Дзевяноста трэці
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 536с.
2018
I як вынік, менавіта камуністычнай прапагандай у грамадзтва былі трывала закладзеныя міты пра БНФ як пра «экстрэмістаў», «радыкалаў» і таму падобная лухта — чаго не было ў Эстоніі, Латвіі, Літве і нават, у такой ступені, ва Украіне. Гэтыя міты адыгралі фатальную ролю ў 1994-м.
Да прыкладу, першы сакратар ЦК літоўскай кампартыі Бразаўскас і кіраўнік «Саюдзісу» Ландсбергіс на Зьезьдзе народных дэпутатаў СССР супольна адстойвалі інтарэсы сваёй рэспублікі. A ў БССР кіраўніцтва ЦК зрабіла ўсё, каб не дапусьціць ніводнага лідэра БНФ на той зьезд у якасьці дэпутата. Устаноўчы зьезд БНФ у 1989 годзе не дазволілі правесьці ў Менску — ён адбыўся ў Літве, a памяшканьне далі на распараджэньне таго самага сакратара ЦК Бразаўскаса. У Літве кіраўнікі ЦК падтрымалі «Саюдзіс» і ўзначалілі змаганьне за Незалежнасьць — у Беларусі кіраўніцтва ЦК узначаліла змаганьне супраць Незалежнасьці, аж да 25 жніўня 1991-га, калі дзейнасьць кампартыі спынілі.
У Беларусі нацыянальна арыентаваных кіраўнікоў (а такія былі, хоць і зусім няшмат) адсунулі на другія ролі. Хай бы гэтыя «другія ролі» і былі высокімі пасадамі, але ня гэтыя людзі вызначалі палітыку (калі каротка, яны не ўваходзілі ў склад дзесяці — пятнаццаці членаў Бюро ЦК КПБ).
Я магу па пальцах адной рукі пералічыць партыйных кіраўнікоў вышэйшых за ранг першага сакратара райкаму. якія б сымпатызавалі нацыянальнай ідэі — нават у яе, так бы мовіць, камуністычным разуменьн і (гэта значыць — з захаваньнем кіруючай ролі кампартыі).
У канцы 80-х, акрамя ўжо згаданага Рыгора Вячоркі, такімі былі намесьніца старшыні Савету міністраў Ніна Мазай, загадчык аддзелу навукі ЦК КПБ Міхаіл Дзямчук, сакратар Віцебскага абкаму партыі Іосіф Навумчык і сакратар Менскага гаркаму партыі Пётра Краўчанка. (Пазьней, у першыя гады незалежнасьці, адказным стаўленьнем да беларушчыны вызначыліся былы супрацоўнік ЦК міністар інфармацыі Анатоль Бутэвіч; Дзямчук заняў пасаду віцэ-прэм’ера). Канешне, прыгадваюцца імёны члена ЦК старшыні Дзяржтэлерадыё Генадзя Бураўкіна і загадчыка сэктару літаратуры Сяргея Законьнікава, але гэта былі не «прафэсійныя» партыйныя кіраўнікі.
3 адыходам на пэнсію ў 1986-м з пасады сакратара ЦК па ідэалёгіі Аляксандра Кузьміна, які дапамагаў Васілю Быкаву ды іншым пісьменьнікам, і прыходам у кабінэт галоўнага ідэоляга Валерыя Пячэньнікава, адносіны партапарату з нацыянальнай інтэлігенцыяй зрабіліся проста варожыя. (У сваіх мэмуарах тагачасны першы сакратар Саюзу пісьменьнікаў СССР Уладзімір Карпаў піша, што за часы свайго сакратарства Пячэньнікаў ніводнага разу не наведаў Саюз пісьменьнікаў Беларусі — інжынэр паводле адукацыі, ён проста ня ведаў, пра што размаўляць зь літаратарамі. Тут важным мне бачыцца не адмова ад «кіраваньня літаратурай» —
кіраваньне працягвалася, ды яшчэ якое — а нежаданьне спрыяць нацыянальнай культуры.)
I калі раней у асяродку партыйных кіраўнікоў стаўленьне да беларускай мовы, да нацыянальнай гісторыі было, пераважна, абыякавым, дык з 1986 году яно зьмянілася на агрэсіўна-непрымальнае.
Асабліва яскрава гэта выявілася пасьля стварэньня БНФ і на выбарах спачатку народных дэпутатаў СССР, а потым і ў Вярхоўны Савет XII скліканьня; вынікі апошніх і прадвызначылі лёс Беларусі.
Кебіч да нацыянальнага Адраджэньня ставіўся, як мне падаецца, абыякава — у тым сэнсе, што ня надта спрыяльна, але і не варожа. Сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй, якія ладзілі яму дарадцы, ён успрымаў як неабходны элемэнт падтрыманьня іміджу кіраўніка. Шушкевіч жа падкрэсьліваў прыхільнасьць да Адраджэньня, і ягоны ўдзел ва ўрачыстасьцях, прысьвечаных 75-м угодкам БНР ды ў Першым зьезьдзе беларусаў сьвету падвысіў іх статус.
Для абсалютнай большасьці намэнклятуры зь яе нацыянальным нігілізмам такое стаўленьне было незразумелае.
«Прашу адключыць мікрафон!»
Са Станіславам Шушкевічам мы нарадзіліся ў адзін дзень — праўда, з розьніцай у 27 гадоў. Роўна столькі, колькі цяпер, калі я пішу гэтыя радкі, спаўняецца незалежнасьці Беларусі. Нібыта і больш за чвэрць стагодзьдзя, а адчуваньне — імгненьне праляцела.
На кожным этапе палітычнай кар’еры Шушкевіча падтрымліваў Беларускі Народны Фронт. Прычым гэтая падтрымка была вызначальнай: безь яе ён ня стаў бы ні дэпутатам, ні віцэ-сьпікерам, ні старшынём парлямэнту.
Пры гэтым мы атрымалі зусім ня тое, на што разьлічвалі.
3 аднаго боку, Шушкевіч істотна паспрыяўтаму, каб ініцыятыва БНФ аб наданьні бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня» статусу дзяржаўных сымбаляў увасобілася ў рашэньне Вярхоўнага Савету. Ягоны подпіс у Віскулях пад пагадненьнямі аб ліквідацыі СССР дазволіў Беларусі стаць незалежнай дэ-факта (дэ-юрэ яна была абвешчаная незалежнай 25 жніўня 1991 году). Гэта, бясспрэчна, вельмі важныя дасягненьні Шушкевіча, якія ўпісалі ягонае імя ў гісторыю.
Але падчас красавіцкіх страйкаў 1991 году Шушкевіч стаў на бок камуністычнай намэнклятуры (ніхто не зрабіў для абяззбройваньня рабочага руху столькі. як Шушкевіч, пісалі ў тыя дні «Навіны БНФ»). У 1992 годзе ён выступіў супраць правядзеньня рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах, за які было сабрана больш за 440 тысяч подпісаў, не зьбіраў сэсію, якая павінна была прызначыць дату плебісцыту, і ў выніку ініцыятыва БНФ правалілася.
Гаворачы пра ўзаемаадносіны Шушкевіча з дэпутатамі, прычым розных палітычных лягераў, выкажу сьмелае меркаваньне: магчыма, выкладчыцкі досьвед парадаксальным чынам паўплываў на тое, што яму так і не ўдалося выбудаваць адносіны з дэпутатамі — ні з намэнклятурай, што
было, праўда, вельмі складана, ні з апазыцыяй, што можна было зрабіць даволі лёгка.
Але для гэтага, пэўна, патрабавалася мець нейкія якасьці, якіх у яго не было. Ці прынамсі ня мець рысы характару, якая ў Шушкевічу выяўлялася на кожным кроку: мэнтарскага стаўленьня, магчыма, выпрацаванага гадамі выкладчыцкай працы. Усё ж дэпутаты — што былыя сакратары райкамаў ці генэралы, што навуковыя супрацоўнікі акадэмічных інстытутаў ці журналісты — гэта не студэнты, a людзі з вышэйшай адукацыяй і пэўнымі прафэсійнымі дасягненьнямі.
Вышэй я прыгадаў ацэнку Шушкевічам унікальнага дару Кебіча быць сваім і сярод намэнклятуры, і сярод дэмакратаў: сам жа ён мог быць чужым і для першых, і для другіх, і пры гэтым псаваць адносіны з тымі, хто да яго ставіўся вельмі прыязна (магу аднесьці і сябе да гэтай катэгорыі).
Працытую ўласныя словы, сказаныя ў траўні 1993 году аглядальніку «Звязды» Валянціну Жданко: «Кажуць, што вельмі рэдка сустракаецца талент ператвараць сваіх ворагаў ва ўласных сяброў. Калі так, то дар Станіслава Станіслававіча яшчэ больш унікальны: ён можа сваіх прыхільнікаў зь мінімумам намаганьняў настройваць супраць сябе. За тры гады ён аддаліў ледзь ня ўсіх сваіх палітычных паплечнікаў. Так, большасьць зь іх прыйшлі з Плошчы, яны не заўсёды суадносілі рэальнае з магчымым, у іх не хапала вопыту. Значыць, трэба было дапамагаць набіраць гэты вопыт, вучыць іх — гэта хоць і цяжка, але больш карысна, чым выстаўляць іх на пасьмешышча на радасьць апанэнтаў. Але заўважце, што дэпутаты Апазыцыі ў адносінах з Шушкевічам вытрымліваюць такт,
я ўжо не кажу пра супадзеньне поглядаў на шэраг пытаньняў».
Прызнаюся, што гэтыя словы былі сказаныя для аднаго чытача газэты: для Шушкевіча. Я ўсё яшчэ спадзяваўся, што ён знойдзе спосаб супрацоўнічаць з дэпутатамі Апазыцыі — ці, хаця б, перастане адключаць нам мікрафоны ў Авальнай залі. Словы «Прашу адключыць мікрафон» гучалі зь ягоных вуснаў усё часьцей, што нязьменна выклікала радасьць у нашых апанэнтаў.
Калі візыты да Кебіча па праблемах жыхароў выбарчай акругі давалі станоўчы вынік (хоць гэта яму нічога не каштавала), дык я не магу прыгадаць ніводнага выпадку, калі б я выйшаў з кабінэту Шушкевіча задаволеным ці хаця б не расчараваным. Канешне, да Шушкевіча мы зьвярталіся ня з просьбамі выдаткаваць будматэрыялы, а з палітычнымі прапановамі — і на кожную чулі адказ: «У мяне няма паўнамоцтваў», альбо варыянт — «Выносьце ў камісіі Вярхоўнага Савету», ці — «Хай вырашае Вярхоўны Савет» (запіс адной такой гутаркі ў кастрычніку 1993-га прыводжу ў гэтай кнізе).
Калі Елыдын у 1990-1992 гадах вылучыў (у тым ліку і з дэпутацкага корпусу) плеяду маладых рэфарматараў і прасунуў іх на кіруючыя пасаду ва ўрадзе ці ў рэгіёнах, дык Шушкевіч ня тое што ня вылучыў нікога з маладых дэпутатаў апазыцыі на нейкія ключавыя пасады (а ён гэта мог), але і рабіў усё магчымае, каб іх «задзьвінуць». I ў гэтым, на мой погляд — вялікая гістарычная віна Шушкевіча.
Зьнішчэньне першай за дзесяцігодзьдзі плеяды незалежніцкіх палітыкаў, якія на канец кадэнцыі Вярхоўнага Савету XII скліканьня набылі досьвед дзяржаўных дзеячоў, давяршыў Лукашэнка.
Ці мог у Беларусі быць свой Гавэл
У сваіх успамінах Шушкевіч неаднаразова згадвае Макіявэлі. Вялікага флярэнтыйца звычайна цытуюць, калі хочуць паказаць звыродлівасьць палітычных нораваў, патлумачыць адсутнасьць ва ўладароў прыстойнасьці ды маральных прынцыпаў, увогуле, разабрацца ў тым, што называюць псыхалёгіяй улады. Але я прывяду цытату іншага характару, якая на першы погляд тычыцца чыста вайсковых аспэктаў і нават нюансаў фартыфікацыі — але насамрэч мае да нашай тэмы самае непасрэднае дачыненьне.
«Для ўладара, — піша Макіявэлі, — заўсёды бывае надзвычай важна ведаць, ці можа яго дзяржава ў выпадку неабходнасьці абараняцца ўласнымі сродкамі або павінна быць вымушаная зьвяртацца для сваёй абароны да чужой дапамогі. Каб думка мая была ясная, я павінен сказаць, што лічу здольнымі абараняцца сваімі сродкамі толькі такіх уладароў, якія маюць дастатковую колькасьць людзей і сумы грошай, каб у любым часе выставіць значнае войска, якое можа вытрымаць бітву з ворагамі. A дзяржавамі слабымі, якія маюць патрэбу ў чужой абароне, я лічу такія, чыё войска нагэтулькі нязначнае, што ня ў стане вытрымаць адкрытай бітвы, а можа толькі служыць гарнізонам падчас аблогі ворагамі крэпасьцяў, якія належаць дзяржавам».
Гэта — не пра ваенны нэўтралітэт, далучэньне да сыстэмы калектыўнай бясьпекі СНД альбо да NATO.
Калі ўявіць, што агрэсар — палітычны праціўнік (камуністычная намэнклятура), грошы — бюджэт (які фармаваўся зноў жа апанэнтамі — парлямэнц-
кай большасыдю), тады пад войскам варта разумець палітычную партыю. Гэта аксіёма. У палітычнай традыцыі лідэр дзяржавы павінен абапірацца на партыю або палітычны рух.