• Газеты, часопісы і г.д.
  • Эканамічная гісторыя Беларусі

    Эканамічная гісторыя Беларусі


    Выдавец: Экаперспектыва
    Памер: 432с.
    Мінск 1996
    146.08 МБ
    Сыравінай для металаапрацоўкі была перш за ўсё балотная руда, якую здабывалі па ўсёй тэрыторыі Беларусі і выплаўлялі з яе жалеза. Рудні звычайна знаходзіліся ў сельскай мясцовасці, у іх існаваў падзел працы, і яны ўяўлялі сабой пачаткі мануфактуры. Аднак значная частка металаў, і перш за ўсё каштоўных, завозілася на Беларусь з Заходняй Еўропы, часткова з Усходу.
    Развівалася ювелірная справа. Ювеліры працавалі перш за ўсё на феадалаў і царкву, рабілі з золата і серабра ўпрыгажэнні, пераплёты царкоўных кніг. Цікава, што ювелірамгравільшчыкам забаранялася выязджаць з Вялікага княства ў Еўропу.
    Шырока была распаўсюджана і апрацоўка дрэва, з якога вырабляліся асноўныя часткі плугоў, сох, лапаты,
    95
    вёслы, граблі, а таксама пасуду і іншы інвентар. У дрэваапрацоўчай вытворчасці было да 27 прафесій. Для тагачасных людзей вырабы з дрэва мелі яшчэ большае значэнне, чым вырабы з металу. 3 дрэва будавалі жыллё, гаспадарчыя памяшканні, павозкі, караблі. Дрэваматэрыялы і вырабы з дрэва вывозіліся на экспарт.
    Набылі вядомасць беларускія ганчары. Яны не толькі захоўвалі мясцовыя традыцыі, але і выкарыстоўвалі дасягненні заходнееўрапейскіх майстроў. Ганчарныя вырабы карысталіся вялікім попытам, прычым цэны на іх былі адносна невялікія (гаршчок каштаваў столькі ж, колькі і насыпанае ў яго зерне). Акрамя пасуды, часта аздобленай зялёнай палівай, у XV — XVI стст. значна пашырылася вытворчасць цэглы, чарапіцы, кафлі, што было выклікана павелічэннем будаўніцтва крэпасцяў, замкаў, ратуш, культавых пабудоў. Вырабы ганчарства з Беларусі былі канкурэнтаздольнымі на агульнаеўрапейскім рынку.
    Развіваліся апрацоўка скур і рамёствы, звязаныя з ёю: гарбарнае, рымарнае, шавецкае, кушнерскае. У цэлым у гарбарнай вытворчасці да сярэдзіны XVII ст. было каля 25 прафесій. Скура і замша карысталіся попытам нетолькі на ўнутраным, але і на знешнім рынку, вывозіліся ў Польшчу і Заходнюю Еўропу.
    Шырока была распаўсюджана ткацкая справа. Ткацтвам з воўны, льну займаліся не толькі рамеснікі, але і сяляне і гараджане для сваіх патрэб. 3 мясцовых тканін краўцы шылі аддзенне. Шаўцы пад канец XV ст. пачалі вырабляць абутак з цвёрдай падэшвай і абцасам.
    Вядомы былі і іншыя рамесныя спецыяльнасці: півавары, мяснікі, муляры, скрыннікі, рэзнікі і інш. У другой палове XVI ст. большая частка насельніцтва беларускіх гарадоў займалася рамяством, дакументы нагадваюць больш за 100 прафесій і спецыяльнасцяў, што сведчыла ад дыферэнцыяцыі рамяства і росце таварнай вытворчасці. У пачатку XVII ст. колькасць рамесных прафесій і спецыяльнасцяў падвоілася. Асноўнай стала для рамесніка работа не на заказ, а на продаж. З’яўляецца і шмат скупшчыкаў, якія яе арганізуюць.
    Для абароны сваіх інтарэсаў рамеснікі, па прыкладу Заходняй Еўропы, з другой паловы XVI ст. аб’ядноўваюцца ў так званыя цэхі. Звычаі і рытуалы цэхавых арганізацый рамеснікаў (брацтваў) сумяшчалі мясцовыя традыцыі і нормы заходнееўрапейскіх (у асноўным нямецкіх) цэхавых рэгламентацый. Цэхі аб’ядноўвалі рамеснікаў аднаго веравызнання. Напрыклад, у цэхавыя ар96
    ганізацыі хрысціян забаранялася ўваходзіць яўрэям, якія мелі права ствараць уласныя цэхі.
    Цэхі прымалі рамеснікаў адной ці некалькіх сумежных спецыяльнасцяў і абаранялі іх ад канкурэнцыі з боку прышлых сельскіх рамеснікаў, атаксама іншагародніх. Рамеснікаў, якія не ўступілі ці не былі прыняты ў цэх, называлі пакутнікамі, партачамі. Ім забаранялася займацца рамясгвом. Звычайна гэта катэгорыя рамеснікаў вырабляла рэчы больш нізкай якасці, чым патрабавалася цэхам, прадавала іх больш танна (адсюль і сучаснае значэнне слова ’’партач”).
    Іншагароднім рамеснікам і купцам забаранялася прывозіць на рынак горада вырабы, якія прадавалі мясцовыя цэхі. Безумоўна, гэта абмяжоўвала канкурэнцыю і развіццё рыначных адносін. Разам з тым у адрозненне ад Заходняй Еўропы толькі некаторыя цэхавыя статуты на Беларусі абмяжоўвалі колькасць чаляднікаў і вучняў у майстра, устанаўлівалі вызначальную колькасць заказаў і забаранялі працу на скупшчыкаў.
    Цэхі складаліся прыкладна з 60 — 70 чалавек. Гэта былі майстры, чаляднікі (падмайстры), вучні. Майстры мелі ва ўласнасці прылады працы і майстэрні, дасканала валодалі прафесіяй. У якасці падручных у іх працавалі чаляднікі, якія прайшлі курс навучання і не мелі сваіх прылад працы (яны зваліся яцічэ ’’таварыш”, ’’пахолак”). Вучні майстроў зваліся хлопцамі. Паўнапраўнымі членамі цэхаў былі толькі майстры. 3 іх на год выбіраўся кіраўнік цэха — стараста, ці цэхмістр. Пры яго выбранні ўлічваліся ўзрост, годнасць і прафесійныя якасці. Вынікі галасавання павінны былі быць аднадушнымі.
    Чаляднікам і вучням трэба было бясспрэчна падпарадкоўвацца майстру. Вучні ў доме майсгра наогул былі ў якасці прыслугі, бясплатных і бяспраўных работнікаў. За непадпарадкаванне ці ўцёкі яны жорстка караліся. Тэрмін вучнёўства ў розных рамёствах быў ад трох да пяці гадоў, пасля чаго вучань пераводзіўся ў чаляднікі. Потым чаляднік тры — чатыры гады працаваў у майстра, а пасля гэтага яшчэ паўтара — тры гады — у іншых гарадах (гэта называлася вандроўкай). Пасля вяртання з вандроўкі чаляднік з дазволу сходу майстроў рабіў так званую штуку, ці шэдэўр, для дэманстрацыі сваёй кваліфікацыі і толькі пасля такога вытворчага экзамену пераводзіўся ў майстры. 3 часам у некаторых цэхах экзамен мог замяняцца грашовым узносам.
    Жыццё цэхаў праходзіла ў адпаведнасці з трывалымі традыцыямі, якія старанна захоўваліся. Цэхавая скрыня, 7. Зак. 5237. 97
    у якой знаходзіліся цэхавы статут, граматы, прывілеі, цэхавая эмблема, іншы раз сцяг, каса і г.д., абавязкова выстаўлялася на пасяджэннях і сходах членаў цэха 1 — 2 разы ў месяц. Пры адкрытай скрыні нелыа было моцна гаварыць, сварыцца, біцца, садзіцца за стол са зброяй. На сходы забаранялася прыходзіць п’янымі, дрэнна апранутымі, босымі. Тыя, хто парушаў гэтыя і іншыя правілы, караліся штрафамі на карысць цэхаў.
    У час ваенных дзеянняў цэхі станавіліся баявымі атрадамі, кожнаму з якіх адводзілася вызначанае месца ў абароне горада. У Вільні, напрыклад, цэхі абавязаны былі мець свае сцягі і выходзіць з імі на абарону горада, на сустрэчу вялікага князя, біскупа, ваяводы, а таксама прымаць удзел ва ўрачыстых шэсцях і пахавальных працэсіях.
    У разглядаемы перыяд колькасць цэхаў у Мінску павялічылася з 3 да 9, у Слуцку — з 5 да 17, у Магілёве — з 7 да 21, у Брэсце — з 2 да 14.
    Развіццё рамёстваў суправаджалася пашырэннем гандлю паміж горадам і вёскай, асобнымі землямі, з іншымі краінамі. Гарадскія купцы скупалі ў навакольных вёсках прадукцыю земляробства, промыслаў і прадавалі яе на гарадскіх рынках. 3 часам яны наладжвалі пастаянны гандаль на лавах у крамах. Ва ўсіх гарадах і мястэчках 1 — 2 разы ў тыдзень наладжваліся таргі, а ў буйных гарадах яшчэ і ярмаркі (1—3 разы ў год), на якія прыбывалі не толькі мясцовыя, але і замежныя купцы. Вярхоўная ўлада давала гарадам гандлёвыя прывілеі: прыезджым купцам забаранялася весці рознічны продаж тавараў і рабіць закупкі ў навакольных вёсках.
    Купцы, як і рамеснікі, у XV — XVI стст. пачалі ствараць свае аб’яднанні — брацтвы ці гільдыі — па тыпу цэхаў. Купецкія супольнасці, як і рамесныя, імкнуліся да манаполіі ў межах свайго горада і яго перыферыі. Члены купецкіх таварыстваў прыносілі прысягу на вернасць гораду і свайму цэху, карысталіся пэўнымі прывілеямі, мелі на ўтрыманні адзін ці некалькі культавых будынкаў.
    За тым, як купцы вядуць гандлёвыя справы, наглядалі ’’інстыгатары”, якія разглядалі скаргі на купцоў, правяралі гандлёвыя аперацыі, купецкія і агульнагарадскія вагі, бязмены, якасць тавараў і г.д.
    У XVI ст. устанаўліваюцца рэгулярныя гандлёвыя сувязі гарадоў не толькі з вёскамі і мястэчкамі, але і паміж сабой. Гандлёвая дзейнасць садзейнічала будаўніцтву дароггасцінцаў, у прыватнасці былі звязаны Полацк, Сма98
    ленск і Віцебск. Праз усю Беларусь з усходу на захад праходзіў гасцінец з Оршы праз Мінск, Слонім, Брэст. Ажыўленымі былі дарогі, якія звязвалі Пінск з Мозырам, Кобрынам, Клецкам, Слуцкам, Брэстам. Такім чынам, не толькі прыродныя шляхі — рэкі, але і пабудаваныя — гасцінцы спрыялі развіццю гандлю і ў цэлым таварнаграшовых адносін.
    Разам з тым, нягледзячы на зараджэнне спецыялізацыі раёнаў (напрыклад, вялікай папулярнасцю карысталіся вырабы магілёўскіх скарнякоў, слуцкіх металістаў, гродзенскіх мылавараў), на тэрыторыі Беларусі ў разглядаемы перыяд яшчэ поўнасцю не склаўся ўнутраны рынак. Развіццё гандлёвых сувязяў стрымлівала феадальная адасобленасць, нестабільнасць унутры і знешнепалітычнай абстаноўкі.
    Тым не менш гандаль развіваўся, у тым ліку і пасрэдніцкі. Асноўнымі экспартнымі прадуктамі былі збожжа, сала, воск, лес, скуры, смала, дзёгаць, лён, хмель, попел (для выпрацоўкі скур), пянька, а таксама арыгінальныя рамесныя вырабы. Гандлем збожжам, лесам часта займаліся самі феадалы, актыўна ўводзячы фальваркавую сістэму і атрымліваючы ў вялікага князя вызваленне ад мыты.
    Некаторыя тавары, напрыклад воск і футры, былі як мясцовымі, так і прывезенымі з Расіі, якія потым перапрадаваліся рыжскім купцам і вывозіліся імі ў краіны Еўропы. Напрыклад, у 1506 г. праз Полацк было перавезена за мяжу больш за 200 тыс. кг як мясцовага, так і прывазнога воску. Сюды ж партыямі, якія перапрадаваліся не менш чым па 250 штук, ноўгарадскія купцы прывозілі футры гарнастаеў, сабалёў, норак, куніц, лісіц, вавёрак.
    Купцы беларускіх гарадоў самастойна выходзілі на знешні рынак. Яны гандлявалі з польскімі, чэшскімі, германскімі гарадамі, ездзілі ў Валахію і Венгрыю. Некаторыя купцы дабіраліся нават да Візантыі, гарадоў Усходу.
    3 Заходняй Еўропы ў Беларусь увозіліся жалеза, медзь, волава, свінец, атаксама вырабы з металу. Вялікім попытам не толькі ў Вялікім княстве Літоўскім, але і ў Расіі, куды беларускія купцы вазілі тавары, карысталіся фламандскія, нямецкія, англійскія сукны; галандскае і вестфальскае палатно, прыправы з Усходу, а таксама заморскае віно. Увозілася ў Беларусь і соль. Зразумела, што замежныя тавары каштавалі вельмі дорага і карыстацца імі маглі толькі багатыя феадалы ці гарадская вярхушка.
    99
    Нягледзячы на перманентныя войны і перыядычныя абвастрэнні адносін з суседзямі, гандаль амаль не перапыняўся. Праз Полацк, буйнейшы гандлёвы цэнтр Еўропы, ішоў гандаль з Рыгай, буйнейшымі расійскімі гарадамі Ноўгарадам, Псковам, Масквой. Брэст гандляваў з Варшавай, Торунем, Гданьскам, Познанню, Аўгсбургам, Люблінам, Кракавам, Львовам. Гродзенскія купцы падтрымлівалі пастаянныя сувязі з Польшчай. Асаблівае гандлёвае значэнне стаў набываць у XV ст. Мінск, які знаходзіўся на скрыжаванні беларускіх зямель.