Дзевяноста трэці
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 536с.
2018
Аднойчы ў 1992 годзе на прыёме ў гонар дня незалежнасьці Турэччыны, у прысутнасьці амбасадара Тансу Акандана, ці то намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Васіль Шаладонаў, ці то сам Пётра Краўчанка мяне назвалі як магчымага будучага кіраўніка дыпляматычнай місіі ў Анкары. Сказана гэта было, як мне падавалася, паўжартам — таму і адказаў я ў такім самым тоне, дадаўшы, што ня ведаю турэцкай мовы. Потым я даведаўся, што такога кшталту заявы з вуснаў кіраўнікоў краіны
ўспрымаюцца сур’ёзна — магчыма, зьвесткі пра тую размову дайшлі да супрацоўнікаў МЗС.
Але дарэмна беларускія дыпляматы бачылі ўва мне канкурэнта. Я сапраўды лічыў, што для працы на такой пасадзе трэба добра ведаць замежныя мовы, да вывучэньня якіх у мяне ніколі не ляжала сэрца. Адзінай сталай тэмай натацыі майго бацькі ў дзяцінстве да мяне было — «Вучы ангельскую мову!», што я настойліва ігнараваў. Бацька, будучы спачатку на камсамольскіх, а потым на партыйных пасадах, часам выяжджаў у складзе дэлегацый у замежжа і, канешне, адчуваў сябе няёмка побач з тымі, хто мовай валодаў (хоць мовы ведалі або прафэсійныя перакладчыкі, або тыя, чыё сапраўднае месца працы было ў «кампэтэнтнай» установе). Тое самае было і ва ўнівэрсытэце — як ні імкнулася наша выкладчыца Ірына Ухванава (між іншым, дачка члена дэлегацыі БССР пры заснаваньні ААН Фрола Шмыгава) прывіць мне цікавасьць да мовы Шэксьпіра. яе намаганьні разьбіваліся аб маё ўпартае нежаданьне. Магчыма, таму, што не было і стымулу: карэспандэнцкіх пунктаўу замежжы ўбеларускіх газэтаў не існавала, у найлепшым выпадку ў Лёндан я б выбраўся ў тыднёвую турыстычную паездку, ну а чытаць пра змаганьне лёнданскіх рабочых за свае правы ў газэце брытанскіх камуністаў «Morning star» было нецікава. Ніякіх «New York Times», «Newsweek» альбо «Independent» мы i ў вочы ня бачылі.
Калі б я вельмі захацеў і пачаў рабіць нейкія канкрэтныя крокі — думаю, дыпляматычная кар’ера была б цалкам рэальнай, тым больш што зь міністрам Краўчанкам, нягледзячы на нашы палітычныя разыходжаньні, у мяне былі вельмі
добрыя адносіны. Праўда, і цану за гэта давялося б заплаціць вялікую, палітычную: няўдзел у Апазыцыі БНФ, адмаўленьне ад якой бы то ні было крытыкі Кебіча, а гэта для мяне было абсалютна непрымальна. I ня толькі для мяне аднаго.
Так, увосень 1992 году дэпутату Апазыцыі БНФ Міколу Маркевічу перад прызначэньнем на пасаду генконсула ў Гданьску настойліва парэкамэндавалі не падпісваць заяву Апазыцыі БНФ ў сувязі з адмоўным рашэньнем Вярхоўнага Савету наконт рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах. Мікола нашу заяву падпісаў, і ў Гданьск паехаў іншы.
Іншая пазыцыя былаў Вольгі Галубовіч. Пасьля паступленьня ў дыпляматычную акадэмію яна дыстанцыявалася ад апазыцыі, была вельмі абачлівай у выступах на сэсіі, не падпісвала нашых заяваў. Шушкевіч запрашаў яе на сустрэчы з прэзыдэнтамі, якія пачалі наносіць візыты ў Беларусь і, памятаю, у адным з інтэрвію яна сказала нешта кшталту таго, што яе «рыхтуюць» для высокай місіі. Мы не сказалі ёй ні слова папроку.
Больш за тое, выбар Вольгі, як і выбар Валерыя Курдзюкова, быў варты павагі: яны маглі б дамагацца прызначэньня пасламі адразу, іх пазыцыі ў Вярхоўным Савеце давалі ім такія магчымасьці — але яны пайшлі вучыцца, вучыцца фактычна новай для сябе, дыпляматычнай прафэсіі.
Дыпляматычную акадэмію яны скончылі, калі ва ўладзе ўжо быў Лукашэнка, і іх абаіх прызначылі на шараговыя пасады. Курдзюкову спатрэбілася 20 гадоў дыпляматычнай кар’еры, перш чым ён стаў паслом; ня ведаю, з чым гэта зьвязана — на момант напісаньня гэтай кнігі мне зь ім сустрэцца не давялося. А Вольга паехала ў беларускую амбасаду ў
Лёндан. Калі мы з Пазьняком ў ліпені 1996-га былі ў Вялікай Брытаніі, айцец Аляксандар Надсан патэлефанаваў у амбасаду і папрасіў перадаць Вользе, што мы ў яго, і калі яна хоча, маглі б сустрэцца. Зваротнага званка мы не атрымалі. Потым, наколькі ведаю, Вольга выйшла замуж у Вялікай Брытаніі. Канешне, я жадаю ёй самага лепшага ў жыцьці, як і ўсім маім калегам па апазыцыі. У маёй памяці яна застанецца такою, як на вядомым гістарычным здымку: побач з Пазьняком і Голубевым пад бел-чырвона-белым сьцягам у першы дзень Сэсіі Незалежнасьці ў жніўні 1991-га.
Словам, перад дэпутатамі, у тым ліку і апазыцыі, адчыняліся шырокія дыпляматычныя магчымасьці. Але мы разумелі, што ў прапановах, акрамя жаданьня як найлепш прадставіць Беларусь, быў і іншы разьлік: імкненьне нэўтралізаваць апазыцыйных дэпутатаў і колькасна зьменшыць апазыцыю.
У тым самым 1993 годзе мы ўжо ня мелі «свайго» дэпутата ў Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету старшыня камісіі па міжнародных справах і зьнешнеэканамічных сувязях, дэпутат Апазыцыі БНФ Пётра Садоўскі яшчэ за год да таго склаў зь сябе паўнамоцтвы кіраўніка камісіі і, адпаведна, члена Прэзыдыюму, паколькі быў прызначаны амбасадарам у Нямеччыну.
Але гэта быў той — магчыма, адзіны — выпадак, калі лепшай кандыдатуры для кіраўніка дыпляматычнай місіі ня тое што знайсьці, але і прыдумаць было немагчыма.
Botschafter Sadowski
Калі ў пачатку 1980-х я вучыўся на журфаку, на іншым курсе беларускую мову выкладаў Пётра Садоўскі. Ён зьяўляўся на факультэце толькі на свае лекцыі, заўсёды імпазантны, востры на слоўца, і, як казалі, вельмі патрабавальны на іспытах. Бог мілаваў — залікі я здаваў не яму. Але прываблівала, што, як казалі, у жыцьці Садоўскі таксама размаўляў па-беларуску, што сярод нашых выкладчыкаў было рэдкасьцю.
Выпускніка Сувораўскай вучэльні і Інстытуту замежных моваў (ня ведаю нікога іншага з такім спалучэньнем), Садоўскага можна было ўбачыць і на тэлебачаньні ў праграме, адмыслова прысьвечанай беларускай мове, ён быў старэйшым таварышам у «Майстроўні» (цікаўных адсылаю да кнігі Сяргея Дубаўца «Гісторыя аднаго цуду», якая выйшла ў Бібліятэцы Свабоды). Зусім натуральна Садоўскі ўвайшоў ва ўтвораны 19 кастрычніка 1988 году Аргкамітэт БНФ, а потым быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету.
Пётра неяк знайшоў вызначэньне стану, у якім мы знаходзіліся ў пачатку 1990-х гадоў: «Мы былі гістарычна шчасьлівыя». Я ня ведаю больш дакладных словаў.
Ён быў адзіным дэпутатам БНФ, якога нам удалося правесьці на пасаду старшыні камісіі Вярхоўнага Савету і, адпаведна, члена Прэзыдыюму. Садоўскі ўзначальваў камісію па міжнародных справах і зьнешнеэканамічных сувязях, значнасьць якой шматкроць павялічылася з дасягненьнем незалежнасьці. Але куды больш важным для нас было ягонае членства ў Прэзыдыюме — гэта была
магчымасьць і ўплыву на пэўныя рашэньні, і атрыманьня інфармацыі, вельмі часта недаступнай для «простых» дэпутатаў.
Але ў Прэзыдыюме ня толькі Садоўскі меў дэмакратычныя перакананьні. Назаву Аляксандра Саснова, які ўзначальваў камісію па сацыяльных пытаньнях, старшыню камісіі па міжнацыянальных сувязях Міхаіла Сьлямнёва, раней згаданага кіраўніка камісіі па справах моладзі Валерыя Курдзюкова, якія збольшага падтрымлівалі на пасяджэньнях Станіслава Шушкевіча. Увогуле, найбольшым прыхільнікам Шушкевіча быў Ніл Гілевіч. Але пры бясспрэчнай адданасьці ідэі нацыянальнага адраджэньня, Гілевіч вельмі рэдка падтрымліваў палітычныя ініцыятывы БНФ, часьцей — выступаў супраць, і пры кожнай зручнай магчымасьці даваў станоўчыя ацэнкі камуністам.
Так што абсалютна пэўную «фронтаўскую» пазыцыю ў Прэзыдыюме займаў толькі Пётра Садоўскі.
Але летам 1992 году Садоўскі быў прызначаны амбасадарам у Нямеччыне, зрабіўшыся, такім чынам, адным зь першых амбасадараў незалежнай Беларусі.
Садоўскі раіўся з Пазьняком, але лідэр БНФ без асаблівага энтузіязму ўспрыняў будучае прызначэньне: Народны Фронт страчваў стратэгічна важнае месца ў Прэзыдыюме, якое зь вялікімі намаганьнямі атрымаў у 1990 годзе. Падобнае стаўленьне ў лідэра БНФ было і да іншых магчымых пераходаў дэпутатаў апазыцыі ў сыстэму МЗС, хоць ступень іх рэальнасьці была рознай.
Фармальна Садоўскі пайшоў на паніжэньне як старшыня камісіі і член Прэзыдыюму ён быў
вышэйшы за міністра, а зрабіўшыся кіраўніком дыпляматычнай місіі, быў абавязаны выконваць распараджэньні намесьнікаў міністра.
Але пасада пасла — магчыма, адзіная ў катэгорыях дзяржаўных пасадаў, да якой нельга прымяніць традыцыйную кар’ерную схему.
Пасол, ці, як у нас яго ўсё часьцей называюць, амбасадар — гэта надзвычайная пазыцыя ў дзяржаўнай структуры (ён і завецца — «Надзвычайны і Паўнамоцны», зь вялікіх літараў). У сусьветнай практыцы пасламі прызначаюцца і былыя міністры, і нават прэм’еры. Пажыцьцёва надаецца дыпляматычны ранг.
Але, мяркую, зусім не рэгаліі былі важныя для Садоўскага, і бяз гэтага ягоная пасада старшыні парлямэнцкай камісіі была надзвычай высокай у новай дзяржаўнай структуры наваўтворанай краіны. Яму, германісту, перакладчыку зь нямецкай, дзесяцігодзьдзямі зьвязанаму з вывучэньнем Нямеччыны, канешне, хацелася максымальна рэалізавацца на пасадзе, лепей за якую для гэтага пакліканьня не было. Ён меў на гэта поўнае маральнае права і, я перакананы, быў найлепшым кандыдатам з усіх магчымых.
У сваёй кнізе «Мой шыбалет», якая ў 2008 годзе выйшла ў Бібліятэцы Свабоды, Садоўскі піша, што супраць прызначэньня на пасаду амбасадара быў старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі — зь невядомай для яго, Садоўскага, прычыны. Думаю, прычына ясная: КДБ хацеў мець амбасадарам кагосьці са «сваіх» людзей, а зусім не актывіста БНФ. Але ў дадзеным выпадку шэфу чэкістаў давялося зьмірыцца: хоць кандыдатура амбасадара і ўзгаднялася з КДБ, але прызначаў і надаваў дыпляматычны
ранг Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету (таму, дарэчы, прызначэньне Садоўскага не было прэрагатывай Кебіча, хоць кіраўнік ураду, безумоўна, таксама мусіў даць сваю згоду).
Вось як прыгадвае амбасадарства сам Садоўскі:
«...Паводле лёгікі, я мусіў скласьці дэпутацкія паўнамоцтвы і пайсьці працаваць выключна ў Міністэрства замежных справаў на дзяржаўную службу. У ведамстве фэдэральнага канцлера, у Міністэрстве замежных справаў Нямеччыны, у сакратарыяце міністра і ў «Рэфэраце 203», які адказваў за тэхнічны бок стасункаў з Рэспублікай Беларусь, доўгі час не маглі прывыкнуць, калі амбасадар Беларусі, закончыўшы выклад афіцыйнага пункту погляду Савету міністраў, казаў: “А зараз я хацеў бы выказаць меркаваньне апазыцыі ў Вярхоўным Савеце...” Слухалі, дарэчы, гэтыя заўвагі часам з большай увагай, чым афіцыйны пункт погляду, бо на пачатку дзевяностых гадоў Нямеччына толькі прыглядалася да Беларусі, намацвала падыходы да адносінаў з новай сувэрэннай краінай у цэнтры Эўропы» ( «Мой шыбалет», с. 299-300).