Гаспода
Леанід Дранько-Майсюк
Выдавец: Мастацкая літаратура, Зміцер Колас
Памер: 382с.
Мінск 1998
Я ўбачыў Чарлі Чапліна.
Каля сметніцы, аздобленай жоўтымі пялёсткамі скарыстаных праязных білетаў на метро, стаяла глыбокая кардонная пушачка, у якой незацемненым срэбрам ужо зіхацелі жаданыя франкі.
Гучала катрынка, і пад яе немудрагелісты акампанемент маленькі чалавек моўчкі, як і належыць міму, апавядаў пра сябе нешта вельмі жаласлівае, шчымлівае. Гэта было надзвычай выразнае апавяданне амаль нерухомага твару і марыянетачных рук.
Вулічны акцер іграў Чарлі Чапліна, іграў неабароненасць душы, увасабляў светлы камізм, зразумелы кожнаму без слоў; той драматычны камізм, якому людзі некалі паверылі адразу, з першага кіназ’яўлення, адчуўшы яго выратоўную энергію.
Сметніца — метафара, якая лёгка чытаецца: бруд і чалавек суіснуюць, але чалавек заўсёды павінен знаходзіцца вышэй.
Цярпліва чакаючы спачування прахожых, мім, як мне здалося, мала зважаў на іх прысутнасць. Сапраўдны акцёр, ён быў захоплены ўласнай пластыкай, тэатральная адасобленасць паралізавала ягоную нядужую постаць.
Насупраць міма, на самым краі тратуара, размясціўся катрыншчык. Hi тварам, ні адзеннем ён нікога не нагадваў. Звычайны вулічны парыжанін, вясёлы статыст — у клятчастай кепцы, ссунутай на квадратную патыліцу, у будзённай кашулі з расшпіленым каўняром, у ношанай скураной камізэльцы. Вартай увагі была хіба што сама катрынка — даверлівая, заўсёды юная скаржніца, схаваная на выпадак дажджу пад парусінавы тэнт, ды прыцягвалі ўвагу кацяняты ў кошыку — дзве вясёлкавыя апучкі з агатавымі мыскамі. Прахожыя не толькі любаваліся кацянятамі, ім дазвалялася браць іх на рукі, гладзіць.
Катрыншчык не стамляўся круціць нікеляваную паслухмяную корбу. Ён усміхаўся, быў задаволены сваёй музыкай, сваім вясёлкавым кошыкам і, бадай што, прахожымі, нягледзячы на іхнюю скупаватасць. Магчыма, сярод прахожых былі й не скупыя людзі, але яны не ведалі, куды кідаць свае франкі. Каля ног катрыншчыка не было ніякай каробкі — толькі старамодны кошык з кацянятамі. Два галубы ўсё спрабавалі падысці бліжэй да кацянят, узбуджаныя немалым інтарэсам зазірнуць у кошык, але катрыншчык палохаў іх вясёлым воклічам. Распушыўшы хвасты і крылы, галубы без ніякае крыўды адбягалі ад кат-
рыншчыка, — усё адно як свойскія птушкі ад свайго гаспадара.
Катрыншчык і мім існавалі, вядома ж, паасобку, кожны быў заняты сваім немітуслівым клопатам. Але настрой .у іх быў тэатральна-непадзельны, і непадзельны быў гэты, імі шчыра ўпадабаны куток левабярэжнага арыстакратычнага бульвара.
Зусім побач, за чыгуннай агароджаю, узвышалася ўжо вядомае мне абацтва маўрыстаў, з боку бульвара да самага даху аплеценае металічнай павутою рыштаванняў.
Недзе высока пад цяжарам напятых тросаў скрыгаталі блокі, стукаў адбойны малаток, па манастырскім даху, як жывыя плямы, рухаліся рабочыя.
Ішла рэстаўрацыя.
Я перайшоў на процілеглы бок нешырокага бульвара і ўбачыў, што катрыншчык, мім і рабочыя апынуліся амаль у адной візуальнай плоскасці — сышліся, як на сімультаннай дэкарацыі, у агульны зрокавы вобраз.
Я здабыў сінаптычную магчымасць адначасова назіраць за іх мернымі, поўнымі асэнсаванай грацыёзнасці, заняткамі.
He ведаю чаму, але я пазайздросціў гэтай шчырай грацыёзнай мернасці, так падобнай на паважны рух маятніка ў шкляной цемры старавечнай шафыгадзінніка. У наступны момант я адчуў ужо новае, мацнейшае, чым зайздрасць, пачуццё — пачуццёлюбаванне, але...
На бульвары нечакана з’явіліся рок-музыканты... на конях!
Магутныя коннагрэнадзёры, майстры гіпершуму з ваяўнічымі электрагітарамі, на якіх не змаўкалі валовыя струны. Па тым, што рок-музыканты на вольным кані, які скакаў паперадзе, умацавалі аўтаматычную ўдарную прыладу, было відаць, што яны здатныя на самыя арыгінальныя вынаходкі.
Тайфунная кавалькада (па-іншаму й не скажаш!), змятаючы са свайго шляху цяпер ужо вартае жалю гудзенне мерседэсаў, рэно, пежо ды іншай легкавой драбязы, глушачы не толькі ідылічную катрынку, але нават і нястрымны скрогат рэстаўрацыі, на добрай рысі павярнула з бульвара Сен-Жэрмен на вуліцу
Банапарта, якую, здавалася, і ў пахмурны дзень не пакідаюць залаціста-блакітныя светлавыя рэфлексы.
Коні надзіва былі паслухмяныя і не пудлівыя. Пэўна ж, мелі ўжо немалы час, каб прызвычаіцца да грому гітар і ўдарнай аўтаматыкі.
Я добра-такі не разгледзеў балаганнага ўбрання рок-музыкаў, адно заўважыў, што былі яны ўсе ў напалеонаўскіх трохвуголках, з-пад якіх блішчалі вялікія цыганскія завушніцы.
Але ўразілі не гэтыя трохвуголкі з завушніцамі, не самі коннікі і не іх паслухмяныя коні, а ўсё тыя ж немітуслівыя катрыншчык, мім і рабочыя, што паранейшаму існавалі для мяне ў агульным зрокавым вобразе. Нягледзячы на жорсткую дыскатэчную атаку, яны нічым сабе не здрадзілі.
Рабочыя нават не паглядзелі ўніз.
Заспакоена-вясёлы катрыншчык, іграючы, усё цешыўся з агатавых кацянятак, нібыта нічога на бульвары й не адбылося.
I Чарлі Чаплін застаўся на зялёным подыуме сметніцы — маленькі, як вітрынная статуэтка, мім паранейшаму цярпліва выглядаў на людское спачуванне, не перапыняючы жаласнага апавядання твару і рук. I, пэўна ж, ацаніўшы гэтую эстэтычную вытрыманасць, апошні ў кавалькадзе коннік, не спыняючыся, кінуў да падножжа сметніцы срэбны франк і так удала, што трапіў у самую сярэдзіну кардоннай скарбонкі...
Здавалася б, рок-музыканты на конях — відовішча унікальнае. Нават для Парыжа. Але ж не. Вакол — ніякага замяшання. Хіба што некалькі японскіх турыстаў схапіліся за свае марсіянскія фотаапараты ды бесклапотныя два галубы трывожна страпянуліся і ад недаступных кацянят пераляцелі да помніка Дзідро, на супрацьлеглы бок бульвара.
Сапраўды, французы не любяць абстракцый. Навальнічная ж кавалькада, што па вуліцы Банапарта ўжо недзе вылецела да Сены, нават і ў маім павярхоўным разуменні, бадай што самая ніжэйшая абстрактная праява, якая не пакінула па сабе нічога — ні добрага, ні благога. Хіба што пуставаты бляск, нешта вельмі блізкае да хімеры — было і няма.
А калі так, то і на самай справе — ці варта зважаць на яе?
He люблю абагульненняў з-за іх абавязковай разумовасці, але хвіліннае здарэнне на бульвары Сен-Жэрмен усе ж патрабуе для свайго акрэслення больш трывалую лінію, чым эмацыянальны пункцір. Убачанае прымушае думаць пра славуты рацыяналізм, пра бальзакаўскую «абыякавасць» французаў, якіх цяжка захапіць, узрушыць чымсьці пабочным, не сваім.
Да слова сказаць, немцы з англічанамі не менш за французаў «абыякавыя» да хімер, але французская «абыякавасць» усе ж такі іншая. Яна больш тэатральная, віртуозная, нейкая вадэвільна-сонечная і ў такой сваёй спадчыннай маляўнічасці па-роднаму зразумелая і блізкая мне. Невыпадкова ж у квяцістых давыд-гарадоцкіх гародах я заўсёды бачу ўсе адценні французскага імпрэсіянізму...
Сённяшняя Францыя стаіць на камені, а наша ўсходнеславянская палесціна ўсё яшчэ на пяску, Мы жывём на тэрыторыі няўстойлівай, якая блукае, якую лёгка звабіць. I гэта мы, яе фатальна-адданыя жыхары, сёння бяжым за коннымі рок-музыкамі, а заўтра, пэўна ж, пабяжым і за самімі коньмі, якія ўзбунтуюцца і асядлаюць няшчасных рок-музыкаў.
У тым, што мы такія і што радзіма ў нас такая, — нічога катастрафічнага не бачу. Бачу характар нашай роднай незабрукаванай вуліцы, процілеглы характару дагледжанага еўрапейскага бульвара. Характары ж, як вядома, не мяняюцца. 3 імі жывуць і ў адведзены час паміраюць.
11. Зразумелая кветкам
і старым фотаздымкам
I зноў сон...
На маім пісьмовым стале — сіняя гастраномная вага і ніводнай маёй кнігі, часопіса, алоўка. Ніводнага чыстага ці спісанага лістка. А вакол стала — мяхі з мукою, пачэчкі з крупамі і цукрам, бітон з алеем, скрынка з макаронаю і нават бочка з гуркамі.
Адзін за адным да стала падыходзяць заклапочаныя, змрочныя пакупнікі, утвараецца доўгая чарга.
Я аглядаю стол.
Нікеляваны замок у прыстолку пашкоджаны. Па абдзертай паліроўцы і вывернутым замку бачна, што арудавалі нечым металічным. Пэўна, напільнікам. Хачу высунуць прыстолак, каб паглядзець, ці не ўкрадзены дакументы і грошы, але прыстолак не паддаецца. Усе адно як прыбіты цвікамі. Злуюся, пачынаю вырываць яго з глыбіні стала і перакульваю сінюю вагу з батонам недаважанай каўбасы. Нарэшце прыстолак, поўны каляровага мыла, з фанерным трэскам выдзіраецца, і мыла з мяккім грукатам і неяк запаволена падае да маіх ног — мноства сіне-бела-чырвоных брыкецікаў.
Чую тлумачэнне, што гэта гуманітарная дапамога ад французскага мылавара Жана-Луі Бенюса. Хачу спытацца, хто зламаў замок у прыстолку і дзе мае кнігі, але не паспяваю. Пакупнікі адштурхоўваюць мяне ад стала.
Вядома ж, я ім перашкаджаю.
Зрэшты, яны маюць рацыю, бо ведаюць, па што прыйшлі, і хочуць атрымаць сваё. Я магу нават пагадзіцца: яны каля майго стала ў гэты момант большыя гаспадары, чым я. Мука, крупы, цукар, алей — гэта не папера, уквечаная прыгожым пісьмом. Што я магу ім прапанаваць? Свае мастацкія хімеры? Але ні ў якія хімеры і яны не вераць. Яны вераць у муку, крупы, цукар, алей і ў аб’явы з пялёсткамі тэлефонных нумароў. Аб’явы — іх літаратура, іхняе любімае чытанне, таму сцеражыся, паэце, і не раздражняй людзей.
Вось яны паднялі вагу і адразу паспакайнелі, нават усміхнуліся мне, нібыта папрасілі, каб і я паспакайнеў, каб я ўпэўніў сябе, што ўсе кнігі і часопісы хутка знойдуцца, а пашкоджаны пісьмовы стол — страта невялікая.
Рэшту майго сну ахапіў лагодны блакіт, і прыйшла А.
А. прыйшла ў сваім жоўтым касцюме з чорнай ружаю на правым плячы. Я называю гэты касцюм тэатральным раманам. Чорнае на жоўтым — цярплівы напамін пра маю першую ненапісаную вершаваную п’есу, якая павінна пачынацца з пацалунка ў начную кветку. Але я ўсё ніяк не збяруся напісаць сваю
п’есу, бо не магу ўявіць, як будзе сцэнічна ўвасоблены адкрыты ўсёй зале самы патаемны пацалунак.
А. засмучана загаварыла пра нашае маўчанне, якое ўсё часцей і часцей уздымае над намі ледзяную бязлістую крону. Мёртвыя галіны палохаюць А., і ёй здаецца, што мы ўжо ніколі не вернемся да слоў. Ніколі не загаворым. Але ж мы дастаткова нагаварыліся і, стаміўшыся ад слоў і стаміўшы словы (што, вядома, горш!), ператварылі сваё маўчанне ў самую дасканалую мову кахання.
Ці ж не так?!
Пытаюся: не ў апраўданне сабе, а толькі таму, што люблю нашае маўчанне. Яно лепшы дарадчык у хвіліну поўнага непаразумення, Тыя доўгія-доўгія імгненні маўклівага спакою, на гліняным дне якога павысыхалі ўсе нашыя словы, нават літары,— цешаць і ўлагоджваюць гэтаксама ж, як цешыць і ўлагоджвае адкрытая праз Багдановіча і зразумелая перш за ўсё кветкам і старым фотаздымкам трысняговая просьба безабароннай Еўропы: De la musique avant toute chosei.