• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзіцячы фальклор

    Дзіцячы фальклор


    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 736с.
    Мінск 1972
    111.12 МБ
    1097.	У каваля
    Выбіраюць з удзельнікаў гульні каваля. Каваль мае скручаную пытку з хусткі або ручніка. На лаве пад шапкай ці яшчэ пад чым хавае якую-небудзь рэч, напрыклад арэх, цыбуліну, гарошыну і г. д. Да каваля падыходзяць па чарзе дзеці і адгадваюць, што схавана. Хто не адгадае ад першага разу, таго каваль б’е пыткай. Так праходзяць усе ўдзельнікі гульні. Калі ніхто з удзельнікаў не адгадае, які прадмет схаваны, тады ўсе б'юць каваля.
    1098.	У пытку
    У гульні прымаюць удзел два хлопчыкі. Адзін з іх бярэ папружку, складае яе ўдвая і скручвае. Другі бярэ тоненькі кіёчак або цвік і стараецца папасці ў цэнтр скручанай папружкі так, каб, пацягнуўшы за другі канец папружкі, другі хлопчык перавярнуў кіёчак або цвік і той апынуўся ўнутры папружкі. Калі хлопчык удала пападзе ў цэнтр, то б’е папружкаю свайго таварыша па руцэ, бярэ сабе папружку, і гульня працягваецца; калі ж не, то яго б’юць, а ён зноў стараецца папасці ў цэнтр скручанай папружкі.
    1099. Маршалкі
    Ад дубца з прысохшай карой адпілоўваюць (ці адразаюць нажом) дзве цурачкі па 2 сантыметры даўжыні і расколваюць папалам. Гэтыя новай формы чатыры цуркі называюцца маршалкамі.
    На пачатку гульні пры дапамозе зробленых цурак выбіраюць з гульцоў так званых пана і пытку. Робіцца гэта так: кожны гулец па чарзе бярэ маршалкі і выкідвае іх са жмені на стол. У каго ўсе чатыры цуркі лягуць карой уніз, той становіцца панам. Далей па чарзе кідаюцца цуркі без удзелу пана. У каго тры цуркі лягуць карой уніз, той робіцца пыткай (назва гульца, які па загаду пана выконвае абавязкі ката). Цяпер гульцы, што засталіся неабранымі (іх павінна быць не менш трох), па чарзе кідаюць маршалкі. Кожны, хто выкіне толькі аднаго маршалка карой уніз, называецца мужыком. Яго па назначэнню пана б’е пытка 3—5 разоў па плячах жгутом, зробленым з хустак. Калі хто выкіне чатыры маршалкі карой уніз, называецца цыганом і атрымлівае на 2—3 удары больш, чым мужык. Але калі хто выкіне толькі два маршалкі карой уніз, ён называецца шляхцічам і не атрымлівае ніякага біцця. Потым выбіраюць новага пана, пытку такім жа спосабам.
    1100. У караля
    Для размеркавання роляў у гульні пішуцца запісачкі. На адной «суддзя!», на другой «ворі», на трэцяй «пабедны чалавек!», на чацвёртай «кат!» Запісачкі скручваюць трубачкамі і кладуць у шапку, а затым яны па адной вымаюцца адтуль кожным удзельнікам гульні. У каго запіска са словам «суддзя», той прымае важны выгляд і пытае:
    — Хто пабедны чалавек?
    — Я пабедны чалавек!— адказвае той, у каго запіска з гэтымі словамі.
    — Хто ў цябе кароўку ўкраў?
    Пабедны чалавек павінен адгадаць, у каго запіска са словам «вор». Калі адгадае, тады суддзя крычыць:
    — А, так ты ў пабеднага чалавека апошнюю кароўку крадзеш! Кат! Даць яму цёпленькіх пяць штук!
    Кат бярэ пасак, пабедны чалавек трымае руку вора з працягнутай далонню, і кат дае па руцэ пяць лёгкіх удараў. Калі
    суддзя прысудзіць пяць гарачых, удары мацнейшыя, калі ж скажа: «Даць яму пяць з-пад сіняга камня!» — тады кат размахваецца і б’е з усёй сілы, так што ў вора з вачэй слёзы сыплюцца. Але да такога пакарання даходзяць рэдка, таму што ў наступны раз і суддзя можа стаць ворам, і тады яму дадуць «з-пад сіняга камня».
    Калі ж пабедны чалавек не адгадае, хто ў яго кароўку ўкраў, то суддзя крычыць на яго:
    — А, ты сумленных людзей няславіць! Кат! Дай яму дзве гарачых!
    I караецца пабедны чалавек.
    Потым запісачкі зноў скручваюцца, кідаюцца ў шапку, і гульня пачынаецца спачатку.
    1101. У казу
    У казу гуляюць галоўным чынам у полі, у час пасьбы коней — «кала коней». Перш за ўсё выбіраюць пастуха. Робіцца гэта так: шырока расстаўляюць ногі і, схіліўшыся, кідаюць праз іх шапкі назад ад сябе. Чыя шапка ўпадзе бліжэй, той і павінен пасвіць коз. Тады ўдзельнікі ўбіваюць у зямлю слупок, прывязваюць да яго аброць з повадам і даюць пастуху канец повада ў рукі. На такой адлегласці павінен пастух знаходзіцца ад слупка. Потым удзельнікі складваюць ля слупка свае шапкі, якія называюцца козамі.
    Пастух бярэ ў рукі дубец або пугу і пасе козы, гэта значыць стараецца не дапусціць, каб нехта падбег да слупка і ўхапіў сваю шапку. Калі ж удасца ўхапіць тры казы (шапкі), пастуха гоняць скрозь строй. Усе ўдзельнікі зноў шырока расстаўляюць ногі, а пастух павінен на карачках бегчы паміж імі. Пры гэтым яго б'юць шапкамі.
    1102. Пастарнак
    Звычайна ў гэту гульню гуляюць хлопчыкі на начлезе. Калі адзін з іх засне раней іншых, тады бяруць доўгую палку, расколваюць яе на адным канцы, у заснуўшага хлопчыка развязваюць адну з абор, засаджваюць яе ў расколаты канец палкі, моцна яго завязваюць і ўбіваюць гэты канец у зямлю.
    Хлопчык прачнецца і пачынае цягнуць нагу, але не можа яе павярнуць, пакуль хто-небудзь з таварышаў не дапаможа яму вызваліцца.
    1103. Круцёлка
    Самая любімая гульня пастухоў на стойле, калі яны збіраюцца ўсе разам у поўдзень. Пастухі агульнымі сіламі ссякаюць хвою і пакідаюць досыць высокі пень, каля 1 м ад зямлі. Хвою ачышчаюць ад галін і пасярэдзіне робяць наскрозь дзірку. Неглыбокую дзірку (см 20) робяць і ў цэнтры паверхні пня. Потым кладуць хвою на пень, прымацоўваюць яе да пня круглым шпунтом так, каб хвоя магла круціцца на пні. На канцах хвоі сядаюць пастухі, а адзін штурхае хвою, каб яна круцілася.
    1104. Солана — молана
    Большае дзіця, а часам і дарослы хто, трымаюць дзіця, ушчаміўшы ў калені, а правай рукой каўтуняць валасы на галаве, кажучы:
    — Солана — молана, ці лук, ці качап?
    — Качан.
    — Ізноў пачаў.
    I працягваюць валтузіць. Бывае і па-іншаму.
    — Солана — молана, ці лук, ці качан?
    — Лук.
    — У лоб стук.
    Тут стукаюць лёгенька ў лоб.
    1105. Рыжыкі саліць
    Старшыя дзеці, бацькі і дзяды бяруць чатырох — сямігадовых дзяцей, трымаюць іх каленямі і націраюць вушы, аж пакуль яны не зачырванеюць. Калі вушы гараць, як агонь, пыгаюць, ці досыць рыжыкі саліць. Як мала, соляць далей, як досыць, то перастаюць.
    1106. У каменьчыкі
    У каменьчыкі гуляюць пераважна дзяўчынкі, удваіх, утраіх. Бяруць пяць каменьчыкаў, і кожная з удзельніц робіць з імі
    5—6 фігур. Калі яна памыліцца дзе-небудзь, пачынае наступная. Гульня гэта запазычана ад яўрэйскіх дзяўчынак, якія замест каменьчыкаў ужываюць авечыя або казіныя каленныя костачкі і гуляюць з азартам, большай часткай на валошскія арэхі.
    Фігуры гульні наступныя:
    1.	Адзінкі. Адзін каменьчык бяруць у руку, астатнія чатыры раскладваюць па аднаму на зямлі ў выглядзе квадрата. Каменьчык, што ў руцэ, падкідваецца ўверх, а дзяўчынка павінна падабраць з зямлі адзін каменьчык, падхапіць той, што падкідвала. Так падбіраюцца ўсе чатыры каменьчыкі.
    2.	Двонкі. Чатыры каменьчыкі кладуцца на зямлі парамі і парамі ж потым падбіраюцца.
    3.	Тронкі. Каменьчыкі кладуцца ў дзве кучкі: тры ў адну і адзін у другую, і ў такой жа колькасці падбіраюцца пры падкідванні пятага.
    4.	Ступа. Усе чатыры каменьчыкі кладуцца разам і адразу падбіраюцца.
    5.	Калі пасля гэтага ў руцэ будзе пяць каменьчыкаў, іх падкідваюць уверх і ловяць адваротным бокам рукі, злёгку расставіўшы пальцы.
    6.	Зараз жа затым зноў падкідваюць усе каменьчыкі ўверх і ловяць іх далонню. Апошнія дзве фігуры называюцца конамі.
    1107. У караля
    Перад пачаткам гульні хлопчыкі збіраюць малепькія каменьчыкі. Кожны з удзельнікаў гульні выбірае сабе прыгожанькі каменьчык, які называецца «каралём». Потым яны дамаўляюцца, хто будзе лавіць «пару»—цотную колькасць каменьчыкаў і «лішку» — няцотную колькасць. Пасля гэтага пачынаецца гульня. Адзін з хлопчыкаў бярэ ўсе камні ў руку і падкідвае ўверх; у той момант, калі камні ў паветры, ён паварочвае руку далонню ўніз і ловіць іх верхняй часткай рукі; потым зноў падкідвае каменьчыкі і пераварочвае зноў руку, пры гэтым стараецца злавіць «пару» або «лішку» ў залежнасці ад умоў гульні. А тады камні перадаюцца па чарзе ўсім дзецям. Мэта гульні ў тым, каб злавіць болей камней, пры гэтым кожны кароль пры падліку ацэньваецца ў шэсць камней. Той, хто больш злавіў іх, мае права першым пачаць гульню ў наступны раз. Удельнічаць у гульні могуць два-пяць чалавек.
    1108. У касцяшкі
    Касцяшкамі называюцца плоскія гузікі без вушак з дзірачкамі для прышывання. Гуляюць у іх на шапках, якія кладуцца гарызантальна. Усе ўдзельнікі садзяцца насупраць адзін аднаго і кладуць па гузіку на сваім баку. Потым лёгкімі пстрычкамі падганяюць гузікі да цэнтра шапкі і стараюцца так падштурхнуць іх, каб адзін гузік упаў на другі. Чый гузік акажацца зверху, той забірае сабе і ніжні.
    1109. Мак
    Гуляюць двое. Бяруць нож і прарэзваюць ім на зямлі раўчучок. Нож пакідаюць на пачатку раўчука. Пасля мераюцца на палцы ці іншым спосабам вырашаюць, каму праводзіць паўторна прарэз. Каму выпадзе першаму чарга, таму завязваюць вочы хусткай, садзяць на зямлю і кладуць руку на нож. Ен павінен правесці нож па таму ж раўчуку. Калі ж ён не трапіць зрабіць гэта, а правядзе новы раўчук, яго таварыш выбірае зямлю паміж раўчукамі і кідае ў разяўлены рот прайграўшага. Каб зямля не трапляла ў рот, прайграўшы хутка махае нажом перад губамі.
    1110. У вужа
    Дзеці з кручкі робяць міску, наліваюць туды вады і лыжкамі ўдаюць, што ядуць. Адно дзіця, выбранае за вужа, выпаўзае з кута, паўзе да міскі есці, кажучы: «Лык, лык». Тады дзеці лыжкамі б юць вужаку па ілбе і адганяюць ад міскі.
    1111. Гарнушак
    Удзельнікі гульні садзяцца на лаве, якая стаіць пасярэдзіне хаты, так, каб сядзець плячамі адзін да другога. Адзін з удзельнікаў гульні называецца гарнушкам. Ен ходзіць вакол чарады і раптам б’е каго-небудзь па калене і крычыць: «Гарнушак!» Той зрываецца з месца і бяжыць вакол лавы, стараючыся апярэдзіць гарнушка. Хто раней дабяжыць да апусцеўшага месца, той займае яго, а другі дае фант і становіцца гарнушкам.
    1112.	У караля
    Удзельнікі гульні кладуць на стол адну на другую рукі далонямі ўніз і пачынаюць лічыцца: «Раз, два — булдава» і г. д. або іншым чынам, але ў канцы іх абавязкова дадаюць словы: «Краля! Кароль! Сам пан кароль!» Пры кожным слове той, чыя рука ўнізе, вымае яе і кладзе наверх. Так чаргуюцца ўсе рукі. Той, на чыю руку прыйдзецца фраза «Сам пан кароль!», лічыцца каралём. Усе астатнія, акрамя караля і віцэ-караля, падыходзяць па чарзе да караля і пытаюцца:
    — Кароль, кароль, што загадаеш рабіць?