Дзевяноста трэці
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 536с.
2018
Першая Ўсебеларуская канфэрэнцыя адбылася ў верасьні 1921 году ў Празе, яна асудзіла Рыскую мірную дамову 1921 году і пацьвердзіла вернасьць
Трэцяй Устаўной Грамаце Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Другая канфэрэнцыя прайшла ў Бэрліне ў кастрычніку 1925 году, на ёй некаторыя кіраўнікі ўраду БНР на чале з Аляксандрам Цьвікевічам склалі свае паўнамоцтвы, прызналі Савецкую Беларусь і вярнуліся ў Менск.
Праз колькі гадоў яны былі рэпрэсаваныя і загінулі.
А яшчэ празь дзесяцігодзьдзі былі апублікаваныя архіўныя дакумэнты, зь якіх вынікала, што складаньне паўнамоцтваў ураду было, у значнай ступені, вынікам апэрацыі НКВД.
Юрыдычна яно было неправамоцнае само па сабе, і Рада БНР у выгнаньні ніколі не спыняла свайаго існаваньня, а ўсе спробы ўсяляк падарваць яе легітымнасьць аказаліся бясплённымі. I гэта — існаваньне і дзейнасьць Рады БНР — стала фактарам палітычнай барацьбы ва ўжо новай палітычнай рэальнасьці, якой стала незалежнасьць Беларусі.
Акрамя кіраўнікоў БНФ і Грамады ў канфэрэнцыі бралі ўдзел лідэры Беларускай сялянскай партыі Яўген Лугін, Партыі народнай згоды Аляксей Кароль, Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Аляксандар Дабравольскі, Жаночага Хрысьціянска-дэмакратычнага руху Беларусі Людміла Пеціна. Вёў канфэрэнцыю адзін зь лідэраў Грамады, першы намесьнік старшыні Менскага гарвыканкаму Анатоль Гурыновіч. Разам зь імі ў прэзыдыюме была вядомая перакладчыца зь Вялікай Брытаніі Вера Рыч, сябры Рады БНР Галіна Русак і Янка Запруднік з Амэрыкі, Міхась Лужынскі з Аўстраліі.
У залі — Васіль Быкаў (ён выступіў з прамовай), Вольга Іпатава, гісторыкі Валянцін Грыцкевіч,
Зянон Пазьняк выступае на III Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі.
Мікола Ермаловіч, Анатоль Сідарэвіч, ксёндз Ян Матусевіч.
У мяне адчуваньне гістарычнасьці падзеі (усё ж з часу папярэдняй канфэрэнцыі мінула больш за 67 гадоў) сумяшчалася з настроем, які можна назваць баявым — яшчэ не пасьпеў адысьці ад драматычных падзеяў на сэсіі Вярхоўнага Савету, калі пракамуністычная большасьць спрабавала зьняць з пасады сьпікера Станіслава Шушкевіча. Здаецца, калегі па дэпутацкай апазыцыі былі ў падобным стане.
А вось іншыя дэлегаты, асабліва з замежжа, мелі настрой узьнёслы. Што зразумела: прадстаўнікі
дыяспары прыехалі ў Менск для ўдзелу ў Першым зьезьдзе беларусаў сьвету і, уласна, сама канфэрэнцыя была прымеркаваная да гэтай падзеі.
Рада БНР магла скласьці паўнамоцтвы
Прычыну скліканьня канфэрэнцыі назваў у сваім выступе Зянон Пазьняк: «Нагодай для III Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі стаў намер гэтага антынароднага ўраду склікаць зьезд беларусаў сьвету, які хацелі правесьці як чарговы кангрэс. Ці ня дзіва? Тыя, што амаль пяцьдзясят гадоў найбрыдчэйшым чынам аплёўвалі беларускую эміграцыю, паклёпнічалі на яе і працягваюць паклёпнічаць, цяпер зьбіраюць зьезд, запрашаюць тых, каго называлі “фашыстамі” і “вырадкамі”, “предателямн роднны” на Бацькаўшчыну, выдзяляюць вялікія сродкі. У чым прычына? Прычына простая. Спачатку думалі прыкінуцца незалежнікамі і дэмакратамі і пры дапамозе арганізацыі “Бацькаўшчына”, нашпігаванай кагэбісцкімі “сексотамі” і “стукачамі”, ды на хвалі эмігранцкай эўфарыі дамагчыся перадачы паўнамоцтваў і дакумэнтаў Рады БНР гэтаму камуністычнаму ўраду Беларусі (сфармаванаму, дарэчы, яшчэ на бюро ЦК КПБ-КПСС). Гэтак камуністам удалося ашукаць украінцаў. Цяпер, калі стала зразумелым, што зь беларусамі такі фокус не атрымаецца, хочуць прыўлашчыць сабе павагу, заслужыць давер, атрымаць прызнаньне сваёй легітымнасьці ад беларускай эміграцыі, а тым самым падтрымку сваёй антынацыянальнай палітыкі, дараваньне былых злачынстваў і сьмяротных грахоў перад беларускім народам».
Удзельнікі канфэрэнцыі.
Адносна «сэксотаў» у «Бацькаўшчыне» асабіста я ніякай інфармацыі ня меў тады і ня маю цяпер — хоць цалкам верагодна, што КДБ запусьціла ў гэтую арганізацыю сваіх людзей, нейкім чынам кантралявала яе дзейнасьць, бо праца з дыяспарай дзесяцігодзьдзямі была адным з прыярытэтных накірункаў чэкісцкага клопату.
Што тычыцца намаганьняў пераканаць Раду БНР перадаць свае паўнамоцтвы — тут магу сьведчыць, што яшчэ летам 1992 году, калі на запрашэньне Дзярждэпартамэнту ЗША я быў у Злучаных Штатах, я чуў пра гэта ад актывістаў беларускай дыяспары ў Вашынгтоне (ад старшыні Беларускага Кангрэсавага камітэту Расьціслава Завістовіча) і ў Нью-Ёрку (ад сябра Рады БНР Янкі Запрудніка), a таксама некаторых іншых.
Казалі, што гэтую ідэю прасоўвае міністар замежных спраў Пётра Краўчанка, які даволі хутка (не ў апошнюю чаргу — з прычыны добрага валоданьня беларускай мовай і апранутай на сустрэчах з дыяспарай вышыванкі) заваяваў аўтарытэт у амэрыканскіх беларусаў.
Хоць пры размовах з прадстаўніком Беларусі ў ААН Генадзем Бураўкіным (я гасьцяваў у яго некалькі дзён у Нью-Ёрку), наколькі памятаю, гэтая тэма не закраналася, зусім магчыма таму, што Бураўкін лепей за міністра ведаў настроі дыяспары і нэгатыўна ставіўся да такой ідэі.
У якой ступені для Вячаслава Кебіча і ягонага ўраду, балыпыня міністраў якога мелі вельмі цьмянае ўяўленьне як пра Акт 25 сакавіка 1918 году, гэтак і пра Раду БНР, была важнай перадача Радай сваіх паўнамоцтваў?
Мяркую, што ў пэўнай ступені паўплываў прыклад Украіны — за два дні да першай гадавіны аднаўленьня незалежнасьці, 22 жніўня 1992 году, прэзыдэнт Украінскай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні Мікола Плавюк у Марыінскім палацы ў Кіеве перадаў паўнамоцтвы прэзыдэнту Украіны Леаніду Краўчуку і заявіў, што Украіна ёсьць правапераемніцай УНР. Пры гэтым у краіне дзейнічала Вярхоўная Рада XII скліканьня, абраная яшчэ пры ўладзе камуністаў. Як казалі мне пазьней актывісты беларускай дыяспары, якія ў 90-ыя гады стасаваліся з украінцамі, неўзабаве некаторыя дзеячы колішняга кіраўніцтва УНР пашкадавалі пра сваё рашэньне як заўчаснае.
Бясспрэчна, што калі б нешта падобнае адбылося ў Менску, паўнамоцтвы б прымалі дзьве асобы — Станіслаў Шушкевіч як сьпікер парлямэнту і
найвышэйшая службовая асоба, і Вячаслаў Кебіч як кіраўнік ураду. Уласна, я ня бачу прычынаў актыўнасьці ў гэтай справе Пятра Краўчанкі ў тым выпадку, калі б Кебіч не плянаваў быць удзельнікам гэтага гістарычнага акту (з Шушкевічам у кіраўніка МЗС былі надзвычай напружаныя адносіны, яны не хавалі ўзаемнай антыпатыі). Лішне казаць, што гэтая акцыя была б запісаная ў актыў Краўчанкі.
У пачатку лета 1993-га, перад Першым зьездам беларусаў сьвету, пытаньне, складзе або не свае паўнамоцтвы Рада БНР, з гістарычна-тэарэтычнага ператварылася ў палітычнае. Кіраўнікі БНФ былі знаёмыя толькі зь некаторымі сябрамі Рады, большая частка членаў якой жыла ў розных краінах і нават на розных кантынэнтах. Засьцерагчыся ад такога кроку можна было толькі аўтарытэтным, прадстаўнічым, важкім палітычным рашэньнем.
Прыняць такое рашэньне і было мэтай III Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі.
У дні, калі мы сьвяткавалі ў Празе 100-годзьдзе незалежнасьці БНР, я запытаўся ў цяперашняй старшыні Рады Івонкі Сурвілы, наколькі ўсё ж рэальнай была верагоднасьць складаньня паўнамоцтваў Радай у пачатку 1990-х гадоў.
«Вельмі рэальнай, — адказала Сурвіла. — Старшыня Рады Язэп Сажыч у пэўны момант схіляўся да складаньня паўнамоцтваў, мой муж Янка, які таксама ўваходзіў у Раду, шмат з кім па тэлефоне абмяркоўваўтакую магчымасьць. Янка лічыў Раду БНР вялікай каштоўнасьцю беларускага народа і натуральна ж быў супраць такога кроку. Тады ўдалося пераканаць Сажыча гэтага не рабіць».
Адным з аргумэнтаў было і рашэньне канфэрэнцыі ў Менску.
«Пастанова канфэрэнцыі ў Бэрліне ў 1925 годзе была памылкаю»
Лідэр БНФ лічыў, што Раду БНР зарана «сьпісваць у архіў».
«Беларусы ўсяго сьвету павінны аб’яднаць свае намаганьні і сілы дзеля ўмацаваньня нашай дзяржавы, яе незалежнасьці і эканомікі, навукі і культуры, — заклікаў на канфэрэнцыі Зянон Пазьняк. — Нагадваючы пра нелегітымнасьць Вярхоўнага Савету, павінен адзначыць, што легітымнасьцю валодае якраз Рада БНР. Трэба прыкласьці намаганьні, каб умацаваць Раду, гарантаваць яе палітычнае функцыянаваньне. Мяркую, штотрэба прадугледзець працэдуру, каб у пэўны момант гісторыі ці верагоднага безуладзьдзя мець магчымасьць правесьці выбары (ці давыбары) у Раду БНР ад палітычных арганізацыяў мэтраполіі, (гэта значыць, Беларусі), сфармаваць урад і прыступіць да выкананьня абавязкаў. Упэўнены, што сьвятая справа Беларускай Народнай Рэспублікі можаяшчэ ня раз паслужыць нашай дарагой Бацькаўшчыне».
Дэлегаты менскай канфэрэнцыі прызналі пастанову, прынятую ў Бэрліне ў 1925 годзе, памылкай. Рэзалюцыя, падрыхтаваная з удзелам гісторыкаў і юрыстаў, давала гістарычную і прававую ацэнку:
«Пастанова Другой Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі прымалася прыватнымі асобамі. Старшыня Рады БНР Пётра Крачэўскі ды ягоныя наступнікі засталіся верныя ідэалам Беларускай Народнай Рэспублікі, яе Устаўных Граматаў, нягледзячы на ўсе намаганьні як бальшавікоў, гэтак і нямецкіх фашыстаў схіліць іх да супрацоўніцтва. У пасьляваенны час Рада БНР усе гады зьяўля-
Выступае Васіль Быкаў.
лася захавальніцай ідэалаў Беларускай Народнай Рэспублікі, дзеля чаго была атакаваная бальшавіцкаю прапагандай і фальсыфікатарамі гісторыі. Удзельнікі Трэцяй Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ўважаюць, што Рада БНР павінна працягваць сваю дзейнасьць да таго часу, пакуль у Рэспубліцы Беларусь на падставе дэмакратычнага выбарчага закону ня будуць праведзены выбары ў новы парлямэнт, пакуль ня будзе прынята дэмакратычная Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, пакуль у краіне не ўсталюецца палітычная і эканамічная дэмакратыя, пакуль зь Беларусі ня будуць выведзеныя ўсе замежныя войскі».
У рэзалюцыі канфэрэнцыі аб палітычным становішчы адзначалася, што існуючая сыстэма не замацоўвае дзяржаўную незалежнасьць, не спрыяе эканамічным рэформам і прыцягненьню замежных
інвэстыцый, адбываецца незаконная прыватызацыя агульнанароднай маёмасьці. Канфэрэнцыя асудзіла рашэньне Вярхоўнага Савету ад 29 кастрычніка 1992 году аб забароне рэфэрэндуму пра датэрміновыя выбары і запатрабавала скасаваць гэтую пастанову і правесьці не пазьней як вясной 1994 году выбары ў новы парлямэнт.
Дэлегаты выказаліся супраць уступленьня ў вайсковы саюз з Расеяй і іншымі краінамі СНД. Таксама гаварылася ў рэзалюцыі пра гарантаваньне свабоды слова, паглыбленьне працэсу нацыянальна-культурнага адраджэньня праз строгае выкананьне Закону аб мовах, рэформу сыстэмы адукацыі ды іншае, што, па сутнасьці, пацьвярджала асноўныя праграмныя палажэньні БНФ, БСДГ ды іншых дэмакратычных партый нацыянальнай арыентацыі.