• Газеты, часопісы і г.д.
  • Душы маёй бяссонніца  Сяргей Давідовіч

    Душы маёй бяссонніца

    Сяргей Давідовіч

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 254с.
    Мінск 1999
    61.19 МБ
    Сон сумлення — страшней плыні, якая разбурае берагі.
    Сон сумлення паглынае жыццё чалавека, робіцца небяспечным і час ад часу ўцягвае чалавецтва ў катастрофы і трагедыі сусветнага маштабу.
    Прачніцеся, хто спіць!
    Апавяданні
    СТРЭЛ ДУПЛЕТАМ
    Ужо сцямнела, калі Юзюк вяртаўся з палявання. He пашанцавала яму сёння, і ад гэтага на душы было мутарна. Ведаў, што ў хаце галеча-пустэча і посны булён можна затаўчы толькі дзічынай — хоць птушкай, хоць зверам. Але і дзічына не дурная, яна самахоць у гаршчок ці на патэльню не скоча.
    Да хаты заставалася зусім блізка — апошні паварот лясной дарогі — і дома.
    Перад самым паваротам Юзюк насцярожыўся — вуха ўлавіла шоргаты і сапенне. Ён спыніўся і падаўся ўсім целам наперад, углядваючыся ў шэрань змяркання, якая размазвала ўсё і паглынала. На дарозе нешта вялікай плямай корпалася і краталася.
    Дзік! — мільганула маланкай здагадка.
    Юзюк ліхарадкава сарваў з плячэй двухстволку, памятаючы, што ў ствалах буйная, якраз на дзіка, карцеч, ускінуў ружжо, прыцэліўся і бабахнуў. Сэрцатахкалатак моцна, што стрэл падаўся ціхім і бяскрыўдным, як пляскат далоняў. Порах быў бяздымным, і Юзюк з радасцю ўбачыў, што дзік на месцы,— значыцца, не прамазаў.
    Сціскаючы стрэльбу, скочыў некалькі крокаў наперад і спыніўся, прыслухаўся. Сапення не было, і шоргаты сціхлі...
    А калі паранены і затаіўся! А калі гэта сякач, які адным узмахам галавы распоражывот, як старую наўлечку! He! Трэба для надзейнасці ўлупіць дуплетам з другога ствала!
    Юзюк склаўся і, ледзь стрымліваючы дыханне, лупянуў з другога ствала, з бліжэйшай адлегласці. Пляма не варухнулася.
    Цяпер ужо без ваганняў сарваўся з месца і кінуўся да здабычы.
    * * *
    Хата Тадэвуша Крумкача стаяла ля самага лесу, воддаль ад астатніх хат. Месца было маляўнічае, пагоркавае, лашчылі вока бязмежныя хваёвыя лясы, аздобленыя бярозавымі гаямі, трапяткімі асіннікамі і разважлівымі дубамі, многія з якіх уладкаваліся на чыстым месцы, бліжэй да вёскі, як тыя волаты-вартаўнікі. Але вартаваць і бараніць вёску Кладкі не было патрэбы, бо ніхто ёй не пагражаў, акрамя запусцення і беднасці. Ды і вёскай яе можна назваць з нацягам, прыплюснуўшы адно вока,— нейкіх сем двароў, сярод якіх чатыры — для дачнікаў, а толькі тры сям’і тутэйшыя, карэнныя.
    Калгас пад націскам агульнадзяржаўнага ўпадку паступова сціскаўся, адступаў бліжэй да цэнтральнай сядзібы, пакідаючы неперспектыўныя вёскі і пасяўныя плошчы вакол іх на міласць здзічэння і вымірання.
    Некалі глухая вёска Кладкі хутка ператварылася ў забытую Богам і ўладамі. Мясцовыя жыхары сумна жартавалі:
    — Пара ўжо Кладкі змяніць на Клады...
    Тадэвуш Крумкач з жонкай адпрацавалі сваё ў калгасе і цяпер без дыскамфорту дажывалі свой век у хаце, якую колісь пабудаваў сам гаспадар на зямлі, якая была сведкай усяго іх жыцця.
    Так ужо здарылася, што сам Тадэвуш і пяць ягоных сыноў, далікатна кажучы, заглядвалі ў чарку. Любіла выпіць і яго жонка Клаўдзя. Ды і ўвогуле цяжка сёння знайсці такога чалавека ў вёсцы, які б не ўлягаў у гэта.
    Яшчэ ў прыкалгасны час багацце ў гаспадарцы Крумкача было тое ж, што і сёння,— ні каровы, ні парасяці, ні курак. Жылі і тады — з плеч у печ. Праўда, бульбу садзілі заўжды, бо каб не яна — зімой павыміралі б з голаду.
    Вось чаму паляванне, дакладней, браканьерства круглы год пазбаўляла бульбу на стале ад адзіноты. Нейкая скабчына, нейкая скварчына часцяком завітвалі ў хату да Крумкача. Гэтаму спрыялі багатыя на дзічыну лясы.
    Тадэвуш і Клаўдзя былі людзьмі сціплымі, нават добрымі, нікому, як кажуць, з нагамі ў горла не лезлі, нікога не абразілі, не зняважылі. Вып’юць, калі перападзе,— і ў сваю хаціну.
    Дзеці пайшлі ў бацькоў — не злодзеі, не прайдзісветы. Яны разыходзіліся зранку па вёсках, дапамагалі адзінокім бабам і ўсім тым, хто прасіў нешта ўзараць, скасіць, парэзаць і пашчапаць. За працу бралі толькі гарэлку, якой іх і частавалі і давалі ў дарогу.
    Нехта адзін ці з сынам, пры неабходнасці, цягнуліся ў лес з ружжом на пошукі паляўнічага шчасця.
    Такім чынам, лад жыцця гэтай сям’і быў адрэгуляваны і прыцёрты да сучасных абставін.
    Людзі з навакольных вёсак прывыкл і да безадказных і рэдка цвярозых Крумкачовых сыноў, не баяліся пускаць іху хату, запрашалі, бывала, да чаркі і без іх працы. Спачатку дзівіліся толькі аднаму: ніводны з хлопцаў, а самаму сталаму пераваліла за сорак, не быў жанаты. Потым і гэта акалічнасць перастала хваляваць. Хлопцы як хлопцы —добрыя, працавітыя...
    Менавіта сёння самы малодшы з Крумкачоў— Юзюк, якому споўнілася дваццаць тры гады, вяртаючыся дахаты, стрэліў дуплетам па дзіку.
    Падскочыўшы да цёмнай плямы, Юзюк нічога не зразумеў. Ён настолькі быў упэўнены ў сваёй паляўнічай удачы, што, акрамя дзіка, нічога і нікога не ўспрымаў.
    Першае, што ён адчуў, калі ўбачыў на дарозе скручаную постаць чалавека, быў не страх, а аслупянелае здзіўленне. I толькі ў наступны момант востры, пранізлівы холад прабег па яго целе, ператвараючы сэрца ў кавалак ільду.
    Чалавек?! Адкуль? Як? Юзюк не мог крануцца. Чорная постаць нерухомага чалавека выглядала жахліва і злавесна.
    Хлапец хацеў закрычаць, кінуцца наўцёкі, але сіл хапала толькі на тое, каб утрымацца на змякчэлых нагах, не рухнуць побач з гэтым страшным чалавекам.
    Токам ударыла думка, якая вярнула да рухавасці: а можа, жывы!
    Пакуль рукі мітусліва шукалі ў кішэнях запалкі, вусны ліхарадкава шапталі:
    — Жывы, жывы, жывы, жывы...
    Нарэшце запалкі знойдзены, і халодныя, дрыготкія пальцы пачалі нервова чыркаць па карабку. Запалкі ламаліся, пырскалі ў розныя бакі іскрамі і ніяк не хацелі гарэць.
    I вось адна запалка ўспыхнула і высветліла твар скручанага на дарозе чалавека.
    Юзюк балюча і працягла застагнаў — гэта быў яго брат Лявон.
    * * *
    Сямейная нарада не клеілася...
    Спачатку Юзюк, ускочыўшы ў хату, толькі глуха і страшна стагнаў:
    — Я забіў Лявона! Мама! Тата! Я Лявона застрэліў!
    Маці ніяк не магла зразумець:
    — Якога Лявона? Чыйго? Як застрэліў?
    Бацька спаў і не мог прыйсці ў сябе ад выпітай гадзіну назад самагонкі, якую прынёс добра падпіты старэйшы сын Васіль і які зараз моцна пахрапваў на падлозе, падклаўшы пад галаву ватоўку.
    — Якога Лявона? Чыйго-о?! — трэсла маці за плечы Юзюка, які валтузіў на ложку бацьку і стагнаў:
    — Тата! Прачніся ты, я Лявона застрэліў! О-ой, тата!
    Нарэшце да Клаўдзі пачаў даходзіць страшэнны сэнс Юзюкавых слоў.
    — Сынок, ты што? Апамятайся! Нашага Лявона? За што?
    Юзюк выціснуў:
    — Нашага...
    — Сынок! Сыно-о-чак! —аглушыў Юзюка матчын крык, і немагчыма было зразумець, да якога сына ляцела гэта страшнае «сыночак»— да Юзюка, да забітага Лявона ці да абодвух адразу?
    Крык жончынай душы дапяў і да Тадэвуша, ён сеў на ложак, патрос у бокі галавой, адганяючы туман з мазгоў, і асалавела паглядзеў на жонку:
    — Што?.. Ну што здарылася?..
    Адказаў глуха і ціха Юзюк:
    — Тата, я застрэліў нашага Лявона...
    Клаўдзя падхапілася:
    — Трэба людзей клікаць, доктара! Можа, жывы! Ну што ты сядзіш, як кол?!
    — Ціха! — раптам крыкнуў на жонку Тадэвуш. У сына насцярожана запытаўся: — Як гэта магло здарыцца? Што не падзялілі?..
    Юзюк скамечана і ўсхвалявана расказаў, як усё было, і выдыхнуў:
    — Нежывы ён, мама... Ляжыць нежывы...
    — Трэба клікаць нейкую дапамогу, людзей... — зноў ускочыла Клаўдзя, але Тадэвуш злосна шыкнуў:
    — Дурань безгаловы! Ну, збяры людзей! Міліцыю пакліч яшчэ! I што? Лявона паднімеш? Балда! He будзе ні Лявона, ні Юзюка — заканапацяць па самую плешку!
    Тадэвуш рашуча ўстаў, уссунуў боты на босыя ногі, зняў з цвіка шапку.
    — Паднімай Васіля! — закамандаваў Юзюку.— А дзе Грышка з Адолікам? — запытаўся ў жонкі.
    — Яны ж недзе па вёсках працуюць... Маглі і заначаваць дзе...
    — Заначаваць! — злосна паўтарыў Тадэвуш.— Нажыраюцца не ў меру ды поўзаюць ракам па гразі! Вунь, адзін ужо заначаваў!..
    — Тата, Васіль не прачынаецца, толькі мармыча нешта,— паскардзіўся па-дзіцячы Юзюк.
    — Кінь ты гэту падлу! — бліснуў бацька вачыма.— Няхай спіць, меней сведкаў будзе!.. А ты,— звярнуўся да жонкі,— бяры пасцілку і бягом за намі...
    Мёртвае цела Лявона гойдалася і адцягвала пасцілку да самай зямлі, а калі нехта з мужчын у цемры спатыкаўся, цягнулася па дарозе.
    Бацька ішоў першым, за ім, учарэпіўшыся ў рагі пасцілкі, старанна перабіраў нагамі Юзюк.
    Усё адбывалася настолькі імкліва, што ён не разумеў што з ім, дзе ён і што нясе?
    За мужчынамі ішла Клаўдзя, ціха галасіла, церла рагом хусткі твар і нешта прыгаворвала.
    Начная працэсія падышла да ганка і спынілася. He згаворваючыся, мужчыны закурылі. Цяжка дыхаючы, Юзюк асцярожна спытаўся:
    — А што далей?..
    — У хату яго... Нясіце ў хату! — узмалілася Клаўдзя.
    — Якую хату! — зноў шыкнуў на яе Тадэвуш.— Мала вачэй на свеце! Трэба тэрмінова закапаць! Толькі дзе? I каб язык з-за зубоў не высоўваўся!
    Юзюка ад гэтых слоў зноў наскрозь апаліў жахлівы холад.
    — А развітацца... А чаму ж так не па-людску? — галасіла Клаўдзя.
    Тадэвуш апусціў галаву:
    — I я не каменны... Усё атрымалася не па-людску — і жыццё, і смерць, і пахаванне...
    Патаптаўся, зняў шапку і з цяжкасцю выдыхнуў:
    — Я ж другога сына ратую... Развітвайся тут...
    * * *
    Вёску Застарычы аддзялялі ад Кладак восем кіламетраў, але і тут пра Крумкачовых дзяцей ведалі ўсе і ўсё. Ды што гэта за перашкода восем кіламетраў—паўтары гадзіны ходу?!
    А калі ідзеш па лесе, сярод чысціні і прыгажосці, паўтары гадзіны сціскаюцца да непрыкметнасці.
    Гэта не горад, дзе за такі ж час наглытаешся і пылу, і смуроду, адурнееш ад машын, не кажучы пра тое, што натаўкуць табе локцямі і ў бакі, і ў грудзі, і ў плечы.
    Юзюк па гэтай лясной дарозе хадзіў-перахадзіў столькі, што на яго перасталі звяртаць увагу вавёркі, якія раз-пораз перабягалі дарогу ці пырскалі з дрэва на дрэва. He пужаліся ўжо і не паднімалі гвалт яго цёзкі па прозвішчу — чорныя крумкачы, чые гнёзды лапіліся да вяршынь магутных соснаў.
    Усё, што ён бачыў, было такім родным і блізкім не толькі таму, што вырас сярод гэтай шчырасці прыроды, а і таму, што дарога гэта звязвала яго з дзяўчынай, захапіўшай яго думкі і сэрца.
    Больш месяца пасля страшнага здарэння Юзюк не паказваў і носа ў Застарычы. Ён думаў, што ніколі ўжо не ўбачыць сваёй каханай, але пасля нечалавечых пакут, патаемных слёз і бяссонных начэй раптоўна пацягнула да яе. Хацелася хоць крыху ажывіць, сагрэць счарнелую і збалелую душу.