Эканамічная гісторыя Беларусі
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 432с.
Мінск 1996
3 вызваленнем Беларусі ў заходніх абласцях таксама ідзе аднаўленне і пераўтварэнне сельскагаспадарчай вытворчасці. Заходнебеларуская вёска некалькі менш пацярпела ад гітлераўскай акупацыі, чым астатнія раёны рэспублікі. У першую чаргу тут пачынаецца так званае ўпарадкаванне землекарыстання. Гранічная норма зямлі на адзін сялянскі двор устанаўлівалася ад 10 да 15 га. Лішак зямлі перадаваўся ў дзяржаўны фонд, з якога надзяляліся зямлёй беззямельныя і малазямельныя сяляне. У выніку ў цэлым адбылося асераднячванне сялянства, разам з тым была падарвана эканамічная аснова высокатаварных гаспадарак так званых кулакоў.
Адначасова ў заходніх абласцях рэспублікі ідзе аднаўленне і стварэнне калгасаў. Пакуль гэты працэс у асноўным ішоў эканамічнымі метадамі праз развіццё найпрасцейшых формаў кааперацыі з дапамогай дзяржавы, умацаванне матэрыяльнавытворчай базы і г.д. Разам з тым савецкія і партыйныя ўлады пачалі праводзіць курс на абмежаванне землекарыстання, увядзенне класавай прагрэсіўнай падатковай палітыкі і інш. Гэта рабілася з мэтай паскарэння працэсаў уступлення сялян у калгасы.
Але селянін не спяшаўся ісці ў калгас. Пасля заканчэння вайны ’’сацыялістычны сектар” складаў усяго 0,43 % усіх гаспадарак. Да таго ж калектыўныя гаспадаркі былі пераважна бядняцкабатрацкія. Заходнебеларуская вёска пакуль складалася з сялянаднаасобнікаў, якім належала 95 — 97 % пасяўной плошчы.
У разглядаемы перыяд у рэспубліцы пачалася работа па аднаўленні і будаўніцтве гарадоў і жыллёвага фонду. У ёй прымалі ўдзел шырокія масы грамадзян. Адной з формаў такогаўдзелу з’явіліся масавыя нядзельнікі. Рабочыя, служачыя, студэнты, вучні ачышчалі вуліцы, разбіралі разбураныя будынкі. У Мінску, напрыклад, кожны жыхар адпрацаваў на аднаўленні горада не менш 30 гадзін у месяц. У 1944 — 1945 гг. толькі ў гарадах было пабудавана 1406 м2 жылой плошчы.
У ваенны час грамадзяне Беларусі перажылі многа
323
цяжкасцяў і нястач. Адчувалася вострая патрэба ў прадуктах харчавання, адзенні, тысячы сем’яў жылі ў бараках, падвалах, зямлянках. Наперадзе была яшчэ вялікая работа па аднаўленні разбуранай эканомікі, адраджэнні гарадоў і вёсак рэспублікі.
Такімчынам, Вялікая Айчынная вайна 1941 — 1945 гг. з’явілася цяжкім выпрабаваннем для ўсіх грамадзян СССР і асабліва Беларусі. Была знішчана і пакалечана значная частка яе насельніцтва. Гаспадарчы патэнцыял рэспублікі панёс вялікія страты. Патрабавалася велізарнае напружанне ўсіх сіл і рэсурсаў, каб забяспечыць аднаўленне і пераўтварэнне беларускай эканомікі ў частку агульнай ваеннай гаспадаркі на завяршальным этапе вайны.
Г л а в a 15
АДНАУЛЕННЕ I РАЗВІЦЦЁ ЭКАНОМІКІ РЭСПУБЛІКІ У ПАСЛЯВАЕННЫЯ ГАДЫ (1946 1950 гг.)
15.1. Аднаўленне і далейшае развіццё прамысловасці і транспарту
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны перад рэспублікай паўсталі вялікія праблемы гаспадарчага аднаўлення. Неабходна было ліквідаваць вынікі спусташальнай вайны, поўнасцю аднавіць і забяспечыць далейшае развіццё народнагаспадарчага патэнцыялу, эканамічных сувязяў, знайсці рэсурсы для паляпшэння жыцця людзей.
3 завяршэннем вайны арганізацыя аднаўленчых работ у прамысловасці і на транспарце рэспублікі цалкам была падпарадкавана задачам мірнага будаўніцтва. Згодна з пастановай Дзяржаўнага Камітэта Абароны СССР ад 26 мая 1945 г. ”Аб мерапрыемствах па перабудове прамысловасці ў сувязі са скарачэннем вытворчасці ўзбраенняў” многія беларускія прадпрыемствы вызваляліся ад вытворчасці прадукцыі для патрэб фронту і пераводзіліся на выпуск тавараў народнага спажывання.
Адпаведна гэтаму рашэнню праводзілася пераразмерка ванне рабочай сілы, сыравіны, матэрыялаў і грашовых сродкаў. У ходзе пераводу эканомікі на мірныя рэйкі пачалі складвацца новыя прапорцыі паміж рознымі галінамі вытворчасці, змяніліся арганізацыйныя формы і метады
324
кіраўніцтва, аднавілася дзейнасць прамысловых трэстаў, глаўкаў, наркаматаў.
Неабходна адзначыць, што працэс эканамічнага адраджэння рэспублікі ў вывучаемы перыяд меў істотныя асаблівасці ў параўнанні з аднаўленчымі работамі 1921 — 1925 гг., якія вяліся пасля заканчэння першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Калі ў той час прамысловасць і сельская гаспадарка аднаўляся выключна на ўласныя сродкі, то зараз сітуацыя была іншай. Матэрыяльная база аднаўлення Беларусі фарміравалася за кошт цэнтралізаваных грашовых асігнаванняў, паставак, якія выдзяляў саюзны ўрад, а таксама рээвакуацыі абсталявання беларускіх прадпрыемстваў і матэрыяльнатэхнічных каштоўнасцяў з савецкага тылу, дапамогі саюзных рэспублік.
Пэўную ролю ў кампенсацыі страт, якія панесла гаспадарка рэспублікі, адыгралі і рэпарацыйныя пастаўкі (ад лац. reparatio — аднаўленне), якія некаторы час вялі былыя краіны — агрэсары ў СССР. Абсталяванне і прамысловая прадукцыя, якая паступала з дзяржаў гітлераўскага блока, давалі магчымасць у першыя пасляваенныя гады наладжваць вытворчасць, гаспадарчае жыццё.
3 вялікім аптымізмам, які ў значнай ступені быў народжаны перамогай над фашызмам, грамадзяне Беларусі, нягледзячы на велізарныя людскія страты, матэрыяльныя цяжкасці і нястачы, пачалі аднаўленне сваёй рэспублікі.
У выніку ў адраджэнні прамысловасці былі дасягнуты першыя поспехі. Да студзеня 1946 г. у рэспубліцы было часткова ці поўнасцю адноўлена 5900 буйных, сярэдніх і дробных прадпрыемстваў. Аб’ём валавой прадукцыі прамысловай вытворчасці складаў каля 20 % ад даваеннага ўзроўню. Пры гэтым апераджаючымі тэмпамі ішло аднаўленне машынабудавання. У эксплуатацыю было пушчана 196машынабудаўнічых прадпрыемстваў. Валавая прадукцыя гэтай галіны ўжо ў 1945 г. складала больш за 38 % даваеннага ўзроўню.
Што датычыцца лёгкай прамысловасці, то яе адраджэнне ішло даволі марудна. Гэта тлумачыцца тым, што яна пачала аднаўленне з найбольш нізкага ўзроўню ў параўнанні з іншымі галінамі. У выніку да пачатку чацвёртай пяцігодкі аб’ём вытворчасці тут складаў 12,8 %, а ў тэкстыльнай — толькі 3 % да ўзроўню 1940 г.
Адраджалася энергетычная гаспадарка рэспублікі. Была адноўлена першая чарга БелДРЭС. Пачалося будаўніцтва Смалявіцкай цеплавойэлектрастанцыі. Да пачатку 1946 г. ужо дзейнічала звыш 60 % даваенных энергетыч325
ных магутнасцяў, а магутнасць электрастанцыі Мінска амаль дасягнула ўзроўню 1940 г. Аднак вытворчасць электраэнергіі складала пакуль каля 16 % ад даваеннага часу.
Значная ўвага ўдзялялася адраджэнню торфаздабываючай прамысловасці як паліўнай базы Беларусі. Да канца 1945 г. было адноўлена 270 торфапрадпрыемстваў, агульны аб’ём прадукцыі якіх дасягнуў амаль даваеннага ўзроўню.
Наладжвалася работа аўтамабільнага і чыгуначнага транспарту, сродкаў сувязі, гідратэхнічных збудаванняў. Аднаўляліся чыгуначныя лініі, аўтамагістралі, станцыі, масты. Да канца 1945 г. эксплуатацыйная даўжыня чыгуначных дарог складала звыш 5 тыс. км, ці амаль 87 % даваеннага часу. Былі пабудаваны масты праз Днепр, Бярэзіну, Нёман.
У гарадах рэспублікі разгарнулася будаўніцтва жылля, будынкаў грамадскіх арганізацый і ўстаноў. Пачалі ажыццяўляцца генеральныя планы аднаўлення і рэканструкцыі Мінска, шэрага абласных цэнтраў Беларусі.
Разам з тым напружаная праца нашых суайчыннікаў па адраджэнні народнай гаспадаркі рэспублікі была толькі пачаткам грандыёзнай работы на шляху поўнага аднаўлення эканамічнага патэнцыялу Беларусі.
Галоўныя задачы далейшага станаўлення эканомікі намеціў Закон аб пяцігадовым плане аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі Беларускай ССР на 1946 — 1950 гг., які з’яўляўся састаўной часткай чацвёртага пяцігадовага плана СССР. Магчымасцяў для самастойнага эканамічнага планавання ў рэспубліцы тады не было. Новы пяцігадовы план вызначыў галоўную задачу: не толькі аднавіць народную гаспадарку рэспублікі ў межах даваеннага ўзроўню, але і забяспечыць яе далейшае развіццё. У народную гаспадарку планавалася ўкласці 6,9 млрд руб., што перавышала аб’ём капіталаўкладанняў за тры даваенныя пяцігодкі разам узятыя.
Да канца пяцігодкі прамысловая прадукцыя рэспублікі павінна была не толькі дасягнуць даваеннага ўзроўню, але і перавысіць яго на 16 %. Пяцігадовы план прадугледжваў паскоранае развіццё машынабудавання. Было намечана стварэнне ў рэспубліцы новых галін прамысловасці — трактара і аўтамабілебудавання, выпуск лакамабіляў, гідратурбін, матацыклаў, веласіпедаў, швейных машын і іншых вырабаў. Значная ўвага ў плане ўдзялялася развіццю энергетычнай гаспадаркі, пашырэнню паліўнай базы рэспублікі.
Больш хуткія тэмпы прамысловай вытворчасці плана
326
валіся па заходніх абласцях рэспублікі, якія значна адставалі ад агульнага ўзроўню развіцця прамысловасці ўсходніх абласцей. Удзельная вага заходніх рэгіёнаў па выпуску валавай прадукцыі ўсёй рэспублікі павінна была ўзрасці з 9,1 % у 1940 г. да 22,6 у 1950 г.
Жыхары Беларусі з энтузіязмам узяліся за выкананне вызначаных задач па далейшым аднаўленні і пад’ёме народнай гаспадаркі. Да таго ж трэба прызнаць істотную ролю партыйнай прапаганды ў спалучэнні з цвёрдым вытворчым рэжымам, які пакуль заставаўся ад ваеннага часу. Вядомы прынцып ’’план любой цаной” яшчэ доўга не страчваў сваёй моцы. Штурмаўшчына, аўралы, звышурочныя работы былі нормай таго часу.
Нельга таксама адмаўляць і пэўную значнасць розных формаў спаборніцтваў, якія разгарнуліся ў той час, у павышэнні працоўнай актыўнасці рабочых фабрык і заводаў: за перавыкананне вытворчых планаў, мабілізацыю ўнутраных рэсурсаў, выпуск прадукцыі высокай якасці, зніжэннеяе сабекошту, эканомію сыравіны, шматстаночнае абслугоўванне і г.д. На хвалі энтузіязму рабочыя працягвалі развіваць і распаўсюджваць так званыя працоўныя пачыны перадваенных і ваенных гадоў.
У немалой ступені развіццю вытворчай актыўнасці садзейнічалі і пэўныя адступленні ад цвёрдых прынцыпаў цэнтралізму ў эканоміцы пасляваеннага часу, некаторае пашырэнне правоў рэспубліканскіх і мясцовых органаў у гаспадарчай дзейнасці. Атрымліваюць развіццё нават элементы ўнутрызаводскага гаспадарчага разліку. Ён дзейнічаў, напрыклад, на прадпрыемствах лёгкай прамысловасці Беларусі: Гродзенскім тонкасуконным камбінаце, Мінскай баваўнянай фабрыцы, гумаватасёмачнай фабрыцы ў Віцебску. Аднак гэты гаспадарчы разлік быў далёка няпоўным, у асноўным ён выходзіў за рамкі прадпрыемстваў, бо абмяжоўваўся галоўнай умовай — неабходнасцю найстражэйшай эканоміі пры вострым недахопе ўсіх відаў рэсурсаў.