Дзевяноста трэці
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 536с.
2018
Прыехаўшы ў Віцебск у траўні 2016-га пасьля 20-гадовай адсутнасьці, я ўбачыў спрэс зрусыфікаваны горад — такім маглі б быць Тула, Вятка альбо Кемерава. Расейскамоўныя вітрыны (нават з «Ь» ), расейскія цыбуліны на храмах, аднаўленьня якіх дамагаліся мы ў канцы 1980-х — пачатку 90-х,
і за некалькі дзён я пачуў толькі адно беларускае слова (калі не лічыць родных і сяброў). Затое таксісты, не стрымліваючы сябе ў нэгатыўнай ацэнцы Лукашэнкі («маленькне зарплаты»), хацелі, каб прыйшоў Пуцін і навёў парадак («н зарплаты нам сделал, как в Росснн»).
Канешне, у 1993-м Віцебск ня быў выключэньнем — па ўсёй Беларусі Закон аб мовах, прыняты яшчэ Вярхоўным Саветам XI скліканьня, ня дзейнічаў, бо проста сабатаваўся чыноўнікамі. Пра гэта казалі з трыбуны сэсіі кіраўнікі парлямэнцкай камісіі Ніл Гілевіч, Алег Трусаў, Лявон Баршчэўскі, Яўген Цумараў, дэпутаты Апазыцыі БНФ — але словы ляцелі ў паветра. Вялізнымі намаганьнямі камісіі Гілевіча ўдалося нешта прасунуць у галіне адукацыі і культуры — але і толькі.
Прыклад чыноўнікам паказваў старшыня Савету міністраў Кебіч, выступаючы выключна парасейску.
Тут я павінен адзначыць, што іншымі былі пазыцыі некаторых членаў ураду — віцэ-прэм’ера Міхаіла Дземчука, міністра інфармацыі Анатоля Бутэвіча, міністра культуры Яўгена Вайтовіча, міністра замежных спраў Пятра Краўчанкі — пры сваім партыйна-камуністычным мінулым, пры часам непрымальных для нас палітычных поглядах, гэтыя асобы сымпатызавалі нацыянальнаму Адраджэньню. Ва ўсялякім разе, рабілі яны значна больш, чым маглі б рабіць пры цалкам індыфэрэнтным стаўленьні да беларушчыны іх галоўнага патрона.
Хоць былі і прыемныя сюрпрызы там, дзе, здавалася, іх чакаць не даводзілася.
У газэце Міністэрства абароны «Во славу Роднны» існавала сталая рубрыка ўрокаў беларускай мовы (кожная публікацыя займала амаль паласу), вяла іх Валянціна Раманцэвіч. Другі год выходзіла тэматычная гістарычная рубрыка «Паходня» з тэкстамі, якія зрабілі б гонар што «Літаратуры і мастацтву», што «Свабодзе», што «Навінам БНФ».
У рубрыцы «Знаёмыя незнаёмцы» газэта зьмяшчала інтэрвію зь дзеячамі нацыянальнай культуры і літаратуры. Пералічу загалоўкі: «Калі кожны заб’е “крыжака» ў сваім сэрцы, мы, можа, і прыйдзем да чалавечага жыцьця» (пісьменьнік Кастусь Тарасаў), «Мы павінны ведаць такую гісторыю, якой яна была, хай нават там былі і непрыемныя моманты» (археоляг Георгі Штыхаў), у іншым нумары — гутарка з Вольгай Іпатавай. Пра былых дысыдэнтаў і актывістаў дэмакратычнага руху — герояў сваёй кнігі «Іншадумцы», уганараванай Дзяржаўнай прэміяй Беларусі—распавёў Аляксандар Уліцёнак. На беларускай мове пісалі адказны сакратар газэты падпалкоўнік Сьвятаслаў Асіноўскі, капітан Аляксандар Карлюкевіч. Скажам, рэпартаж апошняга зь Першага зьезду беларусаў сьвету вызначаўся куды большай аб’ектыўнасьцю, чым у «Советской Белорусснн», падрабязна пераказваліся выступы Васіля Быкава ды іншых прамоўцаў, якія крытыкавалі ўрад і міністра абароны.
Падручнікі распавядаюць пра Курапаты і пра Гарэцкага
Цяпер, калі я пішу гэтую кнігу, афіцыйнай прапагандай сьвядома культывуецца адмоўнае стаўленьне да пачатку 1990-х гадоў — як да пэры-
яду нібыта безуладзьдзя і галечы, калі толькі невялікая купка нацыянальнай інтэлігенцыі ды бізнэсоўцы радаваліся пераменам, а большасьць людзей ахапілі роспач і адсутнасьць пэрспэктывы. I толькі Лукашэнка адкрыў новыя гарызонты. Маўляў, быў «бардак» — стаў «парадак».
Добра адказаў на такія закіды тэатральны крытык, журналіст Вячаслаў Ракіцкі:
«Бачылі простыя людзі пэрспэктывы, чакалі пераменаў, верылі ў іх. 3 гэтай надзеяй выходзілі дзясяткі тысяч людзей на вуліцы і плошчы. Гэта для мяне, маёй мамы, маіх сяброў, калегаў, суседзяў былі шчасьлівыя і поўныя надзеяў гады. Мы радаваліся краху агіднай імпэрыі, краху чорнай ідэалёгіі камуністаў. Слова “бардак” датычна агулам 1990-я гадоў зьневажае мяне і асабіста.
На пачатку 90-х усё, што мы рабілі, было падпарадкавана лёгіцы пераменаў, незалежнасьці. Паступова нашы справы зьліваліся ў сыстэму. I ў палітыцы, і ў культуры. Пра культуру, да якой я меў дачыненьне. Была адмененая цэнзура. У Купалаўскім тэатры ішлі дзясяткі гадоў забароненыя “Тутэйшыя”. Геніяльны быў спэктакль. На “Беларусьфільме” ўзьніклі самастойныя кінастудыі, вынікам — шэраг вельмі цікавых фільмаў. Беларуская рок-музыка знайшла сабе месца ў мастацкай прасторы.
Я быў галоўным рэдактарам першага незалежнага культурніцкага часопіса “Спадчына”, у якім мы вярнулі сотні раней забароненых тэкстаў. 3 рэдакцыі я бег выкладаць у першы недзяржаўны Інстытут сучасных ведаў, паралельна набраў упершыню абсалютна беларускамоўны курс драматургаў ва Унівэрсытэце культуры. I на Плошчу
пасьпяваў. Тое, што рабілася ў культурнай сфэры і вылівалася ў сыстэму, гэта найвялікшае ў гісторыі Беларусі нацыянальна-культурнае будаўніцтва.
А ўжо ў другой палове 1990-х новая ўлада, якая стала на калені перад Масквой, пачала разбураць зробленае. I дасягнула неўзабаве жахлівых посьпехаў. Каб выкарыстоўваць слова “бардак”, прынамсі трэба расплюшчыць вочы, вывучыць найноўшую гісторыю. I не пляваць у чысты калодзеж, якім гэтая гісторыя і ёсьць».
Канкрэтызую словы Вячаслава Ракіцкага пра нацыянальна-культурнае будаўніцтва.
У адукацыі адбываўся сапраўдны нацыянальны прарыў — у вышэйшых навучальных установах не паўсюль, але пачалося выкладаньне па-беларуску. Беларускі гуманітарны ліцэй стаў экспэрымэнтальнай беларускамоўнай пляцоўкай для новых праграмаў, мэтодык і нават новых школьных прадметаў, якіх у краіне дагэтуль не выкладалі — гісторыі і культуры беларускай мовы, усясьветнай літаратуры.
У 1993 годзе падручнікі савецкага часу мяняліся на новыя.
У вучэбным дапаможніку «Беларусь — мая Радзіма», зацьверджаным Міністэрствам адукацыі Беларусі для сярэдняй школы, абвяшчэньне незалежнасьці БНР 25 сакавіка 1918 году падавалася як «акт вялікага гістарычнага значэньня», распавядалася пра рэпрэсіўны характар калектывізацыі і высылку тысяч беларускіх сялян у Сібір, пра зьнішчэньне нацыянальнай інтэлігенцыі, пра Курапаты — «фактычна такімі курапатамі была пакрытая ўся беларуская зямля». У разьдзеле, прысьвечаным сучаснасьці, казалася, што з 1991 году «над намі
Марка, прысьвечаная Максіму Гарэцкаму.
лунае спрадвечны бел-чырвона-белы нацыянальны сьцяг. А наша «Пагоня», якая парвала ланцугі камуністычнай тыраніі, зноў імчыць у пагоню за шчасьцем і воляй беларускага народа».
Менавіта ў 1993 годзе ўрочышча Курапаты — месца масавых расстрэлаў ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсій — было ўнесенае ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.
У лютым маштабна былі адзначаныя 100-я ўгодкі Максіма Гарэцкага. У Менску ў тэатры імя Янкі Купалы прайшла ўрачыстая вечарына з удзелам старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча, намесьніка старшыні Саўміну Міхаіла Дзямчука, міністраў культуры і інфармацыі Яўгена Вайтовіча і Анатоля Бутэвіча. А на Магілёўшчыне, у Малой Багацькаўцы быў адкрыты музэй пісьменьніка, у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі
прайшлі юбілейныя літаратурныя чытаньні і ўрачыстае пасяджэньне, была адкрытая мэмарыяльная шыльда.
Ва ўрачыстасьцях на Магілёўшчыне ўзялі ўдзел ня толькі пляменьнік пісьменьніка віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук Радзім Гарэцкі, літаратары Янка Брыль і Ніл Гілевіч, рэктар Горацкай акадэміі, але і віцэ-прэм’ер Міхаіл Дзямчук, намесьнік міністра культуры Ўладзімер Гілеп, кіраўнікі Мсьціслаўскага і Горацкага раёнаў, і нават кіраўнік Вяземскай раённай адміністрацыі (Расея).
Праз дваццаць гадоў уявіць такі дзяржаўны ўзровень і маштаб ушанаваньня памяці рэпрэсаванага беларускага літаратара будзе немагчыма, а дом у Горках, дзе жыў Гарэцкі (адзінае жытло пісьменьніка, якое яшчэ захавалася на тэрыторыі Беларусі), будзе зьнесены — мясцовае начальства рыхтавалася да правядзеньня «Дажынак» з удзелам Лукашэнкі, а дом замінаў дарозе да амфітэатру, дзе адбывалася «сьвята ўраджаю».
Айцы БНР, Купала і Геніюш
«Небагата, але шчасьліва і цікава» — так можна было б ахарактарызаваць нашае з жонкай жыцьцё ў 1993-м, і ня толькі таму, што былі маладыя.
Небагата — таму што я ўжо не працаваў на сталай пасадзе ў парлямэнцкай камісіі, і наш месячны сямейны бюджэт складаўся, калі не памыляюся, з 35 -40 даляраў. Гэта сапраўды было няшмат. Неяк сябра прапанаваў перакласьці на беларускую інструкцыю для сокавыціскалкі фірмы Bosh. Працу трэба было зрабіць да раніцы, затое аплата — аж 20 даляраў! Усю ноч перакладалі, але пасьпелі.
А шчасьліва — вось якраз у тым ліку і таму, што замежныя фірмы, якія прыходзілі ў Беларусь, лічылі нормай зьвяртацца да людзей на беларускай мове, што з кожным днём беларускасьць пашыралася, і зваротнай дарогі, як нам здавалася, ня будзе.
I, канешне, гэта было цікава — новыя кнігі, новыя спэктаклі, новыя выставы.
Але тут я хачу зрабіць адно прызнаньне.
У пачатку 1990-х я не чытаў «Нашу Ніву», не чытаў кнігі аўтараў, якія раней былі забароненыя, і творы, якія выходзілі. I зусім не таму, што «Наша Ніва» была нявартым выданьнем — вельмі вартым. 1 аўтары, якія падпісвалі мне кнігі, справядліва лічацца клясыкамі беларускай літаратуры.
У той час, здаецца, я не прачытаў ніводнага твора мастацкай літаратуры.
Хоць да гэтага і пасьля — чытаў і чытаю шмат.
Тады я не чытаў нічога іншага, што не было непасрэдна зьвязана з актуальнай палітыкай.
Бо ўсе сілы гэтай палітыцы аддаваў.
Гэта ня значыць, што паміж сэсіямі парлямэнту, пасяджэньнямі апазыцыі, сустрэчамі з выбаршчыкамі і мітынгамі зусім не было вольнага часу — ён быў, канешне. Але я пераключаўся не на літаратуру. Бо чытаньне ці перачытваньне сур’ёзнай мастацкай літаратуры для мяне — гэта таксама праца, якая, даючы асалоду, адначасна забірае ўсяго, нават калі гэта творы, якія я ведаю на памяць.
Калі адзін знаёмы скрывіўся ва ўхмылцы пасьля такога майго прызнаньня, я сказаў, што калі б шмат чытаў — мяне трэба было б судзіць народным трыбуналам і пакараць найвышэйшай мерай. Бо тады б ужо не засталося сілаў на палітыку — на тое, у чым
палягала мая і маіх калегаў па апазыцыі галоўная на той час місія.
А чытаць у 1993 годзе было што.
Часопіс «Спадчына», дзе фармальным рэдактарам быў Іван Чыгрынаў, але рэй вялі Вячаслаў Ракіцкі (пазьней ён заняў пасаду галоўнага рэдактара), Кастусь Тарасаў і Вінцук Вячорка, вяртаў у масавую сьвядомасьць дзясяткі імёнаў, падзеяў і тэкстаў, ключавых для беларускай гісторыі і сьветапогляду, але забароненых цягам дзесяцігодзьдзяў.