Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.
Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
зямлі некалькімі гадамі раней. Больш за тое, войска тураўскага князя захапіла Уладзімір-Валынскі, у якім Вячаслаў пасадзіў княжыць свайго пляменніка, але гэта быў толькі часовы поспех. У тым жа годзе новы вялікі князь адабраў у Вячаслава не толькі захопленае, але і сам Тураў. Тым не менш з падзей другой чвэрці XII ст. выразна відаць, што імкненне адасобіцца ад Кіева і набыць самастойнасць ахапіла і Тураўскую зямлю. Праўда, на той час яно не знайшло яшчэ свайго трывалага і канчатковага ўвасаблення.
Чарговая змена ўлады ў Кіеве, якая адбылася ў 1154 г. са смерцю вялікага князя Ізяслава і ўстугшеннем на прастол яго дзядзькі Юрыя (Даўгарукага), мела для Тураўскай зямлі прыблізна такія ж наступствы, піто і папярэдняя. Юрый адразу пераразмеркаваў прастолы і аддаў Тураў свайму сыну Барысу.
Адной з адметных рыс перыяду феадальнай раздробленасці, у які ўступіла Русь, была частая змена вялікіх князёў у Кіеве. Толькі на працягу 1150-1161 гг. улада ў Кіеве мянялася восем разоў. У час змагання за першынство паміж прэтэндэнтамі за вярхоўную ўладу (на самой справе ўжо хутчэй намінальную) землі-княствы аказваліся фактычна самастойнымі. Менавіта такая сітуацыя склалася ў 1157 г., калі ў Кіеве памёр Юрый Даўгарукі. Момант выкарыстаў Юрый Яраславіч унук колішняга тураўскага князя і вялікага князя кіеўскага Святаполка Ізяславіча. Ён захапіў Тураў і пры падтрымцы мясцовых жыхароў здолеў там замацавацца. Сваю ролю тут адыграла яго паходжанне, а таксама асабістыя здольнасці. Раней ён не меў уласнага ўдзела і служыў Юрыю Даўгарукаму. Так ён і трапіў у Тураў, дзе здолеў праявіць сябе. Ва ўсялякім выпадку, тураўцы маглі ацаніць яго дзейнасць. Юрый Яраславіч заняў тураўскі стол у парушэнне ранейшага парадку, які прадугледжваў удзел у гэтым вялікага князя кіеўскага. Таму ў 1158 г., калі сітуацыя з уладай у Кіеве стабілізавалася і вялікім князем стаў Ізяслаў Давыдавіч, ён арганізаваў вялікі паход на Тураў. У паходзе, які ўзначаліў сам вялікі князь, удзельнічалі князі з Валыні, Галіча, Смаленска, Полацка. Ужо было вырашана, што пасля захопу Тураў дастанецца аднаму з князёў — Уладзіміру Мсціславічу. Тураў і Пінск апынуліся ў аблозе, якая доўжылася ажно дзесяць тыдняў. Схільны да кампрамісу Юрый Яраславіч «многу мольбу сьтворн» Ізяславу, жадаючы заключыць мір. Вялікі князь жа хацеў узяць Тураў, аднак яму так і не ўдалося гэта зрабіць. Рашучасць тураўцаў і пінян у адстойванні сваіх гарадоў і свайго новага князя, а таксама паморак коней у войску саюзнікаў вымусілі іх зняць аблогу і вярнуцца дадому. Тым не менш праблема заставалася нявырашанай, бо мір не быў заключаны. Праз два гады адбыўся новы, праўда, ужо не такі маштабны паход князёў на Тураў, аднак і ён не прынёс жаданага выніку. Толькі ў 1162 г. новы вялікі князь кіеўскі Расціслаў заключыў мір з Юрыем Яраславічам.
Укняжанне Юрыя Яраславіча стала этапнай падзеяй у гісторыі Тураўскага княства. Адметна і прынцыпова важна тое, што гэты князь здолеў замацавацца тут пры рашучай падтрымцы мясцовага насельніцтва. Юрый Яраславіч стаў заснавальнікам дынастыі, якая кіравала Тураўшчынай наступныя паўтара стагоддзя.
Апошні раз Юрый Яраславіч фігуруе ў летапісе пад 1167 г. У далейшым у Тураве княжылі яго сыны Святаполк (пам. у 1190 г.) і Глеб. Ужо пры жыцці сыноў Юрыя пачаліся працэсы, якія тады разгортваліся паўсюль на Русі. I так невялікая Тураўская зямля пачала драбіцца на меншыя княствы. Менавіта ў дадзены перыяд згадваюцца яе ўдзелы Пінск і Дубровіца. 3 гэтага ж часу можна гаварыць пра паступовае ўзвышэнне Пінска. Відаць, каля 1240 г. Тураўскае Палессе трапіла пад удар мангола-татарскіх войск.
Увогуле ж, звесткі з гісторыі Тураўскай зямлі XIII ст. фрагментарныя. Нельга дакладна аднавіць нават генеалогію мясцовага княжацкага дома. Можна канстатаваць толькі факт далейшага драблення зямлі на ўдзелы (Слуцк, Сцяпань). У 1292 г. Галіцка-Валынскі летапіс апошні раз паведамляе імёны князёў мясцовай дынастыі. У гэтым годзе памёр пінскі князь Юрый Уладзіміравіч, «кроткын, смнренын, правднвым. Н плакася по немь княіннн его, н сынове его, н брат его Демвдь князь н всн людье плакахоуся по немь плачемь велнкнмь». Дзямід, відаць, і стаў новым пінскім князем. Аднак мы, на жаль, нічога не ведаем пра падзеі, якія адбываліся ў Тураўскай зямлі пры ім і яго пераемніках. А ў другой чвэрці XIV ст. турава-пінскія землі перайшлі пад уладу вялікага князя літоўскага Гедыміна.
ПАБУЖСКІ, ПАНЯМОНСЮ I ПАСОЖСКІ РЭГІЁНЫ
Побач з двума галоўнымі асяродкамі дзяржаўнасці на беларускіх землях, Полаччынай і Тураўшчынай, можна назваць яшчэ некалькі рэгіёнаў, якія мелі ўласныя традыцыі дзяржаўна-палітычнага развіцця, у прыватнасці Пабужжа, Панямонне і Пасожжа. Кожны з іх адыграў сваю ролю ў станаўленні раннефеадальнай дзяржаўнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Землі па сярэднім цячэнні Заходняга Буга здаўна з’яўляліся пагранічным рэгіёнам, які межаваў з Польшчай і Літвой. Гэты край быў добра развіты ў гаспадарчых адносінах і дастаткова шчыльна заселены. Тут даволі рана ўзніклі гарады, якія ў далейшым дасягнулі высокага ўзроўню развіцця. Заснаванне самага старажытнага і самага буйнога з іх, Берасця, адбылося на мяжы X і XI стст., а ўпершыню гэты горад згадваецца ў летапісах пад 1019 г. Крыху пазней крыніцы называюць Драгічын (1142), Мельнік (1260), Камянец (1276) і Кобрын (1287).
Першыя звесткі аб ваенна-палітычнай гісторыі Пабужжа звязаны з барацьбой паміж Старажытнарускай дзяржавай і Польшчай. У 1019 г., у выніку міжусобнай барацьбы на Русі, Берасце было занята палякамі. Гэта выклікала паход Яраслава Мудрага ў Пабужжа ў 1022 г. і яго далейшую барацьбу з Польшчай. Пазней (каля 1073 г.) Уладзімір Манамах ахоўваў Берасце ад нападаў польскіх войск. У другой палове XII ст. увесь Пабужскі рэгіён знаходзіўся пад уладай уладзіміра-валынскіх князёў. Горад трапіў пад удар мангола-татар у час іх нашэсця на Русь. Калі ў 1240 г. галіцка-валынскія князі Даніла і Васілька Раманавічы прыйшлі да Берасця, яны «не возмогоста нтн в поле смрада радн н множьства нзбьеных».
У канцы XIII ст. Берасце было ўжо настолькі значным горадам, што мясцовыя жыхары зрабілі спробу ператварыць яго ў цэнтр асобнага княства. Яны скарысталіся цяжкай хваробай і смерцю бяздзетнага ўладзіміра-валынскага князя Уладзіміра Васількавіча і ў 1288-1289 гг. паспрабавалі, насуперак апошняй волі свайго ўладара, пасадзіць у сябе на княжанне аднаго з малодшых прадстаўнікоў дынастыі Юрыя Львовіча. Але галоўны прэтэндэнт на ўладзіміра-валынскае княжанне, Мсціслаў Данілавіч, здолеў падавіць гэту «коромолу берестьян» і вярнуць горад пад сваю ўладу. Бун г дорага абышоўся жыхарам Берасця новы князь усклаў на іх дадатковыя цяжкія падаткі.
Вялікае эканамічнае значэнне не толькі ў Пабужжы, але і ў прылеглых землях меў Драгічын над Бугам крайні ўсходнеславянскі пункт на прыпяцка-бугскім гандлёвым шляху, аб чым сведчаць знаходкі некалькіх тысяч таварных свінцовых пломб ХІІ-ХІП стст. Драгічын доўгі час быў аб’ектам зацятай барацьбы паміж дзяржавамі, якія змагаліся за ўплывы над гэтым краем. У 1235 г. горад быў захоплены мазавецкім князем Конрадам, які праз два гады пасяліў там рыцараў Тэўтонскага ордэна. Праўда, неўзабаве магутны галіцкі князь Даніла Раманавіч выгнаў крыжакоў. Прыблізна ў 1253 г. Даніла Галіцкі, вяртаючыся з паходу на яцвягаў, каранаваўся ў Драгічыне каралеўскай каронай. У апошняй трэці XIII ст. валынскія князі ўзяліся ўмацоўваць сваю паўночную мяжу, якой пачалі пагражаць літоўцы. У 1276 г. па загадзе князя Уладзіміра Васількавіча на поўнач ад Берасця быў заснаваны замак Камянец (назва паходзіць ад камяністай глебы, замак жа першапачаткова быў драўляны).
Больш адчувальнай прысутнасць балтаў была ў Беларускім Панямонні. Яны здаўна жылі на гэтых землях, аднак у выніку славянскай каланізацыі этнічная сітуацыя паступова мянялася. У Х-ХІ стст. славяне заснавалі тут шэраг гарадоў, сярод якіх асабліва значнымі былі Гародня, Новагародак, Ваўкавыск і Слонім. Гародня вылучалася выгадным стратэгічным становішчам і заможнасцю. Пра багацце горада сведчыць, у прыватнасці,
даволі актыўнае мураванае будаўніцтва. Так, археалагічна выяўлены ці нават дайшлі да нашага часу рэшткі грох мураваных цэркваў (Прачысценскай, Ніжняй і Барысаглебскай) і фрагменты гарадской сцяны. У 1116 г. вялікі князь кіеўскі Уладзімір Манамах выдаў сваю дачку Агаф’ю замуж за Усеваладка (Давыдавіча), які ў пазнейшых крыніцах фігуруе як гарадзенскі князь. Летапісы паведамляюць, што ў паходзе вялікага князя кіеўскага Мсціслава Уладзіміравіча на Полацк у 1128 г. удзельнічаў і князь Усеваладка «нз Городня». Ён памёр у 1141 г., а ў далейшым у Гародні княжылі яго нашчадкі. У 1235 (1238) г. упершыню згадваецца горад Новагародак, дзе тады княжыў Ізяслаў. Прыблізна ў той самы час, каля 1250 г. Іпацьеўскі летапіс згадвае гарады Ваўкавыск і Слонім, якія таксама былі цэнтрамі невялікіх удзельных княстваў.
Пасожжа засяляла племянное аб’яднанне радзімічаў. Лічыцца, што іх цэнтрам (праўда, магчыма, не адзіным) быў Гомель. Сваё княства ў радзімічаў так і не склалася, у выніку чаго іх землі сталі аб’ектам барацьбы паміж некалькімі дзяржаўна-палітычнымі цэнтрамі. Найбольшую актыўнасць тут праяўлялі размешчаныя па суседству Чарнігаў і Смаленск. Першапачаткова большая частка радзіміцкіх зямель належала Чарнігаву, але ў другой чвэрці XII ст. сітуацыя змянілася. У 1125 г. у Смаленску сеў на княжанне малады і энергічны Расціслаў, сын вялікага князя кіеўскага Мсціслава Уладзіміравіча. Ён выкарыстаў усобіцы, якія пачаліся сярод чарнігаўскіх Ольгавічаў, і ў 1127 і 1142 гг. здзейсніў два паходы ў Пасожжа, далучыўшы паўночную частку пасожскага рэгіёна да сваіх смаленскіх уладанняў. На гэтых землях ён заснаваў гарады Мсціслаў (1135 г., назваў у гонар свайго бацькі), Расціслаў (цяпер Рослаў, у свой гонар) і Ізяслаў (у гонар брата). Асабліва паспяховым было развіццё Мсціслава. У XII—XIII стст. горад квітнеў, аб чым сведчаць багатыя археалагічныя знаходкі. Сярод гарадоў Смаленскага княства Мсціслаў займаў, бадай, трэцяе месца пасля самога Смаленска і Таропца. Паводле В. М. Тацішчава, каля 1180 г. Мсціслаў на нейкі час стаў цэнтрам удзела, якім кіраваў князь Мсціслаў Раманавіч. Паўднёвая частка пасожскіх зямель з Гомелем засталася за Чарнігавам. Ускосныя даныя сведчаць пра тое, што Гомель таксама мог быць цэнтрам удзельнага княства.