• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзевяноста трэці  Сяргей Навумчык

    Дзевяноста трэці

    Сяргей Навумчык

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 536с.
    2018
    89.7 МБ
    касьцёле жменька беларускіх інтэлігентаў стварала аргкамітэт БНФ. 3 таго часу мінула багата падзей — горкіх і шчасьлівых, рутынных і трагічных. Нацыя каторы раз атрымала надзею, памкнулася ўстаць з каленяў — да бога і волі, да лепшага людзкага жыцьця. Пуцяводнай зоркай тае надзеі, безумоўна, стаў яе прызнаны палітычны авангард, змагар за шчасьце і волю, наш БНФ».
    Прыгадваючы пасяджэньне ў Чырвоным касьцёле 19 кастрычніка 1988 году, калі былі створаныя «Мартыралёг Беларусі» і Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне», Быкаў назваў БНФ палітычным авангардам нацыі. Ён неаднаразова казаў пра неабходнасьць аб’яднаньня дэмакратычных сілаў вакол Фронту — хоць адначасна выказваў шкадаваньне. што разьяднанасьць у прыродзе дэмакратаў, у адрозьненьне ад прыхільнікаў імпэрскай ідэі, якія здольныя аб’ядноўвацца імгненна нягледзячы на рознагалосьсі.
    He было атмасфэры паразы
    Фронт сапраўды быў самай масавай дэмакратычнай арганізацыяй, і нягледзячы на параўнаўча невялікую гісторыю — пяць гадоў — меў у сваім актыве нямала перамог, сярод якіх галоўная — здабыцьцё незалежнасьці. Канешне, гэта было дасягненьнем не аднаго БНФ — незалежнасьць была мэтай некалькіх пакаленьняў нацыянальна арыентаваных беларусаў, якія рыхтавалі глебу для палітычнага рашэньня, дый самому гэтаму рашэньню паспрыялі абставіны, як і зьнешнія, гэтак і ўнутраныя.
    Але менавіта БНФ своечасова вылучыў дасягненьне незалежнасьці як галоўную палітычную мэту, здолеў акумуляваць сілы і скарыстаць гістарычны момант.
    Звычайна калі гавораць пра дзейнасьць Народнага Фронту, найчасьцей прыгадваюць дэпутатаў. Але Фронт ня быў бы дэмакратычным авангардам, ня меў бы такой масавасьці бяз працы такіх кіраўнікоў і актывістаў, як Юрась Хадыка. Вінцук Вячорка, Валянцін Асташынскі, Валянціна Трыгубовіч, Вера Чуйко, Валер Буйвал, Уладзімер Анцулевіч, Генадзь Банкевіч, Вячаслаў Сіўчык — бяз іх немагчыма ўявіць сабе БНФ у пачатку дзевяностых.
    Меў БНФ і паразы, найбольшая прыпадала на папярэдні год, калі ініцыятыва рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах была нерэалізаваная зь віны пракамуністычнай большасьці ў Вярхоўным Савеце.
    Тое сапраўды была першая вялікая параза БНФ, і праз дваццаць пяць гадоў, прыгадваючы гэты зьезд у Купалаўскім тэатры, я не магу знайсьці адназначнага адказу на пытаньне, чаму ў залі не было атмасфэры паразы.
    Такі настрой быў бы зусім лягічны, бо, па сутнасьці, кіраўніцтва Фронту паставіла на рэфэрэндум усё, ускладала на яго вялікія спадзяваньні, верыла ў тое, што ён адбудзецца, разьлічвала наступныя дзеяньні, сыходзячы з будучых датэрміновых парлямэнцкіх выбараў — і, калі шчыра, ня мела варыянту на выпадак, калі б рэфэрэндум не прызначылі. Проста не ўяўлялася, што парлямэнт можа парушыць закон. А ён — парушыў.
    Канешне, былі заявы пра нелегітымнасьць Вярхоўнага Савету, былі звароты да міжнароднай
    супольнасьці, але гэта ўжо ня мела практычнага палітычнага значэньня: дэпутаты БНФ былі вымушаныя надалей працаваць у гэтым Вярхоўным Савеце, выкарыстоўваючы ўсе магчымасьці на карысьць нацыянальнага Адраджэньня, адцягваючы наступ аўтакратыі. Напэўна, вось гэтае разуменьне, што няма ніякага іншага выйсьця, як працягваць барацьбу, і было прычынай адсутнасьці апатыі ў дэлегатаў: настрой быў баявы.
    Што было б бяз БНФ
    У інтэрвію для гэтай кнігі Вінцук Вячорка, гаворачы пра сабраныя актывістамі БНФ больш як 440 тысячаў подпісаў за рэфэрэндум у 1992-м, сказаў пра іх значнасьць незалежна ад адмоўнага рашэньня Вярхоўнага Савету. «Важна ўведаць, наколькі мацней пачуваліся палітыкі БНФ, маючы за плячыма такую відавочную падтрымку, і колькі ўдалося ім дзякуючы гэтаму зрабіць для замацаваньня яшчэ кволай незалежнасьці», — лічыць Вячорка.
    Словы пра «замацаваньне кволай незалежнасьці», на маю думку, тычацца агульнай ацэнкі дзейнасьці Народнага Фронту ў пачатку 1990-х гадоў.
    Дзясяткі мітынгаў, пікетаў ды іншых акцый у сталіцы і ў рэгіёнах з патрабаваньнем правядзеньня свабодных выбараў, стварэньня уласнага войска, адкрыцьця беларускіх школаў, імпрэзы ў гонар гадавінаў важных падзеяў і выбітных асобаў нацыянальнай гісторыі — не прайшлі бясплённа і ролю адыгралі надзвычай важную. Разам з асьветніцкімі высілкамі нацыянальнай інтэлігенцыі, палітычная і культурніцкая дзейнасьць БНФ узьняла грамадзтва
    на значна больш высокі ўзровень нацыянальнага самаасэнсаваньня, прысьпешыла фармаваньне грамадзянскай супольнасьці.
    Калі пазьней будуць казаць пра адносную дэмакратызацыю пачатку 1990-х, дык варта разумець, што гарбачоўскай перабудовай «зьверху» быў дадзены толькі імпульс, хоць і вельмі важны — a дэмакратызацыі давялося дамагацца ў супрацьстаяньні з тымі, хто меў рэальную ўладу і ніякіх рэформаў не жадаў.
    Каб зразумець ролю тых або іншых асобаў ці палітычных сілаў, варта ўявіць верагоднае разьвіцьцё гістарычнага працэсу бязь іх.
    Уявіце сабе пачатак 90-х без рутыннай дзейнасыді актывістаў БНФ — і вы атрымаеце зусім іншае грамадзтва, якое, зусім магчыма, было б няздольнае супраціўляцца аўтарытарызму наступных дзесяцігодзьдзяў.
    Прыбярыце з Авальнай залі дэпутатаў Апазыцыі БНФ у 1992-93-х — і вы, найхутчэй, убачыце ліквідацыю пракамуністычнымі дэпутатамі ўсяго, што было дасягнута ў 1991-м.
    Вы атрымаеце імгненную адстаўку Шушкевіча, скасаваньне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, дэнансацыю Белавескіх пагадненьняў ды рашэньне аб аб’яднаньні з Расеяй (якое, несумненна, было б падтрыманае Вярхоўным Саветам Расеі і, зусім верагодна, Ельцыным).
    Пра такія намеры мы чулі ад нашых апанэнтаў з парлямэнцкай большасьці ледзь не штодзённа — і толькі супраціў Апазыцыі БНФ перашкаджаў іх ажыцьцявіць.
    У наступным Вярхоўным Савеце прадстаўнікоў БНФ ужо ня будзе — і парлямэнт ратыфікуе па-
    гадненьні з Масквой, якія істотна аслабяць сувэрэнітэт краіны, але на той момант Беларусь ужо мела дзяржаўныя інстытуцыі, уласнае войска, уласную грашовую адзінку, больш сьпелую грамадзянскую супольнасьць — нічога такога не было ў самым пачатку 1990-х, і ліквідацыя незалежнасьці адбылася б хутка.
    Без палітычнай «працы штодзённай, шэрай» тысячаў актывістаў БНФ беларускае грамадзтва было б іншым. Мы мелі б іншую Беларусь — а, магчыма, і ня мелі б яе зусім.
    «Маўчалі, трывалі, а што з гэтага маем?»
    «Нацыя і воля — вось вечная праблема і калізія, ці можа што быць важнейшае за іх? Ворагі — так, ворагаў у нас заўсёды хапала, не паменела іх і зараз, — казаў Быкаў. — Цяпер, калі шмат што праясьнілася на палітычным небасхіле сьвету, яны апынуліся навідавоку, мы ўбачылі іх і зьведалі ці ня лепей за саміх сябе. Хоць яны і не перастаюць дзівіць нас сваёй д’ябальскай здольнасьцю да пераўвасабленьня, камуфляжу, маскіроўкі зла пад дабро. Тут іхнія фантазіі сапраўды бязьмежныя, і мы іх пазнаём хіба па адной нязьменнай прыкмеце — яны чужынцы нацыі. Усё нацыянальна беларускае для іх варожае, а ўсё агіднае, варожае для нацыі — іхняе. Іхні сьвяшчэнны кумір — улада, якою яны цяпер з тактычных меркаваньняў змушаны дзяліцца. Але не назаўжды — да іншых часін. I калі нам кажуць: трэба болей цярпімасьці, памяркоўнасьці, трэба менш радыкалізму і рыгарызму, бо важней за ўсё паступовасьць, нацыянальная згода—мы ведаем: гэта гавораць яны ці іхнія адвакаты. Нават
    У прэзідыюме III зьезду БНФ.
    і тады, калі гавораць па-беларуску. Увесь наш гістарычны вопыт пярэчыць супраць іх д’ябальскай лёгікі. Надта доўга мы былі і цярпімыя, і абачлівыя, памяркоўныя і талерантныя — прыніжаныя і зьняважаныя былі на працягу апошніх стагодзьдзяў, баяліся пакрыўдзіць іншых, стараліся іншы раз прамаўчаць, стрываць. I маўчалі, трывалі, a што з гэтага маем? Дажыліся да таго, што ня стала як жыць!»
    Вось гэтая апошняя фраза, якая праз гады ўспрымаецца як мэтафара, у тыя дні мела канкрэтны сэнс.
    Жыць сапраўды было цяжка, палавінчатасьць эканамічных рэформаў, якія праводзіў урад Кебіча, адсутнасьць уласнай грашовай адзінкі спараджалі вялікую інфляцыю. He былі выключэньнем і тыя, хто знаходзіўся ў залі.
    Ня быў выключэньнем і сам Быкаў— час ад часу мы дапамагалі яму. I бэнзіну для свайго аўтамабіля Быкаў меў роўна столькі, колькі і мы — 20 літраў на месяц. I пры гэтым Васіль Уладзімеравіч ніколі не наракаў на тое, што вось раней ён жыў заможна, атрымоўваў добрыя ганарары, мог нешта прыдбаць за гэтыя грошы — а з крахам камуністычнай сыстэмы ўсё абрынулася.
    Падобнае я аднойчы чуў ад аднаго народнага пісьменьніка — ён паскардзіўся, што быў вымушаны прадаць кніжную сэрыю («Бібліятэка сусьветнай літаратуры», 200 тамоў найлепшых твораў клясыкаў, у савецкія часы — страшны дэфіцыт, так званая «всемнрка», валоданьне якой было сымбалем далучанасьці да інтэлектуалаў). Калі я пачаў выказваць спачуваньне, што разумею значнасьць і маштаб страты, ён сказаў: «Ну я прадаў тое, што было на дачы. Дома ў мяне яшчэ адна «всемнрка» засталася». Нічога такога нельга было сабе ўявіць з вуснаў Быкава.
    Супрацьпастаўленьнем памяркоўнасьці і радыкалізму на карысьць апошняга Быкаў вызначыў стратэгію Народнага Фронту на бліжэйшыя гады як жорсткага супрацьстаяньня з тагачаснай уладай, з камуністычнай намэнклятурай.
    «Законы гі’сторыі няўмольныя»
    «Так, цяпер можна з упэўненасьцю сказаць, што менавіта БНФ напрыканцы XX стагодзьдзя абудзіў нацыю, даў ёй надзею, — працягваў Быкаў. — Так ці інакш прычыніўся да стварэньня іншых дэмакратычных партыяў і плыняў, стаў у авангардзе парлямэнцкай і масавай барацьбы за дзяржаўнасьць
    і нацыянальнае адраджэньне, і калі не перамог канчаткова, дык у тым адлюстравалася не заганнасьць ягоных мэтадаў, а найбольш — грандыёзнасьць задачы. Але БНФ і не ўяўляў яе меншай, тая задача сапраўды нечувана грандыёзная, і як цяпер відаць, па сіле хіба не аднаму пакаленьню нацыянальна-сьведамых беларусаў. Як і ў ранейшыя часы найважнейшым робіцца рутынная праца ў народзе дзеля абуджэньня ягонай жа нацыянальнай сьвядомасьці, перакананьня яго ў яго ж нацыянальнай годнасьці, у вартасьці ягонай гісторыі, культуры, мовы. Можа самае страшнае — нацыя апынулася перад пагрозай страты сваёй пасіянарнасьці і задача яе авангарду — адвесьці тую пагрозу. Усё тое куды як няпроста і зойме пэўны гістарычны час. Але тое, відаць, наканавана, цераз яго не пераступіць, законы гісторыі няўмольныя».