• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзевяноста трэці  Сяргей Навумчык

    Дзевяноста трэці

    Сяргей Навумчык

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 536с.
    2018
    89.7 МБ
    Нарэшце, менавіта з вуснаў Лукашэнкі прагучала канкрэтная прапанова ўключыць у парадак дня сэсіі пытаньне аб далучэньні Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі:
    «Я прапаную ўключыць у парадак дня пытаньне аб далучэньні Рэспублікі Беларусь да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы і прыняць па гэтым пытаньні пры наяўнасьці сёньня вельмі вялікай колькасьці народных дэпутатаў канкрэтнае рашэньне».
    Прапанова Лукашэнкі была ўзмоцненая выступам дэпутата-вэтэрана, генэрал-маёра ў адстаўцы Васіля Сінчыліна, які фактычна прапанаваў аднавіць Саюз:
    «Як магло здарыцца, што ў Белавескай пушчы былі праігнараваныя вынікі рэфэрэндуму 17 сакавіка аб захаваньні Саюзу. У дакладзе Станіслава Станіслававіча мы не атрымалі выразнага і яснага адказу, але затое маем вынік — поўны развал Саюзу. Узброеныя сілы расьцяганыя па рэспубліках, эканоміка пастаўлена на мяжу разрухі, расьце беспрацоўе, і народ наш з кожным днём галее. Людзі патрабуюць пакласьці канец гэтаму хаосу, нястрымнаму росту цэнаў, разгулу злачыннасьці. Народ чакае прамога адказу, куды мы ідзем і да чаго ідзем — да капіталізму ці сацыялізму. Яны зьвяртаюцца з заклікам праявіць палітычную мудрасьць і грамадзянскую мужнасьць, прыняць рашэньне аб стварэньні палітычнага, эканамічнага і абароннага саюзу з працоўнымі Расеі, Украіны, Казахстану і іншых рэспублік».
    Генэрал не забыўся прыгадаць «працоўных»—у поўнай адпаведнасьці з марксісцка-ленінскай традыцыяй. А мог бы і пра дыктатуру пралетарыяту
    згадаць.
    Лявонці Зданевіч (Машэраўская выбарчая акруга № 39, Менск): Апошнім часам рэзка павялічылася колькасьць скаргаў грамадзян на адмовы органаў улады ў выдзяленьні зямельных надзелаў для стварэньня фэрмэрскіх гаспадарак. «Я і мой муж настаўнікі, — піша Зінаіда Міхайлаўна Краўчанка з Быхаўскага раёну. — У нас трое дзяцей. Вырашылі ўзяць 7 гектараў зямлі. У гаспадарцы маем 5 галоў буііной рагатай жывёлы, трактар. Пасьля доўгага нашага блуканьня сельскі савет прыняў рашэньне выдзеліць зямлю. Далей гэтай паперы ходу не далі. Райвыканкам даў указаньне старшыні калгасу адмовіць. Пазюмка, старшыня раіівыканкаму, дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь, адказаў, што не ў яго інтарэсах раздаваць зямлю». За тры гады рэформы, абвешчанай Вярхоўным Саветам, у сфэры таварнай сельскай гаспадаркі зьмяніліся землеўладальнікі толькі на 0,5 працэнта агульнай плошчы сельскагаспадарчых угодзьдзяў. Працэс стварэньня фэрмэрскіх гаспадарак фактычна прыпынены. За першы квартал 1993 году створаны толькі 177 сялянскіх гаспадарак. Кожны пяты гектар фэрмэрскай зямлі — гэта балота і хмызьняк. Якія захады зьбіраецца рабіць Савет міністраў, каб... задаволіць тых грамадзян, якія напісалі заявы на атрыманьне зямельных участкаў год, два, тры гады назад і не атрымалі нічога?
    АПАЗЫЦЫЯ БНФ ВЫСТАЎЛЯЕ ПРАПАНОВЫ
    Адным з галоўных аргумэнтаў прыхільнікаў уступленьня Беларусі ў сыстэму калектыўнай бясьпекі СНД была эканоміка.
    Эканоміка ў тым выглядзе, як яна разумелася ўрадам і кіраўнікамі прадпрыемстваў — адміністрацыйнае разьмеркаваньне рэсурсаў, жорсткае выкананьне загадаў «цэнтру» і дэталёвае, да дробязяў плянаваньне, ад выпуску трактароў да жаночых панчох (з апошнімі, праўда, у СССР былі вялікія праблемы).
    «...Калі б не было СНД, дык цяжкасьці ў эканоміцы былі б нашмат большыя. I гэта трэба прызнаць. Гэта добра ведала апазыцыя, настойваючы пастаянна на рэзкім адыходзе ад сувязяў, якія традыцыйна склаліся, і пераарыентацыі на Захад. Ім таксама вядома, што з боку нашых партнэраў па СНД непазьбежна былі б прынятыя крокі ў адказ, якія ніколі не былі б кампэнсаваныя магчымай падтрымкай Захаду. Інакш кажучы, нам прапаноўвалі рэалізацыю мадэлі «чым горш — тым лепш». Пытаньне толькі ў тым, што лепш апазыцыі і што горш беларускаму народу».
    Гэта словы не дэпутата — вэтэрана камуністычнай партыі, а старшыні ўраду Вячаслава Кебіча на нечарговай сэсіі. Што ж насамрэч прапаноўвала апазыцыя і ў чым бачылі паратунак «генэралы» ваенна-прамысловага комплексу (ВПК)?
    Самая моцная падтрымка ініцыятывы далучэньня Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі сыходзіла ад кіраўнікоў прадпрыемстваў ВПК, якія раней падпарадкоўваліся, як правіла, Маскве. Іх
    часам называлі «чырвонымі дырэктарамі». За часамі СССР у невялікіх гарадах і нават у абласных цэнтрах такія прадпрыемствы выконвалі бюджэтатворную ролю, вакол іх круцілася ўсё, а генэральныя дырэктары адчувалі сябе ніяк не ніжэйшымі за самага высокага мясцовага начальніка: яны маглі даць, а маглі і ня даць грошы на школы, дзіцячыя садкі, паліклінікі, на рамонт дарог — на што заўгодна.
    У Менску кіраўнікі гігантаў ВПК у адносінах з рэспубліканскім кіраўніцтвам паводзілі сябе больш стрымана (паколькі першая «пяцёрка» з гэтага кіраўніцтва ўваходзіла ў склад ЦК КПСС і, такім чынам, у партыйнай герархіі была на роўных з кіраўнікамі саюзных абаронных міністэрстваў). Але фінансавыя іх магчымасьці былі яшчэ большыя, чым у рэгіёнах — бо і прадпрыемствы былі буйнейшыя. 3 дасягненьнем незалежнасьці і распадам саюзнага ваенна-прамысловага комплексу значнасьць «генэралаў ВПК» пачала імкліва зьмяншацца, але ў 1993-м усё яшчэ захоўвалася. Яны аб’ядналіся ў розныя «навукова-прамысловыя» асацыяцыі, каб больш каардынавана ціснуць на ўрад.
    У часе надзвычайнай сэсіі яны ўжо пачалі ціснуць і на Вярхоўны Савет — на патрабаваньне групы дэпутатаў некаторым кіраўнікам далі магчымасьць выступіць з трыбуны.
    «Прычына — у ідэалізаваным разуменьні сувэрэнітэту»
    У Авальнай залі «чырвоныя дырэктары» паводзілі сябе вальяжна, як гаспадары, хоць і не былі дэпутатамі. Генэральны дырэктар вытворчага
    аб’яднаньня «Гарызонт» Аляксандар Санчукоўскі пачаў свой выступ з ацэнкі дзейнасьці Вярхоўнага Савету і нават агрызнуўся на старшыню:
    «Пры разглядзе тых або іншых праблем няма прафэсійнага падыходу. Бо ў парлямэнце дастаткова эканамістаў, юрыстаў, гісторыкаў, і кожнаму павінна, па ідэі, быць адведзена сваё прафэсійнае лобі. Мы, выбаршчыкі, гэтага не адчуваем. Асабліва калі разглядаюцца праблемы палітычнага характару, тут наогул поўны мікрафонны бунт...»
    Старшыня: «Шаноўны Аляксандр Аляксандравіч, я прашу вас гаварыць па тэме. Вам ня дадзена права даваць ацэнку працы дэпутатаў, іх выступаў».
    Санчукоўскі: «Я выступаю як просты выбаршчык, Станіслаў Станіслававіч, прашу мяне не перабіваць». (Шум у залі).
    Як «просты выбаршчык» Санчукоўскі прапанаваў даць дадатковыя паўнамоцтвы Кебічу.
    Акрамя яго, на запатрабаваньне групы дэпутатаў выступілі таксама прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі прадпрыемстваў радыёэлектронікі, інфарматыкі і прыборабудаваньня Віл Ганчароў і генэральны дырэктар прамысловага аб'яднаньня «БелаўтаМАЗ», прэзыдэнт Беларускай навуковавытворчай асацыяцыі Міхаіл Лаўрыновіч.
    Віл Ганчароў: «Так, і ўрад, і кіраўнікі прадпрыемстваў не бязгрэшныя, але глыбінная прычына, паводле нашага глыбокага перакананьня, хаваецца ў ідэалізаваным разуменьні сувэрэнітэту і нэўтралітэту некаторымі палітыкамі (тымі самымі дэпутатамі БНФ — С. Н.»), што прывяло да эканамічнай адасобленасьці, празьмернай ідэалізацыі і пераболынаньня ўласных сілаў і магчымасьцяў у перабудове і разьвіцьці эканомікі рэспублікі, якая
    Пікет актывістаў БНФ ля Дому ўраду.
    практычна ня мае сваіх сыравінных і энэргетычных рэсурсаў».
    Тэзіс пра адсутнасьць (як варыянт — поўную адсутнасьць) сыравінных рэсурсаў пачаў эксплёатавацца з таго самага моманту ў 1990 годзе, як БНФ заявіў пра дасягненьне незалежнасьці як пра галоўную палітычную мэту. Аднак тады ж акадэмік Радзім Гарэцкі прадставіў даволі ўражлівую карціну наяўнасьці ў Беларусі радовішчаў карысных выкапняў; ён зрабіў даклад на пасяджэньні апазыцыі, паводле ягонай інфармацыі я падрыхтаваў прэс-рэліз, які разаслаў у СМІ, некаторыя палажэньні былі імі апублікаваныя.
    Зрэшты, мяне зьдзіўляла іншае: «генэралы» ВПК адносіліся да самых высокааплочваных катэгорый, яны часта выяжджалі за мяжу, у так званыя капіталістычныя краіны, адкуль прывозілі вельмі
    дэфіцытную ў той час электронную пабытовую тэхніку. Асаблівым попытам карысталіся відэамагнітафоны ды іншая электроніка, вырабленая ў Японіі. Цяжка ўявіць, каб генэральныя дырэктары ня ведалі, што ў гэтай краіне ні нафты, ні вугалю, ні нейкіх вялікіх радовішчаў карысных выкапняў няма. Тым ня менш, яны актыўна эксплёатавалі тэзу пра немагчымасьць наладзіць эканоміку без залежнасьці ад расейскай (менавіта расейскай) сыравіны.
    «Выхад — гэта стварэньне, а дакладней аднаўленьне эканамічнага саюзу і падпісаньне непарыўна зьвязанай зь ім дамовы аб калектыўнай бясьпецы ў першую чаргу з Расеяй і Казахстанам», — падсумаваў Ганчароў.
    Выглядае, у працягнутую руку мы мусілі пакласьці сувэрэнітэт краіны.
    Праз год Аляксандар Санчукоўскі будзе фігураваць у апытаньнях як найбольш верагодная кандыдатура на пасаду прэзыдэнта — усьлед за Кебічам, Пазьняком. Шушкевічам, Лукашэнкам. Але вылучацца ня будзе — узначаліць перадвыбарчы штаб Кебіча.
    А яшчэ празь невялікі час, недзе ў канцы 1995-га, я сустрэну Санчукоўскага на першым паверсе Цэнтральнага ўнівэрсаму, у расшпіленай куртцы і крыху пад шафэ, што ніяк ня будзе спалучацца са звыклым вобразам саліднага генэральнага дырэктара прамысловага гіганту. Але ён ужо некалькі месяцаў як быў зьняты з пасады асабістым распараджэньнем Лукашэнкі, з абвяшчэньнем па тэлебачаньні. Разам зь ім у краме былі двое сяброў зь вядомымі на ўсю краіну прозьвішчамі, якія пры Кебічу таксама займалі генэральскія пасады, кожны ў сваёй сфэры. «Ну, калі вы, БНФ, нарэшце
    ўжо зваліце гэтага Лукашэнку?» Ня памятаю ўжо, што канкрэтна я адказаў на гэтае пытаньне, але, напэўна, дваццаць гадоў улады нядаўна абранаму прэзыдэнту не даваў.
    Тады ў такі доўгі тэрмін прэзыдэнцтва Лукашэнкі ні мне, ні Санчукоўскаму, ні ягоным сябрам паверыць было немагчыма. Гэтак сама, як гэтая кампанія колішніх паплечнікаў Кебіча не ўяўляла, што зусім хутка простая адстаўка будзе здавацца ледзь ня ласкаю — міністрам пад тэлекамэры будуць начэпліваць кайданкі.
    «Сэнс палітыкі ўраду — спадзяваньне на нафту з Расеі па нізкіх цэнах»
    Нашым галоўным аргумэнтам супраць калектыўнай бясьпекі была верагоднасьць удзелу беларускіх вайскоўцаў у баявых дзеяньнях за межамі краіны, пра гэта мы казалі няспынна.