Дзевяноста трэці
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 536с.
2018
падаваліся нават у часы самага жорсткага дэфіцыту) і выпіўшы каву, чалавек саступіць месца іншаму.
Але сыходзіць звычайна не сьпяшаліся, і ў залі ўтвараліся некалькі кампаній па тры — пяць чалавек. Прычым часьцей за ўсё тое былі спантанныя кампаніі: ты падыходзіў туды, дзе было вольнае месца, і зусім не абавязкова апынаўся сярод палітычных аднадумцаў. Напрыклад, тваімі суседзямі маглі быць артадаксальныя вэтэраны або «крепкне хозяйственннкн», ці — кіраўнікі райвыканкамаў. Часам гэта маглі быць міністры або віцэ-прэм’еры (Кебіча, як і Шушкевіча, у часы іх старшынёўства я ў буфэце ніколі ня бачыў).
Уласна, палітычныя прыхільнасьці ці пасады пры гэтым ня мелі ніякага значэньня, не магу ўявіць, каб нехта камусьці сказаў нешта кшталту «Ведаеце, у нас тут свая кампанія і канфідэнцыйная размова, паспрабуйце пашукаць іншае месца».
Канешне, можна было есьці моўчкі, і табе б ніхто не перашкаджаў, але звычайна ты далучаўся да гаворкі, альбо нават уздымаў новую тэму.
Звычайна нават самыя непрымірымыя ў Авальнай залі праціўнікі за сталом у буфэце ці ў сталоўцы знаходзілі або нейкую зусім нэўтральную тэму, або новы паварот той, вакол якой дэбатавалі ў Авальнай залі, але абмяркоўвалі ўжо ў спакойнай форме. Канешне, і спрачаліся (гучныя галасы Валянціна Голубева або Аляксандра Лукашэнкі чуліся ўжо з калідору). I хоць ніякіх фармальных рашэньняў за сталамі не прымалася, але значнасьць такіх «буфэтных» размоваў для гэтых самых рашэньняў была вялікая.
Пытаньне дзяржаўнай здрады
Зь Мечыславам Грыбам я быў знаёмы, можна сказаць, зь дзяцінства — нейкі час вучыўся ў адной школе разам зь ягоным сынам. Потым, ужо ў сярэдзіне 1980-х, працуючы ў віцебскай абласной газэце, прапанаваў яму, ужо начальніку абласнога ўпраўленьня міліцыі, паўдзельнічаць у тэлефоннай «прамой лініі». Ён пагадзіўся, што зьдзівіла калег у рэдакцыі. Але падначаленыя генэрала былі зьдзіўленыя яшчэ болей: некалькі гадзінаў генэрал адказваў на пытаньні віцяблянаў, да такой адкрытасьці ў тых сьценах не прывыклі.
У пачатку 1990 году Грыб пайшоў на выбары ў Вярхоўны Савет БССР не па якой-небудзь вясковай акрузе, як большасьць кіраўнікоў, аў Віцебску. Барацьба была цяжкая, у другі тур ён выйшаў разам з актывістам БНФ, старшынём клюбу «Ўзгор'е» Ігарам Цішкіным — і перамог. А потым, на першай сэсіі, быў абраны старшынём парлямэнцкай камісіі па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, абароны і барацьбы са злачыннасьцю. 3 таго моманту я ня памятаю, каб Грыб апранаў генэральскі мундзір.
Яшчэ ў 1992 годзе камісія Грыба ня ставіла пад сумнеў нэўтралітэт Беларусі і не выступала з ідэяй далучэньня краіны да сыстэмы калектыўнай бясьпекі.
У пачатку 1993-га пазыцыя членаў камісіі і Мечыслава Грыба кардынальна зьмянілася, і была выказаная прапанова далучыцца да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы краінаў СНД (ДКБ), падпісанай 15 траўня 1992 году ў Ташкенце. На пачатак 1993 году ў арганізацыю ўваходзілі Армэнія, Казахстан, Кіргізстан, Расея, Таджыкістан, Узбэкістан.
Часта кажуць, што з прыходам Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта ў 1994 годзе Беларусь спыніла працэсы эўрапейскай інтэграцыі і разьвярнулася ў бок Расеі. Увогуле, гэта правільная ацэнка, калі мець на ўвазе вэктар і інтэнсіўнасьць руху. Але не зусім дакладна адносна часу.
Насамрэч, стратэгічны выбар — ня Захад, a Ўсход — быў зроблены ў 1993 годзе, калі Вярхоўны Савет прыняў рашэньне далучыцца да сыстэмы калектыўнай бясьпекі краінаў СНД. Так ужо стагодзьдзямі склалася, што менавіта ваенны саюз з тым або іншым партнэрам лічыцца самым галоўным з усіх іншых саюзаў, і ў выпадку зь Беларусьсю рашэньне, прынятае ў красавіку 1993-га, мела вынікам прывязку да расейскага ваенна-прамысловага комплексу на дзесяцігодзьдзі.
Але рашэньне не было аднагалосным — мы выступалі супраць, і некалькі дзён у Авальнай залі, а потым і на старонках газэт, на мітынгах і сустрэчах з выбаршчыкамі даказвалі шкоднасьць такога саюзу.
На наступных старонках я прывяду аргумэнты як прыхільнікаў, гэтак і праціўнікаў далучэньня Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі — і ў чытача, адрозна ад нас, удзельнікаў той драматычнай дыскусіі, ёсьць магчымасьць ацаніць слушнасьць пазыцыяў з адлегласьці часу.
Мы разглядалі Дамову (фактычна, гэта быў ваенны саюз) як форму кантролю Масквы ня толькі над узброенымі сіламі, але і над палітыкай незалежных краінаў у галіне бясьпекі. Асабліва нас насьцярожвала верагоднасьць удзелу беларускіх вайскоўцаў у ліквідацыі канфліктаў у закаўкаскім і
сярэднеазіяцкім рэгіёнах — што прадугледжвалася статутам ДКБ.
У выступах на сэсіі дэпутаты Апазыцыі БНФ дзясяткі разоў казалі, што беларускія хлопцы не павінны гінуць за чужыя інтарэсы, і гэтае перакананьне мела падтрымку ў насельніцтва. У прававых і палітычных аспэктах дамовы, аднак, людзям разабрацца было значна цяжэй.
Ініцыятары і прыхільнікі ваеннага саюзу
Хто канкрэтна ў Менску ініцыяваў далучэньне Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі СНД, якая насамрэч кантралявалася і кантралюецца маскоўскім Генштабам — да гэтага часу застаецца невядомым. Яшчэ ўвосень 1992 году на сэсіі Вярхоўнага Савету з такой прапановай выступіў старшыня новаўтворанага Саюзу афіцэраў генэрал-лейтэнант Дзьмітры Іваноў. Генэрал ня быў дэпутатам, яму далі слова на патрабаваньне дэпутатаў-вэтэранаў.
Гэты Саюз афіцэраў быў створаны нібыта для абароны сацыяльных правоў вайскоўцаў, аднак адразу заявіў антынезалежніцкія пазыцыі (прыкметна, што і праз чвэрць стагодзьдзя на вэб-сайце Мазырскага раённага аддзяленьня арганізацыі — праклёны на адрас «нацыяналістаў», ініцыятараў«развалу вялікай Дзяржавы — СССР»), Выступ Іванова ня быў асабліва заўважаны прэсай, новаўтвораны саюз падаваўся арганізацыяй маргінальнай — нібыта забыліся, колькі спачатку маргінальных ідэяў і лёзунгаў авалодвалі з цягам часу (а здаралася, што і імгненна) мільённымі масамі. Але на пасяджэньні дэпутацкай Апазыцыі БНФ мы абмеркавалі гэтую ідэю і вырашылі, што
Дэпутаты Валер Паўлаў, АлегТрусаў, Генадзь Казлоў і Вячаслаў Кузьняцоў..
яна значна больш сур’ёзная, чым можа падацца на першы погляд.
Магчыма, калі адчыняцца пэўныя архівы, імёны сапраўдных ініцыятараў будуць вядомыя. Асабіста я перакананы, што ініцыятыва ўсё ж была з Масквы, але не ад Ельцына і ягонага атачэньня, якія тады яшчэ не былі на акрэсьлена імпэрскіх пазыцыях (хоць імпэрскія інстынкты выяўлялі ўжо ў канцы жніўня 91-га).
Лягічным было б меркаваць, што ініцыятыва пайшла са спэцслужбаў, найперш — ГРУ (Галоўнага разьведвальнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Міністэрства абароны Расеі). У адрозьненьне ад КГБ, якое пасьля распаду СССР фармальна раздрабілася, ГРУ засталося адзіным. Калі яшчэ пры
Хрушчову КГБ было забаронена вэрбаваць агентаў зь ліку партыйных апаратчыкаў і дэпутатаў ад Вярхоўнага Савету і вышэй, дык пра забарону такога кшталту на адрас ГРУ нічога не вядома.
У 2018 годзе, калі я пішу гэтыя радкі, брытанскія аналітыкі, абазнаныя ў дзейнасьці постсавецкіх спэцслужбаў, пішуць, што нават у пачатку 90-х, калі карупцыя разьела ўвесь дзяржаўны апарат Расеі і нават закранула былое КГБ, ГРУ заставалася «ў форме».
Зрэшты, ГРУ — ня што іншае, як «баявы меч» расейскага Міністэрства абароны (як КГБ свайго часу быў «баявым мячом» КПСС), і было б надзвычай дзіўна, калі б гэтая своеасаблівая зброя не была скарыстаная ў рэалізацыі галоўнай стратэгічнай мэты ваеннага ведамства — усталяваньня максымальнага кантролю над суседнімі краінамі, уцягваньня іх у арбіту ваенных інтарэсаў Расеі.
Застаецца фактам, што ў Беларусі актыўнымі прыхільнікамі ідэі далучэньня ад самага пачатку былі супрацоўнікі апарату Саўміну, а менавіта — Упраўленьня грамадзкай бясьпекі і абароны, якое ўзначальваў дзяржсакратар Генадзь Данілаў. Ягоным першым намесьнікам быў Генадзь Казлоў, дэпутат Вярхоўнага Савету і каардынатар групы «Беларусь» (якая фактычна і складала падкантрольную Кебічу парлямэнцкую большасьць).
Менавіта Казлоў адыгрываў у Вярхоўным Савеце ролю «шэрага кардынала» і выступаў з прарасейскімі ініцыятывамі. Казлоў быў суседам Шушкевіча ў доме на вуліцы Дразда, пры гэтым, калі дом засяляўся, яны ўжо былі выразнымі палітычнымі апанэнтамі і пры жаданьні Казлова яго б маглі пасяліць у іншы пад’езд; вось жа чамусьці Казлоў
ня выявіў такога жаданьня. Пры Лукашэнку ён сыдзе з палітычнай арэны — «маўр зрабіў сваю справу» — на нечаканую для тых, хто сачыў за ягонай грамадзкай біяграфіяй, пасаду дырэктара гатэлю «Плянэта».
Другім намесьнікам Данілава быў таксама дэпутат, вайсковец Валер Паўлаў (у Вярхоўны Савет абраўся ў званьні падпалкоўніка, у апошнія месяцы кіраўніцтва Кебіча атрымаў генэрал-маёра; пазьней ён зьедзе ў Маскву).
У палітычным аспэкце ініцыятыву далучэньня Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі падтрымліваў яшчэ адзін супрацоўнік апарату Саўміну — кіраўнік Камітэту па сацыяльнай абароне вайскоўцаў, асобаў шараговага і кіруючага складу органаў унутраных спраў, вайскоўцаў-інтэрнацыяналістаў, звольненых у запас (адстаўку) і членаў іх сем’яў пры Савеце міністраў.
Я прывёў поўны назоў чынавенскай пасады Сяргея Гайдукевіча, хоць была ў яго і пасада грамадзкая — кіраўнік створанага ў піку БНФ «Народного двнження Беларусн», якое аб’ядноўвала, здавалася, усе антынезалежніцкія арганізацыі — ад адносна масавай партыі камуністаў да сэкцыі пісьменьнікаў-марыністаў; уваходзілі туды Саюз афіцэраў і Славянскі сабор «Белая Русь» зь ягонай выразнай праімпэрскай шавіністычнай праграмай.
Вось гэтыя арганізацыі і асобы прасоўвалі ідэю АДКБ — праз Саўмін, празь Вярхоўны Савет і праз падкантрольную ўраду прэсу. У пачатку 1993-гадалучэньне да АДКБ зрабілася палітычнай мэтай Кебіча і падкантрольнай яму дэпутацкай большасьці.
А на нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету прапанову ўключыць у парадак дня пытаньне аб калек-
тыўнай бясьпецы ўнёс дырэктар саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну, дэпутат ад 310-й Шклоўскай выбарчай акругі Аляксандар Лукашэнка.
«Не народ служыць арміі, а армія народу»
Сярод трох сотняў фігураў скульптурных барэльефаў, што ўпрыгожваюць Авальную залю і фае Дому ўраду, ёсьць парыскія камунары і нямецкія рэвалюцыянэры, піцерскія матросы і беларускія сяляне, ёсьць шахцёр, жанчына-інжынэр, фізкультурніца, калгасьніца і нават парашутыст. Няма толькі партызан. Што натуральна: скульптуры рабіліся ў сярэдзіне 1930-х, яшчэ да вайны.