Гаспода  Леанід Дранько-Майсюк

Гаспода

Леанід Дранько-Майсюк
Выдавец: Мастацкая літаратура, Зміцер Колас
Памер: 382с.
Мінск 1998
39.24 МБ
Дык вось, згадка пра смерць паэтаў у прасторы — гэта згадка пра адзін з парыжскіх мастоў, які стаўся апошнім парогам для Поля Цэлана. Цяпер пра гэты мост, як пра радок з біяграфіі паэта, успамінаюць і беларускія вучні Цэлана, рацыянальныя вынаходнікі недасяжнага шляху за небакрай Еўропы. Яны імкнуцца за еўрапейскі небакрай, і ўслед за імі імкнецца наша спрадвечная няспраўджанасць. Яны ведаюць, што сыходзіць з гэтага шляху не варта, нягледзячы на тое, што часам ён бывае легкаважна зваблівы, як райскі яблык.
Дзягілеўская рабыня ўважліва праглядзела маю дзённікавую старонку, нібыта на ёй былі не беларускія словы, а графічныя накіды нейкіх экзатычных танцавальных практыкаванняў.
Яна не ведала, хто такі Поль Цэлан, нешта аддаленае чула пра Гіёма Апалінэра, але гэта зусім не перашкодзіла ёй упэўнена паразважаць пра шлях за небакрай Еўропы, нават выказаць свае какетлівыя здагадкі: магчыма, гэты шлях пачынаецца адсюль, з Пон дэ Ар, адкуль — зірніце! — збягае на набярэжную Луўра, вяртаючыся на вуліцу Рывалі, клапатлівы гарсон. А магчыма, і з трубна-драцяной вышыні Цэнтра імя Пампіду.
Яна паказала на неба, некуды за Бульвар Себастопаль, і тут жа растлумачыла: з той вышыні ў яснае надвор’е добра відаць, як з візантыйскіх купалоў царквы Сакрэ-Кёр ападаюць на ўзгоркавы дол Манмартра сонечныя яблыкі...
А далей яна гаварыла пра неба, якое цяжэе ад жаночай незадаволенасці, пра воблакі, якія над Люксембургскім садам набываюць фалічныя контуры, пра пяшчотнага госця, што, увайшоўшы ў німфічную глыбіню, пакідае там навальнічны нектар. Гаварыла нават пра тое, што дарагія тканіны — ядвабы, аксаміты, парча — заўсёды зайздросцяць звычайным ільняным прасцінам...
Жаночая шчырасць на Пон дэ Ар, як сукенка Касталіі, — самая празрыстая ў свеце. Ад яе на стомленай вадзе Сены не застаецца нават ценю. Я паглядзеў на ваду, на трапяткі шаўкавісты шыфон маруднай плыні, і пераканаўся, што гэта так. Прыгнечаная прысутнасцю нізкага неба, вада не заўважала фрывольнай гульні легкадумнага пачуцця...
Непадалеку ад нас малады мастак пачаў устанаўліваць мальберт, заклапочана вышукваючы эцюдны матыў.
У дзягілеўскай рабыні пацямнелі вочы — яе гуллівага настрою як і не было. 3 нежаночай лютасцю яна паглядэела на маладога мастака. Пасля растлумачыла: «Бачыць іх не магу, гэтых рапэнаў! Мой муж таксама рапэн!» I пайшла ў бок Луўра, ператварыўшы пешаходны мост у клавесінны перазоў, ахінуты вакальным смуткам — ад сапрана да тэнару.
Шмат раптоўных сустрэч з прыгожымі жанчынамі адбываецца толькі таму, каб ужо ніколі болей не адбыцца. Есць у гэтых сустрэчах нешта хімерычнае, нават прыкрае. Але іншым разам здараецца амаль дзівоснае — яны нібыта абуджаюць дадатковы зрок, робяць душу фізічна праніклівай. Спатканне з дзягілеўскай рабыняй было менавіта такім. Праз некалькі дзён мы зноў сустрэліся, а пакуль я застаўся адзін і шкадаваў, што не паспеў ёй сказаць: мастак і жанчына — тое пачуццёва-расліннае плеціва, праз якое праходзяць электрычныя драты. Каб дамагчыся сваёй абсалютнай радасці, жанчына мусіць палюбіць у мастаку мастака, а пасля ўжо мужчыну. I гэтаму
паспрыяе светлакрылы малюнак Пон дэ Ар, што ў сонечны дзень успыхне на стомленай вадзе.
Вазьмі на памяць гэты малюнак, дзягілеўская рабыня! Ён паможа зразумець, што напачатку тваё хараство павінна ажывіць палітру — гэта значыць ператварыць мужчыну ў мастака і толькі пасля ўжо — мастака ў мужчыну. Ты чуеш мяне, парыжанка: п а с л я, калі над Люксембургскім садам праплыве першысарамлівы контур...
Жаночая неўраўнаважанасць тоесная змроку нястворанай кнігі — маёй лепшай кнігі — да якой я па-вучнёўску цягну рукі і з болем адчуваю, што мяне душыць родная мова, што яна абмяжоўвае маё патаемнае жаданне стаць іншым. He, я не збіраюся пакідаць сваю мову, як пра гэта класічна марылі паэты з больш сталых літаратур, але ўсё часцей і часцей мне бракуе слоў, каб выказацца да самай дасканалай чысціні. I я адчуваю, што застаюся толькі беларускім паэтам. Прызвычаены лексічны далягляд прыгнятае мяне горш за любога турэмшчыка, а пяць тамоў тлумачальнага слоўніка навісаюць над галавой, як украдзеныя пяць гадоў жыцця. Мне хочацца знікнуць назусім ці ператварыцца ў славутую Васілёвую кропку — тую самую, што абараняецца панцырам.
— Тата, а як можа абараняцца кропка, калі яе б’юць па галаве? — спытаў неяк Васіль і сам жа адказаў: — Панцырам.
Але ж якая гэта радасць раптоўна пачуць: «Мне падабаецца беларуская мова!» Пачуць ад жанчыны, якая на сваіх юных вуснах прынесла мне парнаскі снег.
Яшчэ зусім нядаўна я цешыўся з тых прыгожых абстракцый, што гэтая жанчына забірае мой страх перад смерцю, што з ёю можна гаварыць пра Дастаеўскага і пра вышэйшую ідэю на зямлі — ідэю неўміручасці душы. А цяпер мяне радуе яе спажыўнае, як хлеб, як малако, прызнанне: «Любы, беларуская мова мне робіцца блізкай, і калі цябе няма са мною, я заўсёды слухаю беларускае радыё». I цяпер я найбольш упэўнены, што каханая жанчына — заўсёды жанчына прыгожая і толькі для яе адной падымаюцца тэатральныя заслоны, нотныя знакі ператвараюцца ў гукі і пішуцца гэтыя радкі...
Нерухомая Сена пахне фанерай кульгавых мальбертаў і мастыхінавым жалезам. 3 усіх рэк гэтая рака найбольш падпарадкована творчасці і нават людзей-неартыстаў змушае быць творцамі. Таму не дзеля рыбацкае ўдачы і не дзеля кулінарнае радасці, a толькі дзеля нязвыклага нацюрморта «Рыбіна-волат» (і ў гэтым сумнення ніякага!), нікому невядомы Марк Шалан, ператварыўшы вежу Эйфеля ў вудзільна, злавіў у Сене саракакілаграмовага шчупака.
5.	На пыльным еўрапейскім лісці
На вуліцы Рывалі я палюбіў меладзіннае кафэ і пазнаёміўся з гарсонам. Я даведаўся, што ён аксітанец, што ён любіць каталонскія песні і носіць у сэрцы спадчынную крыўду на французаў. Некалі паўночная Францыя задушыла яго маленькую паўднёвую краіну, забараніла аксітанскую мову, разбурыла замкі. У дакор сённяшнім парыжанам гарсон вывесіў над малахітавай стойкаю бара вялізны чорнабелы фотаздымак адноўленай высакагорнай крэпасці Фуа, як адзін з галоўных сімвалаў аксітанскае пакуты і мужнасці...
Іграючы моцнымі рукамі тэнісіста, аксітанец частуе мяне ранішнім півам, грыбамі з Лімузена, гусінай пячонкай і нечакана просіць што-небудзь прачытаць па-беларуску.
I я запрашаю яго ў Дом Герцэна — у светлы бібліятэчны падвал, дзе ўпершыню даведаўся пра лодачку, якая «...уся белая, з сіняй аздобкай уздоўж борта, і яна ціха-ціха плыла па спакойным дрымотным моры, глыбокім і сінім. 3 берага глядзелі на мора прыгожыя вілы, чыста бялеючы ў садах, дзе раслі пальмы, алоэ ў вечнай згодзе з сонцам. А лодка ўсё плыла і плыла, і нейкі Поль сказаў свайму сябру:
— А ў Парыжы ўвесь час ідзе снег. Ноччу шэсць градусаў марозу.
А той, другі, нічога не адказаў, толькі ўдыхнуў на ўсе грудзі цеплае блакітнае паветра, глянуў на вілы, якія былі ўжо далёка, і ўбачыў высока над імі вялізныя белыя горы, што ўсё раслі і раслі, і здавала-
ся, ніколі не было пад імі ні вінаграднікаў, ні пальмаў, ні алоэ...»
— Гэта паэзія? — спытаў гарсон.
— Паэзія, — адказаў я, чытаючы далей: «А лодачка ўсе плыла і плыла, і тыя, што сядзелі ў ёй, успаміналі зімовы Парыж, нейкага Жуля, што за адзін вечар скарыў сэрца багемнай прыгажуні Сільвіі Рамон і ноччу, калі ўжо разыходзіліся ад яе госці, басанож кружыў па аснежаным двары, мыючы ногі. Вялікі дзівак і вялікае дзіця быў той Жуль!
А лодачка ўсе плыла і плыла, сінела чыстае і спякотнае неба, усё раслі і раслі на даляглядзе белыя горы, і нейкі Поль вычытваў з газеты пра снежныя абвалы ў горных вёсках з дзіўнымі назвамі Пірале, Дамонтэ, К’ябрана, Вальпрата.
А потым лодачка павярнула назад, і ўсё бліжэў і бліжэў бераг, і не было ўжо відно высокіх белых гор, і неўзабаве не было ўжо нічога, акрамя горада і сіняга мора, і ўсё плыла, плыла па дрымотнай вадзе лодачка, слаўная лодачка з сіняй аздобкай уздоўж борта».
Чытанне скончылася, мы пакінулі светлы бібліятэчны падвал і на хвалі беларускае прасодыі вярнуліся ў меладзіннае кафэ.
Я стаў гаварыць пра тую небяспечную блізкасць, якая ўзнікае паміж суседнімі мовамі, і пра псіхалагічную адрознасць беларускага слова ад рускага, якая заўсёды ратавала нашу мову ад знікнення.
Аксітанец уздыхнуў, успомніўшы каменнавечную мяжу, што пралегла паміж аксітанскай мовай і французскай...
Я гаварыў пра паэзію, пра Купалу і Апалінэра, пра спадчынна-ўстойлівае непадабенства французскіх і беларускіх паэтаў, сэнс якога шмат у чым вызначаны дзеясловамі шукаць і чакаць. Французскія паэты-класікі шукалі свой лёс, а беларускія чакалі яго — і мелі, дарэчы, рацыю. Страх падумаць, што б сталася, каб яны — ранішняе святло на пыльным еўрапейскім лісці — кінуліся б шу каць! Пэўна ж, без пары патухлі б...
Пара нашага цярпення ў самым росквіце. I не трэба нічога прыспешваць. Трэба ўсё яшчэ па-ранейшаму чакаць, не спакушацца чужым авантурным духам, а выхоўваць свой і не зневажаць сябе, ата-
ясамліваючы мудрае цярпенне з авечай пакораю. He варта вырываць з душы сваёй сціплыя кветкі кансерватызму. I калі мы сапраўды адстаём ад сваіх суседзяў на сто, дзвесце ці нават на больш гадоў, калі мы часта прыстаём, стамляемся, басанож адольваючы дадзены гісторыяй шлях, то адставанне нашае (я ўпэўнены!) вельмі блізкае да той відавочнай розніцы, якая некалі існавала паміж пакутнай хадою босых галілейскіх рыбакоў і зладжаным крокам абутых рымскіх легіянераў.
Нам усё яшчэ трэба выжыць, і мы выжывем, калі зразумеем: жыццё вечнае не таму, што яно падманнае, а таму, што яно цудоўнае; калі ў сваім царкоўна-касцельным падзеле не забудзем, што хрысціянства нам дадзена яшчэ і як цяжкі клопат — гэта значыць, што мы, беларусы, павінны жыць з большай маральнай энергіяй, з большым цярпеннем, чым нашыя мацнейшыя суседы. He забываючы пра волю, часам павінны і наогул адмаўляцца ад яе. Бунтоўны крык інжынера Кірылава, узмоцнены пакутамі Дастаеўскага: «Мы няшчасныя! Мы баімся выказаць сваю волю!» — усё яшчэ небяспечны для нас, бо мы — этнаграфічна датклівыя. Бо мы — усё тое ж ранішняе святло на пыльным еўрапейскм лісці. Наш лёс — не ў старажытным каўчэзе, а ў юнай «лодачцы з сіняй аздобкай». Нашае супакаенне — думаць пра паэтаў, такіх, як Апалінэр, чыё жыццё ўжо само па сабе — паэзія, чыё троннае імя за межамі Францыі існуе незалежна ад яго творчасці...