Дзевяноста другі
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 388с.
2017
Яшчэ горшая сытуацыя склалася з патрабаваньнем часткі трэцяй артыкулу 11 Закону аб тым, што кожны падпісны ліст павінен быць завераны ня толькі членам Ініцыятыўнай групы, але і старшынём. Паколькі член Ініцыятыўнай групы сам зьбірае подпісы грамадзян, то ніякіх праблем засьведчаньня яго асабістага подпісу не было. А вось адзіны на ўсю Ініцыятыўную групу па рэспубліцы старшыня фактычна ня мог заверыць уласным подпісам усе 125 тысяч падпісных лістоў. I, канешне, ён ня мог замест падпісных лістоў утвараць нейкія папірусы кшталту цэлай абоймы шпалераў. Такім чынам, у законе была закладзена працэсуальная норма, якая або заведама, або ненаўмысна была немагчымая для выкананьня адпаведных нормаў матэрыяльнага права, нормаў, якія даюць права грамадзянам на ўдзел у дзяржаўным і грамадзкім жыцьці шляхам выказваньня сваёй волі пры правядзеньні рэфэрэндумаў».
Тут спыню цытаваньне. Як бачна, нават высокакваліфікаваны юрыст, доктар навук, прафэсар прызнаў наяўнасьць у законе нормы, выканаць якую было заведама немагчыма. Паказальнае і выказанае Абрамовічам меркаваньне, што гэтае палажэньне магло быць закладзена наўмысна.
Далей старшыня ЦВК сказаў пра праверку падпісных лістоў.
Аляксандар Абрамовіч: «Я бачу, што тут ставяцца нейкія пытаньні, нейкія кантэксты. Я разумею тую псыхалягічную сытуацыю, у якой знаходзяцца паважаныя члены Вярхоўнага Са-
вету, нашы народныя дэпутаты. Канешне, пытаньне накіравана супраць большасьці членаў Вярхоўнага Савету. Каму гэта можа быць даспадобы? Тым ня менш, прашу прабачэньня, я хачу сказаць: праверку падпісных лістоў Цэнтральная камісія правяла з усёй неабходнай дакладнасыдю і з усёй той паўнатой, якой патрабуе закон (курсіў мой — С.Н.). У прыватнасьці, Цэнтральная камісія праверыла кожны падпісны ліст, а ня толькі тыя 2372 лісты, якія былі перададзены на почырказнаўчую экспэртызу. Пры праверцы ўсіх падпісных лістоў выяўлялася адпаведнасьць кожнага ліста і подпісу такім патрабаваньням закону, як наяўнасьць у іх прозьвішча, імя і імя па бацьку, подпісаў членаў Ініцыятыўнай групы, месца жыхарства, даты нараджэньня, даты падпісаньня ліста, нумару і рэквізытаў пашпарта і гэтак далей... У выніку было выяўлена, што з агульнай колькасьці 446 061 сабраных подпісаў 51 363 подпісы былі прызнаныя Цэнтральнай камісіяй як аформленыя з рознымі адступленьнямі. I ці мы можам тут сказаць пра 67 працэнтаў (працэнты нібыта сфальшаваных подпісаў, пра якія заявіў Булахаў — С.Н.), калі, скажам, грамадзянін замест «Іваноў Іван Іванавіч» напісаў «Іваноў Іван I.»? Канешне, гэта былі недакладнасьці ў выкананьні закону і яны Цэнтральнай камісіяй шляхам скрупулёзнага аналізу выяўляліся і фактычна выводзіліся за рамкі агульнага падліку.
Аднак, на вялікі жаль, пры праверцы падпісных лістоў выявілася таксама, што ў шэрагу зь іх, а менавіта ў 2370 лістах утрымліваюцца па
два, а ў асобных выпадках і болей подпісаў, якія маюць значнае падабенства. Гэта было выяўлена шляхам уважлівага назіраньня і вывучэньня ўсіх падпісных лістоў. Таму былі ўзяты подпісы ня скопам, а толькі тыя, якія былі адобраныя папярэдняй, калі можна так сказаць, экспэртызай. Была арганізаваная дадатковая праверка гэтых лістоў з выездам членаў камісіі ў Віцебск, Баранавічы, Магілёў, Барысаў і па горадзе Менску. Але справа паказала, што мэтад праверкі заснаваны на асабістым апытаньні грамадзянаў, якія падпісалі лісты, хоць і надзейны, але марудны. Такім чынам удалося праверыць толькі каля 80 подпісаў грамадзянаў, зь якіх выявілася, што 20 былі зробленыя той самай асобай. Таму і было вырашана астатнія 2372 лісты, што выклікалі ў членаў камісіі, калі можна так сказаць, неабходнасьць у дадатковай упэўненасьці, перадаць на почырказнаўчую экспэртызу. Яна паказала, што камісія амаль не памылялася, бо ў 1598 лістах было па 2 і больш подпісаў, зробленых адной асобай. Але згодна з патрабаваньнямі часткі чацьвёртай артыкулу 11 Закону, былі прызнаны несапраўднымі ня толькі гэтыя тры зь нечым тысячы подпісаў, якія былі ўчыненыя адной асобай, а ўсе амаль 7 тысяч подпісаў, якія ўтрымліваліся ў такіх падпісных лістах. Такім чынам, фактычна зь яўнымі парушэньнямі патрабаваньняў Закону аб рэфэрэндуме была колькасьць падпісных лістоў і подпісаў меншая, чым адзін працэнт ад агульнай колькасьці сабраных подпісаў.
Менавіта гэтую прыблізную лічбу трэба браць пры ацэнцы агульнай сытуацыі. А не ствараць уражаньне, што ўсе подпісы сабраны, як тут казалася, злодзеямі (ці я ня так зразумеў, магчыма). Парушэньні парушэньням розьніца, і гэтага нельга не ўлічваць, калі быць добрасумленным і аб’ектыўным...
Паважаны наш асноўны дакладчык! (Дзьмітры Булахаў — С.Н.) Калі ўжо Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету даручыў вам падрыхтаваць пытаньне амаль паўгода назад, дык падпісныя лісты (я адказваю і на запыт некаторых народных дэпутатаў) ужо амаль паўгода як перададзеныя ў Вярхоўны Савет. А за гэты час можна было б ня толькі гэтыя 2 тысячы на почырказнаўчую экспэртызу накіраваць, а яшчэ тысяч пяць праверыць... (Шум у залі).
Адносна складу Цэнтральнай камісіі і што тычыцца непасрэдна мяне. Я падзяляю ўсю адказнасьць, якую нясе Цэнтральная камісія за прынятае рашэньне, і нягледзячы на тое, што, магчыма, некаторыя пункты гэтага заключэньня пададуцца спрэчнымі, тым ня менш я лічу, што члены Цэнтральнай камісіі, якія шмат кім тут на папярэднім пасяджэньні абзываліся партакратамі і гэтак далей, добрасумленна выканалі свой абавязак, глыбока ўніклі ў зьмест законаў.
Я мяркую так: мы добрасумленна выканалі свой абавязак, які вынікае з патрабаваньняў закону, і як бы там ні было, у нас сумленьне застаецца перад вамі чыстым, паважаныя народныя дэпутаты. А рашэньне за вамі».
кастрычнік
На гэтым паседжаньне сэсіі 27 кастрычніка скончылася, на другі дзень разгляд пытаньня пра рэфэрэндум пачаўся з адказаў старшыні ЦВК на пытаньні дэпутатаў.
«ЦВК прыняла прававое рашэньне»
Іван Герасюк: «Ці можаце вы ад імя камісіі заявіць з усёй адказнасьцю перад беларускім народам, што 350 тысяч і адзін подпіс, неабходныя для прызначэньня рэфэрэндуму, сабраныя бездакорна і ў поўнай адпаведнасьці з нашым заканадаўствам?»
Аляксандар Абрамовіч: «Паколькі гэтае пытаньне будзе задавацца і іншымі дэпутатамі, я магу вам адказаць на яго наступным чынам: каля 380 тысяч подпісаў, дакладней 383 тысячы подпісаў, сабраныя з усімі неабходнымі патрабаваньнямі, якія прад’яўляе ўвесь дух і ўвесь сэнс Закону аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме). I мы таму прынялі такое рашэньне, зыходзячы менавіта з гэтага і менавіта з адказнасьцю перад беларускім народам».
Лявон Баршчэўскі (Апазыцыя БНФ): «Ці тыя заўвагі, якія адносіліся да недакладнага выкананьня закону, адносяцца да подпісаў звыш гэтых 384 тысяч ці да гэтых 384 тысяч?»
Аляксандар Абрамовіч: «Адказваю вам адназначна і коратка. Яны перавышаюць лічбу 383 тысячы. I менавіта кваліфікуюцца як сапраўды недакладнасьці».
Міхаіл Качан (дэпутат ад вэтэранскай арганізацыі): «Скажыце, калі ласка, якое рашэньне прыняла Цэнтральная выбарчая камісія: прававое ці палітычнае?»
Аляксандар Абрамовіч: «Камісія прыняла толькі і толькі прававое рашэньне, зыходзячы з сучаснага разуменьня права, якое зьяўляецца і выразам агульнай волі. А, скажам, не палітычнае».
Алег Трусаў: «Ці лічыце вы грубым парушэньнем закону або проста парушэньнем закону той ціск, які на вас пэрсанальна і на камісію вашу рабіў дэпутат Булахаў як старшыня камісіі, дэпутат Леўчык, Вярхоўны Савет і тыя выказваньні нашага паважанага старшыні, што гэтая камісія нікчэмная, што там партапаратчыкі, што яе трэба разагнаць? Як вы лічыце, парушэньне гэта закону з боку гэтых асоб ці не?»
Аляксандар Абрамовіч: «Паважаны народны дэпутат Трусаў! Я не лічу гэта парушэньнем патрабаваньняў закону, скажам так. Але я гэта лічу, як кажуць, амаль такім непрымальным з пункту гледжаньня нармальнай чалавечай этыкі, і мне незразумелыя такія паводзіны, якія грунтуюцца на нейкіх банапартысцкіх, даруйце, замашках».
Тацяна Анісенка: «Ці лічыце вы як юрыст, як старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі, парушаны вамі закон або не? Толькі я прашу не даваць вялікіх камэнтароў. Адкажыце, парушаны закон або не?»
кастрычнік
Аляксандар Абрамовіч: «Адказваю вам з усёй шчырасьцю на гэтае пытаньне. Я лічу, што Цэнтральная камісія выканала патрабаваньні, якія вынікаюць з духу закону і закон не парушыла».
Барыс Гец (дэпутат ад вэтэранскай арганізацыі, генэрал-маёр, герой Савецкага Саюзу): «Ці можаце вы як старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі адказаць, што ўсе 380 тысяч подпісаў, якія вы назвалі... адпавядаюць рэчаіснасьці, няма тых самых парушэньняў, якія вы зафіксавалі ў сваім дакумэнце? Толькі коратка: так або не?»
Аляксандар Абрамовіч: «Коратка адказаць не магу. Я адкажу, што патрабаваньні прад’яўленыя ў адпаведнасьці з законам, усе гэтыя подпісы адпавядаюць рэчаіснасьці, што і ўстанавіла камісія на сваім пасяджэньні».
Герард Сівіцкі: «Тыя падпісныя лісты, якія вы прызналі сапраўднымі, дзе 380 тысяч подпісаў, завераныя і падпісаныя старшынём Ініцыятыўнай групы або стаіць там такое самае факсыміле, як і тут?»
Аляксандар Абрамовіч: «На падпісных лістах стаіць факсыміле подпісу старшыні Ініцыятыўнай групы, ёсьць узор ягонага асабістага подпісу, які сьведчыць, што ідэнтычны подпіс на ўсіх астатніх лістах».
Віктар Какоўка (Апазыцыя БНФ): «Улічваючы тое, што ў праверцы ўсіх дакумэнтаў удзельнічалі работнікі ня толькі выбарчай камісіі, але і Саўміну і Вярхоўнага Савету, гэта значыць, была вельмі старанная праверка, і зацікаўленая, можна сказаць, у мяне канкрэтнае пытаньне: распачы-
налася ці хоць адна канкрэтная крымінальная справа па падробцы подпісаў (я маю на ўвазе тыя, якія проста не ўлічылі, звыш 380 тысяч) або не?»
Аляксандар Абрамовіч: «Толькі па адным факце ў Крычаўскую раённую пракуратуру была накіравана справа... Учора ў дакладзе папярэдняга прамоўцы (Булахава — С.Н.) прагучала слова “падробка”. Але вы паглядзіце, што ў шэрагу лістоў два і больш подпісаў пастаўленыя адной асобай. Я ведаю, гэта таксама многім не спадабаецца. Але я абавязаны сказаць з усёй шчырасьцю, падабаецца ці не падабаецца гэта нам, што ў нас склалася такая палітычная культура, калі муж падпісвае за жонку, а жонка падпісвае за мужа. Праверкай высьветлена. Да прыкладу, гаварылася: “Гэты подпіс ня мой». — “Але вы не пярэчыце, што муж падпісаў?” — “He”. Таму якое рашэньне тут? Ня трэба сьмяяцца і ня трэба судзіць. На гэты конт ёсьць норма закону, якая выразна кажа, што рабіць у такім выпадку. У такім выпадку прымаецца рашэньне не аб забароне рэфэрэндуму, а аб тым, што лісты, у якіх утрымліваюцца подпісы такога кшталту (усе лісты і ўсе іншыя подпісы, у тым ліку і сапраўдныя), прызнаюцца несапраўднымі. I такім чынам камісія паступіла, выключыла іх на падставе патрабаваньня закону... Тут можна правесьці аналёгію. Прабачце мне за крыху неафіцыйны ўзровень, але ён часам таксама неабходны. Да прыкладу, стаіць машына ня там, дзе трэба. Парушаныя правілы руху. Значыць, магчымыя дзьве высновы. Паводле лёгікі, скажам, першага