Дзевяноста трэці
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 536с.
2018
У адрозьненьне ад Кебіча, якога падтрымлівалі кіруючая намэнклятура і дырэктарат прадпрыемстваў, у Шушкевіча такой падтрымкі не было. Ён не абраў ніводную з ужо існуючых палітычных арганізацый і не стварыў новую. На пытаньні журналістаў адказваў, што партыі, якая б у поўнай ступені адпавядала ягоным поглядам, не існуе.
Для больш аб’ектыўнай ацэнкі палітыка часам карысна паставіць яго ў кантэкст часу і нават геаграфіі.
Пачнём з усходняй суседкі Беларусі. На чале Расеі быў абраны народам прэзыдэнт Барыс Ельцын — як і ў Шушкевіча, у яго абвастрыліся адносіны з кіраўніцтвам іншай галіны ўлады, але якраз у гэтым годзе Ельцын пайшоў на яшчэ большае абвастрэньне: спачатку рэфэрэндум, які выйграў, а потым і роспуск Вярхоўнага Савету.
На поўдні кіраваў Леанід Краўчук — таксама ўсенародна абраны прэзыдэнт, які не сьпяшаўся ні з палітычнымі, ні з эканамічнымі рэформамі. Але ў яго не было супрацьстаяньня з выканаўчай уладай, з кіраўнікамі якой ён хадзіў тымі самымі «цэкоўскімі» калідорамі.
У Літве ў выніку ўсенародных выбараў да ўлады прыйшоў Альгірдас Бразаўскас — да яго краінай кіраваў лідэр «Саюдзісу», сьпікер парлямэнту Вітаўтас Ландсбергіс. Калі неўзабаве пасьля сваёй перамогі Бразаўскас прыехаў зь візытам у Менск, на сустрэчу ў залю прэзыдыюму было не прабіцца — месцы занялі былыя партыйныя сакратары, якія
прыйшлі падтрымаць колішняга калегу па кампартыі. Аднак іх настрой хутка быў сапсаваны ўжо першымі словамі высокага госьця: маўляў, ён не камуніст, а сацыял-дэмакрат, а Літва — незалежная краіна, ніякіх «СССР».
Гунтыса Улманіса, прадстаўніка цэнтрысцкага Сялянскага саюзу, прэзыдэнтам абраў парлямэнт. У Латвіі дынамічна адбываліся палітычныя і эканамічныя перамены, галоўнай праблемай была наяўнасьць вялікай часткі расейскамоўнага насельніцтва, якая, у асноўнай масе, не прымала незалежнасьці краіны.
Улманіс быў адзіным кіраўніком суседняй краіны, які ў 1993 годзе не прыяжджаў у Менск. Усенародна абраны прэзыдэнт Польшчы, легендарны лідэр «Салідарнасьці» і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Лех Валэнса наведаў Менск з афіцыйным візытам, выступіў у Вярхоўным Савеце, усклаў кветкі ў Курапатах. Рэформы ў Польшчы былі найбольш радыкальныя і, у выніку, пасьпяховыя.
Як бачым, усе чацьвёра былі прэзыдэнтамі, хай і з розным аб’ёмам паўнамоцтваў. У такой сытуацыі нам было значна цяжэй утрымаць краіну ад прэзыдэнцтва — колькасьць дэпутатаў, якія пагаджаліся з увядзеньнем прэзыдэнцтва ў Канстытуцыі, павялічвалася, і прыклад суседніх краінаў адыграў тут, як мне падаецца, не апошнюю ролю.
3 усіх названых лідэраў Шушкевіч быў адзіны, хто не абапіраўся ні на партыю, ні на вынікі ўсенароднага галасаваньня. Ён упарта не жадаў знаходзіць паразуменьня зь Беларускім Народным Фронтам і не выяўляў інтарэсу да іншых дэмакратычных партый.
У сваіх успамінах Кебіч напіша, што Зянон Пазьняк, іншыя лідэры БНФ нібыта «не вылазілі з кабінэту» Шушкевіча і былі ягонымі фактычнымі дарадцамі. Гэта — няпраўда. У сваім інтэрвію для гэтай кнігі Пазьняк сказаў, што Шушкевіч ніколі не зьвяртаўся да яго па параду. Тыя самыя дэпутаты БНФ (і аўтар гэтых радкоў), якія хадзілі да Шушкевіча ў 1991 годзе адразу пасьля ягонага абраньня, у 1993-м былі ў ягоным кабінэце вельмі рэдкімі гасьцямі. Трапіць да старшыні Вярхоўнага Савету дэпутатам было лёгка, нас прапускалі адразу (дарэчы, тое самае тычылася і Кебіча), але паходы гэтыя страцілі ўсялякі сэнс.
Але ў часы, пра якія мы гаворым, быў кіраўнік краіны, які, як і Шушкевіч, не абапіраўся ні на якую партыйную структуру.
Вацлаў Гавэл быў абраны ў 1993 годзе прэзыдэнтам Чэхіі і, па вялікім рахунку, абапіраўся выключна на свой аўтарытэт і на аўтарытэт невялікай групы былых дысыдэнтаў. Але тое быў аўтарытэт, які сягаў далёка за межы Чэскай Рэспублікі. Калі мы сустрэліся са сталым прадстаўніком Беларусі ў ААН Генадзем Бураўкіным у часе яго прыезду на радзіму ў адпачынак, ён адным словам патлумачыў мне, чаму Беларусь ня выйграла ў Чэхіі спаборніцтва за месца ў Радзе бясьпекі: «Гавэл». Ён лічыўся маральным аўтарытэтам і сымбалем дэмакратычных пераменаў ва Усходняй Эўропе.
Але, калі ацэньваць менавіта ў кантэксьце міжнародных адносінаў, у Шушкевіча быў козыр куды больш важкі, чым дысыдэнцкае мінулае Гаўла.
Можна толькі ўявіць, які б галаўны боль атрымалі заходнія лідэры, колькі б самітаў і перамоваў давялося ім праводзіць, якія намаганьні прыкла-
даць, калі б Менск не адмовіўся ад ядзернай зброі. Яшчэ ўчора нікому не вядомая Беларусь стала б у цэнтры міжнароднай палітыкі — магчыма, на доўгія гады.
Канешне, у аднамомантным і без усялякіх умоваў адмаўленьні ад ядзернага ўзбраеньня заслуга далёка не аднаго Шушкевіча — за бязьядзернасьць на выбарах 1990-га выступаў Народны Фронт, мы, дэпутаты БНФ, патрабавалі ўнесьці гэта ў Дэклярацыю аб сувэрэнітэце, дэпутаты Вярхоўнага Савету галасавалі за ратыфікацыю адпаведных пагадненьняў. Але менавіта Шушкевіч пры падпісаньні Белавескіх пагадненьняў у Віскулях і пазьней у АлмаАце заявіў, што Беларусь адмаўляецца ад ядзернай зброі без усялякіх умоваў, і менавіта ён праводзіў ратыфікацыю міжнародных пагадненьняў. Урэшце, менавіта ён і ніхто іншы быў кіраўніком гэтай самай першай у гісторыі дзяржавы, якая адмовілася ад ядзернай зброі без усялякіх умоваў.
Але гэта ніяк не было скарыстана для ягонага міжнароднага аўтарытэту.
I для аўтарытэту Беларусі, па вялікім рахунку — таксама. Калі не лічыць тых ста зь нечым мільёнаў даляраў дапамогі, якія краіна атрымала пасьля візыту Шушкевіча ў сярэдзіне 1993 году ў Вашынгтон. Але гэта мізэр у параўнаньні з тымі мільярдамі, якія атрымлівала Расея.
Застаецца фактам, што гэты рэсурс — імідж краіны, якая адмовілася ад ядзернай зброі — ня быў у поўнай ступені скарыстаны ні для аўтарытэту краіны, ні для іміджу яе кіраўніка (у апошнім, зрэшты, немалая віна тагачаснага міністра замежных спраў Краўчанкі, які працаваў выключна на імідж Кебіча).
Ну а ці мог Шушкевіч стаць «беларускім Гаўлам»? — часта чуюцца такія пытаньні. Яшчэ часьцей пытаюцца — «Чаму беларускім Гаўлам не зрабіўся Пазьняк, які таксама меў імідж дысыдэнта?» Шушкевіч ня мог — таму што быў членам КПСС? Пазьняк ня здолеў, бо не сядзеў у турме?
Мне такія пытаньні падаюцца абсурднымі, і я звычайна раю іх аўтарам памяняць месцамі ўмовы — а ці мог бы Гавэл стаць прэзыдэнтам у Беларусі?
Мой адказ — ён нават ня быў бы абраны ў парлямэнт (як не была абраная ў Вярхоўны Савет абсалютная большасьць тых, хто меў дачыненьне да беларускага нонканфармісцкага руху).
Па маім глыбокім перакананьні, заслугі Шушкевіча перад міжнароднай супольнасьцю за адно толькі мірнае пахаваньне імпэрыі куды большыя, чым міжнародныя заслугі Гаўла, а чалавек, які б зрабіў у Чэхіі нешта супастаўляльнае з адкрыцьцём Курапатаў, як тое ў Беларусі зрабіў Пазьняк, быў бы прызнаным рэальным лідэрам нацыі.
Перад Гаўлам у Чэхіі (зрэшты, як і перад Валэнсам у Польшчы або Жэлевым у Баўгарыі) не стаяла праблема, якая паўстала перад беларускімі дэмакратычнымі палітыкамі: праблема нацыянальнага адраджэньня, праблема захаваньня мовы. Чэская, польская і баўгарская нацыі даўно былі сфармаваныя, і там размова на роднай мове не магла быць пададзена палітычнымі праціўнікамі як нешта вельмі страшнае, а заклік аднавіць імпэрыю ня зьявіцца пропускам на найвышэйшую пасаду.
He па-хрысьціянску
«Бабуля, сапраўдная хрысьціянка-каталічка, пастаянна вучыла мяне шукаць у людзях добрае і нагадвала пра гэта пры кожным зручным для яе выпадку, — прыгадвае Шушкевіч. — Знайсьці ў чалавеку дрэннае вельмі лёгка, лягчэй, чым добрае, яно на паверхні, — казала яна, — а ты шукай добрае, яно заўсёды ёсьць, але схаванае. Толькі калі людзей любіць будзеш, толькі тады здолееш шчасьлівым стаць».
Парада сапраўды хрысьціянская, і Шушкевіч кіраваўся ёй на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савету. На вялікі жаль, у дачыненьні да некаторых пэрсанажаў гэтай кнігі парада аказалася не ўнівэрсальнай.
Узаемаадносіны Шушкевіча і Кебіча шмат што вызначылі ў палітычнай будучыні Беларусі і ў пэўнай ступені адлюстроўвалі супрацьстаяньне паміж дэмакратычнымі, праэўрапейскімі сіламі і тымі, хто імкнуўся вярнуць у краіну старыя парадкі, a яе саму — у арбіту Масквы.
Адлюстраваньне не было палярным: абодва выступалі за «адзіны» (гэта значыць, расейскі) рубель, абодва былі супраць датэрміновых парлямэнцкіх выбараў, абодва былі за ўвядзеньне пасады прэзыдэнта (але Кебіч — за больш «моцнага»), Абодва заяўлялі, што «ў Эўропе нас не чакаюць».
У тых, хто толькі слухаў сэсіі Вярхоўнага Савету, сапраўды магло скласьціся ўражаньне, што Шушкевіч і Кебіч калі не аднадумцы, дык і не антаганісты.
Зьнешне сапраўды ўсё было спакойна.
Вось што прыгадвае Кебіч пра іх дамоўленасьць пасьля абвяшчэньня незалежнасьці і абраньня Шушкевіча старшынём Вярхоўнага Савету ў жніўні-верасьні 1991 году:
«Дамовіліся, што, не паступаючыся прынцыпамі, будзем дзейнічаць, сыходзячы з уласных уяўленьняў пра мэтазгоднасьць таго або іншага рашэньня, але ніколі не ператвараць будзённую палеміку ў сварку, не пераходзіць на асобы, пазьбягаць пасьпешлівых ацэнак і абразаў. Сваё слова стрымалі абодва. Ад Станіслава Шушкевіча ні ў гады майго прэм’ерства, ні пасьля адстаўкі я ня чуў на свой адрас брутальных выпадаў. Крытыку — так, брутальнасьці — не. He дапускаю такіх выказваньняў і я. Хоць, размаўляючы ў тыя гады кожны дзень. часам шмат гадзінаў запар, сябрамі мы так і не зрабіліся» (с. 163).
I яшчэ:
«Са Станіславам Шушкевічам, да прыкладу. Мы разыходзіліся па шмат якіх пазыцыях унутранай і зьнешняй палітыкі. Часта спрачаліся, прычым горача. Але ў канчатковым выніку заўсёды прыходзілі да кансэнсусу, знаходзілі патрэбнае рашэньне» (с. 260).
Гэтак — у мэмуарах, тым часам як рэальнасьць не была такой ідэалістычнай, і адносіны паміж імі абвастрыліся ў сакавіку 1993 году на глебе нэўтралітэту Беларусі. Зробленая прыхільнікамі Кебіча спроба адстаўкі Шушкевіча ў чэрвені, рэзкая крытыка Шушкевічам ураду ў верасьні, нарэшце, атака на старшыню Вярхоўнага Савету ў сьнежні — сюжэты гэтай кнігі, і тут я ня буду іх апісваць падрабязна, толькі прывяду цытату самога Шушкевіча зь ягоных мэмуараў:
«Нямала дэпутатаў, супрацоўнікаў Вярхоўнага Савету і Савету міністраў, якія былі ў даверных са мной адносінах, папярэджвалі мяне пра падвойную гульню Кебіча, пра яго апантанае жаданьне мяне “падседзець”, іншымі словамі, скампрамэтаваць. Іх аргумэнты не здаваліся мне пераканаўчымі. Спасылкі былі пераважна на шчырыя выказваньні прэм’ера ў нецьвярозым стане... — Трымайцеся ад Кебіча далей, ён яшчэ больш-менш, але бліжэйшыя падначаленыя такія, што дзеля заваёвы прыязнасьці шэфа могуць раздушыць, абліць паклёпам, разжаваць і выплюнуць каго заўгодна» (с. 175).