Дзіцячы фальклор
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 736с.
Мінск 1972
1037. Гулачка
Для гульні выбіраецца роўнае месца. Двое з дзяцей па ўмове становяцца на калені на адлегласці двух крокаў адзін ад другога. Астатнія становяцца адзін за другім і па чарзе бягуць паміж імі. Дзеці, што стаяць на каленях, ловяць іх. Злоўлены становіцца на калені, а той, каго ён замяняе, бяжыць разам з іншымі.
1038. Удавец
Сабраўшыся, дзеці дзеляцца на пары і становяцца адна пара за другой у рад. Адзін лішні застаецца ўдаўцом, ідзе ўперадзе ўсіх і лічыць да трох. Калі ён крыкне: «Тры!» — задняя пара бяжыць уперад: правае дзіця з правага боку ўсіх гульцоў, а левае з левага. Удавец кідаецца іх пераняць і разлучыць, каб злавіць каго-небудзь з гэтых двух сабе да пары. Тыя ўцякаюць ад яго і стараюцца бегчы адзін да аднаго, каб злучыцца.
Калі яны злучаюцца, то становяцца ў першай пары ззаду ўдаўца, які крыкнуўшы ізноў: «Раз, два, тры!» — пачынае лавіць новую заднюю пару. Калі ўдаўцу ўдаецца злавіць сабе пару, тады ідзе лавіць той, хто застаўся без пары — удаўцом.
1039. У гарэлыша
Удзельнікі гульні становяцца пара за парай, а ўперадзе, спіною да іх, стаіць гарэлыш. Ен павінен стаяць прама і ні ў якім выпадку не азірацца.
Калі ўсе пастануць, гарэлыш гаворыць: «Гару!» Яму адказваюць: «Гары, гары ясна, штобы не пагасла. Пых!» Тады апошняя пара раздзяляецца, абягае вакол усіх удзельнікаў і гарэлыша і стараецца зноў уз’яднацца. Гарэлыш стараецца злавіць аднаго з іх. Калі зловіць, тады становіцца з другім параю ўперадзе іншых, а гарэлышам становіцца той, хто адбіўся ад сваёй пары. Тое ж і з наступнымі парамі і г. д. Часам першая пара стараецца шумець, каб гарэлыш не пачуў, як бяжыць апошняя пара, або, наадварот, крычаць яму: «Бягуць, бягуць!» Той зрываецца з месца, калі апошняя пара яшчэ стаіць, што выклікае агульны смех.
Гуляюць тады, калі можна бегаць без абутку, «таму што басанож лепей бегаць».
1040. Мост
Збіраюцца дзеці, становяцца пара за парай і спяваюць якую-небудзь песню. Той, хто застаецца лішнім, ідзе пад мост, гэта значыць пад выцягнутыя рукі гуляючых, і адтуль з якойнебудзь пары выцягвае ўдзельніка, цягне яго праз увесь мост і становіцца з ім ззаду. А той, хто застаўся без пары, у сваю чаргу ідзе праз мост і цягне з сабой каго-небудзь зноў.
1041. У дзяцей
Усе ўдзельнікі гульні падзяляюцца на пары. Адзін застаецца без пары. Усе садзяцца парамі так, каб утварыць кола. Спераду сядзяць дзеці, за імі маткі. Пасярэдзіне ходзіць гулец без пары і звяртаецца да кожнай маткі:
— Кума, кума, прадай дзіця!
— He, яно не прадажнае, ідзі далей!
Так працягваецца да тых часоў, пакуль якая-небудзь матка не адкажа:
— А якая ж твая плата?
— На — бобу лапата!
Тут кожная матка зрываецца з месца і бяжыць вакол дзяцей, стараючыся дабегчы як найхутчэй да пакінутага дзіцяці. Калі яе .месца раней займае пакупнік дзіцяці, то такая матка замяняе яго ў коле. Гульня ідзе далей.
1042. У рэшата
Усе гульцы становяпца адзін за адным у рад. Пярэдні гулец бярэ кій і аберуч трымае яго наперадзе, а ўсе іншыя гульцы абшчэпліваюць адзін аднаго рукамі, як у гульні «Рэпка». Адзін з гульцоў не становіцца ў рад, ён бярэ насоўку, скручвае яе ў трубачку і на адным канцы завязвае вузел. Зрабіўшы гэткім спосабам лёгенькі жгуцік, ён б’е ім па плячах апошняга гульца. Але апошні гулец не чакае гэтага, ён зрываецца з свайго месца, бяжыць к пярэдняму гульцу, хапае ад яго кій і становіцца да яго плячыма. Калі гэты гулец у момант хапання за кій атрымлівае жгутом па плячах, ён павінен пакінуць кій у трымальніка яго і хутка бегчы кругом рада ізноў да пярэдняга гульца, каб паспець схавацца за кій, не атрымаўшы па плячах. Як толькі гэта яму ўдасца, гулец са жгутом падбягае да іншага гульца, які стаў апошнім, і гуляе з ім так, як з папярэднім гульцом. Так гуляюць да той пары, пакуль не дойдзе чарга бегчы гульцу, які быў з самага пачатку наперадзе з кіем. Тады жгут перадаецца гэтаму гульцу, а хто быў са жгутом, становіцца наперадзе з кіем, і гульня працягваецца далей або са згоды ўсіх заканчваецца.
1043. Шавец
У гэтай гульні некалькі асоб становяцца ў рад адзін за адным. Самы задні стаіць з ручніком у руках і пытаецца:
— А дзе шаўцы?
— На тым канцы!—кажуць яму.
Той бяжыць у другі канец (наперад), а самы першы адтуль уцякае. Калі гэты справіцца ўдарыць яго ручніком, пакуль той уцякае на другі канец рада, дык той, каго ўдарылі, становіцца з ручніком, а каторы біў — самым першым у радзе. Калі той, хто лавіў, не злавіў нікога, ён зноў становіцца апошнім у радзе і пачынае гульню.
1044. У гарлачыкі
Дзепі выбіраюць матку і ката. Потым усе садзяцца на зямлю, а матка гаворыць кату:
— Глядзі ж, кот: я пайду ў поле на работу, а ты вартуй тут гарлачыкі, каб, божа барані, ніхто іх не перакуліў.
Матка адыходзіць, а кот абходзіць сядзячых дзяцей і гаворыць на аднаго: «Гэта смятанка!», на другога: «Гэта сываратка!», на трэцяга: «Гэта тваражок!» і г. д. I пачынае іх перакульваць. У гэты час прыходзіць матка, бачыць перакуленыя гарлачыкі і ловіць ката. Калі зловіць, карае яго: «Не чапай смятанкі! He бі гарлачы!» Кот стараепца вырвацца і ўцячы.
1045. Гладышкі
Перад пачаткам гульні дзеці выбіраюць аднаго хлопчыка катом, а дзяўчынку гаспадыняй, усе ж астатнія садзяцца на зямлю, утвараючы кола. Яны гладышкі. Гаспадыня абходзіць усіх, садзіць роўненька, калі хто сядзіць нядобра, потым бярэ ў кожнага хустачку і накрывае галовы, гэта значыць яна накрывае гладышкі. Кот у гэты час недзе хаваецца і пільна сочыць, калі гаспадыня адыйдзе ад гладышкаў. Яна ідзе ўбок і робіць выгляд, што не звяртае на іх увагу. Кот выбягае з свайго сховішча і з мяўканнем куляе гладышкі. Гаспадыня, заўважыўшы гэта, бяжыць праганяць ката. Пры гэтым яна крычыпь:
— Каб ты здох, пачвара, чаму на цябе дохліца не найдзе?
Гладышкі таксама паднімаюцца і пачынаюць лавіць ката, а злавіўшы, усе стараюцца ушчыпнуць яго, прыгаворваючы:
— Вось табе малако! У чужое проса не суй носа.
1046. Гарлачыкі
Збіраюцца дзеці і садзяцца кружком. Выбіраюцца дзеючыя асобы: матка, дачка і кот. Матка ідзе ў поле жаць, а дачка пільнуе ад ката гарлачыкі (гаршчэчкі). Кот падкрадваецца і куляе ўсе гарлачыкі. Прыходзіць дадому матка, бачьшь перакуленыя гарлачыкі і гаворыць:
— Божа мой, хто гэта пабараціў гарлачыкі? А знаць жа, гэта прыходзіў кот?
Потым матка лае дачку:
— А ты куды глядзела, куды глядзела?
I б е дачку. Гульня працягваецца такім чынам да трох разоў. Матка ідзе ў поле, кот куляе гарлачыкі, а матка карае дачку. За трэцім разам матка кідаецца шукаць ката, які ўцякае. Матка, дагнаўшы ката, карае яго для віду.
1047. Гладышкі
Вылучаюць з удзельнікаў гульні ката і маці. Усе астатнія дзеці гладышкі. Дзеці-гладышкі садзяцца ў адзін рад, кожны аб’яўляе, што ў гладышку: смятана, мёд, цукеркі. Калі маці ў полі, кот тройчы падыходзіць да гладышоў, але не чапае іх. Потым кот крадзе гладыша. Маці прыходзіць з поля і пытаецца, дзе гладышы. Кот не прызнаецца, што браў. У гэты час гладышы падаюць голас: шыпяць, як сала на патэльні, як бульба кіпіць і г. д. Маці просіць ката даць ёй тое, што варыцца, смажыцца. Кот адмаўляе, бо яшчэ не гатова. Маці кідаецца ў круг гладышоў і стараецца расчапіць каму-небудзь рукі. Каму расчэпіць рукі, той яе.
1048. У колічкі
У гульні ўдзельнічаюць двое. Яны робяць сабе па тры калочкі, адзін — белыя без кары, другі — з карою, і колюць імі ў зямлі дзевяць дзірачак, па тры ў рад. У першыя тры ставіць свае калочкі той, хто гуляе белымі, у другія тры ставяцца чорныя. Апошнія тры застаюцца парожнімі. Тады першы хлопчык перастаўляе адзін колік у свабодную дзірачку, другі робіць тое ж, але так, каб перашкодзіць таварышу паставіць свае калочкі
ў рад у любым напрамку — гарызантальным, вертыкальным або нахіленым. Хто з удзельнікаў гульні паспее гэта зрабіць, той дае прайграўшаму ўмоўленую колькасць пстрычак. Тая ж гульня, што ў гімназістаў у крыжыкі і нулі пры 16 прамых вуглах.
1049. У свінню
Некалькі хлопчыкаў з палкамі і драўляным шарам збіраюцца разам, выкопваюць невялікую ямачку ў зямлі, куды трэба загнаць драўляны шар («загнаць свінню ў хлеў»), Кожны з удзельнікаў гульні абапіраецца канцом палкі на раней абранае месца, якое называецца «масла». Перад пачаткам гульні дзеці па жэраб’ю вырашаюць, каму пасвіць «свінню» (драўляны шар). Пры гэтым бяруцца па чарзе рукою за палку. Чыя рука акажацца зверху, на самым канцы палкі, той і павінен пасвіць «свінню». Мэта гульні ў тым, каб загнаць шар у ямачку ў зямлі, вакол якой стаяць усе хлопчыкі. Хлопчыкі ж як мага імкнуцца не дапусціць гэтага. Яны б’юць па шару сваімі палкамі і тут жа ставяць іх назад у «масла». Той жа, хто пасе «свінню», стараецца папасці канцом сваёй палкі ў «масла» таго хлопчыка, які б’е па шару. Калі яму гэта ўдаецца, то ён сваю ролю пастуха перадае таму хлопцу, які празяваў сваё «масла». Увесь час гульні ўсе насміхаюцца над тым, хто пасе «свінню», нярэдка даводзяць яго да слёз.
1050. Ганяць свінку
Удзельнікі гульні (пяць-восем дзяцей) капаюць «бровар» — вялікую ямку пасярод пляца, дзе адбываецца гульня. Кожны ўдзельнік капае меншую ямку на адлегласці 5—6 крокаў ад бровара навокал яго. Усе маюць у руках па кіёчку. Пачынаецца гульня так. Усе стаяць вакол бровара і трымаюць у ім свае кійкі. Па камандзе «тры» кожны гулец бяжыць да маленькай ямкі і займае яе сваім кіем. Аднаму ямкі не хапае. Той, хто застаецца без сваёй ямкі, мусіць гнаць «свінку» ў бровар («свінка» — бурвалачак дрэва). Усе ўдзельнікі стараюцца не дапусціць гэтага. Яны кіямі адганяюць «свінку». А калі той, хто гоніць «свінку», зойме свабодную ямку, на яго месца стано-
віцна яе былы ўладальнік і сам гоніць «свінку» ў бровар. Калі каму-небудзь удасца загнаць «свінку» ў бровар, усе мяняюцца месцамі, а гульня пачынаецна з самага пачатку.
1051. У булу
Була — пераважна зімовая гульня, захапляючая асабліва на голым лёдзе ракі або возера, пакуль ён яшчэ не пакрыты снегам.
Удзельнікі гульні адшукваюць драўляны шар або самі робяць хоць падобны на яго і называюць яго булою. Узяўшы булу і спецыяльныя палкі з загнутымі ніжнімі канцамі, якія называюцца качарыжкамі, ігракі ідуць на лёд, там выбіраюць матку і потым падыходзяць да яе папарна пад выдуманымі імёнамі.