• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1. Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

    Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.

    Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

    Выдавец: Выдавецтва БДУ
    Памер: 351с.
    Мінск 2018
    113.95 МБ
    Важнае месца ў царкоўнай структуры займалі манастыры, якія ўзнікалі ў гарадах ці недалёка ад іх. Пад 1037 г. у «Аповесці мінулых гадоў» упершыню ўпамінаецца аб будаўніцтве манастыра ў гонар святога Георгія князем Яраславам Мудрым. У летапісе зазначаецца: «...Чернорнзьцн почаша множнтнся, н монастыреве почннаху бытн...». Аднак ёсць меркаванне, што манастыры маглі ўзнікнуць у гады праўлення кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча.
    Што тычыцца тэрыторыі Беларусі, то з’яўленне тут першага манастыра звязваюць з імем княгіні Рагнеды, жонкі вялікага князя Уладзіміра. Яна, пастрыгшыся ў манахіні пад імем Анастасіі, заснавала манастыр у Заслаўі. У ХІ-ХІІ стст. сталі вядомымі манастыры: Свята-Успенскі (Лешчанскі) у Пінску; Барысаглебскі і Варварынскі у Тураве; Спаса-Ефрасіннеўскі, Багародзіцкі, Іаана Прадцечы, Барысаглебскі (Бельчыцкі) у Полацку; Барысаглебскі (Каложскі) у Гародні. Ініцыятарамі іх узвядзення былі, як правіла, вялікія ці мясцовыя князі або набліжаныя да іх асобы. Заснавальнікамі духоўных устаноў маглі быць і манахі. 3 68 вядомых на Русі манастыроў (па ініных звестках іх было каля 300) дзве трэці былі пабудаваны князямі ці прыватнымі асобамі.
    Для пашырэння ўплыву на насельніцтва патрэбны былі людзі, жыццё якіх служыла б узорам хрысціянскіх запаведзяў і маралі. Падобная роля адводзілася менавіта манаству. У XII ст. вылучаюцца прадстаўнікі манаскага духавенства, якія займаліся актыўнай грамадскай дзейнасцю, адукацыяй і асветай. Сярод іх Ефрасіння Полацкая (каля 1104-1167).
    Ефрасіння (свецкае імя Прадслава) была дачкой князя Святаслава і ўнучкай князя Усяслава (Чарадзея). У 12-гадовым узросце яна прыняла манаскі пострыг і пасялілася ў келлі Сафійскага сабора. Карыстаючыся бібліятэкай храма, манахіня перапісвала і, магчыма, перакладала кнігі, складала малітвы і пропаведзі. У канцы 1120-х гг. Ефрасіння заснавала жаночы манастыр пры Спаскай царкве ў Сяльцы недалёка ад Полацка. Дзякуючы клопатам Ефрасінні, у манастыры за 30 тыдняў была ўзведзена новая мураваная царква Святога Спаса, будаўніцтвам якой кіраваў Іаан «прыстаўнік над майстрамі царкоўнымі». Манахіня-асветніца падаравала гэтай царкве крыж, выкананы па яе асабістым заказе майстарам-ювелірам Лазарам (Богшам) у 1161 г.
    Ефрасіння Полацкая няспынна займалася духоўным самаўдасканаленнем. Яна вучыла манашак захоўваць цярплівасць і душэўную чысціню: «...Учыніце сябе пшаніцаю чыстай, і змяліцеся ў жорнах уміранасцю, малітвамі, постам, каб чыстым хлебам прынесціся на трапезу Хрыстову!». Хрысціянка-асветніца была вядома як добры дарадчык, справядлівы суддзя і міратворца. «I не хацела яна бачыць, каб хто варагаваў: ні князь з князем, ні баярын з баярынам, ні з простых хто са сваім сябрам, але ўсіх жадала бачыць адзінадушнымі».
    Па ініцыятыве Ефрасінні каля 1150 г. недалёка ад Полацка пачалося будаўніцтва царквы Святой Багародзіцы, пры якой быў заснаваны мужчынскі манастыр. У гэтай царкве яна размясціла абраз Багародзіцы Адзігітрыі Эфескай, прывезены яе слугой Міхаілам з Візантыі.
    У канцы жыцця Ефрасіння здзейсніла паломніцтва ў Іерусалім, дзе і памерла. Пасля 1187 г. яе мошчы былі вывезены з Палесціны і размешчаны ў дальніх пячэрах Кіева-Пячэрскага манастыра, а ў 1910 г. іх перавезлі ў полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. За сваю дзейнасць асветніца была далучана царквой да ліку святых. Дзень яе памяці прыходзіцца на 5 чэрвеня (23 мая па старым стылі).
    Сярод хрысціянскіх дзеячаў ХП ст. вылучаецца асоба Кірылы Тураўскага (каля 1130 — каля 1182). Згодна з паведамленнем з жыція, Кірыла Тураўскі быў сынам багатых бацькоў, але «обаче не любляше богатьства, нн славы тленныа мнра сего, но паче всего прллежаше божественных плсанлй, добре лзвыче святых кннг ученлю. По временн же отшсд в монастырь л бысть мннх». Праз нейкі час, прагнучы адзіноты для болей адданага служэння Богу, ён робіцца стылітам (стоўпнікам). Дзякуючы сваёй дзейнасці Кірыла Тураўскі «славен бысть по всей стране той».
    Заняўшы каля 1159 г. тураўскую епіскапскую кафедру, ён займаўся ўладкаваннем епархіі, прапаведніцкай, літаратурнай, царкоўнай і палітычнай дзейнасцю, будаваў храмы. Пакінуўшы кафедру, свяціцель нейкі час жыў і працаваў у Тураўскім Барысаглебскім манастыры. Верагодней за ўсё, там Кірыла Тураўскі скончыў свой жыццёвы шлях.
    Дзейнасць Кірылы не магла застацца па-за ўвагай сучаснікаў і нашчадкаў. Даследчык яго жыцця і творчасці A. А. Мельнікаў выказаў думку, што, магчыма, ужо ў пачатку XIII ст. Кірыла Тураўскі шанаваўся як святы (пра час кананізацыі звестак не захавалася). Дзень памяці святога адзначаецца 11 мая (28 красавіка па старым стылі).
    Клімент Смаляціч (? пасля 1164) быў вядомы як царкоўна-палітычны дзеяч, мысляр, пісьменнік. Па нрапанове кіеўскага князя Ізяслава Мсціславіча епіскапскі сабор без згоды патрыярха абраў яго мітрапалітам у Кіеве ў 1147 г. Клімент Смаляціч займаў гэтую пасаду з перапынкамі да 1161 г. Да нашага часу захаваўся толькі адзін твор гэтага «філосафа і кніжніка» — «Пасланне Фаме прэсвітару». У ім Клімент Смаляціч адстойваў незалежнасць хрысціянскай царквы Русі ад канстанцінопальскага патрыярха.
    Аўрамій Смаленскі (? да 1224) нарадзіўся ў сям’і заможных бацькоў, якія мелі 12 дачок і малілі Бога аб сыне. 3 дзяцінства Аўрамій (свецкае імя Афанасій) быў набожным, наведваў царкву і меў магчымасць «кніжнай навуцы вучыцца». Бацькі спадзяваліся, што іх адзіны сын возьме шлюб і будзе прадаўжальнікам роду, але той вырашыў прысвяціць сябе справе рэлігійнага служэння і асветы. Пасля іх смерці юнак ахвяраваў усю маёмасць манастырам, хворым і бедным, а сам пайшоў у Селішчанскі манастыр Прасвятой Багародзіцы паблізу Смаленска.
    Выконваючы ў манастыры розныя паслушэнствы, Аўрамій старанна вучыўся, займаўся перапісваннем ды збіраннем кніг. ГГасля шматгадовага манаскага служэння ён стаў «спачатку дыяканам, а пасля іерэем». Прападобны набыў вядомасць як прапаведнік і настаўнік манахаў і недухоўных асоб.
    Аўрамій перайшоў у Крыжаўзвіжанскі манастыр у Смаленску, куды да яго пачало прыходзіць шмат людзей за духоўнай парадай і настаўленнем. Поспехі ў веруючых выклікалі зайздрасць смаленскага духавенства, у выніку чаго прападобнага абвінавацілі ў ерасі і распаўсюджванні забароненых кніг. На судзе, які ўзначалілі князь і епіскап, Аўрамій змог апраўдацца, але яму забаранілі служыць і адправілі ў Селішчанскі манастыр.
    У хуткім часе Смаленшчыну спасцігла засуха. Маленні епіскапа яе не спынілі, і толькі пасля малітвы Аўрамія на зямлю паліўся доўгачаканы дождж. Пасля гэтага царкоўныя ўлады вымушаны былі адмяніць забарону на прапаведніцтва і прызначылі яго ігуменам манастыра. Прападобны Аўрамій памёр да 1224 г. Праваслаўная царква кананізавала яго за актыўную хрысціянскую дзейнасць і ўзорнае жыццё. Дзень памяці святога адзначасцца 3 верасня (21 жніўня па старым стылі).
    Распаўсюджванне хрысціянства аказвала ўплыў па фарміраванне маральных прынцыпаў грамадства, спрыяла ўсведамленню нормаў і запаведзяў новага веравучэння. Святы, набажэнствы, абрады, ггасты, штодзённыя малітвы карэнным чынам змянілі быт насельніцтва. Аднак хрысціянства не здолела цалкам выкараніць язычніцкія ўяўленні ў менталітэце людзей. У свядомасці нашых продкаў адбылося перапляценне старых і новых традыцый і звычаяў.
    Рэлігійныя пераўтварэнні садзейнічалі афармленню дзяржаўнасці, умацаванню княжацкай улады, развіццю феадальных адносін на ўсходнеславянскіх, у тым ліку і на беларускіх, землях. Новая дзяржаўная рэлігія дала магчымасць усталяваць болыл цесныя сувязі з еўрапейскімі краінамі. Насельніцтва нашых зямель далучылася да культурнай традыцыі грэкарымскай цывілізацыі. Хрысціянізацыя садзейнічала стварэнню выдатных помнікаў архітэктуры і мастацтва, распаўсюджванню пісьменства, развіццю розных жанраў у літаратуры, з’яўленню школ і бібліятэк.
    ВУСНАЯ НАРОДНАЯ ТВОРЧАСЦЬ
    Вусная народная творчасць, або фальклор, — адзін з відаў славеснага мастацтва, для якога характэрны калектыўнасць стварэння, шматжанравасць і варыятыўнасць. Фальклорны працэс заўсёды адбываецца ў межах
    традыцыі, абапіраецца на папярэдні вопыт і здабыткі, выкарыстоўвае назапашаныя мастацкія каштоўнасці. Фальклор узнік раней, чым пісьменнасць, і доўгі час існаваў толькі ў вуснай форме. Сярод жанраў народнай творчасці бытавалі калявдарнаі сямейна-абрадавыя паэтычныя цыклы, шырока распаўсюдзіліся казкі, легенды і паданні, прыказкі і прымаўкі, загадкі і замовы.
    Да ліку найбольш архаічных фальклорных жанраў адносяцца замовы славесныя формулы з магічным сэнсам, якія выкарыстоўваліся для ўздзеяння на навакольную рэчаіснасць і дасягнення розных практычных мэт. Адна група замоў тычылася гаспадарчай дзейнасці. Да яе прымыкаюць «ахоўныя» замовы ад розных прыродных з’яў, ад злых духаў, ад звяроў, ад злога чаравання. Другая група ўключала творы лекавага характару ад розных хвароб, на забеспячэнне здароўя. Трэцяя група замоў ахоплівала грамадскія і сямейныя адносіны і была скіравана на ўмацаванне дабрабыту і шчасця ў сям’і, захаванне кахання, абарону ад благіх людзей і інш.
    Каляндарна-абрадавая паэзія сукупнасць розных фальклорных жанраў, звязаных з аграрнымі святамі і працай земляроба на працягу гаспадарчага года. Вылучаюць зімовы, вясновы, летні і восеньскі паэтычныя цыклы каляндарна-абрадавага фальклору, вытокі якога бяруць пачатак у старажытным родавым грамадстве. Назіранні за астранамічнымі з’явамі, зменамі ў прыродзе, этапамі чалавечага жыцця склаліся ў цэльную міфалагічную карціну свету. Гэта ўвасобілася ў розных паэтычных формах (песнях, прыгаворах, прыказках, прымаўках), якія суправаджалі абрады і рытуалы, накіраваныя на забеспячэнне перш за ўсё ўраджаю на палях і дабрабыту ў сям’і і гаспадарцы. 3 развіццём грамадства паэзія земляробчага календара пачала адлюстроўваць працоўную дзейнасць селяніна, сацыяльны падзел грамадства, маральна-этычньія ўяўленні народа.
    Да сямейна-абрадавага фальклору адносяцца вусна-паэтычныя творы, якія тычыліся трох важнейшых жыццёвых падзей чалавека: нараджэння, шлюбу і пахавання. Сямейна-абрадавая паэзія, звязаная з культам продкаў і анімістычнымі вераваннямі, павінна была ўплываць на звышнатуральныя сілы, каб палепшыць лёс чалавека, абараніць яго ад усяго шкоднага, забяспечыць шчаслівае жыццё, дабрабыт і рост сям’і. Гэтая разнавіднасць вуснай народнай творчасці ўключала радзінна-хрэсьбінныя і вясельныя паэтычныя цыклы, а таксама пахавальныя галашэнні.