Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.
Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
Адначасова пачалі псавацца адносіны паміж немцамі і палачанамі. Першы канфлікт паміж імі адбыўся ўжо ў 1203 г. Полацкае войска здзейсніла паход на нямецкія замкі Ікскюль і Гольм. які, аднак, аказаўся беспаспяховым: палачане не ўмелі браць такія ўмацаванні. У наступныя тры дзесяцігоддзі немцы падпарадкавалі практычна ўсе полацкія ўладанні ў ніжнім цячэнні Дзвіны, захапіўшы невялікія гарады і княствы Герцыке і Кукенойс. Ужо ў 30-х гг. XIII ст. немцы выйшлі да заходніх меж уласна Полацкай зямлі з яе славянскім насельніцтвам. Страта Ніжняга Падзвіння стала вельмі балючым ударам па Полацку, бо яго магутнасць напрамую залежала ад кантролю над дзвінскім гандлёвым шляхам.
Нарэшце, на паўднёвым захадзе ад Полацкай зямлі ўзнікла яшчэ адна небяспечная сіла літоўцы. Полацкія князі здаўна былі добра знаёмыя з гэтым народам. На працягу першай паловы сярэдзіны XII ст. яны нярэдка выкарыстоўвалі літоўцаў у сваіх дружынах як ваяроў Але ў апошняй трэці XII ст. расстаноўка сіл змянілася. Літоўцы выйшлі з падпарадкавання і пачалі здзяйсняць рабаўнічыя напады на Полацкую зямлю. Полацкія князі спрабавалі абараніць свае ўладанні, але зрабіць гэта было ўжо вельмі складана: літоўцы ператварыліся ў сур’ёзную ваенную пагрозу. Палачане пачалі цярпець паражэнні і ў адкрытых бітвах. Адну з іх апісвае славуты твор «Слова пра паход Ігаравы»:
Уже бо Сула не течет сребренымн струямн к граду Переяславлю, II Двнна болотом течет оным грозным полочаном под клнком поганых.
Едйн же Нзяслав, сын Васйльков,
Позвонн своймй острымн мечч о шеломы лйтовскйя, Прйтрепа славу деду своему Всеславу,
А сам под черленымй шйты на кроваве траве прйтрепан лйтовскымй мечй...
He бысть ту брата Брячяслава, нй другаго Всеволода, Едйн же взронй жемчюжну душу йз храбра тела чрес злато ожерелйе....
Ужо ў 1216 г. літоўцы ваявалі пад Полацкам, а ў 30-40-я гг. XIII ст. зафіксаваны іх напады на Наўгародскую і Смаленскую землі. У 1239 г. апошні раз згадваецца прадстаўнік мясцовай княжацкай дынастыі ў Полацку Брачыслаў. У далейшым тут княжылі ўжо літоўскія князі ці іх стаўленікі. Для Полацкай зямлі пачаўся працяглы перыяд паступовай інтэграцыі ў Вялікае Княства Літоўскае.
Полацкае княства было першым дзяржаўным утварэннем на беларускіх землях. Часам прызнаючы ўладу Кіева, а часам набываючы самастойнасць, полацкія князі здолелі стварыць дзяржаву, якая займала віднае месца на Русі. Яе рост у многім быў абумоўлены ваеннай актыўнасцю палачан, а таксама здольнасцю знаходзіць кампрамісы з суседзямі. Полацкае княства вельмі рана выявіла памкненні да самастойнага развіцця і выхаду з-пад вярхоўнай улады Кіева. Тым не менш яно вельмі хутка было ахоплена тым самым працэсам феадалыіага драблення, які адбываўся ў XII— XIII стст. у маштабах усёй Русі. У выніку Полацкая зямля страціла сваё дзяржаўна-палітычнае і тэрытарыяльнае адзінства. Яна распалася на шэраг удзельных княстваў, якія траплялі пад уплыў больш буйных і больш моцных дзяржаўных утварэнняў.
ТУРАЎСКАЕ КНЯСТВА.
К ЗЕМЛІ БЕЛАРУСКАГА ПАБУЖЖА, ° ПАНЯМОННЯ I ПАСОЖЖА
• Фарміраванне Тураўскай зямлі і яе месца ў сістэме княстваў Старажытнай Русі
• Тураўскае княства ў XI сярэдзіне XII ст.
• Пабужскі, Панямонскі і Пасожскі рэгіёны
ФАРМІРАВАННЕ ТУРАЎСКАЙ ЗЯМЛІ I ЯЕ МЕСЦА Ў СІСТЭМЕ КНЯСТВАЎ СТАРАЖЫТНАЙ РУСІ
Станаўленне дзяржаўнасці на землях усходніх славян было доўгім і складаным працэсам, які меў даволі значныя рэгіянальныя асаблівасці. Некаторыя тэрыторыі ўвайшлі ў склад Старажытнарускай дзяржавы яшчэ на раннім этапе яе існавання, іншыя ж толькі праз нейкі час. Шэраг племянных княжанняў стаў асновай для пазнейшых княстваў, тады як іншыя не знайшлі развіцця ў якасці самастойных дзяржаўных ці адміністрацыйных утварэнняў. Абставіны падпарадкавання некаторых тэрыторый кіеўскім ці наўгародскім князям застаюцца нявысветленымі. Сярод апошніх палескія землі, населеныя дрыгавічамі. На жаль, мы не ведаем дакладнай даты і акалічнасцей іх пераходу пад уладу вялікіх князёў кіеўскіх. Аднак, паводле ўскосных даных, гэта адбылося ў X ст., калі землі на поўдні сучаснай Беларусі ўжо дасягнулі дастаткова высокай ступені гаспадарчага развіцця і грамадскай арганізацыі. Аб гэтым сведчыць, у прыватнасці, існаванне тут даволі буйных гарадоў, у першую чаргу Турава, які адыграў важнейшую ролю ва ўзнікненні і фарміраванні адпаведнага княства.
Заснавальнікам горада лічаць князя Тура, аднак у гістарыяграфіі няма адзінага меркавання адносна яго асобы. Некаторыя аўтары лічаць Тура славянінам, некаторыя варагам, частка ж даследчыкаў увогуле адмаўляе гістарычнасць гэтага чалавека і ўспрымае яго постаць як легендарную.
Сам Тураў упершыню згаданы ў пісьмовых крыніцах пад 980 годам. Як і большасць старажытных гарадоў Беларусі, сталіца Тураўскага княства ўзнікла на мысе пры ўпадзенні ў буйную раку (Прыпяць) невялікага прытока. Увесь час існавання горада Прыпяць з’яўлялася для яго важнейшым транспартным і гандлёвым шляхам. Па гэтай рацэ княжацкая сталіца мела зручнае злучэнне з Кіевам і Кіеўскай зямлёй на ўсходзе, а на захадзе вярхоўі Прыпяці блізка падыходзілі да цячэння Заходняга Буга. Там склалася Уладзіміра-Валынскае княства, якое стала адным з найважнейшых суседзяў і адначасова адным з самых небяспечных сапернікаў Тураўскай зямлі. Буг выконваў таксама ролю шляху камунікацыі, які злучаў яе сталіцу з польскімі землямі.
Звесткі пісьмовых крыніц пра Тураў істотна папоўніліся дзякуючы археалагічным даследаванням. Раскопкі ўказваюць на тое, што горад сапраўды ўзнік, верагодней за ўсё, у канцы 1-га тысячагоддзя. Умацаваная частка паселішча складалася з невялікіх па плошчы дзяцінца і вакольнага горада, якія былі падзелены паміж сабой абарончым валам. Аднак плошча ганддёва-рамеснага пасада была вельмі значнай і перавышала 30 гектараў. Такім чынам, гэта быў добра развіты ў сацыяльна-эканамічных адносінах, сур’ёзна ўмацаваны горад, які да таго ж меў шматлікае населызіцтва. Мяркуючы па ўсім, шчыльна была заселена таксама гарадская акруга.
Тураўскае княства ўзнікла ў канцы X ст. у басейне Прыпяці на землях, заселеных дрыгавічамі. Большасць даследчыкаў лічыць, што яму папярэднічала іх племянное княжанне. Аднак улада Турава распаўсюджвалася не на ўсе дрыгавіцкія землі, некаторыя з якіх трапілі ў склад іншых княстваў Старажытнай Русі. Увогуле ж, межы Тураўшчыны дакладна высветліць немагчыма. Апрача таго, на працягу стагоддзяў яны даволі моцна змяняліся. Стабільнай была толькі прыналежнасць да Тураўскай зямлі тэрыторый па сярэдняй і верхняй Прыпяці. Менавіта ў гэтым раёне размяшчаліся сталіца і такія важныя гарадскія цэнтры, як Пінск і Давыд-Гарадок. На ўсходзе тэрыторыя Тураўскага княства не даходзіла да Дняпра, а на поўначы ўключала раён Слуцка і Клецка. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што Тураў то страчваў гэтыя гарады, то вяртаў іх назад. Асаблівай жа нестабільнасцю вылучаліся заходняя і паўднёвая межы зямлі. Пісьмовыя крыніцы не даюць магчымасці нават прыблізна акрэсліць іх. Спрэчнай тэрыторыяй паміж Тураўскім, Кіеўскім і Уладзіміра-Валынскім княствамі быў раён Пагарыння. Тураўскае і Уладзіміра-Валынскае княствы пры актыўным удзеле Кіева спрачаліся таксама за раён Берасця.
Побач з Туравам на працягу ХІ-ХІІ стст. узнік цэлы шэраг даволі значных гарадоў. Шляхі іх узнікнення былі рознымі, але пераважная іх большасць склалася ў месцах з добрымі камунікацыямі, ролю якіх тады адыгрывалі галоўным чынам рэкі, і з урадлівымі глебамі. Абедзве названыя характарыстыкі падыходзяць і да раёна, дзе паўстаў сам Тураў. Даследаванні паказалі, што практычна ўсе гарады Тураўскай зямлі былі пабудаваны ў добра асвоеных у гаспадарчым плане і шчыльна заселеных раёнах.
Геаграфічнае становішча Тураўшчыны, якая размяшчалася на невялікай адлегласці ад сталіцы Кіеўскай Русі і была злучана з ёй зручнымі шляхамі рэкамі, у многім абумовіла яе становішча і гісторыю ў складзе Старажытнарускай дзяржавы. У адрозненне ад Полацкага, Тураўскае княства вельмі доўгі час не выяўляла імкнення да самастойнасці. Нярэдка яно знаходзілася ў падпарадкаванні непасрэдна вялікіх князёў кіеўскіх. Можна прасачыць пэўныя заканамернасці ў выпадках, калі кіеўскія манархі перадавалі Тураў у кіраванне аднаму са сваіх сыноў. Часцей за ўсё Тураў даставаўся трэцяму сыну кіеўскага вялікага князя. Аднак гэта правіла ніколі строга не вытрымлівалася. Апрача таго, трэба мець на ўвазе, што іерархія гарадоў на Русі на працягу стагоддзяў прыкметна мянялася. Таксама вядомы выпадкі, калі найбольш верагодныя спадкаемцы вялікіх князёў кіеўскіх (сыны, пляменнікі) самі пераходзілі ў Тураў пакідаючы дзеля гэтага нават больш прэстыжныя і багатыя сталы напрыклад наўгародскі. Гэты іх тактычны крок быў абумоўлены імкненнем быць бліжэй да Кіева і ў выпадку смерці вялікага князя хутка, без ускладненняў заняць тамтэйшы прастол. Аднак ва ўсіх пералічаных выпадках Тураўская зямля і тураўскія князі не былі зацікаўлены ў канфліктах з Кіевам. Наадварот, Тураў неаднаразова станавіўся тым своеасаблівым плацдармам, з якога мясцовыя князі прыходзілі ў Кіеў.
На становішча Тураўскай зямлі таксама ўплывала палітыка, якую праводзілі кіеўскія манархі. Адным з галоўных пераўтварэнняў, якое здзейсніў вялікі кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч. было змяненне сістэмы кіравання. У ранейшы перыяд вялікія князі кіеўскія, відаць, абмяжоўваліся тым, што залежныя гарады і рэгіёны проста прызнавалі іх вярхоўную ўладу. Дакладна невядома нават, ці трымалі кіеўскія манархі сваіх прадстаўнікоў у гэтых гарадах. Магчыма, залежнасць той ці іншай зямлі ад Кіева выяўлялася толькі ў перыядычным зборы даніны на карысць вялікага князя, а таксама ў абавязку выстаўляць войска па яго патрабаванні. Такая сістэма дзейнічала доўгі час і, падобна, усіх задавальняла. Сярод іншага яна дазваляла старой родаплемянной знаці захоўваць трывалыя пазіцыі ў сваіх землях. Дзе-нідзе (як, напрыклад, ва ўскраіннай зямлі вяцічаў) яшчэ дастаткова доўга, аж да
канца XI ст. існавалі і свас князі. Аднак з пэўнага часу род Рурыкавічаў і яго галава вялікі князь кіеўскі Уладзімір — пачалі разглядаць усе падпарадкаваныя землі як свас велізарнае сямейнае ўладанне. Права кіраваць і распараджацца ім належала толькі прадстаўнікам роду. Адным з наступстваў гэтых змяненняў у свядомасці сталі змены ў палітыцы кіеўскага князя, у тым ліку адміністрацыйная рэформа Уладзіміра.