Гаспода  Леанід Дранько-Майсюк

Гаспода

Леанід Дранько-Майсюк
Выдавец: Мастацкая літаратура, Зміцер Колас
Памер: 382с.
Мінск 1998
39.24 МБ
— Географы памыляюцца, упарта праводзячы ўсходнюю мяжу Еўропы па Уральскіх камянях, — сказаў Непрыкаяны Паляк. — Еўропа канчаецца паміж Варшавай і Брэстам над Бугам. А на гэтым бульвары яна ўжо даўно скончылася і наогул знікла.
Шумны Бульвар Себастопаль ілюстраваў сабою няўхільнае дэмаграфічнае ператварэнне Еўропы ў Афрыку.
Мы прыйшлі на лютэцны востраў Сітэ, і над раздвоенай Сенаю для нас прагучалі дзве скрыпкі, два альты і дзве віяланчэлі — секстэт жаданага спакою і старасці.
— Учора малады пан быў на канаце, а я хаджу па сваіх канатах. Яны заўсёды ўзнікаюць там, дзе бываю я. Зірніце ў неба. Гэта яшчэ адзін мой канат. Ён працягнуты ад станцыі метро Сітэ да станцыі СенМішэль. Мне якраз туды.
Непрыкаяны Паляк узышоў на с в о й канат і лёгкай хадою маладога ўлана пакрочыў над Сенаю. Ужо здалёку ён крыкнуў мне:
— Цар Асархадон адбудаваў разбураны Вавілон! А хто нанова адбудуе Парыж?!
Я глядзеў яму ўслед і бачыў хісткі абрыс ягонай старасці, пазбаўленай спакою.
Лёс не саромеецца такіх людзей, адкрыта гаворыць ім: «Ваша хвароба невылечная». Але яны, расліны з парушаным коранем, не вераць лёсу — не вераць датуль, пакуль срэбнае львяня не ўзбунтуецца і не раздзярэ шаўковы матузок...
Востраў Сітэ закалыхаў мяне, як соннае расчараванне будучыняй.
Раманская архітэктура, астматычна задыхаючыся, на Сітэ акрыяла, набыла лёгканябеснае дыханне і нарадзіла двухгаловую базіліку з пазванковым шпілем. Я ведаю, што гэтая базіліка — раннегатычная Сірата
і што цяпер яна першая стаіць у доўгай чарзе па новае тысячагоддзе.
Дзве скрыпкі, два альты і дзве віяланчэлі вялі сваю бясконцую бяседу, раз-пораз апускаючы доўгія смыкі ў дубовую бочку з чырвоным віном, пакінутую ўсім нам дбайнымі парызіямі. Хмельныя цяжкія кроплі зляталі з бліскучых струнаў на пыльныя крылы галубоў і белыя партупеі паліцэйскіх.
Я глядзеў на вітражы базілікі і ўспамінаў, што чырвонае віно такое ж па адчуванні, як і дзённае святло, прапушчанае вітражамі. На мяне наплываў толькі чырвоны колер. Усе астатнія — сіні (Божай Маці), зялёны (д’ябла) і фіялетавы (пакуты) саступілі пераможнай чырвані.
7.	Гісторыя Януша Лонскага
Непрыкаянасць — вечная пагроза Еўропе.
Дзіця недасканаласці. Непрыкаянасць забыла тыя цудоўныя часы, калі Еўропа вучыла яе хараству. Нічога светлага з тых намераў не выйшла. Як вусень, Непрыкаянасць з’ядала далікатнае лісце каштоўнай вучобы, не ўмеючы і не жадаючы здабыць з яго спажыву для душы і розуму. Лепшае насенне гінула ў камяністай гліне, і пачалася эпоха павольнай зайздрасці Еўропе. Эпоха маруднай, расцягнутай на стагоддзі, помсты. Непрыкаянасць помсціла дасканалай Еўропе сваёй прысутнасцю і знарочыстым вар’яцтвам, якое з бегам часу рабілася амаль натуральным.
Мой добраахвотны павадыр — увасабленне гэтай помсты.
За адзін блакнотны ўздых паспрабую стварыць навелістычны партрэт ягонай маладосці і пачну, як і належыць пачынаць навелу пра донжуаністага абібока, з амурнага вузельчыка.
Салодкае жыццё львоўскага ветрагона Януша Лонскага яшчэ больш пасаладзела, калі ён убачыў дваццацігадовую пані Барбару, жонку пяхотнага палкоўніка Ружэвіча — меланхалічную німфу, улюбёную ў гатычныя сярэдневяковыя вежы і ў звонкія рыфмы французскіх балад.
Некалькі вечароў Януш Лонскі, як гарачы іспанец, мужна прастояў пад высокім балконам пані Барбары, не баючыся халоднай расы і калючай шыпшыны, і ягонае цярпенне было ацэнена — балконныя дзверы спагадна прачыніліся.
I яшчэ некалькі вечароў Януш цярпліва таптаўся пад жаданым балконам, аперэтачна пазіраючы на барочныя балясы, з якіх пазяхаў гранітны леў.
Закаханы Януш прадчуваў удачу і не памыліўся.
3 анёльскае вышыні балконных дзвярэй, закрытых персідскімі шторамі, у яго далоні зляцела нарэшце гарачая запіска: «Хто Вы?»
Запіска ад самой пані Барбары!
He звычайная паперка — залацістае пяро казачнай птушкі.
Усцешаны, Януш не марудзіў і таксама эпісталярна выдыхнуў: «Я — паэт...»
Недасяжны балкон пачаў чароўна набліжацца, пустыя вочы ў гранітнага льва пацяплелі, персідскія шторы гасцінна расхінуліся. Ад шчасця Януш Лонскі гатовы быў памерці ў халоднай pace і ў калючай шыпшыне.
Але што прымусіла пані Барбару, замужнюю жанчыну, спыніць сваю ўвагу на львоўскім ветрагоне, няхай сабе й паэце?
Вядома ж, вялікі сямейны сум. Ёй надакучыў муж, гэты акопны пехацінец з мундзірнай душой і газетным інтэлектам. Пані Барбара стамілася. Яна пражыла з палкоўнікам тры доўгія гады. Тры векавыя гады сямейнага смутку! Ці не зашмат? I з кім? 3 чалавекам, які не разумеў паэзію, не любіў музыку, пазбягаў шумных вясёлых бясед. Яе саму ён, здаецца, кахаў, хаця па праўдзе кажучы — ён больш любіў тое ўтулле, якое яна стварыла ў яго шыкоўным доме.
He, досыць.
Калі мужа цалкам забірае казарма, прыгажунюжонку можа ў любое імгненне спакусіць хуткі парыжскі цягнік.
0, як яна памылілася, аддаўшы свой далікатны вясновы цвет гэтаму саракагадоваму халасцяку. Праўда, напачатку яе зачараваў палкоўніцкі мундзір і прывабіла тое, што пан Ружэвіч, дажыўшы да сталага веку, так і не ажаніўся. Значыць, не кахаў. I
яна першая, каго ён пакахаў! Якое ж дзявочае сэрца не ўсцешыцца з таго!
Святая наіўнасць, не абароненая ні хітрасцю, ні сваім і ні чужым вопытам!
I ўсё ж галоўная прычына, якая прымусіла Барбару стаць жонкай пана Ружэвіча, — грошы. Вялікія грошы палкоўніка. Яны зламалі яе. He, сама Барбара ніякіх грошай не дамагалася, але хворая любая мамуся, даведаўшыся пра заможнага палкоўніка-бабыля (о, вечны сюжэт!), загадала дачцэ доўга не думаць, не ўпарціцца, а пашкадаваць мужнага абаронцу айчызны, іхняе боскае Польшчы, у якой столькі ворагаў. Такі жаніх, як пан Ружэвіч, адзін на ўвесь Львоў. Адзін! Дык якія могуць быць ваганні?!
Барбара заплакала, але маці накрычала на яе:
— Успомні бацьку-жабрака! Што ён пакінуў табе, памершы? Голы стол і свечку на стале!.. Паглядзі на мяне, хворую!
Барбара не пакідала плакаць.
— I не забывай, каханая, што я яшчэ не заплаціла краўчысе за тваю апошнюю сукенку!
Пачуўшы пра сукенку, Барбара мусіла выцерці свае шчырыя слёзы. Далей упарціцца не мела ніякага сэнсу. Яна была паслухмянай дачкою і загад хворае маці ўспрыняла як загад лёсу.
I вось тры нудныя гады прайшлі. Яны не прынеслі пані Барбары — ні дзяцей, ніякай іншай радасці. Мамуся памерла — і з’явіўся гультаяваты Януш Лонскі. З’явілася хоць нейкая магчымасць пазбавіцца апрыклай сямейнай аднастайнасці...
Стаяла лета 1939 года. У другой палове ліпеня пачаліся вайсковыя манеўры, у якіх удзельнічаў і полк палкоўніка Ружэвіча. Палкоўнік на доўгі час пакінуў Львоў, і пані Барбара дазволіла закаханаму цярпліўцу Янушу Лонскаму ўвайсці ў сваю спальню. Удалая ноч заручыла іх авантурным духам, і назаўтра яны ўжо ўцякалі з Польшчы — шчаслівыя, сядзелі ў парыжскім цягніку. Пані Барбара пакінула дом у адной сукенцы. Доўгіх збораў баялася: а раптам здагадаецца пакаеўка! Узяла з сабою толькі грошы палкоўніка... I бесклапотны Януш нікога не папярэдзіў. Бацькам вырашыў напісаць з дарогі. I, вядома ж, не напісаў. Hi з дарогі, ні пасля. У купэ яму не
сядзслася, хацелася танцаваць, хацелася крычаць і плакаць. Амаль да самай Францыі ён страсна чытаў вершы — сваё кволае рыфмаванне перасыпаў іроніяй Галчыньскага, а час ад часу і львоўскімі анекдотамі. Пані Барбара смяялася, як дзяўчынка.
У Парыжы іх прывеціў львоўскі знаёмы Януша мастак Булацкі, у якога на бульвары Клішы была майстэрня. 3 тыдзень яны пажылі ў гасціннага Булацкага, прывыкаючы да Парыжа, а пасля аселі ў таннай гасцінічцы, амаль начлежцы, на заходнім схіле Манмартра, дзе гаспадарыў аднавокі мараканец. Гэты жабрацкі прытулак, у якім пахла воцатам і пустымі эмігранцкімі кішэнямі, іх задаволіў. Яшчэ ў цягніку яны дамовіліся ашчаджаць кожны франк.
Пані Барбара пайшла працаваць. 3 дапамогаю зычлівага Булацкага яна ўладкавалася ў мастацкі магазінчык рэкламным агентам.
А Януш Лонскі служыць не збіраўся і, наогул, ніякае работы не шукаў. Жыў сабе вольна, як бульварны верабей. Кожнага ранку цалаваў Барбару і спускаўся ўніз расказаць гаспадару гасцініцы анекдот па-польску. Мараканец заклапочана бліскаў адным сваім вокам і няцямліва ўсміхаўся. «Нічога, — блазнаваў Януш, — яшчэ трохі, і будзеш мовіць па-польску». Паўглядаўшыся ў люстэрка, якое займала амаль палову маленькага вестыбюля, і, вядома ж, сам сабе спадабаўшыся, Януш да самага абеду выбіраўся ў горад. Удзень сустракаўся з Барбарай у бістро, непадалёку ад мастацкага магазінчыка, а пасля абеду заходзіў на Сітэ ў польскую бібліятэку — пагартаць варшаўскія газеты. Вечары ж праседжваў у Булацкага. Януш Лонскі не мог надыхацца Парыжам і з дня ў дзень выходзіў у горад без ніякае мэты, без ніякага клопату. I бяды ў гэтым пані Барбара пакуль не бачыла. Ён — паэт, а вандраваць над Сенаю — занятак, варты паэта.
Лёс даў ім некалькі тыдняў прыгожага спакою, але першага верасня пачалася вайна, і ўсё зацьмілася. Януш Лонскі адразу пачужэў для Барбары, Першага верасня ён паўздыхаў, успомніўшы бацькоў, якім так і не сабраўся напісаць, і, нібыта на Польшчу не бомбы нямецкія падалі, а калядны снег, зноў выйшаў на сваю чарговую праходку.
Удзень яны маўкліва паабедалі, а ўвечары ен сабраўся да Булацкага на бульвар Клішы.
— Януш, што рабіць будзем? — не тоячы страху, спытала Барбара.
Ён нічога не сказаў, пацалаваў яе і выйшаў.
I назаўтра, сонечнай раніцай, таксама пацалаваў Барбару і, не забыўшыся пацешыць мараканца новым польскім анекдотам, зноў пусціўся ў бульварны паход па цудоўным восеньскім горадзе.
— О, усё наладзіцца! — усклікнуў ён весела, калі на бок Польшчы ў гэтай вайне сталі Англія і Францыя.
Блюзнерская ўпэўненасць!
Плачучы, пані Барбара пайшла да мастака Булацкага, каб знайсці якой рады.
Семнаццатага верасня Польшча ўжо задыхалася, і бедная Барбара не вытрымала: «Януш, прачніся! Ты ж паляк!» Януш Лонскі адказаў незадаволена: «Гэту вайну, мая каханая, мы перабудзем у Парыжы».
Перабудзем?!
Яна ўзненавідзела Януша за такую здзеклівую выснову і пракляла яго, сама не ўсведамляючы, якую разбуральную сілу ўклала ў свой раптоўны праклён. Яна ўспомніла пакінутага, зняважанага мужа: дзе ён? што з ім? ці жывы? Вядома ж, ваюе, абараняе любую Польшчу. Абараняе яе, Барбару. I ўпершыню яна адчула ў душы нешта падобнае на каханне, на цёплую прыхільнасць да палкоўніка Ружэвіча, да гэтага сумленнага чалавека, якога так жорстка падманула.