У чэрвені прыйшоў з Бэрліну загад: адабраць групу (здаецца, 15 асобаў) больш здольных хлапцоў і накіраваць у распараджэньне Галоўнага кіраўніцтва СБМ на Нямеччыну. Даволі няясна гаварылася, што маем займацца й апекавацца нейкімі дзяцьмі. Для нас тады няважна было, што маем рабіць: самае галоўнае — здаралася магчымасьць вырвацца з глухіх гораў на шырокі сьвет. „Бывай мой родны кут і зьвяз...“, абяцаньні трымаць пісьмовую лучнасьць — традыцыйнае разьвітаньне гэных часоў. У Шпіталі (Spittal) сядаем у перапоўнены бэрлінскі экспрэс. Першы этап — Крымічаў. Невялікі саксонскі горад. Тут ёсьць лягер СБМ. Усіх цікавіць, як у запраўднасьці такі лягер выглядае. Аказваецца — гэта не баракі, а тыпавая нямецкая Turnhalle3. Велізарныя рады павярховых ложкаў. Знаёмімся з СБМаўцамі. Ясна, знаходзяцца знаёмыя й ледзь не сваякі. Некаторыя зь іх ужо прабылі ў Нямеччыне каля двух гадоў. Нам, што толькі тры месяцы як пакінулі Беларусь, проста ня верыцца, як столькі часу можна прабыць на чужыне. Умовы жыцьця й працы СБМаўцаў параўнальна лепшыя, чымся іншых работнікаў з Усходу. Дзеля чаго іх ня любяць г. зв. „остаўцы", называючы іх здраднікамі й фашыстымі. Праўда, юнакі ўжо з гэтым звыкліся й не зьвяртаюць на гэта ўвагі. Пераначаваўшы, едзем далей ітутужо бачым сьляды сьвежых налётаў. Нецікава выглядае гэты шырокі сьвет: у гарах было спакайней. Наступны этап — Дэсаў, цэнтар самалётных фабрыкаў „Юнкерс“. Тут з аднаго боку разьлёгся даволі прыгожы й маларазбураны горад, з другога боку — бясконцая маса велізарных фабрычных блёкаў і лягерных баракаў з чужынцамі. Сярод гэтых апошніх — шмат беларусаў. Крыху воддаль ад іншых знаходзіцца СБМаўскі лягер Альтэн, у якім жыве каля 400 юнакоў ад 16 да 18 гадоў. Кіруюць імі свае кіраўнікі. Дысцыпліна тут напаўвайсковая. На працу ходзяць строем. 3 Turnhalle (ням.) — спартовая заля. У сьвяточныя дні абавязкавая СБМаўская ўніформа. Працуюць 10—12 гадзін. Наогул жа атмасфэра тут шмат прыямнейшая, чымся ў Крымічаў, можа таму, што чыстыя баракі выглядаюць куды весялей за панурую Turnhalle. Адносіны з „остаўцамі" тут таксама лагаднейшыя, таму што сярод апошніх шмат беларусаў, якія сябруюць зь юнакамі. Затрымоўваемся тут на некалькі дзён. Юнакі расказваюць пра жахі налётаў. На шчасьце, да гэтага часу іх не было шмат. Мы ж яшчэ ня маем уяўленьня, як выглядае масавы налёт. I вось першы папераджальны алярм. Мы дзівімся, што ніхто нікуды не хаваецца. Праўда, праходзіць мінут 20, і алярм адклікаецца. Лягер Лертэ (£ehrte) Дзесяцём з нас прыходзіць загад ехаць далей, цяпер ужо проста ў той лягер, дзе знаходзяцца эвакуяваныя дзеці. Мінаем Магдэбург. Тут ужо сапраўды відаць усю руйнуючую дзейнасьць налётаў. Тое самае ў Браўншвайгу (Braunschweig). Але дзівіць нас спраўнасьць руху пасажырскіх цягнікоўу гэтакіх умовах. He даяжджаючы колькі кілямэтраў да Гановэру, высядаем на даволі вялікай станцыі Лертэ. Нарэшце пабачылі мы гэтых дзяцей. Болып жудасны малюнак цяжка сабе ўявіць. У лягеры, абнесеным дротам, некалькі панурых баракаў, а ў іх на голых нарах брудныя, у лахмоцьцях, заплаканыя дзеці ў веку ад 8 да 14 гадоў. Абышлі мы ўсе баракі. Усюды аднолькавы малюнак: дзяўчаты групамі плачуць, хлопцы лаюцца міжсобку. Аказваецца, тысячу гэтых дзяцей прывезьлі некалькі дзён таму проста зь Беларусі. Немец, часовы кіраўнік лягеру, абсалютна ня ведае, што гэта за дзеці й што зь імі рабіць. Просіць, каб мы разышліся па бараках і паспрабавалі ўгаварыць іх больш ня плакаць. Прабуем, як можам, — вынікаў ніякіх. Ды як тут угаварыць, калі ў пэўных момантах гэты плач ахоплівае даслоўна ўсе баракі й чуецца адзін суцэльны бесьперапынны лямант і здаецца, што гэта ня дзеці, а нейкая тайная велізарная моц галосіць. Калі нарэшце пад вечар лягер крыху супакоіўся, мы стараліся ўгаворваць, што цяпер будзе лепіп, што пераедзем у другое месца. Дзяўчаткі на ўсялякія намовы й пытаньні проста маўчалі ці зьвярталіся з адзіным „дзядзенька, завязеце нас дадому". I што на гэта адкажаш? Што ім паабяцаеш? Вышукаўшы некалькі старэйшых і спакайнейшых хлапцоў, удалося нарэшце даведацца, што балыпыня іх з Магілеўшчыны й Віцебшчыны, хоць таксама шмат і з Смаленшчыны. Калі падыходзіў савецкі фронт, немцы іх эвакуявалі, пакідаючы бацькоў. Калі ім выясьнілі, што мы таксама зь Беларусі, што цяпер будзем апекавацца імі, што дастанем вопратку й лепшую ежу, лягер значна супакоіўся, але затое цяпер дзе ні пакажыся, дык адусюль пытаньні: „дзядзька, праўда, што вы ня немцы?“ На гэтае пытаньне лёгка было адказваць, але за тое што адкажаш на пытаньне: ,Л калі паедзем дадому?“ Вечарам зьбіраемся ў сваім бараку й дзелімся ўражаньнямі. Ува ўсіх прыгнечаны настрой. Некаторыя ўжо шкадуюць, што згадзіліся на гэтую працу. Сябра М. С. заяўляе адкрыта, што калі б ведаў гэта, хутчэй бы згадзіўся пайсьці на фронт. Гэтыя разважаньні перарывае папераджальны алярм. У нейкім бараку падымаецца ізноў плач. Хаця б ён толькі не перакінуўся й на іншыя баракі. Потым алярм адклікаецца, і лягер паступова заціхае. Надышла раніца. Дзеці, паведамленыя яшчэ ўчора, што маем сёньня ехаць у іншае месца, даўно ўжо ня сьпяць. Мы ж маем іх падзяліць на іо групаў па іоо асобаў і, атрымаўшы дзённы правіянт, ісьці на станцыю. Тым часам ізноў алярм. I хутка пагоднае блакітнае неба зацягваецца дымнымі палосамі. Эскадра за эскадрай лятуць самалёты. У лягеры няма ня толькі бункераў, але навет самых прымітыўных равоў. Дзяцей цяжка ўтрымаць у бараках, асабліва хлапцоў. Збоку, пад Г ановэрам, пачынае біць артылерыя, і ім здаецца, што гэта ўжо падаюць бомбы. Неба пакрываецца чорнымі дымкамі. Мінае паўгадзіны, гадзіна. Эскадры за эскадрамі лятуць у розных кірунках. Нарэшце каля дзясятае гадзіны адкліканьне алярму. Пачынаем дзяліць гэтую дзіцячую масу на групы. Яны баяцца, што іх разьдзеляць і павязуць у розных кірунках. Прыходзіцца ізноў намаўляць і пераконваць. Кажны з нас стараецца як можа навесьці парадак у сваёй групе. Пасьля гэтага калёна за калёнай падыходзіць да таварнае станцыі, дзе на запасных рэйках стаяць ужо вагоны. Пабачыўшы цягнік, пачаліся ізноў пытаньні „куды паедзем?". I калі мы сказалі, ня хлусіўшы, што едзем прыблізна на 200 кілямэтраў на ўсход, гэта значыць у кірунку дому, дык гэтая вестка адразу абляцела ўсе вагоны. Павесялелі твары, і там-сям можна было ўжо пачуць і сьмех. Будучы больш за паўтары тысячы кілямэтраў ад дому, гэтыя дзеці цешыліся двума соткамі кілямэтраў бліжэй да сваіх. Зьдзівіла іх таксама й тое, што апрача нас дзесяцех нікога болып няма, і вагоны не замыкаюцца. I калі абыходзячы вагоны перад ад’ездам папераджалася не выхіляцца зашмат, на затрымках не аддаляцца, у часе алярмаў слухаць загадаў, дык адусюль чулася ветлівае „так, дзядзенька, добра“. I тут мы пераканаліся, што ўжо ня так страшна будзе працаваць з гэтымі дзяцьмі, як нам яшчэ здавалася ўчора. Дзіўным толькі гучэў, без прызвычаяньня, гэты новы зварот „дзядзенька" ці „дзядзька", зь якім дзеці да нас зьвярталіся. У пасьляабеднія гадзіны прыбываем у Браўншвайг. Цягнік затрымоўваецца на неакрэсьлены час. Дзеці просяць вады. Напаўняем усякую пасуду, што маецца пад рукамі. Да цягніка падыходзяць нейкія дзьве жанчыны й гутараць зь дзяцьмі. Калі я праходжу каля вагона, адна зь іх са злосьцяй кідае мне: „Ты, фашысцкая сволач“. 3 вагону чуюцца галасы:„Цёця, гэта ня немец“. Жанчыны адыходзяць. У далейшым падобныя сцэны будуць нашымі неадлучнымі спадарожнікамі. Пачынаецца алярм, а мы ўсё яшчэ стаім у масе іншых транспартаў на велізарнай станцыі. Падыходзяць колькі чыгуначнікаў і пытаюцца, што мы думаем рабіць зь дзяцьмі, бо да сховішчаў адгэтуль даволі далёка. Што мы маглі рабіць з такой масай, ды першы раз апынуўшыся ў такой сытуацыі? Машыністы, які хацеў адцягнуць транспарт далей ад станцыі, ня мог нічога зрабіць без дазволу. Прыйшлося чакаць у вагонах. Сэкунды здаваліся мінутамі, мінуты гадзінамі. Якой цудоўнай мэлёдыяй здаліся гукі адкліканьня алярму! Нейкі стары чыгуначнік падыйшоў да вагону й яшчэ з узрушаньнем гаварыў: „Дзякаваць Богу, што скончылася, такая сытуацыя й столькі дзяцей, дзякаваць Богу“. Лягер Капэн (Кареп) Мы ведалі, што транспарт зь дзяцьмі накіроўваецца ў Капэн каля Дэсаў, але як выглядае тамашні лягер і дзе ён ляжыць — ніхто не задумоўваўся. Ужо было зусім цёмна, калі цягнік спыніўся ў нейкім лесе. Прынамсі адно цешыла, што знаходзімся каля дзесяці кілямэтраў за горадам. Пачалі выладоўвацца. Групы сабіраліся. Ды зрэшты як тут захоўваць нейкі парадак з тысячнай масай змучаных і галодных дзяцей поцемку ў лесе. На шчасьце за мэтраў трыста быў ужо лягер. Атрымаўшы вячэру, прыйшлося разьмяркоўваць дзяцей па бараках. Колькі не пераконвалася, што гэта разьмеркаваньне толькі на адну ноч, што заўтра кажны можа перайсьці ў той барак, які ён хоча, усядно той не хацеў пакінуць сястру, іншы сяброў з аднае вёскі й г. д. Толькі позьняй ночай усё супакоілася. Назаўтрае першым чынам пайшлі ў вагляд лягеру. Аказалася, што мы занялі толькі малую частку яго. Асноўная ж маса баракаў пустуе. У лягеры жыве некалькі дзесяткаў палякаў, французаў, бэльгійцаў і расейцаў — тэхнічны пэрсанал. Лягер знаходзіцца ў лесе, і апрача гэтага над баракамі й вуліцамі завешаны сеткі для маскаваньня. Такім чынам, гледзячы зьверху, не заўважаецца розьніцы між навакольным лесам і самым лягерам. На першы погляд — больш ідэальнае месца для дзяцей цяжка знайсьці. Але хутка даведваемся, што дзесьці недалёка ў лесе знаходзяцца падземныя фабрыкі амуніцыі й, што яшчэ горш, ужо аднаго разу самалёты круціліся над лесам і месцамі кідалі бомбы. Ува ўсякім выпадку тут здавалася шмат бясьпечней, чымся ў якім-небудзь прамысловым горадзе. Пачалі мы знаёміцца з новымі ўмовамі. Першы сутык з адміністрацыяй лягеру вывязаўся ў справе харчаваньня. Мы ведалі нямецкія нормы для дзяцей. Тымчасам аказалася, што на іх месца выдаецца толькі зупа з гнілой бручкі ды малы кавалак хлеба. Ясна, што ў гэтых умовах цяжка было намаўляць галодных дзяцей на нейкі штрайк, але на нарадзе кіраўнікоў было пастаноўлена, што ў выпадку, калі харчаваньне ня зьменіцца, мы самі робім гэтакі штрайк. Адміністрацыя вымаўлялася непадрыхтаванасьцяй да такое колькасьці дзяцей і абяцала за колькі дзён справу палепшыць.