Дзевяноста трэці
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 536с.
2018
Праўда, потым Пазьняк казаў, што вылучаў мяне ў склад кіруючага органу і мела месца тэхнічная памылка — відаць, так яно і здарылася. Але я палічыў непатрэбным высьвятляць, хто вінаваты, дамагацца выпраўленьня сытуацыі (тым больш што Сойм абірае зьезд і толькі ён), і сябрам найвышэйшага органу БНФ я сябе не лічыў. I зусім не пераймаўся з гэтай прычыны, бо цэнтар палітычных рашэньняў даўно ўжо быў у парлямэнцкай апазыцыі, а там працы было вышэй галавы. Канешне, звычайна я прысутнічаў на пасяджэньнях Сойму, але не на ўсіх.
Сапраўды, як нагадвае Леанід Лыч, вясной 1992 году адбывалася пасяджэньне Управы Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», ішла падрыхтоўка да форуму беларусаў блізкага замежжа, і я прапанаваў правесьці ў Менску прадстаўнічы зьезд беларусаў усяго сьвету, на які б сабраліся і беларусы сумежных краінаў, і прадстаўнікі дыяс-
пары з-за акіяну. Уласна, выказаць такую прапанову першым мог які заўгодна ўдзельнік таго сходу. Ідэя была падтрыманая міністрам замежных спраў Пятром Краўчанкам.
Старшыня КДБ: «Эмігранты ўжо накаяліся»
Эмігрантаў мае кожная краіна, і ці ня кожная нацыя мае дыяспары за мяжой. Але толькі ў таталітарных краінах слова «эмігрант» тоесна слову «здраднік».
У Савецкім Саюзе існавала магутная арганізацыя, якая спэцыялізавалася на змаганьні са здраднікамі дзяржаве — КДБ (здраднікамі сямейнымі зь ня меншым імпэтам займаліся партарганізацыі і прафсаюзы).
Ужо некалькі гадоў як пачало мяняцца афіцыйнае стаўленьне да эмігрантаў, якіх у савецкія часы інакш як «паліцаямі» або «здраднікамі Радзімы» не называлі.
Красамоўны прыклад дае ў прыгаданай вышэй кнізе Леанід Лыч, цытата вялікая, але вартая, каб яе прывесьці:
«Цяжка даецца веры, але круты паварот да эміграцыйнай праблемы стаў назірацца на пераломе 80-х — 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя з боку Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі, г. зн. таго органу, які больш за іншых паганіў тых, хто жыў па-за яе мяжой, уносіў уласьцівымі яму сродкамі раздрай у іх асяродзьдзе, не дапускаў і думкі пра збліжэньне, прымірэньне з апошнімі.
Сказанае пацьвярджаецца зьместам праведзенай у сьнежні 1991 г. размовы кіраўнікоў КДБ Рэспублікі Беларусь з журналістамі газэты «Набат»
(№ 17, рэдактар Васіль Якавенка). Сам старшыня КДБ РБ Эдуард Шыркоўскі заявіў, што гэты орган бярэ «на сябе частку адказнасьці за тое, што рабілася ў дачыненьні да нашай эміграцыі ў мінулым... Калі мы аб’явілі сябе сувэрэннымі, незалежнымі, дык збліжэньне з замежжам павінна стаць нашай дзяржаўнай палітыкай».
А з вуснаў намесьніка начальніка адной з управаў КДБ РБ Аляксея Даніліка прагучала такое, чаго раней не пачуў бы і ў самым вузкім коле работнікаў савецкай намэнклятуры: «Нават тыя, хто супрацоўнічаў зь немцамі ў гады акупацыі, не падлягаюць крымінальнаму перасьледу, ім ня трэба баяцца якіх-небудзь рэпрэсій». Тую «неардынарную» размову начальнік аднаго з аддзелаў КДБ РБ Віктар Дзьмітрыеў і сам Шыркоўскі закончылі даволі аптымістычна: «Што да эмігрантаў — трэба дараваць ім усім за тэрмінам даўнасьці і, магчыма, усім пакаяцца» (В. Дзьмітрыеў). «Я ня схільны да таго, каб прасіць нашых эмігрантаў пакаяцца. Яны і без таго ў замежжы накаяліся. Менш ім трэба нагадваць пра гэта» (Э. Шыркоўскі)».
Пакіну гэтую цытату без камэнтароў.
«Бацькаўшчына» крытыкуе рашэньне Сойму БНФ
Кіраўніцтва «Бацькаўшчыны» распачало падрыхтоўку да зьезду, і сам факт яго правядзеньня не выклікаў ніякага пярэчаньня ў кіраўнікоў БНФ — ва ўсялякім разе, я пра гэта ня чуў. Да пэўнага моманту, пакуль у пачатку лютага Вярхоўны Савет не скасаваў сваё рашэньне аб прыпыненьні дзей-
насьці КПБ-КПСС, прынятае ў гістарычны дзень 25 жніўня 1991 году.
Зрэшты, гэта была толькі нагода — як вядома, пракамуністычныя, праімпэрскія сілы ішлі ў наступ, а ўрад пакідаў усё меней магчымасьцяў для нацыянальнага адраджэньня. 13 лютага Сойм БНФ прыняў рашэньне не падтрымліваць правядзеньне Першага зьезду беларусаў сьвету, паколькі яго могуць скарыстаць у сваіх мэтах антынезалежніцкія сілы.
Пра пастанову імгненна паведамілі дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, навіну паўтаралі ў праграмах тэлебачаньня і радыё, чаго з рашэньнямі Сойму БНФ не было раней і не здаралася пазьней. Несумненна, апарат ураду імкнуўся давесьці да грамадзтва, што ў лягеры патрыётаў адбыўся раскол, а таксама зьменшыць значнасьць зьезду.
Напэўна, гэта была адзіная пазыцыя, па якой у мяне былі разыходжаньні зь некаторымі сябрамі Сойму БНФ. Я лічыў, што браць удзел у зьезьдзе трэба абавязкова, што гэта надзвычайная падзея, вышэйшая за разыходжаньні з кіраўніцтвам Саўміну — зразумела, у выпадку, калі кіраўніцтва гэтае не скарыстае зьезд у сваіх мэтах. Але менавіта ўдзел фронтаўцаў быў бы найбольшай перашкодай для такога.
17 лютага Ўправа ЗБС «Бацькаўшчына» прыняла заяву, у якой скрытыкавала рашэньне Сойму. «Мы ня схільныя ўсьлед за Народным Фронтам панікаваць з выпадку адмены Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь часовай забароны КПБ, бо гэта і так не перашкаджала камуністам аб’ядноўваць свае арганізацыі, толькі што пад іншымі назвамі. Ставіць скліканьне Першага зьезду беларусаў
сьвету, гэтай важнай падзеі агульнанацыянальнага значэньня, у непасрэдную залежнасьць ад прынятага рашэньня наконт камуністычнай партыі — ці не занадта вялікі гонар для іх, ці не завельмі вялікая ўступка нашым праціўнікам?! Менавіта сёньня, у складаных умовах барацьбы за незалежнасьць, за дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі, за нацыянальнае Адраджэньне, патрэбна яднаньне беларусаў сьвету, Бацькаўшчыны з дыяспарай».
Управа ЗБС заявіла, што валтузьня некаторых дзяржаўных СМІ вакол рашэньня Сойму не паўплывае на пастановы кіраўніцтва «Бацькаўшчыны», a таксама на ўхвалы Першага сходу беларусаў блізкага замежжа і XX Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі і Канады, на «жаданьне тысячаў беларусаў з розных канцоў сьвету, якія адчуваюць душэўную патрэбу ў моцнай лучнасьці з Бацькаўшчынай і жадаюць удзельнічаць ва Усебеларускім зьезьдзе, пра што нельга было і марыць падчас панаваньня таталітарнай камуністычнай імпэрыі».
Кіраўніцтва «Бацькаўшчыны» выказала меркаваньне, што Першы зьезд беларусаў сьвету павінен «выпрацаваць такія рашэньні, што былі б істотным гарантам нашага Адраджэньня, выбраць прадстаўнічы орган, да думкі якога будуць прыслухоўвацца найвышэйшая заканадаўчая і выканаўчая ўлады Беларускай дзяржавы».
Менская газэта «Добры вечар» (орган прагрэсіўнага сталічнага гарсавету) надрукавала заяву «Бацькаўшчыны» на першай паласе, а аглядальнік Максім Грэк (Максім Гілевіч) у камэнтары выказаў спадзяваньне «на перагляд свайго рашэньня Соймам Беларускага Народнага Фронту. Камуністам горш ад таго, што БНФ не паўдзельнічае на
Ўсебеларускім форуме, ня будзе. Горш ад нашай разьяднанасьці будзе толькі нам самім».
Нягледзячы на гэтыя і іншыя заклікі, кіраўніцтва БНФ не пераглядала сваё рашэньне аж да моманту, калі да зьезду засталіся лічаныя дні. Але прычына была ўжо іншая — узьнікла пагроза, што ўрад Кебіча даможацца ад Рады БНР рашэньня скласьці свае паўнамоцтвы. Аднак гэтая засьцярога была зьнятая правядзеньнем III Усебеларускай канфэрэнцыі з удзелам лідэраў партый і прадстаўнікоў дыяспары, якая прайшла напярэдадні Першага зьезду беларусаў сьвету. Канфэрэнцыя пацьвердзіла паўнамоцтвы Рады БНР.
У выніку, кіраўніцтва БНФ узяло ўдзел у працы зьезду, у тым ліку і мы, дэпутаты, а ў штаб-кватэры Фронту на Варвашэні, 8 было наладжана прыманьне гасьцей з замежжа.
«Нават без аднаго чалавека нацыя няпоўная»
Зьезд сабраўся 8 ліпеня ў Опэрным тэатры. Я крыху спазьніўся на адкрыцьцё. і калі ўвайшоў у залю, ніводнага свабоднага месца ўжо не было — 996 дэлегатаў запоўнілі залю і ўсе бальконы.
«Сёньняшняя сустрэча зьяўляецца зьявай унікальнай», — сказаў Лявон Луцкевіч зь Вільні, магчыма, не разумеючы, што і сам уяўляе сабой сымбаль як нашчадак айцоў-заснавальнікаў БНР.
Настрой ва ўсіх быў узьнёслы, пачуцьці шмат каго з удзельнікаў трапна выказаў у сваёй прамове Станіслаў Шушкевіч:
«За маё жыцьцё я зьведаў розныя штампы, якімі характарызаваліся розныя падзеі, але я абсалютна
Прэзыдыюм Першага зьезду беларусаў сьвету.
перакананы, што мы сёньня з вамі зьяўляемся ўдзельнікамі падзеі гістарычнай. Першы раз за многія гады без прымусу, без падказкі сабраліся беларусы на сваё сьвята, на свой Першы зьезд, і ніхто не перашкаджаў ім гэта рабіць. Ня ведаю, ці многія з вас былі ўпэўненыя ў тым, што мы дажывём да такой падзеі. Я на такое не спадзяваўся. Я думаў, што гэта будзе лёс маіх дзяцей або ўнукаў. Але тое, што мы з вамі дажылі да гэтай падзеі, азначае, што можа быць лепей, чым тое, на што мы разьлічваем».
Адкрыў зьезд Васіль Быкаў.
«Распалася савецкая імпэрыя, але ў нас у галоўным мала што зьмянілася ад гэтага, — сказаў ён. — Нават тыя малыя рэшткі дэмакратыі і свабоды, якія вялікімі высілкамі дэмакратычных сілаў
і, найперш, іх авангарду — Беларускага Народнага Фронту — адваяваныя ў камуны, рызыкуюць быць адабранымі назад. Радзіма патрэбна дыяспары, але і дыяспара патрэбна радзіме. Аптымальны сацыяльна-палітычны лад можа быць збудаваны толькі агульнымі намаганьнямі, толькі высілкамі ўсёй нацыі, як мэтраполіі, так і дыяспары. Нават без аднаго чалавека нацыя няпоўная. Наша нацыя разьяднаная, раскіданая па ўсім сьвеце і ня толькі геапалітычна. Патрэбна аб яднаньне, калі толькі мы хочам вылезьці з прорвы, з гэтае ваўчынае пасткі, у якой апынуліся напрыканцы XX стагодзьдзя».
Грунтоўны даклад «Беларуская ідэя і адбудова беларускай дзяржаўнасьці» зрабіў віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук Радзім Гарэцкі, які сказаў пра неабходнасьць беларусізацыі ўсіх сфэраў жыцьця. Эмацыйным, як заўсёды, быў выступ Ніла Гілевіча. Выступіў віцэ-прэм’ер Міхаіл Дзямчук, які засяродзіўся на выкананьні Закону аб мовах (і на што, адзначу, ён меў поўнае маральнае права, паколькі ў якасьці міністра адукацыі быў адным з «лабістаў» гэтага закону ў папярэднім Вярхоўным Савеце).
Старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч назваў прычыны замаруджваньня дэмакратычных пераўтварэньняў:
«Трансфармацыя таталітарнага рэжыму ў дэмакратычную дзяржаву — працэс значна болып складаны, чым можна было сабе ўявіць на першым этапе нашай перабудовы, нашай пабудовы незалежнай дзяржавы. Цяжкасьці пераходнага пэрыяду руйнуюць веру простых людзей у тое, што можна такую дзяржаву пабудаваць. Гэта вельмі ўмела выкарыстоўваюць тыя, хто хоча правіць... I мы павінны сабрацца, мы павінны сканцэнтраваць нашыя ін-