• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзіцячы фальклор

    Дзіцячы фальклор


    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 736с.
    Мінск 1972
    111.12 МБ
    — Мыш увалілася: нельга піць.
    Украдзены хлопчык: Кы-кы-кы!
    — Што ў цябе трашчыць?
    — Гарох пражэцца.
    — Дай жа мне пакушаць!
    — Сух дужа: зубы паламаеш.
    Украдзены хлопчык: Ссс...ссс...сссІ
    — Што ў цябе варыцца?
    — Піва вару.
    — Дай мне пакушаць!
    — Таракан уваліўся.
    — Ці не тут жа мае кытачкі? Кыць, кыць, кыць!
    Дзеці выбягаюць да нянькі з крыкам, бягуць і бляюць.
    951. Авечачка
    У гэтую гульню можа гуляць шмат дзяцей. Выбіраюцца дзве галоўных асобы: пастух і воўк. Пастух становіцца пасярод хаты з качаргой у руках, каля яго садзяцца на зямлі авечкі: хлопцы і дзяўчаты, а воўк хаваецца за дзвярамі. Пастух кажа:
    Пасу, пасу авечачкі
    Ад рання да вечара,
    Воўк за гарой, я за другой;
    Я ваўка не баюся, Качарэжкай абаранюся, Пайду й буду спаць.
    Тут пастух адыходзіць убок і робіць выгляд, што спіць; воўк хапае адну з авечак і ўцякае разам з ёй за дзверы.
    Пастух, усхапіўшыся, крычыць: «Ага-ту! Воўк авечку панёс!» Але воўк з авечкай ужо за дзвярамі. Пасля гэтага пастух зноў выходзіць на сярэдзіну хаты і кажа тыя самыя словы: «Пасу, пасу авечачкі!» і г. д. Потым ідзе спаць; воўк зноў хапае авечку і так, аж пакуль не забярэ астатняе. Тады пастух ідзе шукаць авечак і, стукаючы качаргой то на адзін бок, то на другі, кажа: «Воўчы след, авечы след, воўчы след, авечы след». Падыходзіць да ваўка і пытаецца:
    — Ці не бачыў, панок, маіх авечак?
    — He, не бачыў,— адказвае той.
    Авечкі пачынаюць паціху шумацець.
    — А што ж гэта ў цябе шумаціць?
    — Пчолы гудзяць,— кажа воўк.
    Пастух варочаецца назад і ідзе зноў шукаць авечак і задае ваўку тыя самыя пытанні.
    Авечкі цяпер стукаюць. Пастух пытаецца:
    — Што ў цябе стукае?
    Воўк кажа:
    ■— Mae парабкі дровы сякуць.
    I гэтак далей авечкі ўдаюць галасы коней, курэй, гусей, аж наастатак пачынаюць бляяць. Пастух убягае ў тую каморку і, прыказваючы: «Ашкіра дамоў!», уганяе іх у хату, дзе на самым пачатку гулялі. Пасля гэтага пастух кліча ваўка ў лазню. Воўк пытаецца:
    — А якія дровы?
    — Бярозавыя.
    — He хачу, надта чадзяць!
    Пастух кліча другі раз; воўк зноў пытаецца:
    — Якія дровы?
    — Асінавыя.
    Воўк адмаўляецца, што надта дымяць. Ажно за трэцім ужо разам, калі пастух кажа, што дровы хваёвыя, воўк згаджаецца, але, падышоўшы крыху, пытаецца яшчэ:
    — А сабак няма?
    — Адна ёсць сучка ціхая, і тая пад печай здыхае, а сабака кісялём удавіўся.
    Воўк выходзіць на сярэдзіну хаты і, прысеўшы на мыскі, быццам мыецца; але пастух як крыкне: «Цюцькі, кусіце!» — дык усе тыя, што былі авечкамі, кідаюпца на яго. Воўк уцякае, яны даганяюць. Пасля падыходзіць да ваўка пастух і пытаецца:
    — А што, воўча, надта яны цябе пакусалі?
    — Ой, пакусалі,— кажа той.
    — Хадзі ж, цяпер будзем мы іх кусаць.
    I кідаюцца ўдваіх на авечак. Тыя не даюцца.
    952. Авечка
    Удзельнікі гульні выбіраюць аднаго ваўком, другога гаспадаром. Астатнія ўяўляюць сабою авечак. Яны садзяцца на зямлю ў кружок. Гаспадар ходзіць вакол іх і прыгаварвае:
    Іду за гарой, Воўк за мной!
    Або:
    Пасу, пасу да вечара, А гнаць дамоў нечага.
    3 гэтымі словамі ён робіць выгляд, быццам збіраецца дадому, а ў гэты час воўк хапае авечку і адводзіць яе ўбок. Гаспадар зноў вяртаецца, бачыць, што няма адной авечкі і з пытаннем: «Беленькай ці рабенькай няма?» — абходзіць сваіх авечак, а потым зноў ідзе дадому з ранейшым прыгаворам. Воўк зноў крадзе авечку, так працягваецца да таго часу, пакуль ён не перацягае ўсіх авечак. Тады гаспадар з палкай у руках пачынае шукаць авечак і нападае на іх след. Ен паказвае палкаю налева і гаворыць: «Барані след!», а направа — «ВоўчыІ». Такім чынам даходзіць да воўка і пытаецца ў яго:
    — Воўк, воўк, ці не бачыў маіх авечак?
    — Якія яны?
    — Беленькія.
    — Пабеглі па беленькай дарожцы.
    Авечкі пры гэтых словах плешчуць у далоні.
    — Што гэта ў цябе плешча?
    — Бабы плацце пяруць.
    — Дай мне рубашку.
    — Усе ўтапіліся ў вадзе.
    Гаспадар ідзе прэч, а потым вяртаецца і паўтарае пошукі ранейшым спосабам (паказваючы направа і налева), але размова з ваўком ужо іншая.
    — Якія яны былі?
    — Чорненькія.
    — Пабеглі па чорненькай дарожцы.
    Авечкі зноў плешчуць у далоні.
    — Што гэта ў цябе плешчыць?
    — Вар грэецца.
    — Дай мне рукі памыць.
    — Разліўся.
    Потым, калі гаспадар зноў вяртаецца, паміж ім і ваўком такая размова:
    — Воўк, воўк! Ці не бачыў маіх авечак?
    — Якія яны?
    — Сінія.
    — Пабеглі дарожкай сіненькай.
    Цяпер раздаецца грукат нагамі.
    — Што гэта ў цябе?
    — Коні на стайні.
    — Дай мне каня.
    — Воўк усіх паеў.
    Нарэшце, калі гаспадар прыходзіць у апошні раз, усе авечкі забляялі. Гаспадар задае пытанне:
    — Што гэта ў цябе бляець?
    — Авечкі.
    — Пакажы.
    Воўк паказвае авечак, гаспадар пазнае сваіх, ён праганяе ваўка і забірае свой статак. Воўк жа стараецца хоць адну авечку забраць, але гэта яму не ўдаецца. Тым гульня і заканчваецца.
    953.	У ваўкі і авечкі
    Збіраеццца па магчымасці вялікі натоўп дзяцей — хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны выбіраюць аднаго ў пастухі, а другога ў ваўка, астатнія ўяўляюць сабою авечак і сабак. Удзельнік гульні, што выбраны на ролю ваўка, дзе-небудзь хаваецца і чакае, пакуль пастух пагоніць у поле сваіх авечак. Як толькі ён заўважыць, што яны ўжо блізка, ён выбягае з свайго сховішча і кідаецца лавіць авечак. Злоўленую авечку ён цягне к сабе. Тады пастух крычыць: «Ага, ага! Цюцькі, бярыце яго!» Пры гэтых словах сабакі, што ідуць за пастухом ззаду, кідаюцца з гаўканнем да ваўка і хватаюць яго зубамі. Воўк пакідае авечку і ўцякае, а сабакі гоняцца за ім, пакуль ён не схаваецца дзенебудзь.
    954.	У коршуна
    Удзельнікі выбіраюць коршуна і матку, потым становяцца за маткаю ў рад, «у пляцёнку», моцна трымаюцца за матку і адзін за другога. Коршун садзіцца на зямлю і калупае трэскай
    ямку, а пляцёнка ходзіць вакол коршуна. Матка, якая ідзе паперадзе «пляцёнкі», звяртаецца да коршуна:
    — Коршун, коршун, што ты робіш?
    — Ямачку капаю!
    — Нашто табе ямачка?
    — Каменьчыкі шукаю!
    — Нашто табе каменьчыкі?
    — Іголачкі істрыць!
    — Нашто табе іголачкі?
    — Мяшочкі шыць.
    — Нашто табе мяшочкі?
    — Каменьчыкі сабіраць.
    — Нашто табе каменьчыкі?
    — Тваім дзеткам зубкі выбіваць.
    •— За што, пра што?
    — За тое, што яны маю бручку, моркву паелі, капусту паламалі, патапталі.
    — А ці закладаў ты жалезнай ступай?
    — Закладаў.
    — Табе трэба было загарадзіць!
    — Ды я гарадзіў!
    — А якая твая гарожа?
    Коршун паднімае адну нагу і з-пад яе кідае ўверх палачку.
    — Вось якая мая гарожа!
    Матка таксама паднімае адну нагу і з-пад яе кідае камень вышэй коршуна.
    — А табе трэба было вось як загарадзіць! Каторы ж гэта табе нарабіў?
    — Да яны ўсе!
    — Ну, лаві!
    Коршун пачынае лавіць апошняга ў пляцёнцы. Пляцёнка падаецца ў бок. Матка з растапыранымі рукамі і крыкам: «Кыш! Кыш!» не падпускае коршуна к канцу пляцёнкі. Хапаць іншага дзіцёнка, не апошняга, коршун не мае права. Нарэшце ад доўгай бегатні ў розныя бакі пляцёнка дзе-небудзь разарвецца, і тады коршун лёгка ловіць сваю здабычу.
    Гульня працягваецца, пакуль ад маткі будуць адарваны ўсе дзеці.
    955.	У крука
    Гульня ў крука тая ж, што і ў коршуна. Крук сядзіць і калупае зямлю трэсачкай. Матка пытае:
    — Крук, крук! Што ты робіш?
    — Ямачкі капаю.
    — Нашто табе ямачкі?
    — Іголачкі збіраць!
    — Нашто табе іголачкі?
    — Мяшэчкі шыць!
    — Нашто табе мяшэчкі?
    — Камушкі збіраць!
    — Нашто табе камушкі збіраць?
    — Тваім дзецям зубы выбіваць!
    — За што?
    — За тое, штоб не хадзілі ў мае ні ў вішні, ні ў грушы, ні ў боб, ні ў гарох, ні ў мак, ні ў яблыкі, ні ў бульбу, ні ў моркву, ніў бручку, ні ў рэпу.
    Калі крук пачынае лавіць дзяцей, яны крычаць яму:
    — Крук, крук, сыр еш!
    А ён адказвае:
    — Мяса хачу!
    Калі ён пераловіць усіх, тады матка і крук садзяцца на зямлю і перацягваюцца на палцы. Пераможанаму дрэнна: усе ўдзельнікі гульні становяцца ў два рады тварам адзін да Другога і трымаюць у руках паскі або жгуты (большай часткаю з саломы). Пераможаны павінен прабегчы «скрозь строй» тры разы. Усе б’юць яго жгутамі.
    На гэтым гульня канчаецца.
    956.	У ворана
    Перад пачаткам гульні выбіраюць, каму быць воранам і каму гусаком. Потым удзельнікі становяцца за гусаком адзін за другім і моцна трымаюцца. Усе стаяць. Воран жа адыходзіць ад гусака на крок, на два, бярэ трэсачку і пачынае капаць ямку. Гусак пытаецца ў ворана:
    — Воран, воран, што ты робіш?
    — Ямачкі капаю!
    — Нашто табе ямачкі?
    — Каменейка сабіраць.
    — Нашто табе каменейка?
    — Іголачкі істрыць?
    — Нашто табе іголачкі?
    — Мяшэчкі шыць!
    — Нашто табе мяшэчкі?
    — Каменейка сабіраць!
    — Нашто табе каменейка?
    — Тваім дзеткам зубкі выбіваць!
    — За што, пра што?
    ■— За тое, што яны маю капусту паелі!
    — Было гарадзіць!
    — Я гарадзіў каменнем, паленнем, карчэўямі, баранкамі, пірагамі, куханамі, цукеркамі.
    — Ай, воран, воран: твая лазня гарыць!
    — Няхай гарыць, будзем піва варыць!
    I кідаецца на гусёнка, які стаіць у канцы пляцёнкі. Гусак не пускае ворана, пляцёнка адбягае ўбок.
    Калі ж воран зловіць гусёнка, то падзярэ яго, падзярэ і кіне. Гусёнак павінен ляжаць на зямлі, быццам задраны воранам. Воран жа ловіць такім чынам і другіх.
    Калі воран пераловіць усіх, тады гусяняты паднімаюцца і пачынаюць лавіць гусака і караюць яго:
    — Чаму ты аддаваў нас ворану?! Чаму аддаваў?!
    957.	Шуляк
    Гэту гульню любяць і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Пасля вясёлых і працяглых крыкаў: «Хлопцы, граймо ў шуляка!»—дзеці супакойваюцца і выбіраюць са свайго асяроддзя матку і шуляка — звычайна найбольш спрытных з дзяцей. Матка становіцца спераду, а за ёю ў лінію дзеці і моцна трымаюцца за пояс адзін у аднаго. Такім чынам стаяць да пачатку гульні. Тады шуляк садзіцца на кортачкі перад маткаю, капае ямку і гаворыць:
    — Капаю, капаю ямачку!
    — Нашто табе ямачка?
    — Агонь паліці.
    — Нашто табе агонь?
    — Мяса варыці.
    — Нашто табе мяса?
    — Дзяцей карміці.
    — А дзе ж ты мяса возьмеш?
    — У цябе за поясам.
    — А я не дам!
    — А я вазьму.
    I з крыкам: «А я вазьму!» — шуляк кідаецца лавіць апошняга хлопчыка. Матка ж імкнецца не дапусціць гэтага. Прыемна глядзець, як уся гэта чарада кідаецца з боку ў бок і як усе дзеці з напружаннем сочаць за рухамі шуляка. Нарэшце, пасля некалькіх няўдалых спроб яму ўдаецца злавіць апошняга хлопчыка. Злоўлены хлопчык адыходзіць убок і ўжо не ўдзельнічае да канца гульні, а шуляк такім жа чынам стараецца пералавіць усіх.