• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзевяноста трэці  Сяргей Навумчык

    Дзевяноста трэці

    Сяргей Навумчык

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 536с.
    2018
    89.7 МБ
    Прэм'ер-міністар Ценявога кабінэту выказвае прапановы
    Паняцьце «ценявы кабінэт» у палітычны лексыкон уведзена брытанскай традыцыяй. паводле якой апазыцыйная партыя фармуе склад кабінэту зь ліку сваіх дэпутатаў — яны і сядзяць у першым шэрагу крэслаў у залі Палаты абшчынаў парлямэнту, насупраць дзейнага кабінэту. Гэтую залю зь зялёнымі скуранымі крэсламі, доўгім сталом са стосамі даведнікаў і крэслам сьпікера мне давялося наведаць, калі я быў у брытанскі парлямэнце. Пазнаёміўся я і са сьпікерам Бэці Бутройд, першай (і пакуль што адзінай) за доўгую гісторыю брытанскага парлямэнтарызму жанчынай на гэтай пасадзе.
    У Брытаніі, у выпадку перамогі апазыцыйнай партыі на выбарах, «ценявы кабінэт» робіцца дзейным. Таму «ценявых» міністраў трымаюць у курсе ўсіх спраў ведамстваў, якія, магчыма, ім давядзецца ўзначаліць — гэта гарантыя пераемнасьці і стабільнасьці.
    А ў нас стабільнасьць забясьпечвалася стрымліваньнем улады тымі, хто сеў у міністэрскія крэслы яшчэ ў камуністычныя часы. Калі літаральна, сядзелі яны, як я ўжо пісаў, ва «ўрадавым» сэктары (у першым шэрагу — Кебіч), ну а члены Ценявога кабінэту БНФ — на сваіх дэпутацкіх месцах, па ўсёй Авальнай залі.
    Ценявы кабінэт узьнік амаль адразу пасьля стварэньня Апазыцыі БНФ. Калі ў жніўні і верасьні 1990 году мы рыхтавалі пакет законапраектаў да другой сэсіі, прыцягнулі да працы экспэртаў у розных галінах. Адна група выпрацоўвала канцэпцыю прыватызацыі, другая распрацоўвала зямельную рэформу, іншыя займаліся банкаўскай сфэрай, пытаньнямі абароны.
    Узначальвалі групы дэпутаты. Дарэчы, прадстаўлены Апазыцыяй у кастрычніку 1990-га на сэсію пакет законапраектаў прывёў дэпутатаў парлямэнцкай большасьці ў шокавы стан: яны не чакалі, што мы зробім такую працу за такі кароткі тэрмін ды яшчэ кваліфікавана (дакумэнты прайшлі экспэртызу). Адзін за адным нашыя законапраекты адкідаліся, але шмат якія палажэньні былі прынятыя.
    Тады, увосень 1990-га, і было вырашана ператварыць экспэртныя групы ў сталы дзейны орган — Ценявы кабінэт пры дэпутацкай апазыцыі (назоў, калі не памыляюся, прапанаваў Пазьняк). Прэм’ерам Ценявога кабінэту быў Уладзімер Заблоцкі. Пазьней структура кабінэту мянялася, найбольш істотныя зьмены адбыліся ў 1994 годзе, калі прайшлі прэзыдэнцкія выбары. Членамі кабінэту былі, пераважна, дэпутаты. Я адказваў за інфармацыйны блёк.
    Канешне, Ценявы кабінэт (яго яшчэ часта называлі Ценявым урадам) працаваў без усялякіх дзяржаўных датацый, ніхто нікому нічога не плаціў — у нас проста не было на гэта грошай, а бізнэсоўцы не выяўлялі нейкага жаданьня нам дапамагчы. Але праца за некалькі галоў была зробленая вялікая: пяць эканамічных праграм і некалькі дзясяткаў законапраектаў. Па сутнасьці, была створаная канцэпцыя незалежнай беларускай дзяржавы (на жаль, рэалізаваная толькі часткова).
    Уладзімер Заблоцкі меў досьвед працы ў прамысловасьці і цалкам не стэрэатыпныя, не сацыялістычныя падыходы да эканомікі. Можа быць, адзіным ягоным недахопам было — на пачатку дэпутацтва — занадта частае ўжываньне навуковай тэрміналёгіі, якую цяжка было ўспрыняць сакратарам райкамаў ды «крепкнм хозяйственннкам». Камуністы Заблоцкага паважалі, бо нічога не разумелі. Але на пачатку 1993-га Заблоцкі прамаўляў ужо даходліва, і камуністы яго запаважалі яшчэ болей.
    Іншая справа, што гэта ніяк не адбівалася на выніках іх галасаваньня.
    Уладзімер Заблоцкі: «Што канструктыўнага прапануецца з боку апазыцыі? Гэта ўжо вядомыя прапановы, якія ўжо каму-каму, а ўраду былі прапанаваныя ў першую чаргу і, акрамя ўсяго іншага, у выглядзе заканадаўчых паправак. Яны былі зробленыя досыць даўно (яшчэ восеньню). Першае. Прызнаць, што Беларусь — дзяржава з усімі наступствамі з гэтай высновы. Другое. Падрыхтаваць прававы падмурак рэформы, у аснове якой — упарадкаваньне адносінаў уласнасьці. прызнаньне права дзяржавы на ўласнасьць, гэта значыць не
    дзяржаўная ўласнасьць у ранейшым разуменьні, a ўласнасьць суб’екта, дзяржавы...
    Новая бюджэтная палітыка прадугледжвае іншую падатковую сыстэму, якая будзе садзейнічаць вытворчасьці. Асобна паўстае пытаньне аб грашовай крэдытна-фінансавай палітыцы. Беларусь пры самастойнай палітыцы магла б пазьбегнуць гіпэрінфляцыі. Сукупная рэформа валюты, крэдытаў, цэнаў. Для гэтага неабходныя атрыбуты дзяржаўнасьці, мытні, мяжа. Нельга ўводзіць гэтыя сыстэмы, не забясьпечыўшы ўласную мытную прастору. Такая рэформа патрабуе волі, і перш за ўсё палітычнай.
    Стабілізацыя курсу грашовай адзінкі і цэнаў створыць умовы для нармальнай працы прадпрыемстваў. Але яе стабілізацыя патрабуе таксама і прызнаньня для таго, каб быў стабільны курс тавару (у якасьці тавару — зямля і сродкі вытворчасьці, гэта значыць яны павінны быць на рынку як тавары). Структурная цэнавая рэформа дазволіць усталяваць суадносіны цэнаў па групах тавараў і ўнутры групаў.
    ...Ваенныя заказы, якія тут хочуць захаваць для таго, каб падтрымаць частку нашай эканомікі, патрабуюць ваеннага бюджэту гэткіх самых памераў, як і было раней. I мы дойдзем да таго, што 55 адсоткаў бюджэту будзе траціцца на вайну. Мы гэтага хочам?»
    Словы пра падатковую рэформу дэпутаты парлямэнцкай большасьці маглі зразумець і нават прыняць — яны і самі час ад часу патрабавалі зьменшыць падаткі (кожны — для сваёй галіны). Магчыма, яны, хоць і зь цяжкасьцю, але ўяўлялі ўласную мытную прастору і нават дзяржаўную
    мяжу. Сродкі вытворчасьці як тавар? Чаму не шмат у каго ўжо былі створаныя фірмы, куды перайшла дзяржаўная (ці, па-іншаму — народная) маёмасьць. Але было ў выступе Уладзімера Заблоцкага тое, што ні пры якіх умовах больш як дзьвесьце чалавек у Авальнай залі дапусьціць не маглі — гэта каб на рынку ў якасьці тавару апынулася зямля.
    Права прыватнай уласнасьці на зямлю — гэта быў апошні бастыён, які з усёй сілай абаранялі былыя і цяперашнія бальшавікі. I нашая прапанова раздаць датраўня 1993-гаўсім ахвочым па 10 сотак зямлі (гэта было б добрай падтрымкай у цяжкія часы) — не набрала належнай колькасьці галасоў.
    Лукашэнка просіць у КДБ паратунку
    Лукашэнка любіў хадзіць у лазьню. Звычка пахвальная, для здароўя карысная, але ў выпадку з дэпутатам ад 310-й Шклоўскай выбарчай акругі яна сумяшчалася яшчэ і з палітычнай дзейнасьцю.
    He магу ўявіць сябе Шушкевіча, або Кебіча, або Пазьняка, якія б без патрэбы, маючы дома ванну або магчымасьць наведаць лазьню ў кампаніі сяброў, пацягнуліся б у грамадзкае месца, дзе зьбіраецца паўсотні, a то і болей малазнаёмых ці зусім незнаёмых людзей. Мне самому даводзілася быць у такіх сытуацыях — у часе студэнцкіх будатрадаў, у войску. У дзяцінстве, у Сідаравічах, пад Магілёвам, дзед браў мяне па «мужчынскіх» днях у агульную вясковую (здаецца, па нядзелях — бо ў суботу хадзілі жанчыны) — але ў дзедавай хаце не было ванны або душа, і ўвогуле, як гаворыцца, былі «зручнасьці ў двары».
    У доме ў Лукашэнкі ванна была. Лукашэнка наведваў грамадзкую лазьню ў Шклове ня столькі з так бы мовіць гігіенічных прычынаў, колькі з палітычных. Ён, як прыгадвалі пазьней, наведваўся туды па выходных, калі там зьбіралася найбольш людзей і, канешне, апынаўся ў цэнтры ўвагі. Трэба прызнаць, тое быў добры спосаб ня толькі падтрымаць уласны рэйтынг, але і ведаць, чым жыве народ. Выглядае, што ў Шклове народ спавядаў тыя самыя ідэі, што і Лукашэнка, паколькі на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году за яго ў раёне прагаласавала 90% — больш, чым дзе-небудзь у краіне.
    Лукашэнка лёгка знаходзіў агульную мову з жыхарамі невялікіх гарадкоў, мястэчак і вёсак, насельніцтва якіх потым сацыёлягі вызначаць як асноўны ягоны электарат. Са сталічнымі жыхарамі было цяжэй. Са сталічнымі ў яго не атрымлівалася.
    I ўжо зусім немагчыма было з тымі, хто катэгарычна не падзяляў ягоных поглядаў. Калі Шушкевіч або Пазьняк маглі добра «трымаць удар» ад палітычных апанэнтаў, псыхалягічна ўстойліва ўспрымалі атакі і не выходзілі зь сябе (увогуле, гэта няпроста), часта адбіваліся дасьціпнай фразай ці жартам — дык Лукашэнка імгненна зрываўся, скідваўся ў гістэрыку.
    Але 8 красавіка такой дыскусіі абмінуць не ўдалося.
    Усе дні, пакуль Вярхоўны Савет абмяркоўваў пытаньне аб далучэньні да сыстэмы калектыўнай бясьпекі, на Плошчы былі актывісты БНФ. Некалькі дзясяткаў чалавек трымалі плякаты, бел-чырвонабелыя сьцягі. Калі ўвечары канчалася пасяджэньне сэсіі — людзей зьбіралася болей, і мы, дэпутаты БНФ, выходзілі да іх. Фронтаўцаў цікавілі падра-
    бязнасьці абмеркаваньняў, а ў агульным раскладзе сілаў яны арыентаваліся досыць добра. У тым ліку — і ў пазыцыях дэпутатаў.
    1 таму калі на Плошчы зьявіўся Лукашэнка, актывісты БНФ выказалі ўсё, што пра яго думаюць. Я ня ведаю, што канкрэтна яму казалі, але дакладна гэта не была лаянка і дакладна гэта былі толькі словы. Ніякіх дзеяньняў не было, ніхто Лукашэнку і пальцам не крануў.
    Увогуле, за амаль шэсьць гадоў кадэнцыі Вярхоўнага Савету XII скліканьня быў толькі адзін выпадак, калі чалавек пэўным чынам пацярпеў на Плошчы — пасьля правалу праімпэрскага маскоўскага путчу, 24 жніўня сакратар ЦК КПБ Валер Ціхіня быў апляваны людзьмі, якія сабраліся на Плошчы — пры гэтым дружына БНФ па камандзе Вячаслава Сіўчыка адразу ўзяла Ціхіню ў «кола» і правяла ў гатэль «Мінск». Я перакананы, што сярод тых, хто пляваў, «фронтаўцаў» не было — у нашых прыхільнікаў былі іншыя мэтады ўзьдзеяньня.
    Лукашэнку ратаваць не давялося — яго не чапалі, проста выказалі ацэнку ягонай пазыцыі.
    Але гэтага хапіла, каб на другі дзень на сэсіі Лукашэнка пачаў скардзіцца:
    «Паважаныя члены Вярхоўнага Савету! Паважаны Станіслаў Станіслававіч! Я вас вельмі прашу ўважліва мяне выслухаць, я больш трох хвілін вашу ўвагу не займу. Перш чым па сутнасьці сказаць, я б хацеў зьвярнуцца да вас, Зянон Станіслававіч Пазьняк, як да чалавека, перад якім я абсалютна ні ў чым не вінаваты, і папрасіць, каб вы ці сваім “баевікам”, ці сваёй “шпане”, ня ведаю, як вы яе называеце, загадалі, каб больш... (Шум у залі). Вы мяне, калі ласка, не перапыняйце, я ў тры хвіліны ўкладуся.
    Калі ўчора Антончык выступаў з трыбуны, вы яму далі сказаць. I я вам скажу, Станіслаў Станіслававіч, чаму я гэта кажу. Таму вы, калі ласка, папярэдзьце сваіх людзей: крычаць, калі ласка, крычыце, але нападкі прадпрымаць супраць народных дэпутатаў, я маю на ўвазе перш за ўсё супраць мяне... Таму я вас вельмі прашу, як чалавека, разьбярыцеся з тымі, каго вы ўчора прывялі на Плошчу. I вось тут сядзіць старшыня КДБ, калі гэта правакацыя, ён вам, спадар Баршчэўскі, скажа... Гэтая заява была ад трэцяга мікрафона не выпадковая, што вы там раздасьцё тэлефоны і пачняце камусьці пагражаць. Я асабіста вас не баюся».