• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1. Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

    Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.

    Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

    Выдавец: Выдавецтва БДУ
    Памер: 351с.
    Мінск 2018
    113.95 МБ
    Паводле беларускіх павер’яў, чалавечыя душы часта пасяляліся ў дрэвах, якія пасля гэтага маглі хадзіць, размаўляць, ператварацца ў чалавека. Іншым часам, калі дрэвы секлі, то з іх выцякала кроў і чуліся стогны. Некаторыя дрэвы лячылі хворых. Да XX ст. захоўвалася абрадавае кармленне дрэў. Ім насілі хлеб-соль, загорнутыя ў палатно. На Беларусі шанавалі дуб, ліпу, бярозу, хвойныя дрэвы, таксама шмат паданняў было звязана з асінай, вярбой, клёнам і іншымі дрэвамі. Культавымі з’яўляюцца дуб
    бліз в. Царкавішча (Ушацкі раён), ліпа каля в. Капланцы (Бярэзінскі раён), сасна Куліна ля в. Краснікі (Докшыцкі раён), якая расце побач з вядомым Сцёп-каменем і лічыцца яго жонкай.
    Акрамя камянёў і дрэў, нашы продкі ўшаноўвалі крыніцы, рэкі, азёры, звяроў і птушак. Асаблівай павагай карысталіся нябесныя свяцілы сонца, месяц і зоркі, а таксама агонь. Так, напрыклад, да агню ставіліся як да жывой істоты, якая можа і дапамагчы, і пакараць. На агонь не дазвалялася пляваць, нельга было заліваць яго вадой, трэба было дачакацца, каб сам дагарэў і патух. Катэгарычна забаранялася пазычаць агонь чужым людзям, асабліва ў вялікае свята.
    Такім чынам, язычніцтва адлюстроўвала светапогляд нашых продкаў, якія не супраньпастаўлялі сябе навакольнаму асяроддзю, а жылі ў натуральным адзінстве з прыродай. Вераванні, культы і абрады захоўвалі шматвяковы вопыт папярэдніх пакаленняў, значна ўплывалі на штодзённае жыццё і побыт насельніцтва, фарміравалі асновы маралі і выхавання дзяцей. Старажытныя міфалагічныя ўяўленні сталі асновай фарміравання разнастайнай вуснай народнай творчасці, якая з’яўляецца важнай часткай духоўнай кулыуры нашага народа.
    Аднак плямёны, што насялялі тэрыторыю Беларусі, адрозніваліся ўзроўнем грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця. Гэтыя фактары непазбежна ўносілі карэктывы ў працэс развіцця племянных вераванняў і культаў. Таму ў сістэме язычніцкай міфалогіі існавалі рэгіянальныя асаблівасці, звязаныя з тэрыторыяй пражывання славянскіх аб’яднанняў крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. У кожнага племяннога саюзу існаваў свой своеасаблівы пантэон, свае найбольш папулярныя культы, сэнс і значэнне якіх у суседзяў маглі быць зусім іншымі.
    Спробу правесці рэлігійную рэформу і ўніфікаваць язычніцкія пантэон багоў і культы зрабіў кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч (980—1015), які такім чынам хацеў умацаваць сваю ўладу. У «Аповесці мінулых гадоў» паведамляецца, што ў 980 г. ён паставіў ідалаў асобных багоў (Перуна, Хорса, Дажбога, Стрыбога, Семаргла, Мокашы) «на хьлме вьне двора теремьнаго» ў Кіеве.
    На славянскім Алімпе, які стварыў кіеўскі князь, вяршэнстваваў Пярун, бо адзіны быў упрыгожаны золатам і срэбрам (срэбраная галава, залатыя вусы). Раней Перуна галоўным боствам не лічылі. Яго культ справа князя Уладзіміра і яго дзядзькі Дабрыні, які сілай прывёў да пакланення гэтаму богу гарады Ноўгарад і Уладзімір. Менавіта Пярун як заступнік князя і дружыны, апякун воінскай славы найбольш адпавядаў ваяўнічай палітыцы Уладзіміра Святаславіча, накіраванай на ўзмацненне цэнтральнай улады. Аднак спроба рэфармавання язычніцтва поспеху не мела.
    Чарговым новаўвядзеннем кіеўскага князя стала хрысціянства. Распаўсюджванне гэтай рэлігіі ў межах Старажытнай Русі з’яўлялася заканамерным працэсам, характэрным для значнай часткі Усходняй Еўропы, які суправаджаўся ўсталяваннем раннесярэдневяковых дзяржаў. Хрысціянства дазваляла манархам абвясціць сваю ўладу свяшчэннай і аб’яднаць падданых агульным веравызнаннем. Славянскія народы адзін за адным прымалі хрысціянства як дзяржаўную рэлігію. Каля 800 г. былі ахрышчаны маравы, у 964 г. новая рэлігія ўведзена ў Балгарыі, у 966 г. — у Польшчы, у 973 г. у Чэхіі.
    Усходнія славяне маглі сутыкнуцца з вучэннем Хрыста ў VII ст. падчас паходаў у землі Візантыйскай імперыі. Царкоўная традыцыя ўвогуле адносіць пачатак хрысціянізацыі Старажытнай Русі аж да першых стагоддзяў нашай эры. У летапісах ёсць звесткі пра місіянерскую дзейнасць апостала Андрэя Першазванага. Згодна з імі, ён трапіў і на землі ўсходніх славян, благаславіў іх і прадказаў узнікненне вялікага горада Кіева: «...Яко на снхь горах восняеть благодать Божья; нмать градь вслнкь бытн н церквн многн Богь вьздвнгнутн нмать..
    У любым выпадку пачынаючы з IX ст. новая рэлігія павольна распаўсюджвалася ў асяроддзі варажскіх і славянскіх дружыннікаў і купцоў, якія мелі непасрэдныя кантакты з хрысціянскім светам. Некаторыя гісторыкі лічаць, што ў 860-я гг. былі ахрышчаны кіеўскія князі Аскольд і Дзір. Дагавор, заключаны ў 944 г. кіеўскім князем Ігарам з Візантыяй, зацвярджаўся як воінамі-язычнікамі, так і хрысціянамі. Жонка Ігара княгіня Вольга прыняла хрышчэнне каля 955 г.
    Пашырэнне хрысціянства на беларускіх землях мела агульныя рысы з яго зацвярджэннем у іншых землях усходніх славян. Мясцовыя князі, дружыннікі, купецтва маглі даведацца або нават далучыцца да новага веравызнання, дзякуючы ваенна-палітычным і гандлёва-эканамічным кантактам Старажытнай Русі з хрысціянскімі краінамі. Некаторыя даследчыкі, абапіраючыся на паведамленні ісландскай «Сагі пра хрышчэнне», лічаць, што ў канцы X ст. у Полацкім княстве хрысціянскае вучэнне прапаведваў скандынаўскі місіянер Торвальд Вандроўнік.
    Такім чынам, у ІХ-Х стст. у Старажытнай Русі, часткай якой былі беларускія землі, склаліся перадумовы для прыняцця хрысціянства. Язычніцтва ўскладняла палітычныя, эканамічныя і культурныя стасункі з замежнымі краінамі, болыпасць з якіх сталі хрысціянскімі. Развіццю феадальных адносін, фарміраванню інстытута ўлады і дзяржаваўтваральным працэсам, якімі былі ахоплены ўсходнеславянскія землі, больш адпавядаў хрысціянскі монатэізм, чым язычніцкі політэізм. Грамадска-палітычныя і сацыяльна-эканамічныя змены ў Старажытнай Русі выклікалі канфесійную перабудову,
    садзейнічалі таму, што адна рэлігія была заменена другой, якая больш адпавядала гістарычнай рэчаіснасці. Знешнеі ўнутрыпалітычная кан’юнктура, папярэдняя місіянерская дзейнасць і наяўнасць у дзяржаве пэўнага хрысціянскага асяроддзя падштурхнулі вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча да прыняцця вучэння Хрыста і хрышчэння дзяржавы.
    ПРЫНЯЦЦЕ I РАСПАЎСЮДЖВАННЕ ХРЫСЦІЯНСТВА
    Афіцыйнаму ўвядзенню хрысціянсгва на Русі папярэднічаў зварот імператара Васіля II (958-1025) да кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча па дапамогу ў падаўленні мяцяжу, які выбухнуў у Візантыі ў 987 г. За падтрымку імператар абяцаў выдаць за князя сястру Ганну і даць значную ўзнагароду. Мяцеж быў ліквідаваны пры дапамозе прысланага Уладзімірам шасцітысячнага войска, але імператар адмовіўся выконваць свае абавязацельствы. Тады кіеўскі князь з войскам уступіў у Крым і пасля доўгай аблогі заняў Корсунь (зараз г. Херсанес). Імператар паспяшыў прымірыцца з Уладзімірам і выканаць свае абяцанні. Аднак да заключэння шлюбу кіеўскі князь павінен быў ахрысціцца, што ён і зрабіў у хуткім часе.
    Пасля вяртання з Візантыі Уладзімір Святаславіч абвясціў хрысціянства («грэчаскую веру») рэлігіяй Старажытнай Русі. Афіцыйнай датай прыняцця новай веры лічыцца 988 г. (па іншых звестках 989 ці 990 г.). Аднак названы час мае толькі сімвалічнае значэнне. Увядзенне хрысціянства было не каротчасовым актам, а стала працяглым і складаным працэсам, расцягнутым на стагоддзі.
    Паводле «Аповесці мінулых гадоў», ахрысціўшы жыхароў Кіева, князь Уладзімір распачаў хрышчэнне ўсёй дзяржавы. Ён рабіў гэта асабіста або з дапамогай сваіх пасаднікаў і сыноў. Хрышчэнне беларускіх зямель ажыццяўлялася рознымі, не заўсёды мірнымі, шляхамі.
    Пра ўсталяванне хрысціянства ў Полацку вядома мала. Хутчэй за ўсё, новае веравызнанне было прынята прадстаўнікамі вышэйшай знаці ўслед за ўвядзеннем яго ў Кіеве ў 988 г. У познім Ніканаўскім летапісе пра полацкага князя Ізяслава (канец X ст. 1001 г.) сказана, што ён «прнлежаше прочптанню божественных пнсанлй», г. зн. быў вельмі набожны.
    Верагодна, крывавымі падзеямі суправаджалася хрышчэнне Турава. Паданне апавядае пра каменныя крыжы, якія прыплылі ў горад па Прыпяці з Кіева, і пра тое, што вада ў рацэ была чырвоная ад крыві. Хрысціянізацыя насельніцтва беларускіх зямель доўжылася да пачатку XIII ст. Новая вера сутыкнулася з моцнымі традыцыямі не толькі славянскага, але і балцкага язычніцтва. Нездарма так марудна паддавалася хрысціянізацыі Панямонне, заселенае рознымі этнасамі.
    Хрысціянскае веравызнанне параўнальна хугка прымалі вышэйшыя слаі грамадства, княжацкія дружыннікі і гараджане, тады як вясковы люд яшчэ стагоддзямі маліўся паганскім багам. У мысленні людзей язычніцкія ўяўленні доўгі час суіснавалі з хрысціянскімі, што прывяло да нараджэння новай формы рэлігійнай свядомасці феномена «дваяверства». Адбылося злучэнне дзвюх вер, двух светапоглядаў, дзвюх культур. Абедзве рэлігійныя сістэмы адлюстроўвалі розныя бакі быцця: язычніцтва суадносіла чалавека з прыродай, вызначала яго месца ў навакольным асяроддзі, а хрысціянства адлюстроўвала сацыяльную сутнасць чалавека і грамадства, месца чалавека сярод людзей. Сферы ўплыву гэтых сістэм не супадалі, але яны перасякаліся.
    Разам з хрысціянізацыяй адбывалася фарміраванне царкоўнай арганізацыі. У канцы X ст. на землях Старажытнай Русі ўзнікла Кіеўская мітраполія, якая падпарадкоўвалася Канстанцінопальскаму патрыярхату. Яна складалася з царкоўных акруг епархій (епіскапій) з прыходамі. Пад 992 г. Ніканаўскі летапіс паведамляе аб прызначэнні епіскапаў: «Поставн Леонть мнтрополнть Кневскнй н всея Русн епнскопы по градомь. Того же лета поставн Леонть, мнтрополнть Кневскпй н всея Русп, Черннгову епнскопа Неофнта, а вь Ростовь поставн епнскопа Феодора, а вь Володнмерь Стефана, а вь Белграде Ннкнту, н по ннымь многнмь градомь еппскопы поставн».
    Да XIII ст. на тэрыторыі Старажытнай Русі ўтварылася каля 16-17 епіскапій, з іх дзве (Полацкая і Тураўская) на беларускіх землях. Часам з’яўлення епіскапскай кафедры ў Полацку прынята лічыць 992 г. Першым вядомым полацкім уладыкам стаў епіскап Міна, прызначаны на кафедру ў 1105 г. Тураўская епархія была заснавана ў 1005 г. Яе першым кіраўніком крыніцы называюць епіскапа Фаму.
    Болыпая частка епархій ахоплівала тэрыторыі княстваў, у «стольных городах», у якіх размяшчаліся епіскапскія кафедры. Полацкая епархія ўключала землі ў басейне рэк Дзвіны і Бярэзіны. Што тычыцца Тураўскай епархіі, то на момант узнікнення ў 1005 г. яна аб’ядноўвала некалькі суседніх рэгіёнаў: Папрыпяцце, частку Пабужжа і Верхняе Панямонне. У XI—XII стст. беларускія землі ўвайшлі ў склад яшчэ некалькіх суседніх епіскапій Белгародскай (Кіеўскай), Уладзіміра-Валынскай, Чарнігаўскай і Смаленскай.