Гаспода
Леанід Дранько-Майсюк
Выдавец: Мастацкая літаратура, Зміцер Колас
Памер: 382с.
Мінск 1998
Паміж гэтым сном і далейшай маёй сустрэчай з белым луўрскім голубам існавала тая ж сувязь, што заўсёды існуе паміж магілай і помнікам над ёю. Сувязь няўтульнага спакою.
У Луўры над партрэтам Джаконды, над празрыстым бранявым лістом, якім закрыта карціна, я ўбачыў белага голуба. Ён павіс над карцінаю, як марыянетачны анёл, і вісеў датуль, пакуль не запляміў ахоўны ліст вадзяністым слядком мускатнага арэха. Нябачная нітка, што трымала голуба ў паветры, мусіць, абарвалася, і ён, адчуўшы волю, паляцсў да луўрскае піраміды. Ён нібыта паказаў мне новы шлях да цікавага, і я пайшоў услед за голубам. Адштурхнуўшыся ад луўрскае піраміды, мы пераляцелі Ссну і апынуліся на вакзальным даху музея д’Орсэ.
Голуб, варухнуўшы крыламі, павярнуўся на ўсход, злавіў на шаўкавістае волле світальную палоску жоўтага кадмію і стаў называць імёны жанчын, тыя
шчаслівыя імёны, якія жывуць у паэзіі Апалінэра,— Марыя, Леа, Фердзіна, Анні, Міа, Марэя, Іста, Лары, Івета, Луіза, Жаклін.
Я слухаў уважліва, але чуў толькі літару «а», таму візуальна-графічнае выяўленне гэтых цудоўных імёнаў у маім успрыманні атрымалася такім: мАрыя, леА, фердзінА, Анні, міА, мАрэя, істА, лАры, іветА, луізА, жАклін.
Мы спусціліся на антыкварную вуліцу Бак, і луўрскі голуб пазнаёміў мяне з сямейнай парай, старымі парыжанамі, што, як зачараваныя, стаялі перад нейкай вітрынаю, светлую прастору якой зацямняў габелен з Абюсона.
У вялікіх еўрапейскіх гарадах варта знаёміцца з людзьмі сталага веку. Яны менш прагматычныя за сваіх дзяцей ды ўнукаў, і з імі можна гаварыць пра паэзію, не баючыся непаразумення.
Mae новыя знаёмыя адразу ж забылі пра абюсонскі габелен, калі пачулі імя Апалінэра, нібыта я прамовіў не імя ягонае, а назваў пароль, нейкае патаемна-сакральнае слова, дзякуючы якому мяне адразу ж прынялі за свайго.
Мы прыйшлі на вуліцу дэ Аббеі — у круглы скверык, які замілавана прытуліўся да раманскага абацтва Сен-Жэрмен дэ Прэ.
У цені высознае вежы я ўбачыў скульптурны партрэт Апалінэра — медна-зялёны твар, уквечаны мускатнымі кроплямі, якія выслізнулі на волю з гарачых птушыных страўнікаў. Луўрскі голуб тут жа «пацвердзіў» маё празаічнае назіранне, апусціўшыся на бронзавую галаву паэта.
Ранішні Парыж перакулена засвяціўся ў жабрацкіх зрэнках луўрскага голуба, узмацняючы маё недаўменне: бронзавага Апалінэра ўзвялі побач з цытадэллю дапытлівых маўрыстаў? Ен жыў паблізу, гэта так, але магутныя сцены абацтва — не лепшы фон для маленькага помніка вялікаму паэту.
Я глядзеў на пасмяротны вобраз аўтара «Алкаголяў» і заместа чалавечага аблічча бачыў страхотны, амаль пачварны рэльеф. Бачыў яшчэ адну карыкатуру на паэта, гэтым разам у бронзе, якую Пікасо выклепаў, асабліва сябе не абцяжарваючы. 3 камяка дрэнна апрацаванага металу, нібыта сам па сабе, вы-
лез баксёрскі hoc, над ім павіс маленькі каталіцкі лобік, а над бухгалтарскімі шчокамі, што надзьмута сышліся ў дзіцячы рот, круглымі пустымі зорамі застылі опіумныя вочы. Вось і ўвесь партрэт. Праўда, мне спадабалася, што валасы былі падобныя на лаўровае лісце, ці лепей сказаць: з бронзавых валасоў узыходзіла гэтае славалюбнае лісце, у якое час ад часу галоднай дзюбай пазвоньваў луўрскі голуб. I яшчэ ўразіла на галаве ломная выява шрапнельнай раны. Яна, мусіць, і надавала скульптурнаму вобліку асіметрычную тужлівасць, прымушала заўважыць у невідушчых опіумных вачах паэта неразвейны попел крыўды на жанчын, на сяброў, на лёс, на Францыю.
Я спытаў пра апошнюю Апалінэраву кватэру, якая павінна была быць недзе тут — паблізу абацтва Сен-Жэрмен дэ Прэ. Mae праважатыя разгублена ўсміхнуліся, азіраючы навакольныя дамы. Яны не ведалі, дзе кватэра, і ніхто не ведаў, у каго яны ні пыталіся, — ні гаваркая бона з рахманым дзіцяткам у вазочку на трох колах, ні флегматык-паліцыянт з белай расшпіленай кабурою, ні яшчэ адна старая сямейная пара, што пышна ўладкоўвалася каля кнігарні Галімар у жоўтае таксі.
Магчыма, нешта слязлівае з’явілася ў маім позірку, бо мяне ўзяліся дружна супакойваць: мсье, засмучацца не варта, кватэра паэта знойдзецца, а пакуль можна схадзіць у мастацкі музей. Тут, зусім no634, адно прайсці ў канец вулічкі дэ Аббеі — музей Эжэна Дэлакруа? Хіба мсье не жадае наведаць музей Дэлакруа? Ах, як шкада! Гэта ж вельмі цікавая пінакатэка...
He, ніякіх музеяў. Мне хацелася застацца аднаму ў гэтым прыцаркоўным скверыку. Я падараваў старым парыжанам серабрысты значок з ляўкоўскім профілем Купалы, і мы развіталіся.
Яны скіравалі на вуліцу Банапарта і пайшлі па сонечным тратуары, агорнутыя залаціста-блакітнымі рэфлексамі. Святло, выявіўшы сваю дамінанту, змякчыла абрысы дрэў, будынкаў, людзей. Краявід займеў сцішаныя лініі, далікатнае віельнае гучанне. Цені зрабіліся каляровымі, пад легкім ветрам яны шамацелі, нібыта крэпдэшын. Залаціста-блакітнае паступова сыходзіла ў аднатонна-сінюю далеч.
Але пабыць аднаму так і не давялося.
У скверык зайшоў лысы, барадаты бадзяга з цэлафанавай сумкай апельсінавага колеру. Каля высокага манастырскага падмурка ў дальнім кутку скверыка ён па-лёгкаму абтуалеціўся, руку з сумкаю засцерагальна адвёўшы ўбок. Нешта гліняна-скульптурнае, працятае скразняком няўтульнай студыі, з’явілася ў яго напружанай паставе. Адышоўшы ад святое сцяны, ён прылёг на лаўцы, абачліва падмасціўшы пад галаву сваю цэлафанавую торбу. Цэлафан затрашчаў, як сухое ламачча. Адкашляўшыся, бадзяга заснуў.
Шчаслівае воблака яго сну апавядальна праплыло нада мною і абудзіла мае фантазіі.
Магчыма, ужо заўтра ён займее новы касцюм і неблагі пакой у цёплай гасцініцы, дзе па вечарах «Берагамі Роны» будзе запіваць сыр-канталь. А самае верагоднае дык, пэўна ж, тое, што яго сезанаўская лысіна хутка знікне пад густымі каштанавымі валасамі, ашчадна перанесенымі з барады на галаву. Шчаслівае воблака чужога сну дало зразумець, што заўтра ў лысага, барадатага бадзягі з’явіцца дастаткова грошай, каб заплаціць хірургу Жану-Клоду Дарду за аперацыю, за казачнае ўмельства гэтага чараўніка аднаўляць страчаныя валасы.
Залаціста-блакітнае ўсё яшчэ паступова сыходзіла ў аднатонна-сінюю далеч, і я пабаяўся разгортваць блакнот, каб мажорным шумам густа спісаных старонак не спалохаць рэфлексы на тратуары і не разбудзіць ціхамірнага бадзягу.
Нішкам, як з дзіцячай спальні, выйшаў з апалінэраўскага скверыка і разгарнуў блакнот ажно ў Люксембургскім садзе каля фантана з фавістычнаю рыбай. Там і запісаў свой першы парыжскі верш пра любую стомленасць, што сёння ўсміхнулася мне подыхам флейтавай трысцінкі, упрыгожыўшы прастору паміж монпарнаскім небадомам і будынкам Сената ямбічнай рыторыкай змяркання:
«У стомленасці ёсць тваё імя. Стамляючыся, ноч тваю сустрэну... Ты кветкі сніш, якія сню і я, — лілею каралеўскую й вербену.
Мяне ў Парыж ты правяла, у дым, якім я дыхаў і якім я плакаў. Гітара тэлефонная аб тым званіла, што няма журбы ніякай.
Цяпер я веру: сапраўды няма... Сівы скрыпач у Люксембургскім садзе іграе пра вясёлае імя са стомленасцю любай у паглядзе...
Я заблудзіўся ў радасці чужой, я заблукаў на дарагой чужыне, упэўнены: з апошняю струной парыжскі дым у сэрцы не астыне.
Я надламаў фантанныя слупы, каб не ўцякла скрыпічная саната, каб монпарнаскі небадом сляпы убачыў яснасць неба і Сената.
У той лагодзе я знайшоў яе — хвіліну галубінага спакою. Мая душа не плача, а пяе, бо стомлена не лёсам, а табою».
Я адчуў сябе лірычным перыпатэтыкам, які назаўсёды памяняў пісьмовы стол на прагулкі з эцюдным блакнотам і якому ў юным змярканні заўсёды мроіцца бясконцая лінія пяшчоты. Непадуладная геаметрам, а толькі мне,— яна пралегла па універсітэцкім бульвары Сен-Мішэль ад дома Леконт дэ Ліля да колішня-рымскіх разбураных лазняў, Праз востраў Сітэ я вярнуўся на правы бераг Сены і пакуль ішоў па востраве, ён паволі раскрываў перада мною свае банальныя вечаровыя вобразы: маўклівыя мальбертныя істоты старанна змалёўвалі раннегатычную двухгаловую базіліку; японцы, падобныя на марсіян, бліскалі фотаапаратамі; па рубінавай Сене плыў рэстаранны цеплаход.
Двухгаловая базіліка, асветленая моцнымі пражэктарамі, нагадвала мёртвага мутанта, закрытага белай гіпсавай прасцінаю.
У меладзінным кафэ мяне чакаў Непрыкаяны Паляк. Ен нахіліўся над малахітавай стойкаю і размаўляў з аксітанцам. Гаворка была пра апошнія гады Напалеона, пра незразумелую смерць лонгвудскага вязня. Мой павадыр даводзіў, што мыш’як у імператарскае віно падсыпаў Маршан, подлы пакаёвы служка, падкуплены рускімі. Аксітанец паблажліва ўсміхаўся: пры чым тут рускія? пры чым тут небарака Маршан, калі побач з імператарам быў увесь час гэты авантурыст і раганосец граф Манталон, зацяты бурбонец...
Я папрасіў вады.
Аксітанец выхапіў срэбнымі абцужкамі з глыбокае вазы тры коўзкія літары е, a, u і кінуў іх у конусную шклянку.
Было мне з чаго здзівіцца: у глыбокай вазе блакітнай горкай ляжаў французскі алфавіт!
Аксітанец звыкла страсянуў шклянку, і халодныя ільдзістыя літары збегліся ў слова — e’eau — вада.
Я ўзяў шклянку, але піць расхацелася — смагу спатоліла хваляванне. Рука мая дрыжала, і ў конусным шкле вагонна пакалыхвалася лексічнае змесціва чужой вады.
Я нахіліў шклянку, і літары з мяккім ласкавым шумам пасыпаліся на малахітавую стойку, утвараючы ювелірную калюжку.
Аксітанец усміхнуўся і выцер стойку.
Тым часам Непрыкаяны Паляк спакойна дапіваў сваю ваду, смакуючы кожную літару.
10. Усходнеславянская палесціна
На бульвары Сен-Жэрмен я ўбачыў сумнага міма — маленькага, як вітрынная статуэтка, чалавека з густа набеленым тварам і ў белых выхадных пальчатках. ён стаяў на зялёнай сметніцы каля ўвахода ў метро.
Хрэстаматыйная постаць: вочы, поўныя пяшчотнага вечнага дзяцінства, сухія каштанавыя губы, старанна дагледжаныя чорныя вусікі (асабліва прыкметныя на празмерна набеленым твары!), крыху разгубленая, з кропелькай вінаватасці ўсмешка, у напружанай руцэ — лёгкая, як флейта, франтаватая палачка.
Апрануты ён быў, вядома ж, у доўгі, як на чужога шыты, фрак і ў гэткія ж не на яго скроеныя мешкаватыя штаны. Абуты — у вялізныя цыркавыя чаравікі. А завяршалася ягонае праставатае ўбранне вянцом, шчодра ўсыпаным брыльянтамі непазбыўнага глядацкага смеху, — славутым, крыху пакамечаным, чорным круглым капялюшыкам.