Запісы 34

Запісы 34

Як хутка пачалося, так хутка й скончылася. Калі выходзім нарэшце з бункераў, адразу бачым чорныя клубы дыму ўтым месцы, дзе яшчэ колькі мінут таму стаялі фабрычныя блёкі. Горад таксама гарыць, і толькі тры крайнія баракі разьвернутыя, у іх, зрэшты, ніхто ня жыў.
Прыезд новых кіраўнікоў
Чакалі мы іх ужо даўно. Яшчэ ў пачатку ліпеня нас паведамілі, што эвакуяваныя зь Менску кіраўнікі СБМ маюць прыехаць да нас і калі ня поўнасьцяй пераняць апеку над дзяцьмі, дык прынамсі дапамагаць нам. Што да гэтае будучае дапамогі, дык некаторыя з нас мелі паважныя засьцярогі. Справа заключалася ў наступным: мы не зьяўляліся „прафэсійнымі“ кіраўнікаму СБМу й, будучы тут толькі часова прыдзеленымі, ня вельмі зьвярталі ўвагу на розныя бюракратычныя інструкцыі ці пажаданьні Галоўнага кіраўніцтва СБМ на Нямеччыну ды наогул вялі сябе даволі незалежна ад Бэрліну. Прыезд жа сапраўдных кіраўнікоў СБМ з поўнасьцю захаванай сваёй герархіяй, на думку некаторых
з нас, моцна пагражаў нашай незалежнасьці ды прарочыў поўнае падпарадкаваньне гэтай герархіі. Як, аднак, аказалася ў будучыні, гэтыя засьцярогі былі дарэмныя.
I вось у жнівені нас паведамілі, што ўжо ў Капэн прыехалі новыя кіраўнікі. Зразумела, усе мы зь нецярплівасьцяй чакалі на магчымасьць сустрэчы зь імі — як-ніяк, яны ж адносна нядаўна выехалі зь Беларусі. А дзеля таго, пры першай нагодзе маючы крыху вольнага часу, мы пачалі адзіночна езьдзіць у Капэн і знаёміцца зь імі. Неўзабаве ж частку зь іх прыдзялілі да нас у Дэсаў. Найбольш усіх цешыла тое, што тут былі ўжо й беларускія кіраўнічкі, якія занялі месца адкліканых з гэтага кіраўнічак нямецкіх. Уплыў гэтае зьмены ўжо ў хуткім часе пачаў заўважацца, бо дзяўчаткі атрымалі нарэшце тое, чаго ім да гэтага часу не хапала: сапраўдную мацярынскую апеку, спагаду й любоў. Тут нельга ня ўспомніць кіраўнічку В. К., якая аддавала ўсю сваю энэргію наўзгадоўваньне гэтых дзяцей, і якія, у сваю чаргу, люблі яе, як родную маці.
Амаль разам з новымі кіраўнікамі прыбыла ў лягер і група (каля 30 асобаў) нашых суродзічаў, што ўцяклі перад бальшавіцкай навалай. Для іх быў выдзелены адзін барак, і яны былі часова прыпісаны пры нашым лягеры. Яны сталаваліся разам зь дзяцьмі й на працу, прынамсі часова, не хадзілі, што выклікала нянавісьць да іх з боку іншых чужанецкіх работнікаў. У гэтай групе было пару чалавек у веку за 6о гадоў, і мы, пагутарыўшы з адміністрацыяй лягеру, перавезьлі іх потым у Капэн, дзе было куды бясыіечней і спакайней.
Сэрбскі „дыктатар“
У гэтым жа часе ў Капэне наступіла невялічкая зьмена: прыбылі новыя жыхары. Гэта былі сэрбскія дзеці, эвакуяваныя з захопленых партызанамі раёнаў Сэрбіі. Як аказалася, іхныя бацькі былі пераважна ў партызанах. 3 гэтай групай (па-над 50 асобаў) не было нікога старэйшага, а дзеля таго адміністратар лягеру папрасіў нашых кіраўнікоў займацца імі. Да іх быў прызначаны адзін мой блізкі сябар, які на кожным кроку праклінаў сваё новае назначэньне. Трэба сказаць, што між гэтымі сэрбскімі й нашымі дзяцьмі не было ніякага параўнаньня. Цяжка сказаць, якое пекла мусілі прайсьці яны яшчэ ў Сэрбіі, факт толькі, што гледзячы на іх, мелася ўражаньне, быццам гэта група нейкіх малых дзікуноў, зласьлівых і непаслухмяных да немагчымасьці. Нашыя дзеці баяліся іх і абыходзілі здалёк. Нашага кіраўніка яны ня толькі ня слухалі, але й лаялі яго па-свойму. Быў затое сярод іх адзін хлопец гадоў
можа 12, які вонкава абсалютна нічым не вырозьніваўся, аднак быў для цэлае групы ня толькі кіраўніком, але сапраўдным дыктатарам. Ён так тэрарызаваў сваіх равесьнікаў, што яны даслоўна дрыжалі перад ім і выконвалі ягоныя найменшыя капрызы. Прыкладам, калі той ішоў мыцца, дык з бакоў яго ішло двух „слугаў“, якія несьлі ручнік і мыла. Хто яму не падабаўся — хадзіў з разьбітым носам ці зь сінякамі пад вачыма. У выніку, роля нашага кіраўніка зводзілася толькі да абароны гэтых дзяцей ад іхнага собскага „дыктатара“.
Паветраныя налёты й смаленскі Мішка
Побач іншых фабрычных блёкаў быў тут адзін блёк, дзе выпрацоўваліся самалётныя маторы. Бесьперапынны гул гэтых матораў быў чутны на некалькі кілямэтраў. Жывучы, аднак, у Дэсаў, прывыкалася да гэтага гуку, і толькі калі маторы спыняліся, адразу заўважалася нешта ненармальнае. Калі гэта здаралася ночай, дык чалавек адразу прачынаўся. Але гэткае ўзьдзеяньне раптоўнае цішыні мела для нас свае добрыя бакі. Тут было правіла, што маторы спыняліся заўсёды за 15 мінут да алярму. Вось жа ночай, праснуўшыся ад раптоўнай цішыні, можна было паволі апрануцца, закурыць цыгарэту й, калі пачыналі сваё выцьцё гудкі, быць поўнасьцяй гатоваму ісьці ў бункеры. 3 другога боку, гэта дазваляла й псыхалягічна быць ужо падрыхтаванаму да алярму ці эвэнтуальнага налёту. У часе начных алярмаў трэба было заўсёды дапільнаваць, каб усе дзеці выйшлі ў бункеры, бо бывалі й такія „героі“, для якіх алярм — гэта нічога, і толькі калі пачынала біць артылерыя, яны выходзілі ў бункеры.
У часе дзённых алярмаў мы нярэдка вялі дзяцей за горад у навакольныя ляскі. У гэткіх выпадках ад такіх алярмаў найбольш цярпелі баўэрскія сады. 3 гэтае прычыны некаторыя хлопцы спэцыяльна чакалі толькі алярмаў, каб магчы „бяскарна“ пагуляць у садох. Прыкладам, ужо ўспамінаны Мішка з Смаленску раніцай, калі была добрая пагода, паглядаў на неба, паціраў рукі й задаволена сьцьвярджаў: „Ну, сягоньня, здаецца, будзем есьці яблыкі“. I калі часамі ягоныя разьлікі не апраўдваліся, алярму не было, дык ён лаяў і ангельцаў, і амэрыканцаў ды лічыў, што гэтыя апошнія крыўдзяць яго, не даючы нагоды пайсьці ў баўэрскі сад. Калі ж ягоныя надзеі спраўджваліся, дык пасьля налёту Мішка задаволены прыходзіў да нас у канцылярыю ці ў нашае памяшканьне й частаваў сваёй здабычай.
Тут мімаволі хочацца аб Мішку сказаць крыху больш. Гэта быў 13гадовы хлопец з натурай бандыта-джэнтльмэна, вельмі інтэлігентны, ганаровы й амбітны. 3 кожным кіраўніком ён гаварыў як з роўным сабе, і пры гэтым ён так „лягічна“ падыходзіў да ўсіх справаў, што нярэдка кіраўніка пераконваў у тых выпадках, дзе наогул ня мусіла б дапускацца нейкая дыскусія. Прыкладам, калі ў часе алярму трэба было заставацца ў лягеры, ён заяўляў кіраўніку, што ідзе ў поле, г. зн. у сады. Пры гэтым дадаваў: „Няўжо вам шкада баўэрскіх яблыкаў? Калі ж мяне зловяць, скажу, што ўцёк бяз вашага ведама“. Аднойчы, караючы за адну бойку, загадалі Мішку прастаяць гадзіну ў кутку ў канцылярыі. Цераз пару дзён ён прыходзіць ізноў да нас і становіцца ў кутку. „Валодзя сказаў, што я жулік, дык я мусіў даць яму ў морду“, — паведаміў ён спакойным голасам ды прыпомніў нам зазначыць дакладна час ягонага прыходу, каб яму не прыйшлося стаяць зашмат. Такім быў „Мішка Смаленскі“.
Ніці БНП
Пачынаючы прыблізна з канца ліпеня 1944 г. у Нямеччыне значна павесялела (для нас, ясна): калі перш тут былі толькі беларусы ў г. зв. „остаўскіх лягерах“ ды тыя, што працавалі на фэрмах, а такім чынам рухі як адных, так і другіх па-за працай былі абмежаваныя, дык затое цяпер раптам зьявіліся тут масы беларусаў, якія й з „маршбэфэлямі“, і бязь іх, з мэтай і бяз мэты, езьдзілі з аднаго канца Нямеччыны ў другі, запаўняючы ўсе куткі гэтага краю. Калі перш сустрэць беларуса па-за лягерам ці фабрыкай было даволі цяжка, дык цяпер можна было наткнуцца на свайго земляка амаль даслоўна на кожнай станцыі, у кожным мястэчку. У гутарцы з такім суродзічам пасьля першага стандартнага пытаньня „Адкуль з Бацькаўшчыны?“ пачыналіся даведніцкія пытаньні тыпу „Ці ня сустракалі вы часам Х.?“, „Ці ведаеце У. зь Менску ці Слоніму?“ і г. д., і г. д.
Паявілася ў Нямеччыне гэтым часам і група людзей, якія выкарыстоўвалі ўсе магчымасьці, каб як найбольш езьдзіць зь месца на месца ўсюды, дзе толькі можна было сустрэць беларусаў. Яны, аднак, езьдзілі зь ясна акрэсьленай мэтай. Гэта былі лучнікі й сябры падземнай Беларускай незалежніцкай партыі (БНП). Яны пашыралі ўсюды сярод сьведамых і патрыятычна настроеных беларусаў бюлетэнь свае партыі. Я ня ведаю, ці хто-небудзь з капэнскіх ці дэсаўскіх кіраўнікоў моладзі належаў да БНП, факт толькі, што літаратура гэтае партыі чыталася як
у Капэне, так і ў Дэсаў. Зразумела, такога характару літаратура не магла чытацца ў прысутнасьці дзяцей, а дзеля таго прыходзілася ў такіх выпадках з гэтым хавацца.
Але паасобныя ідэі ці тэмы зь бюлетэню БНП распрацоўваліся, прытарноўваліся да ўзроўню дзяцей ды падаваліся ім у форме практыкаваных патрыятычна-ўзгадаваўчых гутарак.
Малыя „панічы“ ў новых касьцюмах
Ня памятаю ўжо, адкуль прыйшло паведамленьне, з Бэрліну ці адміністрацыі лягеру, што ёсьць магчымасьць атрымаць для дзяцей цывільную новую вопратку. Адна толькі тэхнічная нявыгада была пры гэтым: аказалася, што гэтая вопратка знаходзіцца ня ў нейкім складзе ў Дэсаў, але... у Лодзі (Lodz). Адтуль, у сувязі з франтавымі падзеямі, немцы вывозяць склады матэрыялаў і вопраткі, а ў гэтай сытуацыі можна й нам скарыстаць. Атрымаўшы належныя дакумэнты, выбіраецца туды Міхась С. і Ігнат Ш.
Мінае колькі дзён, а ад іх ніякае весткі. Дзеці, якія ўжо загадзя цешыліся атрыманьнем новае вопраткі, пачынаюць хутка сумлявацца, што наогул з гэтага штось выйдзе. Сумляемся й мы самі. Мінае яшчэ некалькі дзён. Але вось раптам у лягер зьяўляюцца нашыя высланьнікі радасныя й з трыюмфальным выглядам.
На запасовых рэйках, ня вельмі далёка ад лягеру, стаіць заплямбаваны таварны вагон. Адчыняем яго — і вачом ня верыцца: ледзь не да самай столі запакавана дзіцячымі касьцюмамі. Усё новае з іголкі. Цэлае паабедзьдзе займаемся правожаньнем гэтых скарбаўу магазын.
Выпытваем нашых высланьнікаў, як ім удалося здабыць цэлы вагон і такое першараднае вопраткі. Аказваецца, у Лодзі пануе такі балаган, што, маючы крыху спрыту, можна рабіць самыя фантастычныя рэчы.
Пасьля нейкага часу дзіцячая маса мяняе свой выгляд. Аднолькавага колеру й крою СБМаўская ўніформа рабіла зь дзяцей нейкую суцэльную, бескалёрную, зблякаваную масу. Цывільныя ж касьцюмчыкі, розныя як кроем, так і колерам, унесьлі сюды нейкую больш свабодную й весялейшую атмасфэру. Тым больш, што сваёй якасьцяй гэта была вопратка, якой дзецям, напэўна, яшчэ ніколі ў жыцьці не прыйшлося насіць. А зь якой акуратнасьцяй і пільнасьцяй сачылі яны за ейнай чысьцінёй ды вастрынёй кантаў на портках.