Дзевяноста трэці
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 536с.
2018
(Пасаж на адрас Баршчэўскага быў выкліканы ягонымі словамі пра распаўсюд сярод выбаршчыкаў інфармацыі, хто з дэпутатаў галасаваў за калектыўную бясьпеку).
Выглядае, што Лукашэнка ўжо пасьпеў быў зьвярнуцца і да старшыні КДБ Шыркоўскага — праўда, ніякіх наступстваў гэта ня мела дый не магло мець у тыя часы: людзі на Плошчы законаў не парушалі, проста выказалі сваё меркаваньне, хоць і экспрэсіўным чынам.
Гэта ўжо ў іншыя часы за нязгоду з прэзыдэнтам Лукашэнкам КДБ будзе распачынаць крымінальныя справы.
Мікалай Крыжаноўскі (Жодзінская-Аўтазаводская выбарчая акруга № 86): Надзеі на клірынгавае пагадненьне з Расеяй зьніклі, як ранішні туман. Двухбаковы клірынг і ня мог выратаваць нашу эканоміку, бо паралельна клірынгавым пастаўкам поўным патокам ішлі па камэрцыйных каналах тыя самыя тавары, якія задаволілі гэты невялічкі рынак. Сёньня Расеяўжо адмаўляецца ад прадугледжанай клірынгам нашай прадукцыі і патрабуе не машыны, а заводы. / наш урад ужо іншага выйсьця і не бачыць, як пайсьці насустрач. Я ведаю пазыцыю некаторых кіраўнікоў ураду, якія выйсьце зь цяжкага эканамічнага становішча бачаць толькі ў тым, што неабходна перадаць пад пратэктарат Расеі болыйую частку буішых прадпрыемстваў Беларусі. Але ж ёсьць нармальныя, узаемавыгадныя эканамічныя адносіны паміж незалежнымі дзяржавамі.
Чамуў сёньняшніх умовах недахопу ў сыравіне і энэрганосьбітах урад ня мае дакладнай праграмы зьніжэньня энэргаёмістасьці і матэрыялаёмістасьці выпусканай прадукцыі? Наколькі зь.мянілася, паменшылася энэргаёмістасыіь і матэрыялаёмістасьць важнейшых відаў прадукцыі? Хто сёньня адкажа? Чаму практычна не аднаўляюцца асноўныя вытворчыя фонды? Пытаньніможна працягваць бясконца, але ўрад адказу на іх не дае.
СЬПІКЕР КАЖА ПРА ДЗЯРЖАЎНЫ ПЕРАВАРОТ
Вайсковы пераварот па-беларуску мог адбыцца 8 красавіка. А тое, што адбылося, можна назваць калі не пераваротам, дык паваротам дакладна.
Але — па-парадку.
8 красавіка мы ўнесьлі прапанову перападпарадкаваць Узброеныя сілы Вярхоўнаму Савету — паколькі Саўмін «да гэтай пары не прыступіў да выкананьня дадзенага яму да 1 сакавіка г. г. Вярхоўным Саветам даручэньня пачаць рэалізацыю зацьверджанай на X сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі “Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь”. Замест гэтага кіраўніцтва ўраду і яго адпаведныя структуры прапаноўваюць Вярхоўнаму Савету прыняць рашэньне аб адмове ад прынцыпу ўзброенага нэўтралітэту як стрыжня названай ваеннай дактрыны».
Але гэтая наша прапанова не прайшла.
Нашы доказы маглі будавацца на неаспрэчнай лёгіцы, нашы прапановы маглі гучаць пераканаўча, мы маглі ўшчэнт разьбіць аргумэнты нашых апанэнтаў — але ўсё вырашала галасаваньне. Дэпутатаў Апазыцыі БНФ было 30, яшчэ столькі ж было тых, хто нас звычайна падтрымліваў, яшчэ столькі ж вагаліся і маглі заняць пазыцыю ў залежнасьці ад асабістых інтарэсаў (неабавязкова палітычных), але 200 дэпутатаў трымаліся маналітам. I арытмэтыка на таблё галасаваньня вырашала ўсё.
У апошнія хвіліны Пазьняк паспрабаваў спыніць галасаваньне, яшчэ раз нагадаўшы, што пытаньне аб калектыўнай бясьпецы мае канстытуцыйны ха-
рактар, паколькі закранае абвешчаны ў Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус нэўтральнасьці. А значыць, рашэньне павінна прымацца двума трацінамі галасоў, а ня так званай простай большасьцю.
Пазьняк: «Гэта канстытуцыйны закон, і таму ўсе папраўкі, усё, што зьнішчае сэнс гэтага канстытуцыйнага закону, імкненьне да нэўтралітэту... Яно павінна галасавацца дзьвюма трэцямі, канстытуцыйнай большасьцю. Я зьвяртаюся да ўсіх дэпутатаў Апазыцыі, да ўсіх сумленных дэпутатаў і паўтараю тое, што сказаў: калі ня будзе пастаўлена галасаваньне. як патрабуе закон — дзьвюма трэцямі, я прашу ўсіх пакінуць гэтыя сэктары і выйсьці за калёны, ня ўдзельнічаць увогуле. У гэтым зале адбываецца злачынства». (Шум у залі).
Шушкевіч: «Я хачу вас папрасіць захоўваць спакой... Фактычна справа ідзе аб чым? Што мы працуем неправавым чынам. I зрабілі ўжо так многа памылак, што калі зробім яшчэ адну (прабачце, я маю права на слова), то нічога дрэннага не адбудзецца. Што да мяне, вы ведаеце, што я буду галасаваць супраць. Я перакананы, што мы такім чынам уваходзім у дрэнную сытуацыю, а астатнія дэпутаты вырашаць гэтае пытаньне сваім галасаваньнем. Такім чынам, галасаваньне пайменнае. (Шум у залі). Хто за тое, каб прыняць пункт 4 у рэдакцыі... (Шум у залі). Я яшчэ раз скажу, я прашу вас сесьці».
Пазьняк: «Я ня сяду, пакуль вы ня скажаце, што зараз ідзе галасаваньне па зьмяненьні сутнасьці Дэклярацыі. Вы як старшыня павінны гэта засьведчыць і сказаць, што для гэтага трэба дзьве трэці. Станіслаў Станіслававіч, калі вы гэтага ня зробіце, то менавіта вы, спадар Шушкевіч, уведзяце ў зман
і дасьцё магчымасьць вось гэтай агрэсіўнай большасьці парушыць галоўны канстытуцыйны закон, і адказнасьць будзе на вас...» (Шум у залі).
Старшыня: «Я прашу вас сесьці. Паважаныя народныя дэпутаты! Я выказаў свае адносіны. Я не магу ў гэтых умовах паступаць інакш, таму што заключэньні камісіі маюцца. Мы можам гаварыць — яны кваліфікаваныя, некваліфікаваныя, розныя думкі ёсьць, плюралізм думак, нічога ня зробіш... (Шум у залі). Значыць, хто за тое, каб зацьвердзіць заключэньне камісіі аб тым, што галасаваць трэба простай большасьцю, прашу галасаваць. Хто супраць? Хто ўстрымаўся? Рашэньне прынята».
У гэты момант трыбуну заняў дэпутат Апазыцыі БНФ Сяргей Папкоў.
Папкоў: «Спадары дэпутаты! Тыя, хто...»
Шушкевіч: «Я вам не даваў слова, прашу выключыць мікрафон на трыбуне».
Папкоў: «Шэраг дэпутатаў, якія прагаласавалі тут, зьяўляюцца...»
Шушкевіч: «Я прашу вас пакінуць трыбуну».
Такім чынам, 9 красавіка 1993 году 188 дэпутатаў Вярхоўнага Савету выказалася за далучэньне да сыстэмы калектыўнай бясьпекі, якое ўцягне Беларусь у арбіту вайсковых інтарэсаў Расеі на дзесяцігодзьдзі.
I ўсё ж мне падаецца, што спраўдзяцца калі-небудзь словы Пазьняка пра гістарычную адказнасьць. Тое, што не расстаўляюць па месцах людзі, расстаўляе Гісторыя, хай і праз пакаленьні.
Дэпутаты перайшлі да абмеркаваньня іншага пытаньня парадку дня, калі адбыўся дыялёг, якім лягічна будзе скончыць сюжэт пра калектыўную бясьпеку: камісія па абароне вынесла пытаньне аб
наданьні статусу дзяржаўнай мяжы межам зь Літвой. Латвіяй і Украінай. Г эта азначала ўмацаваньне мяжы да таго тэхнічнага ўзроўню, які ўжо існаваў на мяжы з Польшчай.
1 пры гэтым мяжа з Расеяй заставалася адкрытая.
I яшчэ фрагмэнт стэнаграмы:
Голубеў: «Чаму ваенная камісія займаецца межамі, а не Камісія па міжнародных справах? Што, ваенныя зь сёньняшняга дня пачынаюць усё вырашаць тут?»
Шушкевіч: «Я нешта не зразумеў: у нас што, дзяржаўны пераварот?..» (Шум у залі).
Насамрэч, гэта было паваротам—у бок Масквы.
Алег Трусаў (Мірашнічэнкаўская выбарчая акруга № 33, Менск): Паколькі на гэтым тыдні мы будзем разглядаць пытаньне аб правядзеньні рэфэрэндуму па адносінах да далучэньня Беларусі да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, я хачу азнаёміць вас з думкай больш чым 2000 грамадзян нашай рэспублікі па гэтаму пытаньню. «Спадары народныя дэпутаты! Мы падтрымліваем ініцыятыву Станіслава Станіслававіча Шушкевіча аб правядзеньні ўсенароднага рэфэрэндуму з фармулёўкай — “Ці падтрымліваеце вы дзяржаўны нэўтралітэт Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае адмаўленьне ад ваенна-палітычных саюзаў зь іншымі краінамі і іх аб’яднаньнямі?” Чакаем адпаведнага рашэньня Вярхоўнага Савету. Мы за незалежную, нэўтральную, бязьядзерную Беларусь». Я хачу таксама даць вам статыстыку гэтых зваротаў. Так, тут сярод гэтых болый чым 2000 подпісаў маецца 668 подпісаў жыхароў Менску, 17 подпісаў жыхароў Мар’інай Горкі, 200 подпісаў з Баранавіч і Баранавіцкага раёну, 200 зь Міёр, 252 зь Міёрскага раёну, 163 подпісы зь Дзяржынску, 130 нодпісаў з Фаніпалю, 11 зь вёскі Данілавічы Дзяржынскага раёну, 180 з Нясьвіжу і Нясьвіскага раёну, 21 подпіс з Рагачова, 21 подпіс з Гатава пад Менскам, 231 подпіс з Горадні, а таксама подпісы асобных грамадзян з такіх населеных пунктаў, як Віцебск, Бабруйск, Полацак, Наваельня, Янава, Іванаўскі раён, Маларыта, Драгічын, Белаазёрск, Пухавічы, Гомель, Пружаны, Слонім, Чачэрскі раён, Іўеўскі раён, Мядзел, Браслаў, Глуск, Магілёў, Пінск іДзісна.
ЛУКАШЭНКА РАІЦЬ МНЕ НЯ ВЕРЫЦЬ ШУШКЕВІЧУ
У тэме дамовы аб калектыўнай бясьпецы ёсьць яшчэ адзін сюжэт, які мог вывесьці на іншы, станоўчы для прыхільнікаў незалежнасьці вынік — ды не атрымалася.
Раніцай 8 красавіка мне далі слова ў разьдзеле «Рознае», і я зачытаў лісты, якія мне перадалі. А потым зрабіў нечаканую для дэпутацкай большасьці прапанову.
Сяргей Навумчык: «“Мы з трывогай і надзеяй сочым за тым, як разьвіваюцца падзеі на сэсіі Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь, — пішуць жыхары Наваполацку, 400 подпісаў — і калі прапанова аб разьвіцыді эканамічных сувязяў з Расеяй і іншымі дзяржавамі былога Саюзу дае надзею на тое, што мы зможам пераадолець эканамічны крызіс, то прапановы аб уступленьні ў ваенны саюз з Расеяй і рэспублікамі Сярэдняй Азіі і Закаўказьзя выклікаюць толькі трывогу і страх. Гарачыя кропкі ў былым Саюзе не астываюць, а наадварот, падзеі прымаюць усё больш крывавы характар. Але нават Кіргізстан адвёў сваіх салдат з Таджыкістану, а мы стараемся ўвайсьці ў гэты саюз вайскоўцаў”. “Ваенны саюз, — пішуць народныя дэпутаты Наваполацкага гарсавету, — азначае дадатковую нагрузку на эканоміку і фінансы Беларусі, дадатковае зьніжэньне жыцьцёвага ўзроўню народа Беларусі. Гэта азначае, што нашы беларускія хлопцы ў вайсковай форме зноў будуць пасылацца ў гарачыя кропкі, каб тушыць канфлікты сваёй крывёю”».
Шмат каму прававыя ды эканамічныя аспэкты калектыўнай бясьпекі былі незразумелыя, а вось тое, што беларускія хлопцы могуць паехаць ваяваць за межы краіны, людзьмі ўспрымалася як рэальная небясьпека.
I мы, дэпутаты БНФ, зноў і зноў зьвярталі ўвагу нашых апанэнтаў, што, магчыма, расплачвацца за вайсковы саюз давядзецца жыцьцямі суайчыньнікаў.
Я працытаваў тэлеграму ад Незалежнага саюза гарнякоў («Прапановы і настойлівае жаданьне чаго б гэта ні каштавала ўцягнуць нашу нэўтральную дзяржаву ў ваенны саюз з Расеяй і зь іншымі дзяржавамі Закаўказьзя і Сярэдняй Азіі ў нас выклікае зьдзіўленьне і пратэст»), сказаў пра ліст, падпісаны дзьвюма тысячамі жыхароў Менску супраць далучэньня да сыстэмы калектыўнай бясьпекі. Паведаміў, што маю толькі адзін зварот, аўтары якога выступаюць «за» — ад Віцебскага гаркаму толькі што адноўленай камуністычнай партыі.