Дзевяноста другі
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 388с.
2017
Яўген Бачароў: «А каму патрэбны у дадзенай сытуацыі рэфэрэндум? Каму патрэбная палітычная нестабільнасьць грамадзтва? Каму патрэбныя новыя эканамічныя і сацыяльныя катаклізмы?»
Герард Сівіцкі (генэрал міліцыі): «Лічу, што ўцягваць рэспубліку ў шматмільённыя выдаткі, ствараць хаос і безуладзьдзе недапушчальна».
Міхаіл Сасноўскі: (дэпутат ад вэтэранскай арганізацыі): «Я лічу неэтычным з боку лідэра апазыцыі таварыша Пазьняка як дэпутата выступ па шэрагу пытаньняў па тэлебачаньні, калі ён бяздоказна папросту заклікаў, калі хочаце, да адстаўкі ўраду, Вярхоўнага Савету. На якой падставе дэпутат Пазьняк мог дазваляць сабе такія рэчы?...
Вашы прыхільнікі стаяць на плошчы, і вісіць лёзунг “Булахаў — здраднік, камуністы — здраднікі!”...Гэта што такое? Гэта дэмакратычна? На якой падставе такія лёзунгі?»
Сяргей Папкоў (Апазыцыя БНФ): «Калі Вярхоўны Савет кажа, што ён увесь здольны, давайце зробім такую справу: прыпынім разгляд гэтага пытаньня, адкладзем на два тыдні і дакажам, што мы дзеяздольныя. Давайце прымем пастанову аб правядзеньні інвэнтарызацыі, пераразьліку распрададзеных дзяржаўных сродкаў і маёмасьці ўсіх відаў і вызначым тэрмін вяртаньня ў дзяржбюджэт адпаведных сродкаў і дакладна пракантралюем гэтае выкананьне. Другое. Прымем заканадаўчы акт аб парадку набыцьця грамадзянамі Рэспублікі Беларусь зямлі ў прыватную ўласнасьць. Я падкрэсьліваю, грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Прымем новы Закон аб выбарах, прымем пастанову аб выбарах старшыняў выканаўчай мясцовай улады насельніцтвам і вызначым тэрмін іх правядзеньня з адпаведнымі зьменамі ў Законе аб мясцовым самакіраваньні. Давайце гэта зробім. Але я вам скажу, што гэтага Вярхоўны Савет проста ня можа выканаць. Быў час выканаць гэта — два гады з паловай. Але пытаньні ня вырашаныя. Таму правільна робяць грамадзяне Беларусі, калі ставяць пытаньне аб зьмене, аб эвалюцыйным шляху рэформаў».
Былы сакратар Гомельскага абкаму камуністычнай партыі Міхаіл Мачуленка выказаў арыгінальную прапанову: «дэпутатам, чые выбаршчыкі выказаліся за рэфэрэндум, самім падаць у адстаўку». Гэтыя словы выклікалі ухвальныя рэплікі ягоных аднадумцаў. Такі варыянт для намэнклятуры быў бы ідэальны: ператварыць Вярхоўны Савет, прычым нашымі ж рукамі, у
кастрычнік
цяпер ужо цалкам маналітную і цалкам падкантрольную Саўміну структуру.
На другі дзень, 29 кастрычніка, Дзьмітры Булахаў, Уладзімер Леўчык і Аляксандар Абрамовіч выступілі з заключным словам. Яны свае ранейшыя пазыцыі не зьмянілі...
Булахаў ізноў сьцьвярджаў, што Ініцыятыўная група парушыла закон: «Рыса паміж правам і палітыкай... па маім глыбокім перакананьні, можа, але не павінна быць пяройдзена самім заканадаўцам... А нас актыўна штурхаюць да гэтай рысы і Аляксандар Міхайлавіч Абрамовіч, паважаны народны дэпутат Зянон Станіслававіч Пазьняк, і ўсе астатнія дэпутаты, якія прытрымліваюцца пункту гледжаньня, выкладзенага гэтымі людзьмі». I яшчэ: «На нашых плячах вялікая адказнасьць, бо трэба будзе, як я ўжо казаў, прымаць рашэньне, якое вызначае лёс дзяржавы, фактычна не на год, а на дзесяцігодзьдзі наперад, дай Бог, каб і на стагодзьдзе, нават незалежна ад таго, ці будуць сёньняшнія дэпутаты абраныя заўтра».
Як паказаў час, наконт дзесяцігодзьдзяў Булахаў не памыліўся. Адносна стагодзьдзя, спадзяюся, прагноз ня спраўдзіцца.
Леўчык прапанаваў прыняць Заяву Вярхоўнага Савету «аб неабходнасьці паскарэньня канстытуцыйных пераўтварэньняў», прыняцьця Канстытуцыі не пазьней за 1993 год і правядзеньня ў сакавіку 1994-га датэрміновых выбараў у найвышэйшы заканадаўчы орган. Ён таксама выказаў недавер старшыні ЦВК Абрамовічу.
Сам Абрамовіч у сваім выступе выказаў спадзяваньне, «якое рашэньне ні было б прынята, пераможа палітычная разважлівасьць і мудрасьць з пункту гледжаньня ўзважанага падыходу, а ня заклікі, якія абвяшчаў цяпер паважаны мной Уладзімер Канстанцінавіч Леўчык. Вы кажаце: не ісьці на саступкі, а мы прытрымліваемся іншага пункту гледжаньня: на саступкі. Толькі саступкі, кансэнсус дае магчымасьць знайсьці прымальныя для ўсіх рашэньні».
Былы першы сакратар Чашніцкага райкаму партыі, а цяпер старшыня Чашніцкага райсавету Міхаіл Васілевіч заклікаў Шушкевіча «заканчваць»: «Ёсьць прапанова — будзем галасаваць».
Пачалі галасаваць.
За рэфэрэндум — 35 дэпутатаў. Апазыцыя БНФ і яшчэ некалькі прыхільнікаў.
Супраць рэфэрэндуму — 213.
Большасьць прагаласавала за «паскарэньне канстытуцыйных пераўтварэньняў»: Канстытуцыя — у 1993-м, парлямэнцкія выбары — у 1994-м. Канстытуцыю прымуць толькі ў 1994 годзе — з прэзыдэнцтвам, тады ж і правядуць выбары, зь вядомым вынікам.
«Ёсьць прапанова сёньня зрабіць болыпы перапынак. Мне здаецца, мы нядрэнна папрацавалі», — завяршыў паседжаньне Шушкевіч.
«ЗАСТАЕМСЯ ЛЕГІТЫМНАЙ ЧАСТКАЙ ПАРЛЯМЭНТУ»
Забарону рэфэрэндуму мы прагназавалі, але гэта была падзея з шэрагу тых, у якія ня хочацца верыць. Намаганьні амаль усяго году былі растаптаныя.
Атмасфэру, якая панавала ў нашым замацаваным за апазыцыяй 363-м пакоі адразу пасьля забароны рэфэрэндуму, Зянон Пазьняк перадае дакладна:
«Мы моўчкі прыйшлі пасьля сэсіі ў нашае памяшканьне на трэцім паверсе Дому ўраду, і тут, раптам, выбух абурэньня -— усіх прарвала. Амаль усе дэпутаты-фронтаўцы (прычым большая частка) пачалі крычаць, што кідаюць мандаты дэпутатаў і ня хочуць больш быць у гэтым камуністычным гадзючніку здрады і брыдоты. Ніхто нікога ня слухаў. Кожны хацеў выгаварыцца».
Словы пра магчымасьць складаньня дэпутацкіх паўнамоцтваў у выпадку забароны рэфэрэндуму гучалі і раней — такі варыянт намі абмяркоўваўся, а Лявон Баршчэўскі нават заявіў пра яго з трыбуны сэсіі. Але гэта былі толькі развагі ці прагнозы. Цяпер жа забарона рэфэрэндуму зрабілася рэальнасьцю, і мы адчувалі, што рэальнасьць гэтая патрабуе ад нас нейкага дзеяньня.
Ну і настрой у першыя хвіліны пасьля заканчэньня паседжаньня быў далёкі ад лагоднага.
Напэўна, такі настрой называецца блізкім да стану афэкту. Такім ён быў ва ўсялякім разе ў мяне (дый ня толькі ў мяне аднаго) — вельмі ўзбуджаны, нэрвовы. I цалкам натуральны ў той сытуацыі.
«Я нікога на той момант ня мог пераканаць, — прыгадвае Пазьняк. — Людзі далі волю пачуцьцям, не абдумаўшы, што такі зыход азначаў бы ў тых умовах поўны палітычны крах Фронту пад улюлюканьне ворагаў Беларусі. Зь вялікімі цяжкасьцямі мне ўдалося крыху суцішыць сяброў і ўгаварыць іх не сьпяшацца зь дзеяньнямі, якія мы паступова абмяркуем разам... Паступова мне ўдалося, на шчасьце, усё супакоіць, пагаварыць амаль з кожным, і нарэшце людзі вярнуліся да здаровага сэнсу, пачалі аналізаваць і стрэс скончыўся» (архіў аўтара).
Сапраўды — сыход зь Вярхоўнага Савету быў бы катастрафічнай памылкай, мы былі б імгненна пазбаўленыя ўсіх тых палітычных магчымасьцяў, якія давала знаходжаньне ў парлямэнце. Шмат што добрага нам удалося зрабіць за наступныя некалькі гадоў працы Вярхоўнага Савету — і шмат чаго кепскага, небясьпечнага для беларускай дзяржаўнасьці удалося прадухіліць.
Забарона рэфэрэндуму не выклікала масавага пратэсту — але быў пратэст актыўнай часткі грамадзтва. 3 асуджэньнем рашэньня Вярхоўнага Савету выступілі практычна ўсе дэмакратычныя партыі Беларусі, а Ініцыятыўная група заявіла, што пытаньне рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах застаецца актуальным.
Карыкатура ў спэцвыпуску газэты “Навіны БНФ”, 1992 г.
3 асуджэньнем рашэньня Вярхоўнага Савету і заклікам вярнуцца да пытаньня аб прызначэньні даты рэфэрэндуму выступілі семдзесят прадстаўнікоў творчай і навуковай інтэлігенцыі — у тым ліку Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Сяргей Грахоўскі, Вольга Іпатава, Уладзімер Арлоў, акадэмік Радзім Гарэцкі, Валянціна Вяргей, Людміла Дучыц, Генадзь Каханоўскі, Аляксей Марачкін, Ленанід Лыч, Міхась Чарняўскі, Язэп Юхо.
Былі і пратэсты індывідуальныя, крокі, якія для нас былі важнай маральнай падтрымкай. Так, у Берасьці выкладчыца беларускай мовы Марыя
Лукашук, пачуўшы рэпартаж з сэсіі, запісалася ў Народны Фронт — да гэтага толькі падтрымлівала.
Увогуле, шмат перад кім зь вядомых асобаў у тыя дні паўстаў маральны выбар. Дэпутат Апазыцыі БНФ Мікола Маркевіч на канец кастрычніка прайшоў усе стадыі прызначэньня на пасаду генэральнага консула — заставаўся подпіс Кебіча. Міколу запрасілі на гутарку і параілі ўстрымацца ад падпісаньня заявы з асуджэньнем рашэньня Вярхоўнага Савету. Выступаць з падтрымкай забароны, канешне, не прасілі, разумелі, што бессэнсоўна — але параілі не падпісваць, дзясятак спосабаў існуе, каб часова зьехаць зь Менску, урэшце, ён жыве ў Горадні, можна паехаць туды, да сям’і або ў выбарчую акругу і зрабіць так, каб не дазваніліся. Аднак Маркевіч падпісаў — разам зь іншымі дэпутатамі Апазыцыі БНФ. Генэральным консулам быў прызначаны іншы.
У гэтай заяве мы пацьвердзілі, што застаемся ў жорсткай парлямэнцкай апазыцыі, застаемся «паўнамоцнымі прыхільнікамі нашых выбаршчыкаў, але ня лічым для сябе абавязковым прымаць удзел у галасаваньні ў гэтым Вярхоўным Савеце... Мы застаемся легітымнай часткай гэтага Вярхоўнага Савету, каб не дазволіць яго кіруючай большасьці бесытерашкодна парушаць правы чалавека, зьневажаць духоўныя і матэрыяльныя інтарэсы народу, дыскрэдытаваць беларускую дзяржаву, каб дамагчыся датэрміновага спыненьня яго паўнамоцтваў на аснове Закону». Мы таксама заявілі, што будзем дамагацца ад-
кастрычнік
мены забароны рэфэрэндуму даступнымі канстытуцыйнымі сродкамі.
Заяву падпісалі Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў, Галіна Сямдзянава, Сяргей Навумчык, Лявонцій Зданевіч, Генадзь Грушавы, Сяргей Антончык, Уладзімер Заблоцкі, Юрась Беленькі, Леанід Тарасенка, Сяргей Папкоў, Яўген Новікаў, Ігар Гермянчук, Лявон Баршчэўскі, Лявон Дзейка, Павал Холад, Алесь Шут, Віктар Какоўка, Мікалай Аксаміт, Яўген Глушкевіч, Мікалай Крыжаноўскі, Станіслаў Бабачонак, Мікола Маркевіч, Аляксандар Паруль, Ігар Пырх, Віталь Малашка, Віктар Алампіеў, Міхаіл Мацюшонак, Сяргей Слабчанка.
3 гэтага пераліку дырэктар саўгасу «Дабраволец» Міхаіл Мацюшонак не ўваходзіў у Апазыцыю БНФ, але палічыў патрэбным паставіць подпіс.
А вось дэпутаты Дэмклюбу, якія часам падтрымлівалі нас у нейкіх ініцыятывах — не далучыліся.
«Што найбольш уразіла — гэта здрада Дэмклюбу і так званых дэмакратаў, — прыгадвае Пазьняк. — Усе яны пад дыктоўку камуністаў прагаласавалі супраць рэфэрэндуму. На табло высьвецілася толькі 35 галасоў «за» (гэта значыць — уся Апазыцыя БНФ). «Дэмакраты» сядзелі з каменнымі тварамі, адводзілі вочы ўбок. Зрэшты, нічога дзіўнага. Ва ўсіх фармацыях дэмакраты без нацыянальнай ідэі — гэта хісткія людзі» (архіў аўтара).