Эканамічная гісторыя Беларусі
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 432с.
Мінск 1996
Чэлядзь нявольная знаходзілася ў поўнай уласнасці феадалаў, працавала ў іх маёнтках, але не мела зямельных надзелаў і абслугоўвала дваровую гаспадарку. Гэта катэгорыя мела пачатак ад былога хатняга рабства. Статут 1529 г. абавязваў землеўладальніка карміць сваю чэлядзь, а калі ён у галодны год выганяў чаляднікаў, тыя станавіліся вольнымі. Феадал мог прадаць ці закласці сваю чэлядзь. Аднак гэта частка залежнага насельніцтва не была шматлікай і не з’яўлялася асноўнай працоўнай сілай у гаспадарцы.
Такімі былі структура і абавязкі асноўнага вытворчага
86
класа — сялянства. Кіруючая роля ў грамадстве таго часу належала землеўладальнікамфеадалам.
Вярхоўным уласнікам зямель Вялікага княства Літоўскага лічыўся вялікі князь як кіраўнік дзяржавы. Разам з тым землі падзяляліся на дзяржаўныя і прыватныя. У сваю чаргу дзяржаўныя былі двух катэгорый: воласці і гаспадарскія двары. У валасцях ворныя землі былі ў асабістым карыстанні сялян, а астатнія выкарыстоўваліся калектыўна, належалі абшчыне. Воласць звычайна складалі некалькі сёл, яна была адміністрацыйнай адзінкай. У адрозненне ад валасцей гаспадарскія двары належалі непасрэдна кмязю, кіраваліся яго адміністрацыяй і забяспечвалі княжацкі двор і казну ўсім неабходным.
У канцы XIV ст. дзяржаўныя землі значна павялічыліся за кошт ліквідацыі буйных удзельных княстваў і ўвядзення намесніцтваў. Аднак у XV — XVI стст. вялікія князі раздалі шмат валасных зямель феадалам за службу, a таксама царкве. Калі ў канцы XIV ст. на дзяржаўных землях жыла большая частка насельніцтва, то ў першай чвэрці XVI ст. — толькі 1/3.
Дзяржаўныя землі пераважалі на ўсходзе Вялікага княства, таму што феадалы не вельмі імкнуліся атрымаць там уладанні, нават былі выпадкі просьбаў памяняць іх на заходнія. Гэта тлумачылася тымі абставінамі, што на ўсходзе дзяржавы вяліся амаль перманентныя войны з Расіяй і гэта не спрыяла павелічэнню прыбыткаў землеўладальнікаў. У гэты ж час на захадзе Беларусі пераважала прыватнае землеўладанне. Феадалы мелі зямлю ў спадчыннай уласнасці ці атрымлівалі яе на час службы.
Рост феадальнага землеўладання ў XV — XVI стст. адбываўся рознымі шляхамі: вялікакняжацкімі падараваннямі, дарэннямі з боку буйных феадалаў васалам ці царкве, купляйпродажам, залогам (заставай) і інш.
Асноўнымі відамі вялікакняжацкіх падараванняў былі: 1) часовае ”да волі”, ”да жывата”, ”да двух жыватоў” і г.д. (на тэрмін жыцця аднаго ці некалькіх пакаленняў); 2) ”на вечнасць” з правам ці без права продажу. Ва ўладанне феадалам даваліся цэлыя воласці, маёнткі, вёскі з насельніцтвам і павіннасцямі, а таксама нават асобныя сем’і ці сяляне. У канцы XV ст. скарачаецца ўдзельная вага часовых падараванняў і павялічваецца колькасць падараванняў ”на вечнасць”.
Вялікі князь і свецкія феадалы дарылі землі і царкве, перш за ўсё каталіцкай. Так, у 1539 г. Віленскае епіскапства
87
валодала 29 валасцямі, прычым 20 з іх былі на тэрыторыі Беларусі і складаліся з 2641 дыма. Рабіліся падараванні і праваслаўнай царкве, але яны не ішлі ні ў якое параўнанне з падараваннямі каталіцкай.
Дробныя землеўладальнікі неслі ваенную службу ў вялікага князя ці буйных феадалаў. Яны з цягам часу сталі называцца шляхтай, а буйнейшыя спадчынныя ўладальнікі маёнткаў у XV ст. — панамі. Некаторыя з іх былі князямі — нашчадкамі Рурыкавічаў і Гедымінавічаў, іншыя атрымлівалі зямлю за ваенную ці дзяржаўную службу (князі Друцкія, Лукомскія, Слуцкія, Кобрынскія, паны Гаштольды, Гальшанскія, Радзівілы і інш.).
Буйныя феадалы ў 1528 г. складалі 19 % ад агульнай колькасці землеўладальнікаў, валодалі 46,4 % зямельных угоддзяў. У той час дробныя феадалы, якія валодалі не больш чым 18 валокамі зямлі, складалі ў Беларусі 81 %, мелі 53,6 % зямельнага фонду.
Правы і прывілеі феадалаў пасгупова заканадаўча афармляліся. У канцы XVI ст. паны і шляхта былі пароўнены ў правах, а ўсё феадальнае саслоўе стала называцца шляхтай. Асноўным яе абавязкам была ваенная ці дзяржаўная служба і ў той жа час ёй забаранялася займацца рамяством і гандлем. Былі пастаўлены надзейныя заслоны для пранікнення ў шляхецкае саслоўе просгых людзей. 3 цягам часу некаторая частка шляхты бяднела і нават страчвала свае землі, але фармальна працягвала належаць да вышэйшага саслоўя.
Такім чынам, можна адзначыць, што ў XIII — першай палове XVI ст. зямля была асноўным сродкам вытворчасці і багаццем грамадства, і валоданне і распараджэнне ёю вызначала статус чалавека ў ім.
Удасканаленне прылад працы і агратэхнікі дазволіла пашырыць ворыўныя землі і атрымаць такую колькасць прыбавачнага прадукту, якая забяспечвала існаванне вышэйшага класа, апарату дзяржаўнага кіравання і прымусу, войска, царквы, давала магчымасць развівацца ўсім галінам культуры.
Асноўным вытворцам грамадскага багацця былі сяляне, якія складалі абсалютную большасць насельніцтва. Сяляне выконвалі шматлікія павіннасці на карысць шляхты, царквы і дзяржавы. У азначаны перыяд яны яшчэ захоўвалі некаторыя традыцыі свабодных земляробаў: спадчыннае карыстанне землёй, якую апрацоўвалі, абшчыну, раўнапраўе ў ёй. Аднак развіццё феадальных адносін суправаджалася ўсё большым адчужэннем сялян ад зямлі як ’’дадзенай богам”, 88
замацаваннем правоў за вярхушкай грамадства — феадаламі. Паступова змяняецца і характар рэнты за карыстанне зямлёй: з пераважна натуральнай яна становіцца адпрацоўваючай.
Паколькі зямля стала асноўным багаццем, феадалы былі зацікаўлены ва ўмацаванні і пашырэнні дзяржавы. Акрамя таго, моцная дзяржава ўсё больш удасканальвала феадальныя адносіны на карысць землеўладальнікаў, a сяляне ўсё больш пазбаўляліся сваіх правоў, паступова замацоўвалася прыгоннае права.
4.3. Станаўленне фальваркавапаншчынай гаспадаркі.
Аграрная рэформа 1557 г. Асноўныя этапы юрыдычнага афармлення прыгоннага права
Рост гарадоў, развіццё рамяства, гандлю, таварнаграшовых адносін выклікалі з канца XV ст. рэзкі ўздым попыту на зерне і іншыя сельскагаспадарчыя прадукты ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе, у тым ліку і ў Вялікім княстве Літоўскім, эканоміка якога развівалася ў рэчышчы еўрапейскага працэсу.
Развіццё таварнаграшовых адносін прымушала ўдасканальваць феадальную сістэму гаспадарання, выкарыстоўваць яе не толькі на задавальненне асабістых патрэб вышэйшага слою грамадства ў прадуктах 1 некаторых рэчах, але і на павелічэнне даходаў ад гаспадаркі, вытворчасць прадукцыі на продаж.
У XV ст. спачатку спарадычна, а потым масава набываюць значэнне двары з панскай ворнай зямлёй. Яны называліся фальваркамі. Фальварак быў комплексам гаспадарчых і жылых пабудоў, вакол якіх размяшчаліся панскія ворныя землі, агароды, сенажаці і лясы. Тут жа былі майстэрні, кузні, лесапілкі і г.д. Панскую зямлю апрацоўвалі сяляне навакольных вёсак сваім інвентаром і цяглавай сілай.
Упершыню панская гаспадарка — фальварак — з’явілася на Беларусі ў Панямонні і Падзвінні як рэгіёнах сплаўных рэк з развітымі рыначнымі сувязямі. Ужо ў 1450 г. так называлася гаспадарка ў маёнтку Менедыкаўскім Навагародскай зямлі. Фальваркі арыентаваліся на рынак. Вытворчасць у іх была заснавана на працы не чэлядзі нявольнай, а селянінапаншчынніка.
У сярэдзіне XVI ст. не толькі ’’збожжавая ліхаманка”, але і цяжкі фінансавы стан скарбу Вялікага княства Літоўскага прымусіў шукаць шляхі яго папаўнення. Каб
89
павысіць даходы з дзяржаўных зямель, вялікі князь Жыгімонт II Аўгуст ажыццяўляе рэформу, якая атрымала назву ’’валочная памера”. Гэта назва паходзіць ад аднаго з асноўных дакументаў аграрнай рэформы — ’’Уставы на валокі", які датаваны 1 красавіка 1557 г.
Павялічыць даход скарбу дзяржаўных маёнткаў меркавалася шляхам дакладнага ўліку зямель і абкладання сялян павіннасцямі прапарцыянальна занятай зямлі. Пазямельнай мерай, за карыстанне якой выконваліся пэўныя павіннасці, стала валока. Уся зямля ў маёнтку дзялілася на валокі, лепшыя з якіх адводзіліся пад вялікакняжацкія гаспадаркі — фальваркі. Іншыя раздаваліся сялянам у падворнае землекарыстанне.
’’Устава на валокі” прадугледжвала суадносіны велічыні фальваркавага і сялянскага ворыва як 1:7. Гэта значыць, апрацоўку адной фальваркавай валокі рабілі сем сялянскіх валок. Сялянская сям’я ў залежнасці ад колькасці ворыва ў той ці іншай мясцовасці, магчымасцяў апрацоўкі (колькасці рабочых рук, цяглавай жывёлы, прылад працы) атрымлівала валоку ці яе частку, з якой выконвала дакладна ўстаноўленыя павіннасці. Надзел прызначаўся ў трох палях, што забяспечвала прымусовы трохпольны севазварот, які спрыяў росту ўраджайнасці. Такім чынам, рэформа ўдасканальвала не толькі арганізацыю феадальнай вытворчасці, але і спрыяла распаўсюджванню перадавой агракультуры.
Валочныя надзелы ў залежнасці ад таго, якія павіннасці патрабаваў выконваць феадал за іх выкарыстанне, падзяляліся на цяглыя (паншчынныя) і асадныя (чыншавыя). Сяляне, якія карысталіся цяглымі надзеламі, і самі зваліся цяглымі, абавязваліся адпрацоўваць паншчыну два дні на тыдзень, выходзіць на гвалты і талокі, а таксама плаціць чынш ад 6 да 21 гроша з валокі, які залежаў ад якасці глебы. Асадныя сяляне, якія карысталіся чыншавымі надзеламі, павінны былі плаціць па 30 грошаў з кожнай валокі, адбываць за год 12 талок або плаціць за іх 12 грошаў, а за гвалты даваць бочку жыта ці 10 грошаў. У цэлым кошт сялянскіх павіннасцяў з валокі сярэдняй якасці глебы складаў значную суму, на якую можна было купіць на рынку 1 вала, 6 баранаў, 1 свінню, 20 курэй і 4 гуся.
Пры правядзенні рэформы не было рэгламентацыі або абмежаванняў у надзяленні сялян зямлёй. Сялянская гаспадарка магла ўзяць валоку ці яе частку, але захоўвалася колькасць павіннасцяў, якія выконваліся з валокі і размяркоўваліся суадносна на адну або некалькі сем’яў.
90
Сяляне страчвалі правы на зямельныя ўчасткі, якія традыцыйна лічыліся ў іх спадчынным валоданні. Іх палеткі ў большасці станавіліся меншымі, чым да рэформы, таму што дымы і дворышчы не маглі выканаць усе павіннасці, якія прызначаліся з ранейшых надзелаў. У выніку з’яўляліся пустыя валокі, якія ўтваралі рэзервовы зямельны фонд.
Павелічэнне даходаў скарбу ў выніку правядзення рэформы заахвоціла і прыватных уласнікаў, у першую чаргу буйных. У большасціяны былі дзяржаўнымі дзеячамі, таму ведалі эфектыўнасць рэформы. Радзівілы, Сапегі нават распрацавалі спецыяльныя дакументы, якія рэгламентавалі парадак правядзення рэформы ў іх уладаннях.