• Часопісы
  • Дзевяноста трэці  Сяргей Навумчык

    Дзевяноста трэці

    Сяргей Навумчык

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 536с.
    2018
    89.7 МБ
    I сапраўды: бяда (і палітычная віна) Кебіча ў тым, што ён дапусьціў блізка да сябе людзей, якія вельмі хутка пераканалі яго ў ягонай ледзь не мэсіянскай ролі, а самі ўспрынялі краіну як сваю вотчыну, якую можна спачатку абрабаваць, а потым тое, што застанецца — сьпіхнуць усходняму суседу. У апараце Саўміну былі створаныя ўпраўленьні і аддзелы, якія ад імя Кебіча ўзялі на сабе кіраваньне міністрамі, прызначанымі Вярхоўным Саветам. Гэта былі цалкам антыканстытуцыйныя структуры, але яны з кожным днём (у літаральным сэнсе) набіралі ўладныя паўнамоцтвы.
    Адным з найбольш блізкіх да Кебіча лічыўся начальнік упраўленьня бясьпекі Саўміну Генадзь Данілаў, яму быў нададзены ранг «дзяржсакратара» (таксама не прадугледжаны Канстытуцыяй). Данілаву з дапамогай сваіх намесьнікаў дэпутатаў Генадзя Казлова і Валерыя Паўлава ўдалося ўзяць пад кантроль Міністэрства абароны і дыктаваць
    сваю волю генэралу Казлоўскаму. Зь міністрам унутраных спраў Уладзімерам Ягоравым і старшынём КДБ Эдуардам Шыркоўскім гэткае не прайшло.
    I менавіта атачэньне Кебіча пераканала яго ў тым, што трэба браць уладу цалкам, непадзельна. I з ролі другога пераходзіць на першага.
    «Першы» — гэта было сымбалічнае слова для беларускай намэнклятуры. «Першы» — так асабліва набліжаныя і набліжаныя ня надта называлі першага сакратара ЦК КПБ.
    I таму зусім лягічна, што ў рэанімацыі мінулага прыгадалі пра Машэрава.
    «Наш Пётр Міронавіч» — апублікавала «Советская Белоруссня», а сьледам і іншыя дзяржаўныя газэты ў лютым 1993-га інтэрвію з Кебічам да юбілею першага сакратара ЦК кампартыі Беларусі ў 1965-80 гадах Машэрава. 3 тэксту выбудоўвалася постаць сумленнага, адказнага, кваліфікаванага, сьціплага кіраўніка, занепакоенага лёсам беларускага народу.
    «Іх Пётр Міронавіч» — парыраваў Аляксандар Лукашук у газэце «Свабода», паказаўшы, у чыім абліччы — натуральна, Кебіча — намэнклятура плянуе зьдзейсьніць рэінкарнацыю камуністычнага кіраўніка БССР.
    «Момант удалы, эканоміка не рэфармуецца і ў людзей расьце адчай, віна за гэта перакладаецца на «дэмакратаў», — пісаў Лукашук. — Жахлівая праўда пра крывавае мінулае ўскалыхнула была грамадзтва, але зараз сілы нацыі, відаць, ужо на зыходзе, і яна анэмічна пераносіць тупіковую гонку цэнаў, забарону рэфэрэндуму, рэанімацыю партыі катаў. Ідэі незалежнасьці, дэмакратыі, агульначалавечых каштоўнасьцяў і свабодаў у вачах значнай
    часткі насельніцтва скампрамэтаваныя: каўбасы не пабольшала, парадку паменшала. Стала горш, а было — лепш. Таму гэтыя выбаршчыкі гатовыя аддаць галасы за любога, хто зробіць як было. Пра цану таго, як было, ніхто ўжо ня згадвае» («Свабода», № 3-4, сакавік 1993).
    Гэтым «любым» (націск можна ставіць на абодва склады) намэнклятуры, канешне, бачыўся толькі Кебіч, хаця прэзыдэнцтва яшчэ было ня ўведзенае і нам, дэпутатам Апазыцыі БНФ, удавалася блякаваць яго прыняцьце ў праекце Канстытуцыі. Да моманту, пакуль за прэзыдэнцтва ня выступіла група дэпутатаў, якія адносілі сябе да цэнтрыстаў — Генадзь Карпенка, Віктар Ганчар, Дзьмітры Булахаў ды іншыя.
    Пазьней некаторыя зь іх зробяць стаўку на Лукашэнку, але ў пачатку 1993-га ў якасьці фаварыта гучала іншае імя: «Я не прымаю і не ўспрымаю заявы аб наяўнасьці ў нас у рэспубліцы двух лідэраў, — заявіў на сэсіі парлямэнту Віктар Ганчар. — I ў сувязі з гэтым скажу так: насьпеў час старшыні Савету міністраў рабіцца ня лідэрам каманды, a проста лідэрам».
    Як прыгадваў праз чвэрць стагодзьдзя тагачасны старшыня Віцебскага аблвыканкаму Уладзімер Кулакоў, недзе ў сярэдзіне 1993-га Кебіч сабраў сваіх паплечнікаў, кіраўнікоў рэгіёнаў і заявіў пра намер балятавацца ў прэзыдэнты. «Давайце абярэм вас Вярхоўным Саветам», — прапанавалі прэм’еру. «Не, толькі ўсенародна. Вось Іван Антановіч сьцьвярджае, што ў мяне рэйтынг — 75-80%, і я праходжу ў першым туры», — адказаў прэм’ер, які меў улады ня менш за першага сакратара, але хацелася яшчэ і народнай любові.
    Іван Антановіч ў той момант — кіраўнік створанага пры Саўміне аналітычнага цэнтру з багатым камуністычным мінулым — загадчык аддзелу культуры ЦК КПБ, сакратар і член Палітбюро расейскай камуністычнай партыі. I зь ня менш тытуляванай будучыняй: пры Лукашэнку — міністар замежных спраў.
    Аднак Кебіч разумеў, што сапраўдная аналітычная служба знаходзіцца ў іншым месцы. Цягам году ён імкнуўся падпарадкаваць сабе КДБ (так і не ўдалося — пяць разоў гэта галасавалася, і кожны раз нам удавалася заблякаваць рашэньне).
    Увогуле, з пункту гледжаньня ўмацаваньня асабістай улады імкненьне падпарадкаваць сабе спэцслужбы выглядала лягічным. Шмат якія ягоныя крокі выглядалі слушнымі, калі расцэньваць іх з пазыцыі ўмацаваньня асабістай улады. Але — ня з пункту гледжаньня разьвіцьця дэмакратыі.
    «Ведаеце, якое паняцьце цалкам адсутнічае ў герархіі сьветапоглядных каштоўнасьцяў прэм’ера, якое слова ніводнага разу не сустрэлася паміж чатырма зь лішкам тысячаў слоў пра “іх Пятра Міронавіча”? — завяршаў свой артыкул Аляксандар Лукашук. — Гэта слова — “свабода”».
    I гэта пры тым, што менавіта свабодай, а больш дакладней, парасткамі свабоды і дэмакратыі скарыстаўся Кебіч, калі ў пачатку 1990-га на пленуме ЦК дамогся свайго прызначэньня на пасаду старшыні Саўміну. Хоць у той момант яму давялося выявіць і пэўныя дыпляматычныя здольнасьці, уменьне дамаўляцца.
    Магчыма, зьдзіўлю чытача, але з Кебічам мне было размаўляць прасьцей, чым з Шушкевічам: ён сапраўды мог «падстроіцца» пад суразмоўніка (у
    дадзеным выпадку маю на ўвазе камунікацыйныя здольнасьці і ацэньваю гэтую якасьць як станоўчую і для палітыка неабходную).
    Я няшмат разоў быў у кабінэце Кебіча сам-насам (ва ўсіх выпадках прычыны былі не палітычныя, а зьвязаныя з праблемамі маёй выбарчай акругі), але ніводнага разу тое, пра што я прасіў, не засталося без увагі (хай можа і ня ў тым аб’ёме, у якім я прасіў). I пры гэтым Кебіч імкнуўся навязаць нейкі асабісты кантакт.
    Вось хоць бы такі выпадак.
    Недзе летам ці ў пачатку восені 1990 году, у першыя месяцы дзейнасьці Вярхоўнага Савету, у аднапакаёўцы на вуліцы Казінца, якую мы з жонкай здымалі, зазваніў тэлефон. Гэта быў Кебіч. Ён сказаў, што мае намер стварыць Міністэрства ў справах нацыянальнасьцяў (альбо Міністэрства ў справах грамадзкіх арганізацый, ці ў справах рэлігій, цяпер ужо ня памятаю дакладна), а крэсла міністра хоча прапанаваць майму бацьку (тады — сакратару Віцебскага абкаму партыі).
    У тым часе ў мяне былі няпростыя палітычныя адносіны з бацькам — пасьля пасады дарадцы ЦК КПСС у Аўганістане яму «сьвяціла» падвышэньне, але я сваёй грамадзкай актыўнасьцю рэзка спыніў ягоную кар’еру. Я сказаў, што ідэя стварыць міністэрства добрая, ну але, натуральна, вырашаць за бацьку не магу, лепей было б Вячаславу Францавічу самому патэлефанаваць у Віцебск.
    Гэтая гутарка ня мела ніякага разьвіцьця міністэрства не было створанае, але нават калі ўявіць, што Кебіч хацеў «купіць» апанэнта — трэба прызнаць, што такі званок сьведчыў ня толькі пра палітычную, але і ў пэўным сэнсе пра дыпляматыч-
    ную здольнасьць Кебіча. Пры гэтым нічога асаблівага Кебіч ад мяне атрымаць ня мог — я быў адным з трыццаці дэпутатаў БНФ і адным з 340 дэпутатаў парлямэнту. Хоць я перакананы, што тое ня быў блеф, што намер Кебіча быў сапраўдны.
    Проста гэта адзін з тых выпадкаў, калі ягоныя ідэі зьнікалі гэтак жа хутка, як і зьяўляліся.
    Слабае месца беларускай намэнклятуры
    Калі шматгадовы кіраўнік савецкай дзяржавы казаў, што сын не адказвае за бацьку, ён ці то забыўся, ці то не пажадаў дагаварыць: бацькі таксама не павінны адказваць за дзяцей. У Беларусі з пачатку нацыянальнага руху 80-х у некаторых бацькоў спыталі за дзяцей.
    I да станоўчых якасьцяў Кебіча я б аднёс тое, што ён не адыграўся на першым намесьніку старшыні Камітэту па эканоміцы і плянаваньні (былы Дзяржплян) Рыгору Вячорку — за ягонага сына Вінцука Вячорку, аднаго зь лідэраў БНФ. Я магу ацаніць гэтую якасьць з уласнага вопыту і досьведу нашай сям’і — калі бацька вярнуўся з Кабулу, першае, што яму паказалі ў ЦК, была інфармацыя пра маю дзейнасьць.
    Канешне, Кебіч няблага разьбіраўся ў эканоміцы — але ў той старой, сацыялістычнай эканоміцы. Тут ён якраз саступаў таму самаму Рыгору Вячорку, які меў такі самы або нават большы партыйны досьвед, але адначасна быў здольны ўспрыняць новае.
    Увогуле, Рыгор Мікалаевіч Вячорка быў адным зь нешматлікіх людзей у апараце Савету міністраў, які выклікаў павагу, мяркую, ня толькі ў мяне, але
    і ў іншых дэпутатаў апазыцыі. Ён ніяк не атаясамліваўся са звыклым стандартным вобразам былога партыйнага кіраўніка (кулаком аб стол, мат як спосаб камунікацыі, бяздумнае выкананьне высокіх загадаў). Ён быў інтэлігентным, па-сапраўднаму адукаваным чалавекам.
    Апошняй пасадай Вячоркі перад абвяшчэньнем незалежнасьці была — намесьнік старшыні Дзяржпляну, калі старшынём быў Кебіч, перад гэтым абодва нейкі час мелі роўныя пазыцыі (Вячорка — загадчык аддзелу ЦК, Кебіч — другі сакратар Менскага абкаму), і пасаду старшыні Дзяржпляну, зь якой Кебіч пойдзе на прэм'ера, мог бы заняць і Вячорка. У гэтым выпадку можна толькі ўяўляць, які быў бы лёс Беларусі.
    Але — гэта толькі гіпотэза, а вось што я ведаю дакладна — у пачатку 90-ых Вячорка кансультаваў эканамічную групу Ценявога кабінэту Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Так, многія распрацоўкі Апазыцыі, на вялікі жаль, былі адрынутыя парлямэнцкай большасьцю, але шмат якія ўвасобіліся ў пэўныя палажэньні законаў. Пры гэтым «саўмінаўская» Праграма пераходу да рынкавай эканомікі, распрацоўкай якой Рыгор Вячорка кіраваў — была прынятая Вярхоўным Саветам у 1992 годзе. Па тых часах гэта быў крок наперад, істотны адрыў ад сацыялістычнай сыстэмы гаспадараньня.
    Аднак слабасьць беларускай намэнклятуры была ня толькі ў тым, што мала хто з кіраўнікоў быў здольны ўспрыняць новае ці зрабіць рывок наперад.
    Сытуацыя ў кіруючай эліце ў апошнія гады існаваньня БССР вызначыла шмат у чым і сытуацыю ў пачатку 90-х, у першыя гады незалежнасьці і, як вынік, у наступныя дзесяцігодзьдзі.
    Адна з прычынаў, чаму ў Беларусі не атрымаліся дэмакратычныя рэформы, а пагроза страты незалежнасьці існуе ўжо дзесяцігодзьдзі — амаль нулявая нацыянальная сьвядомасьць камуністычнага кіраўніцтва ў канцы 80-х. Тых, хто выступаў за нацыянальнае адраджэньне, партыйныя сакратары ўспрымалі ў якасьці клясавых ворагаў.