Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.
Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
«Жыціе Кірылы Тураўскага» апавядае аб ім наступнае: «Андрею же, Боголюбскому князю, многа посланна напнса от евангельскых пророчьскых пнсаннй, яже суть чтомы на праздннкы Господьскыа, н нна многополезна словеса, яже к Господу молнтвы н похвалы многым святым, снм вся н нна множайша напнсав, церквн предаст. II канон велнкый о покааннн сьтворн к Господу по главам азбукн...». На сённяшні дзень захавалася каля 70 твораў розных жанраў з літаратурнай спадчыны Кірылы Тураўскага.
За красамоўства, рэлігійна-асветніцкую дзейнасць сучаснікі называлі свяціцеля «другнм Златоустом».
Акрамя рэлігійнай, у ХІ-ХІП стст. распаўсюджвалася свецкая літаратура. Папулярнасцю карысталіся перакладзеныя з грэчаскай на царкоўнаславянскую мову «Гісторыя іўдзейскай вайны» Іосіфа Флавія, гістарычныя аповесці «Александрыя», «Троя» і інш. Гэтыя кнігі распавядалі аб мінулым еўрапейскіх народаў.
Выдатным помнікам арыгінальнай свецкай літаратуры таго перыяду лічыцца «Слова пра паход Ігаравы» ананімны твор, напісаны ў 11851187 гг. «Слова...» створана на тыповай для Старажытнай Русі літаратурнай мове і спалучае рысы дружыннага эпасу і хрысціянскай літаратуры. Асноўнай думкай аўтара паэмы з’яўляецца асуджэнне княжацкіх міжусобіц, якія аблягчалі напады стэпавых качэўнікаў полаўцаў на Русь. У творы ахоплены два перыяды гісторыі Полацкай зямлі: часы князя Усяслава Брачыславіча (1044-1101) і перыяд, калі княжылі і не мірыліся паміж сабой і з іншымі князямі Русі яго ўнукі (XII ст.). Вялікая ўвага і цікавасць аўтара да мінулага Полацкай зямлі, глыбокая заклапочанасць яе палітычным становішчам сведчаць пра разнастайныя сувязі Полацка з Кіевам і Чарнігавам, пра важную і самабытную ролю Полацкага княства ў гістарычным жыцці Русі.
Арыгінальная літаратура таксама была прадстаўлена летапісамі. Вядома, што летапісанне вялося ў Полацку. Полацкі летапіс не захаваўся, але яго часткі былі ўключаны ў больш позні Кіеўскі летапісны звод. Акрамя Полацка, на беларускіх землях летапісы маглі складацца ў Тураве і Новагародку.
Адным з найбольш значных гісторыка-мастацкіх твораў усходніх славян з’яўляецца «Аповесць мінулых гадоў». Летапіс ствараўся ў Кіеве ў некалькі этапаў і канчатковы выгляд набыў у другім дзесяцігоддзі XII ст. Лічыцца, што «Аповесць...» была складзена манахам Кіева-Пячэрскага манастыра Нестарам. Аўтар летапісу выкарыстаў мясцовыя і замежныя дакументы, шматлікія літаратурныя крыніцы, паданні і легенды. У «Аповесці мінулых гадоў» распавядаецца шмат звестак з гісторыі беларускіх зямель, асабліва Полацкага княства. Летапісец расказвае аб лёсе Рагвалода, Рагнеды, Усяслава Чарадзея, узгадвае падзеі, звязаныя з гарадамі Полацк, Менск, Тураў, Берасце, Гародня і інш.
Такім чынам, з канца X ст. сярод насельніцтва беларускіх зямель распаўсюджвалася пісьменнасць. Пісьму і чытанню вучыліся пераважна прадстаўнікі прывілеяваных колаў і жыхары гарадоў. У грамадстве ўзнікла запатрабаванасць у літаратуры. Першапачаткова з’явіліся перакладныя, пераважна рэлігійныя, кнігі. Але з цягам часу адбывалася станаўленне розных
жанраў арыгінальнай кніжнай творчасці, якая па сваёй значнасці не саступае ўзорам візантыйскай і заходнееўрапейскай літаратуры.
Мураваная архітэктура (дойлідства) з’явілася на старажытнабсларускіх землях разам з хрысціянствам. Найбольш сгаражытным каменна-цагляным будынкам на тэрыторыі Беларусі лічыцца Сафійскі сабор у Полацку, узведзены ў сярэдзіне XI ст., неўзабаве пасля пабудовы Сафійскіх сабораў у Кіеве і Ноўгарадзе. Сафійскі сабор стаў сімвалам палітычнай незалежнасці Полацкага княства, у ім адбываліся найбольш значныя грамадскія падзеі: «пасаджэнне на сталец», абвяшчэнне вайны і міру, прысяга на вернасць князю, сустрэчы іншаземных паслоў. У храме захоўваліся дзяржаўны скарб і архіў, мелася бібліятэка, вялося летапісанне.
Падчас раскопак 1980-х гг. у падмурку саборнага будынка археолагамі быў выяўлены вялікі камень-валун, на якім надрапана: «Давыдь, Тоума, Мнкуола, Петьрь, Ворншь». Мяркуецца, што гэта імёны майстроў будаўнічай арцелі, запрошанай у Полацк з Ноўгарада. Па архітэктурнай тыпалогіі полацкі сабор XI ст. з’ўляўся крыжова-купальным храмам. Яго сцены былі выкладзены ў змеіпанай тэхніцы, якая спалучала плінфы (шырокая і плоская абпаленая цэгла візантыйскага ўзору) і прыродны камень. На працягу сваёй шматвяковай гісторыі сабор неаднаразова перабудоўваўся і руйнаваўся. Падчас Паўночнай вайны ў 1710 г. у ім адбыўся выбух пораху, які там захоўваўся. У сярэдзіне XVIII ст. над рэшткамі нраваслаўнай святыні ў стылі позняга барока быў узведзены новы грэка-каталіцкі храм, які існуе і сёння.
Пасля ўзвядзення Сафійскага сабора мураванае храмабудаўніцтва ў Полацку прыпынілася болей чым на паўстагоддзя. Але прыблізна з пачатку XII ст. пры епіскапе Міне (1105-1116) яно аднавілася, і ў далейшым была ўзведзена даволі значная колькасць цэркваў. У Полацку сфарміравалася школа культавага дойлідства, якая зведала ўплыў візантыйска-кіеўскіх традыцый. Аднак ужо ў першай палове XII ст. мураванае будаўніцтва ў княстве пайшло іншым, чым у Кіеве, шляхам. Пры ўзвядзенні будынкаў полацкія дойліды выкарыстоўвалі муроўку са схаваным радам цэглы (адзін рад цэглы ўтопліваўся глыбей і затынкоўваўся, вонкавая тынкоўка адсутнічала). У XII ст. дойлідамі гэтай архітэктурнай школы былі ўзведзены: полацкая Спаская царква. бельчыцкія Пятніцкі і Барысаглебскі храмы, віцебская Дабравешчанская царква, а таксама храмы ў Менску і Смаленску.
Акрамя полацкай школы, вылучаецца гарадзенская архітэктурная школа. Яна прадстаўлена наступнымі помнікамі XII ст.: у Гародні Ніжняй царквой, Барысаглебскай (Каложскай) царквой, Прачысценскай царквой, а таксама храмамі ў Новагародку, Ваўкавыску і іншых гарадах. Асаблівасці тэхнікі гарадзенскай школы выкарыстанне ў муроўцы плінфы разам
з абчасанымі камянямі і дэкаратыўнай маёлікавай пліткай, а таксама галаснікоў керамічных гаршкоў, умураваных у сцены для паляпшэння акустыкі. Для аздаблення выкарыстоўваліся фрэскі і мазаіка, што гаворыць аб уплыве візантыйскай, балканскай і каўказскай традыцый будаўніцтва.
У XII ст. была ўзведзена велічная царква ў Тураве, рэшткі якой выяўлены ў час раскопак 1962 г. Гэта быў вялізны мураваны шасціслуповы храм. Яго сцены складаліся з плінфы ў тэхніцы «роўнаслаёвай муроўкі», падлога была вымашчана паліванымі пліткамі. Царква не мела фрэскавай размалёўкі, унутры і звонку аздаблялася лапаткамі. Будаўнікамі храма былі майстры мясцовай школы, якая фарміравалася пад уплывам архітэктурных традыцый валынска-чарнігаўскага рэгіёна.
Акрамя цэркваў, у беларускіх гарадах сталі ўзводзіцца грамадзянскія мураваныя пабудовы, церамы і вежы. У XII ст. княжацкія харомы з'явіліся ў Гародні і Полапку. Паміж 1276 і 1289 гг. дойлідам Алексам была збудавана Камянецкая вежа (Брэсцкая вобласць), якая захавалася да нашага часу. Яна мае пяць міжпавярховых перакрыццяў. Яе сцены праразаюць амбразуры, вузкія ў ніжніх паверхах і шырэйшыя ў верхніх. У старажытнасці вежа бялілася вапнай, таму ў народзе яе сталі называць Белай вежай. Падобныя вежы меліся ў Гародні, Берасці, Новагародку і Тураве.
Прыняцце хрысціянства на старажытнабеларускіх землях паклала пачатак развіццю жывапісу. Яго творы ХІ-ХІІІ стст., што захаваліся да нашых дзён, нешматлікія гэта манументальныя роспісы, кніжная мініяцюра і графіка.
Манументальныя роспісы прадстаўлены, галоўным чынам, роспісамі культавых інтэр’ераў. На ранніх этапах развіцця жывапіснага мастацтва моцнае ўздзеянне на яго аказвалі візантыйскія традыцыі. У якасці ўзораў таксама служылі роспісы кіеўскіх храмаў. Аднак ужо з XII ст. у работах айчынных майстроў становяцца бачнымі ўласныя спосабы мастацкага аздаблення храмавых інтэр’ераў, адыход ад традыцыйных схем размяшчэння выяў, імкненне да інтэрпрэтацыі кананічных сюжэтаў, змены ў тэхніцы і тэхналогіі выканання роспісаў.
Адпаведна візантыйскай традыцыі, выявы ў царкве размяшчаліся ў падкупальнай прасторы, у прасценках паміж аконнымі праёмамі барабана, на слупах, бакавых сценах, у прытворах, на хорах. Важнае сэнсавае значэнне мелі кампазіцыі, якія знаходзіліся ў апсідах. Вобразы Хрыста, Маці Божай, Іаана Хрысціцеля, апосталаў, архангелаў, прарокаў, кананічныя сцэны, такія, як «Еўхарыстыя», «Дэісус», сцэны святочнага цыкла складалі галоўныя ідэйныя дамінанты храма. Іх дапаўнялі выявы святых, пакутнікаў, айцоў царквы. Завяршалі мастацкае ўбранне інтэр’ера арнаментальныя
кампазіцыі, якія ішлі па нізе сцен, слупоў, змяшчаліся на скосах аконных і дзвярных праёмаў.
Унутраная прастора храмаў аздаблялася фрэскамі рознакаляровымі роспісамі па сырой тынкоўцы. Самымі раннімі з вядомых у Беларусі фрэсак з’яўляюцца роспісы полацкага Сафійскага сабора, выкананыя адразу пасля яго ўзвядзення. Да выдатных дасягненняў жывапісу XII ст. можна аднесці фрэскі храмаў полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага і бельчыцкага Барысаглебскага манастыроў, Дабравешчанскай царквы ў Віцебску, Барысаглебскіх храмаў у Новагародку і Гародні.
Акрамя фрэсак, культавыя будынкі аздабляліся мазаікай. У якасці матэрыялу для яе выкарыстоўвалі кавалкі каменю, кераміку, смальту каляровае непразрыстае шкло ў выглядзе кубікаў ці пласцінак. Мазаікай былі ўпрыгожаны Сафійскі сабор, храм Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Ніжняя, Барысаглебская, Прачысценская цэрквы ў Гародні.
3 пачаткам кнігапісання з’явілася такая галіна выяўленчага мастацтва, як кніжная мініяцюра і графіка. Рукапісы ХІ-ХІІ стст. аформлены ў візантыйскім стылі. У іх аздабленні выкарыстоўваліся геаметрычныя, раслінныя і тэраталагічныя элементы. Так, упрыгожаннем Тураўскага Евангелля служаць ініцыялы (вялікія літары) старавізантыйскага тыпу, пры размалёўцы якіх перапісчык прымяніў тры колеры сіні, зялёны і чырвоны. Аршанскае Евангелле было аздоблена больш як 300 ініцыяламі, выкананымі ў «звярыным» стылі, дзвюма застаўкамі і дзвюма мініяцюрамі з выявамі евангелістаў Матфея і Лукі.
У старажытных княствах на тэрыторыі Беларусі высокага ўзроўню дасягнула дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шэдэўрам гэтага віду творчасці з’яўляецца крыж Ефрасінні Полацкай, які па заказу князёўны зрабіў майстар-ювелір Лазар (Богша) у 1161 г. На драўляную аснову пярэдняй і адваротнай плоскасці крыжа былі прымацаваны залатыя пласціны, аздобленыя перагародчатымі каляровымі эмалямі з выявамі Ісуса Хрыста, Маці Божай, святых, сярод якіх апекуны княжацкай сям’і св. Ефрасіння Александрыйская, св. Сафія і св. Георгій. Бакі крыжа абкладзены сярэбранымі з пазалотай пласцінамі, на якіх прасечаны доўгі надпіс, што паведамляе гісторыю стварэння рэліквіі, дату і імя майстра, колькасць золата, срэбра, жэмчугу ў вырабе, яго кошт, а таксама змяшчае перасцярогу на выпадак крадзяжу крыжа. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны гэтая нацыянальная рэліквія знікла і дасюль пра месца яе знаходжання нічога невядома. У 90-я гг. XX ст. брэсцкім майстрам М. Кузьмічом была зроблена дакладная копія крыжа, якую размясцілі ў Полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры.