• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1. Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

    Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.

    Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

    Выдавец: Выдавецтва БДУ
    Памер: 351с.
    Мінск 2018
    113.95 МБ
    Сацыяльнае расслаенне грамадства значна паглыбілася ў выніку развіцця феадальных адносін у бок павелічэння класа феадалаў і змяншэння слоя свабодных, незалежных сялян, якія паступова станавіліся прыгоннымі, сацыяльна бяспраўнымі. Залежнае насельніцтва займала самае прыніжанае становішча на сацыяльнай лесвіцы.
    Такім чынам, у ІХ-ХІІ стст. аснову эканомікі Беларусі складала сельская гаспадарка, у якой вядучая роля належала земляробству. На яго аснове
    развівалася жывёлагадоўля з развядзеннем усіх вядомых у наш час відаў свойскай жывёлы. Пэўнае месца ў гаспадарцы, асабліва для некаторых населеных пунктаў, займалі паляванне і рыбалоўства. Шырокае распаўсюджанне атрымалі хатнія промыслы. Ішоў працэс фарміравання феадальнага землеўладання і феадальнай іерархіі.
    Сельскагаспадарчая вытворчасць у азначаны перыяд яшчэ не набыла таварнага характару, таму асноўны цяжар у эканамічным развіцці прыпадаў на сялянскую гаспадарку. 3 пашырэннем рамеснай вытворчасці (пераважна ў гарадах) і яе спецыялізацыі, хоць і абмежавана, але развіваўся як унутраны гандаль, так і гандаль з замежжам. Сельскае насельніцтва само забяспечвала сябе неабходнай рамесніцкай прадукцыяй. Эканоміка насіла ў асноўным натуральны характар. Сацыяльны склад насельніцтва мяняўся ў бок павелічэння феадальных слаёў князёў, баяр, царкоўнікаў і памяншэння колькасці незалежных (свабодных) сялян.
    РЭЛІГІЯ I КУЛЬТУРА
    БЕЛАРУСЮХ ЗЯМЕЛЬ У ІХ-ХІІІ стст.
    •	Язычніцтва. Перадумовы хрысціянізацыі
    •	Прыняцце і распаўсюджванне хрысціянства
    •	Вусная народная творчасць
    •	Пісьменнасць, літаратура, мастацтва
    ЯЗЫЧНІЦТВА. ПЕРАДУМОВЫ ХРЫСЦІЯНІЗАЦЫІ
    Язычніцтва (паганства) умоўны тэрмін для абазначэння вераванняў і культаў, якія існавалі да ўзнікнення і пашырэння монатэістычных рэлігій (будызму, хрысціянства, ісламу). Для яго характэрны: політэізм вера ў шматлікіх багоў; пантэізм абагаўленне розных прыродных сіл і стыхій; антрапамарфізм надзяленне чалавечымі рысамі і якасцямі багоў, міфічных істот; магічныя дзеянні і інш.
    Станаўленне сістэмы рэлігійных уяўленняў, культаў і абрадаў на тэрыторыі Беларусі адбывалася на працягу розных гістарычных эпох і было звязана з жыцпядзейнасцю чалавечага грамадства. У часы каменнага веку асноўнымі заняткамі насельніцтва беларускіх зямель былі збіральніцтва, паляванне і рыбалоўства. Прырода займала галоўнае месца ў жыцці чалавека. Пазнанне прыродных з’яў адлюстравалася на мысленні людзей і іх свядомасці. У першабытным грамадстве развіваліся такія вераванні, як татэмізм (уяўленні пра роднасць паміж людзьмі і пэўным відам жывёл, раслін), фетышызм (вера ў цудадзейную сілу асобных матэрыяльных прадметаў), анімізм (перакананне ў існаванні душ, добрых і злых духаў), якія
    з’яўляліся спробай тлумачэння навакольнага свету, а таксама давалі магчымасць гарманізаваць адносіны чалавека з прыродай і з іншымі людзьмі.
    У бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі рассяляліся індаеўрапейцы і фарміравалася балцкае насельніцтва, асноўнымі заняткамі якога сталі земляробства і жывёлагадоўля. Такія змены прывялі да пашырэння культаў сонца, асобных жывёл, дажджу і звязаных з ім навальніц і маланак. Навукоўцы лічаць, што ў гэты час сфарміраваліся асноўныя аграрныя культы нашых продкаў.
    У перыяд жалезнага веку адбылося далейшае ўдасканаленне гаспадарчага жыцця і ўскладненне сацыяльнай структуры грамадства. Гэтыя з’явы паўплывалі на свядомасць людзей і развіццё рэлігійных уяўленняў. Менавіта ў жалезным веку ў асноўным вызначыўся пантэон багоў.
    Прыход славян на тэрыторыю Беларусі ў V-VIII стст., працэсы сінтэзу балцкай і славянскай культур сталі чарговымі фактарамі, якія садзейнічалі эвалюцыі вераванняў і культаў, фарміраванню міфалогіі сістэмы ўяўленняў аб навакольным асяроддзі. Лічыцца, што ў канцы X ст. завяршылася афармленне язычніцкай міфалогіі продкаў беларусаў як рэгіянальнага варыянта ўсходнеславянскай.
    У свядомасці старажытных жыхароў Беларусі шматлікія з’явы прыроды і грамадскага жыцця персаніфікаваліся. Таму міфалогія ўключае значную колькасць персанажаў, сярод якіх асноўныя гэта багі і духі. У адпаведнасці з міфалагічнымі ўяўленнямі, кіравалі светам багі. Яны валодалі надзвычайнымі магчымасцямі, індывідуальнай адметнасцю і пазнавальнай атрыбутыкай, кіравалі пэўнымі часткамі Сусвету. Ім пакланяліся як уладарам прыроды і чалавечага лёсу.
    Па крыніцах вядомы шэраг багоў усходніх славян (Вялес, Пярун, MoKam, Стрыбог, Дажбог, Сварог, Ярыла, Хорс і інш.) і заходніх (Белбог, Чарнабог, Яравіт, Святавіт, Ругевіт, Трыглаў, Провэ і інш). Але невядома, якіх багоў канкрэтна шанавалі на тэрыторыі Беларусі. Ёсць звесткі аб тым, што ў нашай краіне засталіся сляды (тапаніміка, паданні, назвы свят) толькі двух багоў Перуна і Вялеса, а яшчэ, магчыма, Ярылы. Назвы Мокашава балота, Мокіш могуць быць слядамі культу багіні Мокаш.
    Пярун захавальнік нябеснага агню, бог грому і маланкі, вайны і мужчынскай доблесці. Свяшчэнным дрэвам гэтага бога быў дуб, а адным з атрыбутаў лічыліся каменныя сякеры, якія сярод беларускіх сялян называлі «громавымі» ці «перуновымі» стрэламі. Пярун панаваў над зямлёй, яго страшыліся і стараліся задобрыць ахвярапрынашэннем. Улада бога грому і маланкі вызначалася мяжой з першых да апошніх навальніц (з мая да сярэдзіны жніўня), а потым ён засынаў да наступнай вясны.
    Простыя людзі асабліва шанавалі Вялеса (Воласа), таму што ён заступаўся за бедных. Вялес парадніў чалавека з жывёламі, дапамог выкарыстоўваць іх у гаспадарцы. Ён быў звязаны з аграрнымі культамі, пра што сведчыць усходнеславянскі звычай пакідаць яму ў дар нязжатымі некалькі каласкоў, якія называлі «Воласавай бародкай». Вялес меў дачыненне да асобных крыніц і рэк, а таксама лічыўся богам падземнага свету.
    Служкамі паганскага культу былі жрацы. Месцы, дзе язычнікі ўшаноўвалі сваіх багоў, прыносілі ім ахвяры. называліся свяцілішчамі. Яны падзяляліся на родавыя (для аднаго паселішча) і племянныя (для аднаго або некалькіх плямён). 3 узнікненнем дзяржаўнасці і са з’яўленнем гарадоў будаваліся агульнадзяржаўныя свяцілішчы, дзе маглі быць прадстаўлены пантэоны розных этнасаў. Размяшчаліся яны на ўзвышшах, астравах і мысах сярод балот, на берагах рэк і азёр, пры крыніцах (асабліва тых, якія з’яўляліся вытокамі рэк), зрэдку насыпаліся штучна. Адной з разнавіднасцей свяцілішчаў былі капішчы круглыя пляцоўкі з ідаламі ў цэнтры, абведзеныя па краі равамі, камянямі або ямамі. Функцыі прасцейшых свяцілішчаў выконвалі культавыя камяні, узгоркі, крыніцы, дрэвы або гаі.
    Захаваліся звесткі пра існаванне паганскіх свяцілішчаў на гарадзішчах Войстам (Смаргонскі раён) і Свір (Мядзельскі раён); ахвярнікаў у Хоўхлаве (Маладзечанскі раён), Лоску (Валожынскі раён) і Брэсце. Паводле легенды, запісанай у XIX ст., каля возера Валовае (цяпер на тэрыторыі г. Полацка) існавалі калісьці капішчы Перуна і Бабы Ягі. Да пачатку XX ст. функцыянавала свяцілішча на вуліцы Лодачнай у Мінску (на беразе ракі Свіслач блізу сучаснай вуліцы Чырвонаармейскай). Тут, у дрыгвістым месцы была невялікая пляцоўка, дзе рос вялізны дуб, стаяў святы камень і няспынна гарэла вогнішча. Гэтае капішча на працягу ўсяго XIX ст. абслугоўвала адна сям’я Севасцеяў. Царква забараніла хаваць іх на хрысціянскіх могілках, а потым паспрыяла і разбурэнню капішча.
    У цэнтры свяцілішчаў ставіліся драўляныя, каменныя ці металічныя ідалы, каля якіх выконваліся рытуальныя дзеянні. Ідалы (багі, каменныя бабы, куміры, стоды, балваны, ёлупы) скульптурныя выявы паганскіх багоў. Найбольш вядомыя Шклоўскі ідал «Ёлуп», які датуецца X ст. (захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь), і Слонімскі (знаходзіцца ў Слонімскім краязнаўчым музеі).
    Акрамя багоў, шматлікімі персанажамі беларускай міфалогіі былі духі. Духі міфічныя істоты, звязаныя з чалавекам, яго целам і жыццёвым асяроддзем, у тым ліку і прыродным. 3 духамі адносіны былі даволі супярэчлівыя. Іх дзялілі на добрых і нядобрых, не акцэнтуючы ўвагі на тое, да якой часткі міфалагічнага Сусвету яны належалі.
    Паводае адной з легенд, духі, дэманы, нячысцікі паходзяць ад анёлаў, якіх Бог скінуў на зямлю за спробу ўчыніць бунт супраць яго ўлады. Духі траплялі ў людскія сядзібы, лясы, вадаёмы і станавіліся, адпаведна, дамавікамі, лесунамі, вадзянікамі.
    Самымі паважанымі былі духі хаты і сядзібы; самымі любімымі — Дамавік і Хлеўнік. Дамавік (Хатнік, Падпечнік, Гаспадар, Дзед, Браток) гэта хатні дух, апякун дома, сям’і і гаспадаркі, які часам атаясамліваўся з духам продкаў. Хлеўнік сядзібны дух, які жыве ў хляве і даглядае скаціну коней і кароў. Калі селянін пераязджаў у новую хату, то запрашаў Дамавіка і Хлеўніка з сабою.
    Лясы і вадаёмы ў жыццядзейнасці селяніна займалі важнае месца пасля палёў. Лясную і вадзяную прасторы, паводле ўяўленняў нашых продкаў, засяляла мноства духаў (Лясун, Вадзянік, Русалка), якія былі не вельмі прыязныя да чалавека з-за таго, што ён сек дрэвы, паляваў на жывёл, лавіў рыбу. Таму неабходна было наладжваць з імі кантакты праз рытуальныя дзеянні і прынашэнні.
    Шэраг персанажаў беларускай міфалогіі гэта персаніфікаваныя вобразы хваробы: Ліхаманка, Пошасць, Халера, Чума і інш. Адпаведныя дэманы часта ўяўляліся ў выглядзе вандруючых старых жанчын, якія хадзілі ад вёскі да вёскі, разносячы хваробы і смерць. Акрамя лячэння раслінамі, сродкамі жывёльнага і мінеральнага паходжання, распаўсюджанымі прыёмамі пазбаўлення ад хвароб былі магічныя, якімі карысталіся знахары і шаптуны як пасрэднікі паміж «гэтым» светам і «тым», адкуль прыйшла хвароба.
    Рэлігійным уяўленням нашых продкаў была характэрна вера ў звышнатуральныя ўласцівасці камянёў і дрэў. На Беларусі пакланяліся камяням-краўцам, сярод якіх вядомы валуны блізу в. Вароніна (Сенненскі раён), в. Краснікі (Докшыцкі раён) і інш. Існуюць паданні аб тым, што ў кожным з іх жыў змей ці чорт (часам чалавек ці абстрактны «кравец»), які вельмі добра і за невялікую плату шыў адзенне. Частка камянёў-краўцоў мела дадатковыя назвы Сцяпан (Сцёп-камень), Змееў камень, Чортаў камень. Хутчэй за ўсё, так званыя Барысавы і Рагвалодавы камяні, на якіх у ХП ст. былі выбіты крыжы і звароты да хрысціянскага Бога, маглі быць культавымі аб’ектамі язычнікаў.