Эканамічная гісторыя Беларусі
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 432с.
Мінск 1996
У першым годзе пасляваеннай пяцігодкі станоўчых зрухаў у сельскай гаспадарцы Беларусі фактычна не адбылося. Памеры пасяўных плошчаў калгасаў у параўнанні з даваенным перыядам складалі толькі 59 %, саўгасаў — 70 %. У выніку яны нават скараціліся ў параўнанні з 1945 г. Дзейнасць МТС не адпавядала патрабаванням калгаснай вытворчасці, таму што трактарны парк быў пакуль удвая менш даваеннага, не хапала запасных частак для машын, большасць механізатараў не мелі неабходнай падрыхтоўкі. Таму аб’ём работ, выкананых МСТ у 1946 г. у калгасах, быў у 2,2 раза менш даваеннага.
На развіцці беларускай вёскі неспрыяльна адбілася засуха 1946 г., якая тады ахапіла шэраг сельскагаспадарчых раёнаў краіны. Аднак і ў той складаны для рэспублікі час беларускі народ аказаў сур’ёзную харчовую дапамогу насельніцтву краіны, якая пакутавала ад голаду.
У 1946 г. не быў выкананы план сяўбы збожжа, a таксама план развіцця жывёлагадоўлі. Партыйнае кіраўніцтва спрабавала палепшыць справы ў аграрным сектары эканомікі вядомымі адміністрацыйнымі метадамі. У верасні 1946 г. Савет Міністраў СССР і ЦК ВКП (б) прынялі пастанову ”Аб мерах па ліквідацыі парушэнняў Статута сельскагаспадарчай арцелі ў калгасах”. Згодна з ёй калгасам Беларусі было вернута звыш 100 тыс. га грамадскай зямлі, шмат жывёлы, якая знаходзілася ў карыстанні асобных людзей і ўстаноў. Былі скарочаны штаты адміністрацыі, знята з аплаты калгасаў каля 10 тыс. чалавек, якія не былі звязаны з вытворчасцю.
Разам з тым гэтая пастанова называла выкарыстанне сялянамі зямельных участкаў для асабістай гаспадаркі, 332
падсобных гаспадарак, агародаў для рабочых і служачых ’’раскраданнем і незаконным размеркаваннем калгаснай маёмасці, грамадскай зямлі”. Але ж трэба зазначыць, што ў той галодны час з гэтай зямлі кармілася значная частка людзей, якія неяк ратаваліся ад жабрацтва.
Нізкія тэмпы аднаўлення сельскагаспадарчай вытворчасці ў немалой ступені былі абумоўлены практычнай адсутнасцю матэрыяльнага заахвочвання ў калгасах, нягледзячы на тое, што ў гады пяцігодкі адбыліся пэўныя змены, у прыватнасці ў аплаце працы трактарыстаў. Алеў цэлым на 1 сгудзеня 1948 г., напрыклад, 94 % калгаснікаў не атрымалі за работу грошай, 65 % —бульбы, агародніны і толькі 41 % калгаснікаў на выпрацаваныя працадні выдалі па 200 г збожжа.
У канчатковым выніку працадні ў савецкай вёсцы таго часу ператварыліся ў норму кантролю працоўнай павіннаці. Гэта вельмі нагадвала феадальную паншчыну. У сялянства адбіралі выраблены ім у грамадскай гаспадарцы не толькі прыбавачны, але і практычна ўвесь неабходны прадукт. Пазаэканамічны прымус адыгрываў галоўную ролю ў арганізацыі аграрнай вытворчасці.
Натуральна, што немалая частка сялянства не жадала працаваць за так званыя ’’палачкі”, як называлі працадні. Але ж умацаванне працоўнай дысцыпліны ішло тымі ж каманднымі метадамі. У чэрвені 1948 г. Вярхоўны Савег СССР выдаў указ ”Аб высяленні ў аддаленыя раёны асоб, якія злосна ўхіляюцца ад працоўнай дзейнасці ў сельскай гаспадарцы і вядуць антыграмадскі паразітычны лад жыцця”. Гэта дазволіла на некаторы час палепшыць ”дысцыпліну” працы ў вёсцы, але ненадоўга.
Становішча беларускага сялянства пагоршылася ў 1947 г., калі ў 1582 калгасах (1/3 агульнага ліку), якія выканалі план дзяржаўных хлебапаставак, збожжа па працаднях не выдавалася. Дзяржпастаўкі ў сувязі з засухай ў 1946/47 гаспадарчым годзе, якая ахапіла многія раёны краіны, былі вельмі высокімі, без уліку канкрэтных магчымасцяў, што адмоўна ўплывала наэканоміку калгасаў. Беларуская вёска апынулася ў стане напаўгалоднага існавання.
Аднак, пераадольваючы неймаверныя цяжкасці, калгасы рэспублікі ў 1947 г. зрабілі чарговыя крокі па ўмацаванні грамадскай вытворчасці. Некалькі палепшылася тэхнічная аснашчанасць сельскай гаспадаркі. Да канца года ўжо налічвалася 337 МТС, у якіх працавала 6 тыс. трактараў, значная колькасць камбайнаў, малатарняў, сеялак і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. Але яе паранейшаму не хапала.
ззз
Вынікі 1947/48 сельскагаспадарчага года сведчылі аб пэўных станоўчых зрухах у вёсцы. Пасяўныя плошчы складалі ўжо 79 % даваеннага ўзроўню. Валавы збор таварнага збожжа быў вышэйшым, чым у папярэднія гады.
Ажыццяўлялася электрыфікацыя сельскай гаспадаркі. Да канца 1947 г. у рэспубліцы дзейнічалі 162 гідрацеплаэлектрастанцыі. У наступным годзе іх было ўведзена яшчэ 100. У параўнанні з даваенным узроўнем электрыфікацыя вёсак Беларусі ўзрасла ў 2 разы. Аднак яна яшчэ далёка не задавальняла патрэбнасці калгаснай вытворчасці.
Нягледзячы на цяжкую, самаадданую працу беларускага сялянства, аднаўленне сельскай гаспадаркі ажыццяўлялася даволі марудна. 3 мэтай эканамічнай падтрымкі вёскі ў 1948 г. урад СССР прыняў пастанову ”Аб мерах дапамогі сельскай гаспадарцы Беларускай ССР у 1949 годзе”. Згодна з ёй рэспубліцы было выдзелена 3 тыс. трактараў і 2 тыс. плугоў да іх, 1,1 тыс. сеялак, 600 складаных малатарняў і г.д. Безумоўна, гэта чарговая дапамога краіны нямала садзейнічала адраджэнню нашай вёскі.
Вялікія складанасці мелі месца ў адражэнні грамадскай жывёлагадоўлі, якая, як ужо падкрэслівалася, у часы акупацыі была фактычна поўнасцю ліквідавана. У канцы пяцігодкі ў дадзенай галіне намецілася дыспрапорцыя ў тэмпах росту колькасці жывёлы і кармавой базы. Гэта тлумачылася тым, што ў мэтах паскоранага ўзнаўлення грамадскае пагалоўе ў калгасах расло хутчэй, чым прадукцыйнасць жывёл. Разам з тым нарыхтоўка кармоў была нездавальняючай, план пасеву кармавых культур штогод не выконваўся. У выніку пачынаючы з 1949 г. пачала зніжацца прадукцыйнасць кароў, а ў 1950 г. рэзка зменшыліся надоі малака і былі ніжэй, чым на працягу ўсіх гадоў пяцігодкі.
Адзначым, што развіццё жывёлагадоўлі адставала ад паляводства і ў цэлым у Саюзе. Таму ў 1949 г. быў прыняты трохгадовы план развіцця грамадскай жывёлагадоўлі, аднак ён не меў суадноснай эканамічнай, матэрыяльнатэхнічнай абгрунтаванасці і таму не быў выкананы.
Рост пагалоўя ў гаспадарках Беларусі ажыццяўляўся ў асноўным у выніку закупак калгасамі жывёлы, а потым яе дарошчвання. Таму, хоць у 1950 г. пагалоўе жывёлы і павялічылася ў параўнанні з даваенным перыядам на 1/3, мяса ў 1950 г. было атрымана 22,7 супраць 28,5 тыс. т у 1940 г.
Пэўныя асаблівасці пасляваеннага аднаўлення мела заходнебеларуская вёска. Яны праяўляліся ў першую чаргу ў спробах хутка перавесці сялянскую гаспадарку на ’’калек334
тыўны шлях развіцця”. Але ішоў гэты працэс вельмі марудна. Да канца 1946 г. было адноўлена і арганізавана ўсяго 133 калгасы (0,56 % усіх сялянскіх гаспадарак). Большасць з іх стваралася на базе памешчыцкіх маёнткаў, і калгаснікамі ў асноўным былі батракі і беднякі. Як вядома, у гэтым краі традыцыйнымі доўгі час былі хутарскія, прыватнаўласніцкія сялянскія гаспадаркі. Кіраўніцтва шэрага раёнаў заходнебеларускіх абласцей сумнявалася ў поспеху хуткай калектывізацыі і прапаноўвала спачатку арганізоўваць падсобныя гаспадаркі ў тых маёнтках, дзе да вайны былі калгасы. Кіруючыя органы рэспублікі асудзілі такія погляды.
Паступова вядомыя метады адміністрыравання набывалі ўсё больш пэўныя рысы. Так, у Кобрынскім раёне мясцовыя партыйныя органы пачалі прымусова ўцягваць сялян у калгасы, такім жа чынам правялі абагульненне жывёлы і інвентару. Сяляне адмаўляліся ад уступлення ў калгасы. У лютым 1949 г. XIX з’езд КП(б)Б згодна з указаннямі Масквы запатрабаваў завяршыць калгаснае будаўніцтва ў заходніх абласцях. Пачалася масавая калектывізацыя з многімі атрыбутамі 30х гг. Калі на студзень 1949 г. было калектывізавана 6,8 % сялянскіх гаспадарак, то ў канцы — 39,3 %. У Докшыцкім, ДавыдТарадоцкім, Вілейскім і іншых раёнах калгасы ўжо аб’ядноўвалі ад 50 да 80 % сялянскіх гаспадарак.
Партыйныя органы ўвесь час падганялі тэмпы калектывізацыі. Так, у канцы 1949 г. пленум ЦК КП(б)Б адзначыў, што ў шэрагу раёнаў Брэсцкай, Гродзенскай і Маладзечанскай абласцей аслаблена работа па стварэнні калгасаў. Кіраўніцтва ж на месцах імкнулася хутчэй ”выпраўляць недахопы” ў калгасным будаўніцтве. У студзені 1950 г. для ўмацавання калгасаў пры МТС па вопыту 1933 г. былі створаны палітычныя аддзелы, якія ’’ажыццяўлялі лінію партыі” ў заходніх раёнах.
Да канца 1950 г. у заходніх абласцях было арганізавана 6054 калгасы, якія аб’яднойвалі 85 % пасяўной плошчы. Былі ліквідаваны кулацкія гаспадаркі, сселены хутары, узмоцнены эканамічны націск на аднаасобнікаў, іншымі словамі, праводзілася ’’рассяляньванне” вёскі па ўсіх напрамках. У выніку быў разбураны ўвесь уклад сялян. Пачалося высяленне кулакоў. У сакавіку 1952 г. ’’асвойваць бавоўнаводчыя раёны Казахстана” адправілася 1356 ’’кулацкіх элементаў”. У красавіку гэтага ж года згодна з пастановай Саўміна БССР на ўсход павінна была перасяліцца яшчэ група кулакоў і членаў іх сем’яў колькасцю 5914 чалавек. У наступным месяцы з раёнаў Брэсцкай, 335
Гродзенскай, Маладзечанскай, Пінскай і Палескай абласцей у Іркуцк былі высланы 1683 кулакі з сем’ямі, а таксама тыя, хто варожа адносіўся да калгасаў.
Якімі ж былі вынікі аднаўлення сельскай гаспадаркі Беларусі за гады чацвёртай пяцігодкі? У аграрным сектары рэспублікі адбыліся пэўныя змены. У значнай ступені быў адноўлены нанесены вёсцы ўрон. Пасяўныя плошчы павялічыліся на 28 %, амаль у 3 разы пашырыліся пасевы тэхнічных культур. Узрасло пагалоўе грамадскай жывёлы. Умацавалася матэрыяльнатэхнічная база сельскай гаспадаркі. Вёска за гэты перыяд атрымала 8612 трактараў, 1555 камбайнаў, шмат іншай складанай тэхнікі. У рэспубліцы працавала 381 МТС замест 316 у 1940 г.
Аднак па шэрагу важных галін сельская гаспадарка не выканала заданняў пяцігодкі. Так, у параўнанні з даваенным перыядам у 1950 г. пасяўныя плошчы састаўлялі 94,3 %, пагалоўе буйной рагатай жывёлы — 96,5, коней — 62, свіней — 64,4, авечак —55 %. Становішча сельскай гаспадаркі заставалася складаным. У многіх калгасах нездавальняюча выкарыстоўвалася тэхніка, мелі месца вялікія недахопы ў арганізацыі вытворчасці, слабай была матэрыяльная зацікаўленасць калгаснікаў у выніках сваёй працы, зацягваліся сельскагаспадарчыя работы, што прыводзіла да вялікіх страт ураджаю. У рэспубліцы было шмат эканамічна слабых калгасаў, якія атрымлівалі нізкія ўраджаі, дапускалі падзёж жывёлы, мелі нізка аплачваемы працадзень. У пэўнай меры гэта было абумоўлена цяжкімі вынікамі вайны, але галоўнай прычынай такога стану аграрнай вытворчасці з’яўляліся метады гаспадарання на вёсцы.