ўсё — сваёй прыгажосцю, утульнасцю. Мне падабалася круглая, застылая, нібы люстэрка, сажалачка, над якой задуменна звісалі ліпы. Мяне прыцягваў агромністы камень-валун, на які я любіў ускарабкацца і сядзець, слухаючы птушыныя спевы і шум лістоты. Але больш за ўсё я любіў пасядзець «у дубе». Дуб гэты стаяў крыху воддаль ад сядзібы. Нехта некалі не паленаваўся выдзеўбці ў ягоным ствале нешта падобнае на крэсла, у якім было вельмі прыемна сядзець. Казалі, што ў гэтым «крэсле» Купала пісаў свае творы, але гэтая навіна мяне мала хвалявала, і я прыходзіў да дуба не таму, што нейкі там Купала сядзеў у ім, а таму, што мне падабалася ўціснуцца целам у ствол і нібы зліцца з магутным волатам-дрэвам.
На вялікае шчасце, аднаго разу я «зацягнуў» у Акопы свайго швагра Казіка, які любіў фатаграфаваць, і ён сфатаграфаваў мяне і на валуне, і на бервяне ў вадзе сажалачкі, і седзячы ў дубе.
Дуба таго няма «ў жывых», як і многіх-многіх прыгажуноў-дубоў, што па-аднаму «паразбягаліся» па палях. Гэтыя помнікі прыроды заміналі калгасным «рупліўцам», якія выкарчоўвалі трактарамі дрэвы, каб з таго месца, дзе яны раслі, узяць жменьку збожжа.
Сапраўды, свіння есць жалуды, не задумваючыся, адкуль яны ўзяліся...
Фотаздымкі тыя ў мяне захаваліся, і я вельмі імі даражу. На пагорку, вышэй сажалачкі — у бок Будаў, з травы выглядваў падмурак колішняга дома, побач з якім захаваўся глыбокі і прасторны склеп. Сцены яго былі выкладзены каменнем і зацэментаваныя. Склеп быў даволі глыбокі, і я ні разу, хоць надта хацелася, не адважваўся спусціцца ў яго, бо баяўся, што не вылезу наверх.
Ад падмурка да сажалачкі на даволі крутым схіле захаваўся сад. Сёння, калі пачынаю гаварыць музейным супрацоўнікам пратой сад, яны недаверліва маўчаць ці робяць выгляд, што не пачулі маіх слоў.
А з гэтага састарэлага і дажываючага свой век садка мы са старэйшым братам мяхамі цягалі ў Карпілаўку смачныя яблыкі, бо свайго саду не было. Дзве вярсты несці мех з яблыкамі, калі ад стомы заблытваюцца ногі і, здаецца, няма сіл удыхнуць паветра,—такое, і паміраць будзеш, — не забудзецца.
Сёння — няма падмурка, няма склепа, няма дуба, знік садок...
Няхай бы стаялі хоць сухія дрэвы-помнікі, як стаяць яблынькі-калекі ў садзе Антона Лявіцкага.
У Акопах не засталося нічога натуральнага — ёсць толькі музейнае, штучнае, сярод якога пасвяцца харужанскія каровы. Магчыма, рупячыся аб жывёле, склеп і засыпалі. Спрабуючы пачысціць дно ў сажалачцы, парушылі, «прабілі» яе дно, і вада не хоча трымацца ў новай, штучнай.
I толькі дух купалаўскага генія тут натуральны і вечны... Сёння я, адукаваны і свядомы, з хваляваннем прыходжу да святых Купалавых мясцін, з сумам і болем іду па «трэціх», штучных, Акопах і зайздрошчу сабе — таму хлапчуку Сярожу, якога лёс прыводзіў сюды шмат гадоў назад...
ПА ДАЎГІНАЎСКАМУ ШЛЯХУ
Ад Лускава да Карпілаўкі — пятнаццаць кіламетраў. Невялікі адрэзак знакамітага Даўгінаўскага шляху. па якім у свой час ездзіла менавіта ў Карпілаўку цэлае сузор’е вядомых людзей: Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.), Зоська Верас, Палута Бадунова, Ядзвіга Раткевіч, Змітрок Бядуля, Уладзіслаў Галубок. Даўгінаўскі шлях меў гонар «несці на векавых сваіх плячах» і славутага Максіма Багдановіча, які наведаў аднаго разу Ядвігіна Ш. у Карпілаўцы.
Янка Купала таксама многа год наязджаў гэтым жа шляхам да сваёй маці ў Акопы, што побач з Карпілаўкай, ды і ў самой Карпілаўцы бываў неаднаразова — сустракаўся тут з Ядвігіным Ш.
Цяжка нам сёння ўявіць, якім ён, Даўгінаўскі шлях, быў тады, на стыку мінулага і цяперашняга стагоддзяў.
Думаю, што не менш цяжка і вам уявіць славуты адрэзак шляху ледзь не паўвекавой даўніны, бо сёння анічога не засталося ад яго.
Мне «пашчасціла» дзесяткі, а можа, і сотні разоў адтупаць па гэтаму адрэзку Даўгінаўскага шляху. Чаму «пашчасціла» ў двухкоссі? Таму, што не так ужо і мала пятнаццаць вёрстаў пехатой, ды яшчэ з клункам ці з клункамі, ды не заўжды добрым надвор’ем.
А патрэба ехаць з Карпілаўкі ў Мінск была ў асноўным адна — хлеб. Мама і сама выпякала вялізныя, круглыя, смачныя караваі чорнага хлеба, але часцяком канчалася мука, і тады — ногі ў рукі і, хоць дождж, хоць завея,— уперад.
Які ж ён быў, гэты кавалак Даўгінаўскага шляху ў пяцідзесятыя гады? Вядома, што дарогі, як і людзі, з часам мяняюцца, бывае — да непазнавальнасці.
Калі ласка, тых, хто не шкадуе абутку і часу, запрашаю ў падарожжа.
Рэйсавы аўтобус Мінск—Радашковічы прыпыняўся ля вёскі Лускава, дзе звычайна выходзіў я, ускідваў на плечы свой скарб і пачынаў не вельмі вясёлую работу — некалькі гадзін «пералічваць» крокамі няблізкую дарогу.
Вёска Лускава расцягнулася на цэлую вярсту ўздоўж дарогі. Таму пакуль праз яе пройдзеш — не адна пара дасціпных вачэй «абмацае» цябе ад выгаралай шапкі да стоптанага абутку, не адзін сабака аббрэша цябе праз плот, a то і кінецца ў ногі з адчыненых варотцаў. Ідзеш-ідзеш, а, здаецца, канца вёсцы няма. He любіў я хадзіць праз Лускава, а мусіў — другой дарогі не было.
Дарога па вёсцы ўвесь час паволі лезе ўгару. Таму, калі нарэшце пакінеш вёску за плячыма, апынаешся на пагорку. Тут з палёгкай уздыхаеш і пачынаеш разам з дарогай забіраць управа і спускаццаўлес, які «паглынае» дарогу і падарожнага, навісае над галавой, закрывае сабой неба. Гэта так званы Гарошкаў лес. Пэўна, жыў тут колісь нейкі Гарошка, магчыма, і меў свой лясок—вось гэты лес з даўніх часоў і пачалі зваць Гарошкавым.
Некалі прайсці ці праехаць праз яго было вельмі небяспечна. Мама расказвала, што ў яе маладыя гады ў гэтым лесе лютавалі бандыты, пераймалі людзей, асабліва на падводах, абіралі да ніткі, а некага нават забілі.
Спускаюся ў гэты лес — цёмна, ціха, страшна... Ведаю, што тых бандытаў даўно няма, але на ўсякі выпадак клункі з хлебам сціскаю мацней — дзівак, дзіцянё.
Тут, унізе, бяжыць управа ад Даўгінаўскага шляху непрыкметная лясная дарога-конка. I хоць яна да «знакамітасці» дачынення не мае, але я не магу не прыпыніцца, каб не толькі перавесці дух, а сказаць некалькі слоў пра тое святое месца, да якога праз паўвярсты прывядзе ўхабістая конка. А прывядзе яна ў вёску Лясіны, у вёску з прыгожай назвай і трагічным лёсам. Больш'за сто дамоў з жыхарамі спалілі тут немцы ў вайну — ніводнага лясінца не засталося ў жывых... Вёску пасля вайны часткова адбудавалі сваякі закатаваньгх і проста людзі са свеіу.
Але час не церпіць—трэба крочыць далей, тым больш што пройдзена ўсяго нейкіх дзве вярсты з хвосцікам.
Ад гэтай лясінскай дарогі-гаротніцы шлях крыху выгінаецца ўлева і пачынае працяглы ўзыход на ўзвышша. Вось тут пачынаецца самы сумны кавалак шляху адлегласцю паўтары-дзве вярсты, роўны, нібы струна. Калі дарога віхляе, нырае ды вынырвае, ісці намнога весялей, чым па выцягнутай, здаецца, да бясконцасці роўнай дарозе. На роўным адрэзку дарогі заўважаеш, наколькі няхутка ты «паўзеш», быццам стаіш на месцы і толькі паднімаеш і апускаеш то адну, то другую нагу. Гэты роўны адрэзак Даўгінаўскага шляху выводзіць да вёскі Мацкі, якая па даўжыні не менш Лускава, але, дзякуй Богу, застаецца справа ўбаку.
Чамусьці толькі на гэтым роўным адрэзку шляху захаваліся прысады — у асноўным бярозы. Старыя, каржакаватыя, пакручаныя часам і вятрамі, з сухімі, ато і зламанымі вяршынямі, яны зачароўвалі сваімі фантастычнымі постацямі. Колькі ім было гадоў — адзін Бог ведае. Канешне ж, больш за сто — бярозы жывуць доўга.
Дзівосна ісці між такімі прысадамі — быццам цябе суправаджаюць Акропалі ды Калізеі, настолькі веяла ад акамянелых дрэў даўніной...
Мінуўшы прысады, шлях зноў збягае ў даволі глыбокую лагчыну і адразу ж прымушае прыкладаць намаганні, каб ускарабкацца на працяглы пад’ём, на новы пагорак. На гэтым пагорку аглядваешся на Мацкі і, крыху аддыхаўшыся, па адносна роўнай мясцовасці, забіраеш управа, каб праз якіх пару вёрстаў прыйсці ў Шапялі.
У Шапялях з палёгкай уздыхаеш, бо сюды часцяком дапінаеш на вечарынкі — значыцца, праз пяць вярсцін дом!
Толькі мінаеш Шапялі, як зноў «губляецца» неба, бо над галавой шчыльна змыкаецца змешаны лес, сціскае з двух бакоў дарогу, паглынае святло. Гэта свой лес, свае сцежкі — не трэба хвалявацца за клункі, якія ўжо пазразалі ўсе плечы.
Ды дзякуй Богу, што ўсяму жывому думка пра дом дадае сілы! Чым бліжэй да свайго гнязда, тым шыбчэй і радасней ідзецца. Таму дзве вярсты ад Шапялей да Жукаўкі праскокваеш, як кажуць, на адной назе.
Дарога ў Жукаўцы рэзка збягае ўніз, «паднырвае» пад невялікую рачулачку і гэтак жа рэзка бяжыць уверх, дзе сярод хатак на самым пагорку — цэркаўка.
«Жывая» цэркаўка, якая дзейнічае! Гэта ж трэба — да Жукаўкі ў тыя часы можна было дабрацца толькі на сваіх дваіх, а святара неяк усё ж прывозілі, і на рэлігійныя святы тут збіраліся людзі з усёй акругі, адбывалася шэсце вакол царквы з плашчаніцай і царкоўнымі спевамі. Хіба такое можна забыць?!
Потым, пры лепшай дарозе, царква доўгія гады не дзейнічала, развальвалася, рушылася. Сёння яна, адноўленая і памаладзелая, зноў збірае па святах вернікаў.
3 жукаўскага пагорка дарога круціць уніз, улева, дзе, спаласнуўшыся ў другой рачулачцы, рэзка падкручвае ўправа і ўверх, абмінаючы былы масток праз рачулку, ад якога застаўся разрэзаны вадой насып.
Адразу за Жукаўкай пачынаецца Здарэнне. Даўней гэтабыло вельмі бойкае месца — быў заезны двор, жылі багатыя яўрэі, non. Наколькі яны был і багатыя, сведчыць той факт, што дачнікі, якія апанавалі гэтыя мясціны, знайшлі ў канцы васьмідзесятых гадоў (зусім нядаўна!) тры зліткі золата ў зямлі.
Але ліха бяры тое золата, пададзімся далей праз Здарэнне, у якім у час нашага падарожжа няма і чалавечага духу, акрамя нас з вамі. Шлях у Здарэнні — амаль самы бездарожны. Дарога, калі можна назваць яе дарогай, ідзе ўгару. Дажджавая і па-