Душы маёй бяссонніца
Сяргей Давідовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 1999
Сёння хтосьці мог бы назваць гэта нацыяналізмам. Але ж сэрца нам цешыла сваё, беларускае. Мы ж не прыніжалі іншыя нацыянальнасці, носячы вышыванкі. Які ж гэта нацыяналізм?..
А цяпер уявіце вясковыя танцы. Хлапец у вышыванай кашулі запрашае на танец дзяўчыну, на якой — модная тады белая, ды яшчэ з узорцамі, кофтачка. I плывуць у танцы такія прыгожыя, урачыстыя пары — вачэй не адарваць!
He ва ўсіх хлопцаў былі вышыванкі, але ж і нямала было ўладальнікаў нацыянальнай прыгажосці і годнасці.
Як не хапае сёння гэтага!
У кнізе паэм «Люстэрка лёсу» я сфатаграфаваны ў вышыванай кашулі. Хтосьці мог і падумаць: «Вось апрануў нечую вышыванку, каб выпендрыцца». He! Гэта мая, родная, тая кашулька, якая сорак гадоў назад, з мамінай ласкі, сагравала мне душу, рабіла сапраўдным сынам сваёй зямлі.
МОЙ ЯДВІГІН Ш.
Чаму мой, а не наш, як, напрыклад, Янка Купала, Максім Багдановіч, Якуб Колас?..
Ці не таму, што толькі я—яго аднавясковец, што я сын бацькоў, якія добра ведалі сям’ю Лявіцкіх і шмат распавядалі мне пра яе? Мой і таму, што я больш за паўстагоддзя цесна звязаны з сядзібай Ядвігіна Ш. і кожны год — шмат разоў за год — чышчу знакамітую крынічку і ратую ад канчатковага знішчэння не менш знакаміты дуб-дзядулю. Мой Ядвігін Ш. і таму, што я катэгарычна не дазволіў археалагічным рупліўцам пералапачваць падмурак колішняга дома Лявіцкіх у пошуках невядома чаго. Мне не хацелася, каб святое месца зноў парушылі, разрылі, зруйнавалі — нібы адкапалі нябожчыка і вытраслі яго кішэні, тым больш што ўжо аднойчы калгасныя трактарысты, у пошуках золата, перавярнулі падмурак шмат разоў.
Яшчэ і таму мой Ядвігін Ш., што я паставіў памятны знак ля закінутай сядзібы, які праз год пачалі ламаць і знішчаць сучасныя вар’яты, я, хто скандэнсаваў у паэме «Пан Лявіцкі» не літаратурную вычурнасць, а біяграфічнасць яго лёсу...
Можна было б працягваць пералік таго, што звязвае мяне з Ядвігіным Ш., але вам і так намулілі вочы аўтарскія «я». У даным выпадку я не саромлюся такой нясціпласці, бо ўсе мае «я» аддадзены Антону Іванавічу Лявіцкаму.
Хто сёння стане на абарону знакамітага нашага суайчынніка? Адзінкі! I галасы тых адзінак паглыне мёртвая абездухоўленасць нацыі. Вось чаму сярод гэтага глухога маўчання я і заяўляю:
— Мой Ядвігін Ш.!
Пра Ядвігіна Ш. распавядаць і проста, і складана.
Проста і прыемна таму, што ён — таленавітая, творчая асоба, вядомая ў літаратурным асяроддзі як пісьменнік, паэт, публіцыст.
Адно толькі тое, што Ядвігін Ш. з’яўляецца першапачынальнікам беларускай прозы, надае яго літаратурнай постаці гістарычную вагу. Раман «Золата» (на жаль, не гэта золата шукал і сквапнікі ў падмурку) пісьменнік не паспеў закончыць, але і тое, што дайшло да нас, яскрава гаворыць пра талент аўтара.
Многабаковасць і сіла яго таленту такія, што калі б адкласці ўбок усе яго празаічныя і паэтычныя здабыткі, а пакінуць толькі публіцыстычныя нататкі—знакамітыя «Лісты з дарогі», гэтага хапіла б, каб узнесці імя Ядвігіна Ш. да вышынь лепшых твораў беларускай літаратуры. Трапнасць назіранняў у «Лістах з дарогі», сакавітасць і вобразнасць мовы пераносяць нас у той час, робяць сведкамі падзей далёкай даўніны.
He меншую літаратурную каштоўнасць маюць і яго кароткія навелы. Праз гэтыя глыбокапсіхалагічныя, зтонкім гумарам і лёгкай сатырай творы Ядвігіна Ш. можна ставіць побач з А. П. Чэхавым.
Параўноўваць-то можна, але такое параўнанне выклікае і сум, бо імя Чэхава высока ўзнесена ягонымі суайчыннікамі, а імя Ядвігіна Ш. для большасці беларусаў дагэтуль незнаёмае. Упэўнены, што гэтая ж несвядомая большасць, прачытаўшы творы Ядвігіна Ш. і азнаёміўшыся з яго складаным і трагічным лёсам, усклікне: «Мой Ядвігін Ш.!»
Але, пералічваючы літаратурныя вартасці Ядвігіна Ш., я наўрад ці скажу штосьці новае, хаця кожны па-свойму ўспрымае і асобны твор, і кожную творчую асобу.
Лепей вярнуся да таго, з чаго пачынаў,— да зямлі, беражліва песціўшай талент Ядвігіна Ш.,— да Карпілаўкі.
Відаць, угодна было Богу зрабіць так, каб я нарадзіўся ў Карпілаўцы і адчуў сэрцам тое, што адчуваў Ядвігін Ш. 1 няма ніякай маёй заслугі ў тым, што ўсё сваё жыццё «карыс-
Да замалёўкі «Акопы» Купалаў дуб
Да замалёўкі «Мой Ядвігін Ш.» Луцыя Гнатоўская
Да замалёўкі «Мой Ядвігін Ш.» Антон Іванавіч Лявіцкі (Ядвігін Ш.)
Да замалёвак «Мама» і «Тата»
таюся» сцежкамі Антона Іванавіча, прагульваюся па прыгожай ліпавай алеі, пасаджанай знакамітым аднавяскоўцам, п’ю смачную вадзіцу з той крыніцы, якая наталяла і Ядвігіна Ш., з тужлівай удзячнасцю зрываю здзічэлы яблык з яблынькікалекі славутага колісь саду Лявіцкага...
Можаце верыць, можаце не, але я заўсёды адчуваю сябе тут напружана — усё здаецца, што вось-вось выйдзе насустрач Антон Іванавіч. Хвалююся, быццам сапраўды адбудзецца такая сустрэча. Напэўна, душа Ядвігіна Ш. так і не пакінула родных мясцінаў...
Адчуваю вострую віну за многае... За тое, што знакаміты дуб-дзядуля, якому б яшчэ жыць ды жыць, хутка перастане зелянець сваёй неабсяжнай кронай, бо нядобрыя людзі, у маю адсутнасць, выпалілі яго, скалечылі. I каб не маё штогадовае і шматразовае яго ратаванне, даўно б ён ужо падпіраў неба мёртвымі галінамі...
Балюча і ад таго, што не ўдалося мне ўскалыхнуць лагойскія ўлады і разам стаць на абарону сядзібы, якая ператварылася ў звалку дачніцкага смецця і бруду, дзе раскапалі кар’ер, дзе размясілі трактарамі глыбокія каляіны.
Крыўдна і адтаго, што не ўдаецца мне ажыццявіць галоўную мэту свайго свядомага жыцця — пабудаваць і стварыць хоць невялічкі музей Ядвігіна Ш. Ёсць і экспанаты, і шмат цікавых дакументаў, але няма разумення тых, ад каго залежыць пабудова такога музея.
Адзін высокапастаўлены чыноўнік з урада спытаўся ў мяне, калі я прывёз яго на сядзібу пісьменніка:
— Ядвігін Ш.? Хтотакі? Дакажы, што ён знакамітасць!..
Паўтаруся: пра Ядвігіна Ш. і проста, і складана распавядаць. Вось чаму балюча і складана распавядаць пра яго — імя гэта доўгія гады замоўчвалася афіцыйнымі коламі, не падабалася яго беларускасць, яго адданасць сваёй зямлі, ідэі адраджэння Беларусі.
А што сёння? I сёння Ядвігіна Ш. ведаюць на Беларусі нямногія.
Хацелася б сказаць колькі слоў і пра тую, якая дзяліла з Антонам Іванавічам усе складанасці жыцця,— пра яго жонку, Луцыю Гнатоўскую.
Ядвігін Ш. у час першай сусветнай вайны зрабіў высакародны ўчынак — прывёз у свой карпілаўскі дом пяцьдзесят дзяцей сіротаў.
Дом быў звычайны, драўляны і не надта ўжо вялікі, але ўсім хапіла месца.
Менавіта Луцыя як гаспадыня атуліла дзяцей цеплынёй і пяшчотай, менавіта яна гатавала ім есці, укладвала спаць, бо прыслугі ў доме не было. А ў Лявіцкіх — і сваіх чацвёра дзетак!
Сучасным «панам» такое высакародства і не снілася...
А як свяціліся цеплынёй маміны вочы, калі яна расказвала пра «пані Лявіцкую»!
— Што была за душа! Якая дабрыня! Папросіць, бывала, карпілаўскіх жанчын памагчы зжаць сярпамі жыта, а сама вакол нас збіваецца з ног — і памагае, і нясе з дому розныя вясковыя прысмакі, і частуе нас і кожную жанчыну называе душачкай...
Кажучы «мой Ядвігін Ш.», я, у першую чаргу, як яго аднавясковец, бяру большую частку нашай агульнай віны за недастатковае ўшанаванне памяці знакамітага пісьменніка.
Толькі патрыёт сваёй зямлі, чалавек з высокім грамадзянскім пачуццём мог сказаць: «Мова — гэта кроў народа...»
Ад сябе магу дадаць, што належнасць да нацыі, да сваёй зямлі, да гісторыі сваёй Радзімы немагчыма, калі ў сэрцы перастала гучаць родная мова.
Духоўная абяскроўленасць, абыякавасць да мінулага і будучыні — вось дыягназ нашага сучаснага захворвання.
Лёгка пачысціць крынічку Ядвігіна Ш.— цяжэй нашу застойлівую несвядомасць і непавагу да сябе.
ДВА БАКІ МЕДАЛЯ
Перакруціўся мой лёс настолькі, што я, вясковец да апошняй крывінкі, зрабіўся гарадскім жыхаром. I, як па той прымаўцы — гадка есці, ды не кінеш,— мушу жыць сярод чужога сэрцу, непатрэбнага душы асяроддзя.
3 узростам гарадское жыццё робіцца невыносным, даядае і апошняія нервы, і астатняе здароўе.
Што б я рабіў, каб мяне не чакаў і не сустракаў карпілаўскі старэнькі дамок? Як толькі выпадае магчымасць, я імчу туды напіцца вачыма родных мясцін, наталіць сэрца водарам шчымлівых успамінаў і галасамі мінулага.
3 маладосці прылятаю сюды хоць на гадзіну — і ў маразызавеі, і ў дажджавую макрэчу, і ў спякоту.
Асабліва люблю прыязджаць у вёску зімой. Аўтобус давозіць да Жукаўкі, ад якой да Карпілаўкі ўсяго два кіламетры.
Што гэта за кіламетры! Цуд! Дарога праз лес! У лесе ціха, бялютка, чыста. Сляды вавёрак, зайцоў, лісаў, ласёў. Кожнае
дрэва знаёмае — джгаеш бадзёра і ўсхвалявана. Сустрэча з роднымі мясцінамі —заўсёды свята!
I вось аднойчы зімой саджуся я ў аўтобус і еду ў Карпілаўку. Апрануты па-паходнаму: старэнькая шапка, паношаная куртка, боты. У вёсцы трэба і снег расчысціць, і дроў прынесці, і печ распаліць — у чыстай вопратцы рабіць гэта нязручна.
Еду я ў аўтобусе, разглядаю пасажыраў, адшукваю сярод дачнікаў мясцовых жыхароў, знаёмых. Аўтобус быў паўпусты, знаёмых я не ўбачыў і перавёў погляд на праплываючыя краявіды.
Потым звярнуў увагу на мужчыну майго ўзросту, які сядзеў перада мной, важна адкінуўшыся на сядзенні, ганарліва задраўшы галаву.
Калі ён павярнуў яе крыху да акна, я пазнаў у ім Толіка з Лекараўкі. Калісьці, у маладосці, я дапінаў на вечарынкі ў тую Лекараўку, хоць знаходзіцца яна ад Карпілаўкі няблізка. Толік граў на гармоніку, і я нядрэнна заломваў мяхі — мы нават падсяброўвалі.
Увогуле, моладзь адной вёскі тады ведала моладзь з усіх навакольных вёсак.
— Толік! Здароў! — пляснуў я яму па плячы.— Ледзь пазнаў цябе!.. (А не бачыліся мы гадоў дваццаць.)
На Толікавай задранай угару галаве была андатравая шапка, на плячах — рацінавае паліто. Нічога ў гэтым дзіўнага не было, ён ехаў у сваю вёску да бацькоў—не ў ватоўцы ж ехаць.
У адказ на мае словы Толік, не паварочваючыся, кінуў нядбайна ўбок:
— Прывітанне!.. — і яшчэ вышэй «заламаў» галаву.
Я пачаў распытваць пра жыццё, пра справы, пра лёс. Толік адказваў, але скупа:
— Жыву, як бачыш, добра... Працую таксістам... (Тут быў зроблены асабліва ганарлівы націск.)
Магчыма, таму, што бачыў на мне сціплую вопратку, ён адказваў на ўсе пытанні, як кажуць, праз губу. Адказваў на пытанні — і не больш. Ніякіх сустрэчных пытанняў, ніякай зацікаўленасці да мяне.