Эканамічная гісторыя Беларусі
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 432с.
Мінск 1996
Беспрацоўе ахапіла нетолькі рабочых і рамеснікаў, але і чыноўнікаў і інтэлігенцыю. Так, напрыклад, на брэсцкай біржы працы ў красавіку 1929 г. было зарэгістравана 200 работнікаў разумовай працы, у пачатку 1931 г. — 550, а ў канцы 1932 г. — 1155 чалавек. Страціўшы работу, яны ішлі ў гандаль, дробную прамысловасць і асабліва ў рамесную вытворчасць. З’явіліся новыя дробныя прадпрыемствы рамеснага тыпу, але многіх з іх чакала банкруцтва.
Эканамічны крызіс закранаў і дробную буржуазію, якая была асабліва шматлікай у малых гарадах і мястэчках Заходняй Беларусі. Агульнае паніжэнне пакупной здольнасці насельніцтва прывяло да масавай ліквідацыі гандлёвых прадпрыемстваў. Толькі ў 1929 г. на Віленшчыне колькасць патэнтаў (пасведчанняў на права займацца гандлем) зменшылася: 1й катэгорыі найбольш буйных гандлёвых прадпрыемстваў — на 38 %, 2й — на 18%, 3й — на 8, іншых катэгорый — на 41 %. Агульная ж колькасць гандлёвых устаноў у заход небеларускіх ваяводствах зменшылася значна больш.
Пасля эканамічнага крызісу да канца 1933 г. польская эканоміка апынулася ў стане дэпрэсіі. У другой палове 30х гг. адбылося яе нязначнае ажыўленне, аднак яно не ўнесла істотных змяненняў у народную гаспадарку Польшчы і было звязана з дзяржаўнымі капіталаўкладаннямі ў ваенныя аб’екты і ваенную прамысловасць, якія павялічыліся ў 1938 г. у
287
параўнанні з 1928 г. у 4,5 раза і складалі 39,6 % агульнай сумы капітальных укладанняў. Такім чынам, Польшча, як і некаторыя іншыя краіны свету, выходзіла са стану крызісу ў немалой ступені на рэйках мілітарызацыі.
Але пераход ад эканамічнага крызісу да ажыўлення праходзіў даволі марудна. Толькі ў 1938 г. колькасць заходнебеларускіх прамысловых рабочых наблізілася да ўзроўню 1928 г. і склала 83,5 % ад узроўню 1913 г. У Заходняй Беларусі ў 1937 г. на прадпрыемствах з 20 і больш работнікамі было занята каля 15 тыс. чалавек. Гэта значна менш, чым у канцы 20х гг., і складала каля 2 % ад агульнай колькасці рабочых Польшчы.
Характэрнай рысай развіцця прамысловасці заходнебеларускіх зямель з’явілася тое, што ў гады эканамічнага крызісу ўзмацніўся працэс канцэнтрацыі вытворчасці. Калі ў 1928 г. на долю сярэдняй і буйной прамысловасці прыходзілася 10,7 % агульнай колькасці прадпрыемстваў і 66,1% рабочых, то ў 1938 г. —адпаведна 13,5 і 80,6 %.
У гэты час у Заходняй Беларусі значнае развіццё атрымала дрэваапрацоўчая вытворчасць, што было абумоўлена вялікімі ляснымі багаццямі края і таннай рабочай сілай. У 1939 г. колькасць прадпрыемстваў гэтай галіны і працуючых на іх рабочых больш чым у 2 разы перавышала ўзровень 1913 г. Асаблівы пад’ём назіраўся ў фанернай вытворчасці, што тлумачылася павышаным попытам на гэтую прадукцыю з боку авіяцыйнай і аўтамабільнай прамысловасці.
Пэўнае развіццё атрымліваюць лесапільная, кардоннапапяровая вытворчасці. Разам з тым у выніку ўвядзення дзяржаўнай манаполіі і зацвярджэння на польскім рынку замежных прадпрымальнікаў скарачаецца запалкавая вытворчасць. Гэты ж лёс спасцігае і вінакурныя заводы.
У сферы харчовай прамысловасці развіццё атрымала толькі мясамалочная галіна, што праявілася ў будаўніцтве мясакансервавых прадпрыемстваў. Найбольш буйнымі з іх былі бойня і фабрыка каўбас у Ваўкавыску.
У выніку нераўнамернага развіцця галін прамысловасці Заходняй Беларусі адбываюцца некаторыя змены яе структуры ў параўнанні з даваенным перыядам. Замест харчовай прамысловасці ў гаспадарцы края вядучай становіцца дрэваапрацоўчая. Пачынае набіраць моц і хімічная вытворчасць, але скарачаецца скураная, металаапрацоўчая.
У Заходняй Беларусі стрымлівалася развіццё чыгуначных і шашэйных дарог, сувязі. За ўсе гады знаходжання гэтых зямель у складзе Польшчы тут была пабудавана 288
толькі адна чыгуначная ветка — Варапаева — Друя даўжынёй 89 км, што складала 6,2 % ад агульнай колькасці зноў пабудаваных чыгунак у дзяржаве.
Лясныя багацці заходнебеларускіх зямель былі добрай сыравіннай базай для развіцця дрэваапрацоўчай, папяровай і лесахімічнай прамысловасці, але яны ў той час падрапежніцку знішчаліся і ператвараліся ў важную крыніцу польскага экспарту. Звыш 70 % дзелавой драўніны вывозілася за мяжу і толькі 30 % выкарыстоўвалася на ўнутраныя патрэбы. У агульным аб’ёме драўніны, якая экспартавалася, значную долю складалі лесаматэрыялы з Заходняй Беларусі. У знішчэнні нацыянальнага багацця актыўна ўдзельнічаў замежны капітал. У 1924 г., напрыклад, польскі урад перадаў англійскаму акцыянернаму таварыству на 10 гадоў права сячы лясы ў Белавежскай пушчы, на Гродзеншчыне і Слонімшчыне.
Такія пагадненні з замежнымі прадпрыемствамі часта мелі грабежніцкі характар. Так, газета ’’Дзённік Віленскі” ад 28 чэрвеня 1928 г. паведамляла, што ўсе гандляры ляснымі матэрыяламі здзіўлены і абураны тым пагадненнем, якое ўрад заключыў з англійскай фірмай. Паводле гэтага пагаднення, фірма павінна была плаціць за кубічны метр лесу для будоўлі па 25 злотых, а польскія прамыслоўцы плацілі за гэта лясному ведамству не ніжэй 60 — 70 злотых.
Высокія прыбыткі ў гэтай гаспадарчай дзейнасці забяспечвала таксама і танная рабочая сіла. У выніку з 1919 г. па 1939 г. у Заходняй Беларусі было высечана 589,2 тыс. га лясных масіваў, у той час як натуральны прырост склаў толькі 41,8 тыс. га. Лясная гаспадарка края прыходзіла ў заняпад.
3 заходнебеларускіх зямель вывозілі і іншую сыравіну. У 1929 г. адсюль пастаўлялася каля 60 % усёй прадукцыі льну, амаль 32 % — рыбы, 42 % — мяса. У той жа час вялікія запасы торфу амаль не распрацоўваліся. Высакаякасныя гліны, пясчанікі і вапнякі, з якіх можна было выпрацоўваць шкло, пасуду, выкарыстоўваліся вельмі слаба.
Такім чынам, прамысловая вытворчасць Заходняй Беларусі мела рысы, характэрныя для залежных, слаба развітых краін. Гэта вяло да абвастрэння сацыяльных супярэчнасцяў, выступленняў рабочых, буйных стачак і забастовак.
Асноўнай прычынай слабага развіцця прамысловасці заходнебеларускіх ваяводстваў была тэхнічная адсталасць. Разбураная войнамі вытворчасць не заўсёды аднаўлялася, новыя прадпрыемствы не будаваліся. Прамысловае абсгаляванне 19. Зак. 5237. 289
фабрык і заводаў было прымітыўным. Амаль не ўжывалася механізацыя і электрыфікацыя. У 1939 г. на долю Заходняй Беларусі прыпадала менш чым 2 % электраэнергіі, якая выпрацоўвалася ў Польшчы. Недастатковасць капіталаў не дазваляла ажыццяўляць рэканструкцыю. Напрыклад, у 1930 г. сума дзяржаўнага крэдыту, выданага польскім банкам на адно прадпрыемства Віленскага і Навагрудскага ваяводстваў, было ў 4,1 раза меншай, чым на адно прадпрыемства ў самой Польшчы. У выніку многія галіны прамысловасці так і не дасягнулі ўзроўню 1913 г. ці былі зусім ліквідаваны, асабліва ў гады эканамічнага крызісу 1929 — 1933 гг. Акрамя таго, надзвычай вузкім быў унутраны рынак зза нізкай пакупной здольнасці насельніцтва. Істотнай прычынай прамысловай адсталасці з’явіўся разрыў польскім кіраўніцтвам эканамічных сувязяў з СССР. Гаспадарчая дэзінтэграцыя прывяла да страты найбольш буйнога савецкага рынку. Моцная залежнасць ад заходняга капіталу вяла да ператварэння Заходняй Беларусі ў аграрнасыравінны прыдатак.
13.2. Сельская гаспадарка Заходняй Беларусі
Эканоміка заходнебеларускіх зямель у перыяд знаходжання ў складзе Польшчы насіла пераважна аграрны характар. Больш за 80 % насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай (у Польшчы —63 %). Пасля некалькіх войнаў, нямецкай акупацыі сельскагаспадарчая вытворчасць Заходняй Беларусі ўяўляла сабой разбураную, адсталую галіну. Скараціліся пасяўныя плошчы. У 1921/29 сельскагаспадарчым годзе яны склалі 77,8 % ад узроўню 1913 г. У параўнанні з 1913 г. пагалоўе буйной рагатай жывёлы скарацілася на 24,9 %, свіней — на 12,9, авечак — на 35,7, коней — на 11,2 %.
У Заходняй Беларусі пасля яе ўключэння ў склад Польскай дзяржавы была адноўлена ўласная зямельная маёмасць. У выніку размеркаваная сярод сялянства савецкімі ўладамі зямля вярталася да яе былых уладальнікаў. Такім чынам, на заходнебеларускіх абшарах зноў аднаўлялася буйное памешчыцкае землеўладанне.
Як размяркоўвалася зямля сярод сельскага насельніцтва? Згодна з афіцыйнымі данымі польскай статыстыкі, у 1921 г. зямля ў заходнебеларускіх ваяводствах размяркоўвалася наступным чынам: 3402 буйным памешчыкам, якія складалі менш 1 % землеўладальнікаў, нале290
жала больш чым палавіна прыватнаўласніцкай зямлі (55,21 %). Серадняцкія гаспадаркі займалі 12,5 % зямлі, бядняцкія — 24,15, кулацкія — 8,14 %. У канчатковым падліку на памешчыцкі маёнтак прыпадала ў сярэднім 500 га, а на сялянскі двор — менш за 7 га зямлі.
Аднак за гэтымі сярэднімі лічбамі былі канкрэтныя гаспадаркі. Трэба адзначыць, што сярод памешчыцкіх гаспадарак існавалі і вельмі буйныя латыфундыі. Так, уладанні ДавыдТарадоцкага маярата (непадзельнага маёнтка, які перадаваўся ў спадчыну старэйшаму сыну) князя К.Радзівіла ў 1925 г. дасягалі 155 200 га.
Кулакі мелі звычайна ад 18 да 100 га зямлі, 10 — 15 коней, 15 — 25 кароў і шырока выкарыстоўвалі наёмную працу. Гэтыя гаспадаркі былі таварнымі. Да сераднякоў адносіліся сяляне з надзелам ад 8 да 18 га, яны ўтрымлівалі 2 — 3 каровы, аднаго, радзей двух коней і ў асноўным не ўжывалі наёмнай працы.
Найбольш шматлікая праслойка сялянства валодала зямельнымі надзеламі 7 —8 га. Яна не заўсёды мела магчымасць пракарміць сям’ю і нярэдка вымушана была наймацца да памешчыкаў ці кулакоў. Малазямелле і беззямелле вымушалі сялян арэндаваць зямлю. У той час яе арэндавалі каля 50 тыс. сялянскіх гаспадарак з агульнай зямельнай плошчай 52 тыс. га.
Аб слабасці эканомікі сялянскіх гаспадарак сведчыць таксама і тое, што па перапісу 1927 г. каля 29 % з іх не мелі коней, у 58,8 % было толькі па аднаму каню, 15,7 % адносіліся да бескароўных, 51,1% трымалі па адной карове.
Нельга даць агульны малюнак вёскі Заходняй Беларусі разглядаемага перыяду без характарыстыкі становішча сельскагаспадарчых рабочых. Іх колькасць у канцы 1931 г. у Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах складала 90,7 тыс. чалавек. Па ўмовах найму і эканамічным становішчы яны падраздзяляліся на некалькі катэгорый: наглядчыкі, рамеснікі, ардынарыі, пасылкі, каморнікі, сталоўнікі. Наглядчыкі — нешматлікая вярхушка аграрных рабочых, якая служыла гаспадарам. Рамеснікі — кавалі, сталяры і інш. — атрымлівалі лепшае ў параўнанні з іншымі групамі ўзнагароджанне. Ардынарыі — найбольш шматлікая малааплачваемая група батракоў. Каля 90 % зарплаты яны атрымлівалі ў выглядзе жылля, паліва, зерня, зямлі для пасеваў, права трымаць карову. У дакрызісны перыяд іх заработак не перавышаў 300 злотых у год. Пасылкі — гэта галоўным чынам дзеці ардынарыеў, іх праца часта не аплачвалася.