Дзевяноста трэці
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 536с.
2018
Пры гэтым было ў нас шкадаваньне па страчаных магчымасьцях — страчаных, праўда, яшчэ не да канца, як мы тады лічылі.
«У той жа час мы чуем за сьпінай цяжкае дыханьне старой імпэрыі, якая ўсё яшчэ трымае нас за рукі, спрабуючы вярнуць, — працягваў Пазьняк. — Мы апынуліся як бы паміж Усходам і Захадам. У гэтай сытуацыі найбольш плённым рашэньнем, на мой погляд, было б усьведамленьне агульнасьці сваіх інтарэсаў, разуменьне сваёй ролі як стабілізуючай супрацьвагі паміж Усходам і Захадам... Калі мы не пачнем рабіць крокі насустрач адзін аднаму і аб’ядноўваць намаганьні, накіраваныя на самазахаваньне — мы пагоршым сваё становішча. Калі, напрыклад, у Беларусі з-за штучна створаных умоваў адбудзецца эканамічны абвал і наша краіна страціць частку свайго сувэрэнітэту, вынікам гэтага будзе стварэньне тут расейскага стратэгічнага пляцдарму».
Так і адбудзецца—ад канчатковага эканамічнага краху Аляксандар Лукашэнка ўратаваўся коштам здачы Маскве пэўных элемэнтаў сувэрэнітэту,
найперш, шчыльна прывязаўшы краіну да ваеннага комплексу Расеі; праз чвэрць стагодзьдзя пасьля цытаванай прамовы лідэра БНФ маскоўскія аналітыкі ня будуць хаваць, што Беларусь — стратэгічны пляцдарм Расеі на заходнім накірунку. Але трэба прызнаць, што пачатак быў пакладзены яшчэ Кебічам у 1993 годзе ўцягваньнем Беларусі ў сыстэму калектыўнай бясьпекі СНД.
Што да ідэі стварэньня стабілізуючай супрацьвагі паміж Усходам і Захадам, дык яна не ўспрымалася нашымі балтыйскімі партнэрамі, літоўцамі і латышамі, ва ўсялякім разе ў той ступені, на якую разьлічваў Пазьняк. Яны былі перакананыя, што ўжо адной нагой стаяць у Эўразьвязе і ў NATO. I ў гэтым яны былі недалёкія ад ісьціны, асабліва з улікам таго, што празь сем гадоў яны зрабіліся правадзейнымі членамі гэтых структураў.
Па цэнах, вышэйшых за сусьветныя
У сваім выступе Станіслаў Гусак абгрунтаваў неабходнасьць стварэньня Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару (БЧНК) найперш энэргетычнай залежнасьцю ад Расеі.
«Аднабаковы арыенцір на пастаўку нафты з Усходу прывёў да таго, што Беларусь цяпер ня мае сродкаў дастаўкі нафты акрамя як зьвязаных з Расеяй», — сказаў ён.
Таксама Гусак прывёў прыклады неадэкватнага, зусім не на карысьць Беларусі, гандлёвага абмену з Расеяй. «За адну тону расейскай нафты Беларусь пастаўляе ў Расею каля трох тонаў калійных соляў, тады як на сусьветным рынку цана адной тоны нафты эквівалентная цане дзьвюх тонаў калійных
Станіслаў Гусак, аўтар праекту Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару.
соляў. За трактар Менскага трактарнага заводу, рэалізаваны, напрыклад, у Кітаі, можна набыць па сусьветных цэнах 110-120 тонаў нафты, за той самы трактар, пастаўлены ў Расею, Беларусь атрымлівае 72 тоны нафты».
Прыгадаў Станіслаў Гусак і ўнёсак Беларусі ў нафтавую сыстэму Расеі: «Акрамя таго, штогадовыя ўнёскі Беларусі ў разьвіцьцё інфраструктуры Заходняй Сібіры складаюць дзясяткі мільярдаў рублёў. Беларусь штогод у месцах здабычы нафты пракладае 70 кілямэтраў дарог, узводзіць 6 000 квадратных мэтраў жыльля, будуе дзіцячыя садкі, школы, шпіталі, вядзе буравыя работы і гэтак далей. Агульны аб’ём штогадовых выкананых работ бяз кошту матэрыялаў складае 11 мільярдаў рублёў, а з улікам матэрыялаў і іншых расходаў — 65-75 мільярдаў рублёў. Гэта каля 70 мільёнаў даляраў».
Выснова Гусака была сэнсацыйнай: Беларусь набывае расейскую нафту па цэнах удвая вышэйшых за сусьветныя. Мушу сказаць, што такія лічбы (а 70 мільёнаў у 1993 годзе былі вялізнай сумай) Кебіч дэпутатам не называў, калі казаў, што «без Расеі не пражыць».
А ў якасьці выйсьця прапаноўвалася стварэньне краінамі ўласных інжынэрных камунікацый, якія б дазвалялі набываць і транспартаваць нафту па сваіх тэрыторыях зь іншых нафтаздабываючых краінаў.
Існавала некалькі варыянтаў агульнага нафтавага комплексу, найлепшым выглядаў той, пры якім можна было абмінуць расейскую Ўнечу, злучыўшы ўмоўны «паўднёвы» і «паўночны» ўчасткі нафтаправодаў перамычкай. Па тэрыторыі Украіны яна б пралягала на 482 кілямэтры, па Беларусі — на 145 кілямэтраў. Што да Ўкраіны, дык пры такім варыянце патрабавалася б будаўніцтва на яе тэрйторыі дадатковых чатырох памповачных станцыяў. Агулам, стварэньне комплексу, у залежнасьці ад варыянтаў, каштавала б ад 113 да 182 мільёнаў даляраў.
Заўважу, што ў 1993 годзе гэтая лічба ўяўлялася астранамічнай. У параўнаньні з памерамі запазычанасьцяў Расеі, якія Беларусь і Украіна назапасяць за наступныя дзесяцігодзьдзі — гэта хіба што толькі працэнты ад гэтых крэдытаў. Аднак ужо тады, у ліпені 1993-га, агульны настрой удзельнікаў канфэрэнцыі быў такі: трэба ісьці на гэтыя страты, бо яны дазволяць у будучыні зэканоміць значна большыя сродкі.
У выніковым дакумэнце ўдзельнікі канфэрэнцыі зьвярнуліся да парлямэнтаў і ўрадаў Беларусі, Латвіі, Літвы і Ўкраіны з прапановай неадкладна прыступіць да будаўніцтва Балта-Чарнаморскага
нафтавага калектару, даручыць пэўным службам выканаць тэхнічна-эканамічнае абгрунтаваньне. Было таксама прапанавана стварыць рэгіянальны банк разьвіцьця краінаў для фінансаваньня праекту і іншых падобных ініцыятываў у Балта-Чарнаморскім басэйне.
У пачатку ліпеня Вярхоўны Савет РФ выказаў прэтэнзіі на Севастопаль, і ўдзельнікі канфэрэнцыі назвалі гэта парушэньнем Хэльсынскіх пагадненьняў, пагрозай незалежнасьці і сувэрэнітэту Украіны, а таксама стабільнасьці і бясьпецы ва ўсходнім рэгіёне Эўропы.
«Расея свае ўнутраныя праблемы будзе перакладаць на нас, на зьнешні сьвет. Прэтэнзіі Расеі да Ўкраіны — гэта толькі пачатак», — выказаў прагноз кіраўнік Сакратарыяту Народнага Руху Ўкраіны Міхайла Байчышын.
Шмат журналістаў і мала публікацый
Мне давялося весьці выніковую прэсавую канфэрэнцыю, на якую сабралася шмат журналістаў. Але зусім няшмат было публікацый у дзяржаўных газэтах. Затое зьедлівых рэплік хапала — праект калектару, як і сама ідэя Балта-Чарнаморскай садружнасьці, падавалася няслушнай: навошта нешта будаваць з разьлікам на пэрспэктыву, калі ўжо сёньня, цяпер — вось яны, расейская нафта і расейскі газ?
Ідэя Балта-Чарнаморскай садружнасьці, якую Пазьняк і Чарнавол (палітыкі хай і з аўтарытэтам у пэўных колах грамадзтва, але без рэальнай улады) праводзілі пачынаючы з восені 1990 году, не ма-
гла быць рэалізаваная ва ўмовах, калі ўладу мелі прыхільнікі арыентацыі ў зусім іншым накірунку.
Аднак дзякуючы сыстэматычнаму нагадваньню пра БЧС, гэтая ідэя ўвайшла ў першай палове 90-х у масавую сьвядомасьць. У тыя дні мне даводзілася адказваць на пытаньні звычайных людзей у Віцебску — «Што гэта вы прыдумалі? Якая труба ад Чорнага да Балтыйскага мора?» Тое быў час абнаўленьня ўсіх сфэраў жыцьця, і зьяўленьне гэткіх праектаў не здавалася нечым фантастычным (людзі прызвычаіліся, што тое, што выглядае цалкам нерэальным, даволі хутка можа ўкараніцца ў жыцьцё; як зьнікненьне СССР, напрыклад).
Пры іншым стаўленьні афіцыйнай прапаганды, з правядзеньнем «круглых сталоў» па тэлебачаньні, пры іншым падыходзе Станіслава Шушкевіча і Вячаслава Кебіча — грамадзкая думка ўхваліла б такі праект.
Але адбылося інакш.
Тым ня менш, нават на тым этапе ідэя будаўніцтва Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару адыграла станоўчую ролю, і менавіта ў сфэры грамадзкай сьвядомасьці: людзі ўпершыню даведаліся, што можна і не залежаць ад Расеі. Ва ўсялякім разе, не залежаць у той ступені, зь якой фактычна пагаджаўся і якую падтрымліваў урад Вячаслава Кебіча.
У чым быў перакананы Пазьняк
Што да Пазьняка, які выступіў арганізатарам мерапрыемства, дык сам факт правядзеньня такой прадстаўнічай канфэрэнцыі ў Менску і стварэньня такога сур’ёзнага праекту сьведчыць, што лідэр
Ігар Гермянчук, Зянон Пазьняк, сяргей Навумчык на сустрэчы ў Акадэміі навук.
БНФ быў перакананы, што праз адносна кароткі час (два-тры гады) ён даб’ецца рэальнай ўлады.
Пазьняк пазыцыянаваў сябе так, нібыта ў хуткім часе БНФ прыйдзе да ўлады, а ён — да кіраваньня краінай. Думаю, што ён ні на сэкунду не сумняваўся ў гэтым. Сапраўды, без такога перакананьня гэткія ідэі не фармулююцца і такія праекты не ствараюцца.
Той, хто выкажа папрок ініцыятарам у пражэкцёрстве, мусіць, аднак, прызнаць, што ў нашых апанэнтаў (у дадзеным выпадку, ва ўрадзе Кебіча) — не было роўна нічога, што можна было б супрацьпаставіць паліўнаму шантажу Масквы.
Увогуле, у 1993 годзе адной з галоўных тэмаў выступаў Пазьняка (а магчыма, і галоўнай) была пагроза імпэрскага рэваншу Расеі. Але толькі
зусім невялікая частка грамадзтва ўспрыняла гэты тэзіс. Міжволі прыгадваецца рэакцыя брытанскага насельніцтваў 1930-я гады на папярэджаньні Чэрчыля пра небясьпеку з боку Гітлера і нацысцкай Нямеччыны (я параўноўваю не рэжымы і не краіны, а рэакцыю людзей). Над Чэрчылем, у лепшым выпадку, сьмяяліся — да моманту, пакуль ня ўзьнікла рэальная верагоднасьць захопу Вялікай Брытаніі.
Праз гады прэзыдэнты краінаў Балта-Чарнаморскага рэгіёну (але без кіраўніка Беларусі) правядуць некалькі самітаў з абмеркаваньнем розных аспэктаў шчыльнага палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва. Канфэрэнцыі рэгіёну будуць адбывацца ў розных фарматах, у розных сталіцах, ад Беларусі будуць запрашаць розных апазыцыйных палітыкаў, але ніколі ня будзе запрошаны адзін з ініцыятараў стварэньня садружнасьці — Зянон Пазьняк (другі ініцыятар, Вячаслаў Чарнавол, будзе ўжо ў магіле). Гэта—стыль сучаснай генэрацыі палітычнага істэблішмэнту, «людзей на хвіліну».
Адносна ж праекту калектару ў 2007 годзе ў часе онлайн-канфэрэнцыі на Радыё Свабода Станіслаў Гусак заўважыў, што «быў страчаны час, які мог пайсьці на карысьць Беларусі... He хапала палітычнай волі, не хапала проста розуму для таго, каб гэтым займацца зь першага дня, і калі б мы гэта зрабілі, то сёньня можна было б гаварыць пра тое, што Беларусь сапраўды незалежная дзяржава ў паліўна-энэргетычным пляне».
Зьнікненьне Міхайлы Байчышына
Скончыць гэты сюжэт даводзіцца на трагічнай ноце, днём, які надышоў праз два тыдні пасьля
пачатку наступнага, 1994 году — 15 студзеня. Дзень увогуле для найноўшай гісторыі Беларусі прыкметны. Менавіта ў гэты дзень адбыўся візыт у Менск прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана, выйшаў артыкул Зянона Пазьняка «О русском нмперналнзме н его опасностн», літоўскія спэцслужбы вывезьлі зь Беларусі лідэраў кампартыі, якія абвінавачваліся ў антыдзяржаўных дзеяньнях (што было нагодай для закрытага пасяджэньня Вярхоўнага Савету Беларусі, на якім Лукашэнка паставіў пытаньне пра адстаўку Станіслава Шушкевіча — гэтым разам вынікова).