Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.
Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
У выніку актыўнай палітыкі па аб’яднанні зямель пад сваёй уладай вялікіх князёў Віценя (1293-1316), Гедыміна (1316-1341) і Альгерда (13451377) да княства былі далучаны беларускія землі і значная частка ўкраінскіх. Тэрыторыя ВКЛ пашырылася ад Балтыйскага да Чорнага мора. Існавала рэальная гістарычная перспектыва аб’яднання беларусаў і ўкраінцаў у адзін этнас, тым больш што сталіца Старажытнай Русі, горад Кіеў, уваходзіла ў склад ВКЛ. Аднак гэты працэс быў спынены ўключэннем украінскіх зямель у склад Польскай дзяржавы.
Большая частка тэрыторыі сучаснай Беларусі ўвайшла ў склад княства кіруючыся ваенна-палітычнай мэтазгоднасцю. Крыжовыя войны супраць Літвы, спусташальныя набегі Залатой Арды падштурхоўвалі князёў да стварэння вялікай дзяржавы. Таму невыпадкова аб’яднанне ўдзельных княстваў адбывалася на фоне актыўнага ўзвядзення абарончых збудаванняў.
На беларускіх землях у XIV ст. сфарміравалася адметная школа айчыннага дойлідства. Яна несла адбітак розпых архітэктурных традыцый, але мела самабытны характар. У гэты час на Беларусі пачалося ўзвядзенне мураваных замкаў-крэпасцей на стратэгічна важных тэрыторыях. У пачатку XIV ст. быў збудаваны Лідскі замак (замак Гедыміна) памерам 80 м (паўднёвая сцяна) на 93,5 м (паўночная сцяна) з дзвюма вежамі, байніцамі і таўшчынёй сцен да 2 м. У 1330-я гг. узведзены мураваны замак у Крэве, сцены якога мелі таўшчыню да 2,75 м і вышыню да 4 м. Адна з трох вежаў была вынесена за перыметр сцяны, што паляпшала яе абарончыя магчымасці. Крэўскі замак з’яўляўся адной з велікакняжацкіх рэзідэнцый.
У канцы XIV пачатку XV ст. адбылася рэканструкцыя драўлянага замка ў Новагародку. У дапаўненне да вежы Шчытоўка (вежа-данжон) былі ўзведзены Касцёльная, Пасадская, Малая брама, Калодзежная вежы, злучаныя паміж сабою сценамі. Пазней у замку з’явіліся яшчэ дзве вежы. Новагародскі замак быў адным з лепшых абарончых збудаванняў на тэрыторыі Беларусі таго часу. Ён вытрымаў многія пітурмы і аблогі галіцка-валынскіх князёў, крыжакоў і татар. Мураваныя замкі ў Вільні, Троках, Медніках, Гародні, Віцебску, Крэве, Лідзе, Новагародку, Оршы адыгрывалі важную ролю ў абароне дзяржавы ад знешняй агрэсіі і вызначалі мяжу этнічнай тэрыторыі.
Аб’яднанне ўдзельных феадальных княстваў у складзе ВКЛ стварыла першасную аснову фарміравання адзінай народнасці, акрэсліла этнічную тэрыторыю беларусаў. Гэтая тэрыторыя (каля 260 тыс. кв. км) вызначалася ўстойлівасцю на працягу многіх стагоддзяў. Склалася балтаславянская дзяржава, якая мела дамінуючую славянскую аснову: пісьменнасць, мову, хрысціянскую веру, традыцыі. Славяне складалі абсалютную большасць насельніцтва княства.
ХРЫСЦІЯНІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ
У перыяд ранняга Сярэднявечча кансалідуючую ролю для насельніцтва беларускіх зямель адыграў рэлігійны фактар. Хрысціянізацыя адбывалася на працягу стагоддзяў. Гэты працэс ішоў з канца X да сярэдзіны XII ст., а на тэрыторыі балтаў да канца XIV ст.
3 уключэннем новых зямель у склад ВКЛ хрысціянская вера паступова ўваходзіла ў жыццё, бо адным з важных палітычных патрабаванняў удзельных князёў было: «Старыны не рухаці, навіны не ўводзіці». Яна доўгі час суіснавала сярод асноўнай часткі жыхароў разам з верай продкаў. Паганскія вераванні і традыцыі мелі глыбокія карані. Складваліся своеасаблівыя
формы двухвер’я, калі язычніцкія абрады аб’ядноўваліся з хрысціянскім культам: Каляды і свята Нараджэння Хрыстова, Радаўніца і Вялікдзень.
Хрысціянізацыя беларускіх зямель, як і Кіеўскай Русі ў цэлым, праводзілася на агульнадзяржаўным узроўні. Іпацьеўскі летапіс канстатуе: «Н нача ставнтн (Уладзімір. — Аўт.) по градам церквн н попы, н людн на креіценне прнводя по всем градом н селом». Царкоўнае будаўніцтва патрабавала стварэння ў рэгіёнах духоўных рэлігійных цэнтраў, якімі сталі епіскапскія кафедры. У Полацку яна была заснавана ў 992 г., а ў Тураве — у 1005 г. Першымі хрысціянскімі святарамі былі запрошаныя грэчаскія і балгарскія місіянеры.
Прыняцце і распаўсюджанне хрысціянства аказала значны ўплыў на ўсе сферы жыцця тагачаснага грамадства. Пад уздзеяннем грэка-візантыйскай культурнай традыцыі мяняўся светапогляд людзей на мараль, сям’ю, быт, традыцыі. Хрысціянства садзейнічала развіццю архітэктуры (будаваліся мураваныя цэрквы і манастыры), жывапісу, пісьменства; спрыяла ўмацаванню ўладных паўнамоцтваў князёў; садзейнічала моўнай, культурнай інтэграцыі насельніцтва беларускіх зямель.
Хрысціянізацыя ўсходнеславянскіх тэрыторый пачыналася з гарадоў, дзе ствараліся культавыя пабудовы, утвараліся рэлігійныя абшчыны. Хрысціянізацыя балцкіх зямель адбывалася са значным спазненнем. Між тым праваслаўныя і язычніцкія землі Літвы мірна суіснавалі. Паступова рускую веру прымалі ўдзельныя князі, уплывовыя феадалы. У 1246 г. прыняў «веру хрысціянскую з Усходу з многімі сваімі баярамі» Міндоўг. У 1254 г. хрысціўся ў праваслаўе яго сын Войшалк. Менавіта ён заснаваў Лаўрышаўскі манастыр недалёка ад Новагародка.
Складваліся перадумовы стварэння дамінуючай дзяржаўнай праваслаўнай царквы. Аднак заключэнне ў 1385 г. Крэўскай уніі змяніла рэлігійны ландшафт. У адпаведнасці з дагаворам, вялікі князь Ягайла, які стаў каралём Польшчы, у 1387 г. пачаў хрысціянізацыю Літвы па заходнім рымска-каталіцкім абрадзе. 22 лютага ён выдаў ліст, у якім прысягнуў павярнуць усіх жыхароў у бок каталіцкай веры і нават прымусіць іх прыняць каталіцтва. Гэтым закладвалася ідэалагічная база для далейшага супрацьстаяння розных палітычных груповак.
Прыняцце каталіцтва дало магчымасць пашырыць у грамадстве ўздзеянне заходнееўрапейскай культурнай традыцыі. Еўрапеізацыя ВКЛ адбывалася ў цесным звязе з еўрапеізацыяй польскай дзяржавы і каталіцкай царквы. Вялікія князі ВКЛ, якія пасля Крэўскай уніі былі католікамі, перадавалі рымскай царкве і манастырам значныя надзелы зямлі, вызвалялі іх ад дзяржаўных падаткаў і павіннасцей. Гаспадары ВКЛ стымулявалі пераход праваслаўных феадалаў у каталіцкую веру. Прыняцце каталіцызму правячымі
коламі і дыскрымінацыйныя нормы для праваслаўных прывялі да абвастрэння этнарэлігійных адносін. Толькі ў канцы XV першай палове XVI ст. велікакняжацкая ўлада зняла эканамічныя і палітычныя абмежаванні для праваслаўных феадалаў. У ВКЛ склалася раўнавага праваслаўя і каталіцтва. На працягу XV пачатку XVI ст. у ВКЛ сфарміраваліся дзве самастойныя царкоўныя арганізацыі. Праваслаўная вера была найбольш распаўсюджанай сярод славянскага насельніцтва дзяржавы. Між тым пашыралі сваю дзейнасць каталіцкія біскупствы (Віленскае, Жамойцкае, Луцкае, Кіеўскае). Засноўваліся новыя кангрэгацыі: францыскане, бернардзінцы, аўгусцінцы. Іерархі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў ВКЛ усё больш уцягваліся ў геапалітычнае і канфесійнае супрацьстаянне паміж Канстанцінопальскім паірыярхатам і Ватыканам, паміж Польшчай і Масковіяй.
У другой палове XVI ст. рэлігійная сітуацыя на Беларусі змянялася. Праваслаўная царква займала ўсё болып кансерватыўныя пазіцыі. У сваёй барацьбе з рэфармацыяй, уплывам каталіцтва яна ўвогуле не прымала ніякіх здабыткаў еўрапейскай культуры. Арыентацыя на Візантыю, якая ў той час была захоплена Асманскай імперыяй і страціла становішча лідара ў праваслаўным свеце, прыводзіла да культурнай ізаляцыі беларускага насельніцтва.
Змянілася геапалітычнае становішча ВКЛ. Люблінская унія (1569), еўрапейская рэфармацыя і контррэфармацыя садзейнічалі пашырэнню каталіцкага ўплыву, паланізацыі грамадства. Магнаты, шляхта ўсё больш пераймалі мову, культуру палякаў, пераходзілі ў каталіцкую веру. Праваслаўе, якое да сярэдзіны XVI ст. з’яўлялася важным этнакансалідуючым фактарам ВКЛ, губляла сваю сілу.
У гэтых умовах супрацьстаяння палітычнае кіраўніцтва ВКЛ шукала кампраміс праз заснаванне самастойнай царквы. У 1596 г. была прынята Берасцейская царкоўная унія, якая абвяшчала стварэнне ўніяцкай царквы. Канцлер ВКЛ Л. Сапега і іншыя палітычныя дзеячы княства падтрымалі гэтае рашэнне. У артыкулах уніі былі зафіксаваны ўзаемаадносіны новай царквы з дзяржавай і касцёлам. Уніяцкая царква падпарадкоўвалася Ватыкану, але захоўвала праваслаўную абраднасць. Артыкулы уніі былі скіраваны на змяншэнне паланізацыі і лацінізацыі, сталі пачаткам трансфармацыі праваслаўя. Гэта была спроба стварыць новае веравызнанне з улікам этнакультурнай своеасаблівасці беларускіх і ўкраінскіх зямель.
Берасцейская царкоўная унія акгывізавала этнічную самасвядомасць насельніцтва. Шляхта, духавенства выказвалі адносіны да уніі, спасылаючыся на сваё разуменне патрыятызму. Праваслаўная апазіцыя разглядала унію як здраду веры продкаў. Прыхільнікі уніі гаварылі аб духоўным адраджэнні культурных і рэлігійных еўрапейскіх традыцый. Гэтая канфрантацыя ў грамадстве сведчыла аб этнічнай, культурнай самасвядомасці народа.
РАЗВІЦЦЁ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ МОВЫ
Адным з галоўных фактараў фарміравання беларускага этнасу было развіццё нацыянальнай мовы. Фанетычныя асаблівасці гаворкі насельніцтва ВКЛ кансалідаваліся ў беларускую мову. На ёй былі падпісаны дагаворы Полацка, Віцебска, Смаленска ў XIII-XIV стст. Агульнаславянская лексіка склала ядро старажытнабеларускай мовы, якую тады называлі «руськай», а часам літоўскай. Чэшскі місіянер Геранім Пражскі, які знаходзіўся ў княстве ў часы Вітаўта, пісаў, што «мова народа ёсць славянская», і паводле дзяржавы называюць яе літоўскай.
У складзе ВКЛ адбывалася ўніфікацыя дыялектных моўных асаблівасцей. Беларуская мова набывала ўсё большае адрозненне ад старажытнарускай. Асаблівасцямі ў фанетыцы сталі дзеканне (дзеці), цеканне (маці), аканне (карова), яканне (зямля); цвёрды [р] (рыцар), фрыкатыўны [г]; у сінтаксісе выкарыстанне саюзаў «каб», «калі», часціц «ці», «чы». У другой палове XIV ст. мова набывала агульнадзяржаўнае распаўсюджанне. Фарміравалася агульная тэрміналогія, якая адлюстроўвала сістэму кіравання (радца, войт, лаўнік), віды феадальных павіннасцей (чынш, цягло, талака і інш.), сацыяльнае жыццё гараджан (падатак, кравец, шкляр, кушнер, гандаль).
Беларуская мова мае падабенства да іншых славянскіх моў рускай, украінскай, польскай. Яна ўвабрала ў сябе многія запазычанні, што сведчыць пра цесныя адносіны беларусаў з замежжам. У беларускай мове праявілася ўздзеянне заходнееўрапейскай культурнай традыцыі. Многія словы лацінізмы (артыкул, адукацыя, гонар, колер), германізмы (фарба, дах, ліхтар), а таксама паланізмы (пан, кабета, праца) у гэты час сталі агульнавядомымі на Беларусі.