Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.
Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
Уплывалі на знешнепалітычнае становішча беларускіх княстваў і рэаліі іх унутрыпалітычнага развіцця, якое вяло да таго, што ў глыбінях феадальнай раздробленасці няўхільна выспявала і яс адмаўленне. Павелічэнне значэння і вагі таварнай вытворчасці ў гаспадарчым жыцці розных зямель ва ўмовах раз’яднанасці спрыяла іх эканамічнаму і палітычнаму збліжэнню. Так, Полаччына, якая знаходзілася на больш высокай стадыі сацыяльна-эканамічнага развіцця, ужо ў канцы XII ст. пачала выходзіць са стану феадальнай раздробленасці і пазбаўляцца ўплыву Смаленска. Тураўшчына, наадварот, перажывала кульмінацыйны момант працэсу палітычнага драблення. Наступствам гэтых асаблівасцей стаў рост самастойнасці Полацкай зямлі ў вобласці знешняй палітыкі, з аднаго боку, і фактычна поўная страта палітычнага значэння княствамі Тураўскай зямлі з другога. Такім чынам, толькі Полацкая зямля ў канцы XII пачатку XIII ст. валодала ўсімі атрыбутамі суб’екта міжнародных адносін.
Спецыфіка знешнепалітычнага становішча Полацкай зямлі ў гэты час праяўлялася ў некалькіх акалічнасцях. Па-першае, Полацку даводзілася 130
мець справу з мноствам дзяржаўных фарміраванняў на тэрыторыі былой Кіеўскай Русі. Асноўнымі напрамкамі яго знешняй палітыкі былі адносіны са Смаленскім, Уладзіміра-Суздальскім, Чарнігаўскім княствамі і Наўгародскай рэспублікай. Смаленскім і чарнігаўскім князям, якія варагавалі паміж сабой, была выгадна барацьба менскіх, друцкіх і віцебскіх князёў за лідарства, якая абвастрылася ў канцы XII ст. і істотна аслабіла Полацкую зямлю. Скарыстаўшыся гэтым, смалснскія князі захапілі ўсходнія полацкія воласці. Аднак Полацк, удала іграючы на супярэчнасцях паміж суседнімі княствамі, з цягам часу здолеў пераадолець палітычнае прыцягненне свайго галоўнага саперніка Смаленска.
Па-другое, у гэты час можна адзначыць дастаткова выразнае выкрышталізаванне знешнепалітычных прыярытэтаў Полацкай зямлі. Да традыцыйнага супрацьстаяння з Кіевам і Ноўгарадам дадалася абарона ад націску смаленскіх і ўладзіміра-суздальскіх князёў. Між тым з’яўленне новых знешнепалітычных контрагентаў было ўзаемазвязана з ужо звыклымі напрамкамі знешняй палітыкі Полацкага княства. Гэта тлумачылася тым, што з часоў Андрэя Багалюбскага (1111-1174, вялікі князь уладзіміра-суздальскі 1169-1174) наўгародцы бралі сабе правіцеляў з моцнага роду суздальскіх уладароў. Большая ж частка вялікіх князёў кіеўскіх у другой палове XII і пачатку XIII ст. паходзіла з роду, які нравіў у Смаленску. Ідучы княжыць у Кіеў, яны не парывалі сувязей са смаленскімі сваякамі, аказваючы ім усялякую падтрымку. У такіх умовах полацкія дыпламаты вучыліся гнуткасці і абачлівасці. Набыты вопыт, нягледзячы на часовыя крызісы і няўдачы, даў магчымасць Полацку аднавіць тэрытарыяльную цэласнасць і набыць палітычную стабільнасць.
Поспехі ў сацыяльна-эканамічным развіцці Полацкага княства прывялі да актывізацыі экспансіі яго ўладароў у рэгіёне Усходняй Прыбалтыкі, звязанай з падпарадкаваннем тэрыторыі паабапал Заходняй Дзвіны. У Ніжнім Падзвінні былі створаны невялікія ўмацаваныя паселішчы, якія станавіліся апорнымі пунктамі на шляху пашырэння ўплыву Полацка ў наваколлі. Паводле пісьмовых крыніц, ужо ў канцы XII пачатку XIII ст. усё цячэнне Заходняй Дзвіны і частка Балтыйскага ўзбярэжжа было ў сферы ўплыву полацкіх князёў. Мясцовыя плямёны (лівы, земгалы, куршы і інш.) выплачвалі даніну Полацкаму княству. У ваенных адносінах аўтахтоннае насельніцтва выступала саюзнікам Полацка. Прыкладна ў Х-ХІ стст. на землях латгалаў і селаў з’явіліся гарады Герцыке і Кукенойс цэнтры невялікіх княстваў са змешаным у этнічным плане насельніцтвам, якія знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад Полацка. Всрагодна, там княжылі прадстаўнікі полацкай дынастыі са сваімі дружыннікамі, але ў пачатку XIII ст. сітуацыя ў Прыбалтыцы ўскладнілася ў сувязі з пранікненнем туды крыжаносцаў.
3 гэтага часу супрацьстаянне крыжацкай экспансіі стала на першае месца ў іерархіі знешнепалітычных прыярытэтаў Полацкага княства.
Такім чынам, сфера знешнепалітычнай дзейнасці княстваў беларускіх зямель была дастаткова шырокай. Ажыццяўлялася яна па розных напрамках як самастойна, так і ў саюзах з іншымі старажытнарускімі княствамі. Разам з тым перад беларускімі княствамі паўсталі новыя міжнародныя праблемы, а знешнепалітычныя ўмовы развіцця значна ўскладніліся. Для беларускіх зямель небяспека зыходзіла перш за ўсё ад нямецкіх рыцараў-крыжаносцаў.
ВОЙНЫ ПОЛАЦКАГА КНЯСТВА
3 ОРДЭНАМ МЕЧАНОСЦАЎ I ЛІВОНСЮМ ОРДЭНАМ
Крыжаносцы з’явіліся ў вусці Заходняй Дзвіны ў пачатку XIII ст. Іх прыход у гэты рэгіён не быў стыхійным: яго падтрымлівалі як нямецкія гарады і еўрапейскае рыцарства, так і Ватыкан, каталіцкая царква. Менавіта з арганізаванымі ёю крыжовымі паходамі ў Палесціну з мэтай вызвалення ад мусульман труны Гасподняй было звязана з’яўленне асобных ваенна-манаскіх арганізацый духоўна-рыцарскіх ордэнаў. Першым у 1099 г. быў створаны ордэн шпітальераў-янітаў (сваю назву атрымаў ад шпіталя Святога Яна, які дапамагаў хворым пілігрымам-вандроўнікам), другім у 1119 г. у Палесціне ордэн тампліераў (храмоўнікаў, назва паходзіла ад таго, што рэзідэнцыяй ордэна быў палац караля Болдуіна II, які знаходзіўся каля мячэці, пабудаванай на месцы храма цара Саламона). Але для гісторыі беларускіх зямель непасрэднае значэнне мела заснаванне ў 1198-1199 гг. у Палесціне ў час трэцяга крыжовага паходу Тэўтонскага ордэна (афіцыйная назва Ордэн шпіталя Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Іерусаліме), які ў XIII ст. замацаваўся ў Прусіі і ператварыўся ў адзін з фактараў знешняй небяспекі для суседніх беларускіх зямель.
З’яўленню крыжаносцаў у Прыбалтыцы папярэднічала дзейнасць каталіцкіх місіянераў. У 1186 г. першы з іх святар ордэна Аўгусціна Мейнард, пасланы брэменскім арцыбіскупам Гартвікам II, каб заснаваць арцыбіскупства на рускіх землях, звярнуўся да полацкага князя Уладзіміра па дазвол прапаведаваць хрысціянства сярод падуладных яму ліваў-язычнікаў. Полацкі князь даў такі дазвол, недаацаніўшы ўсю важнасць гэтай падзеі, якая пацягнула за сабой непрадбачаныя наступствы як для Полацкага княства, так і для іншых зямель Беларусі. Менавіта Мейнард заснаваў першае каталіцкае біскупства на тэрыторыі Прыбалтыкі. Створаная ім калонія нямецкіх місіянераў, купцоў і прафесійных ваяроў хутка разрасталася. Яна прыцягвала на свой бок мясцовую ліўскую знаць, засылала на ўсход
і паўднёвы ўсход рэлігійных, гандлёвых і ваенных прадстаўнікоў. Створаны Мейнардам фарпост стаў базай для далейшага пашырэння каталіцкага ўплыву ў рэгіёне.
Памерлага ў 1196 г. Мейнарда замяніў біскуп Бертольд першы місіянер у Прыбалтыцы, які разам з крыжам узяў у рукі і зброю. Бертольд упершыню запрасіў сюды нямецкіх рыцараў і дамогся таго, што папа рымскі Цэлестын III прыраўняў ваенныя акцыі ў гэтым рэгіёне да крыжовых паходаў у Палесціну. Знайшлося шмат ахвотнікаў паўдзельнічаць у гэтых паходах (год службы ў крыжацкім войску даваў дараванне за любыя грахі). Бертольд быў забіты ў 1198 г. падчас ваенных дзеянняў супраць ліваў, тым самым паўтарыўшы лёс большасці хрысціянскіх прапаведнікаў.
Ватыкан быў зацікаўлены не толькі і не столькі ў выратаванні «заблукаўшых» душ, колькі ў далучэнні да сваёй улады новых зямель і атрыманні з іх новых прыбыткаў. У гэты час усё больш сталі праяўляцца рэлігійныя супярэчнасці паміж усходнім і заходнім адгалінаваннямі хрысціянства праваслаўем і каталіцызмам. У грамадскай свядомасці насельніцтва Еўропы зацвердзілася меркаванне, што сапраўдныя хрысціяне гэта толькі католікі, а праваслаўныя адшчапенцы ад веры. Таму тысячы фанатычных змагароў за пашырэнне хрысціянства, якія ў імя Хрыста самі ішлі на смерць, неслі яе як прыбалтам, так і жыхарам беларускіх зямель.
Рашуча дзейнічаў у Лівоніі пераемнік Бертольда брэменскі канонік Альберт Буксгёўдэн, які надоўга ўмацаваўся ва Усходняй Прыбалтыцы. Ён прыбыў сюды з ваеннай экспедыцыяй з 23 караблёў і ў 1201 г. у вусці Заходняй Дзвіны (на месйы ліўскага паселішча) узвёў крэпасць Рыгу, якая стала галоўным апорным пунктам нямецкай каланізацыі паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа Балтыйскага мора і цэнтрам каталіцкага арцыбіскупства. Узвядзенне Рыгі негатыўна адбілася на інтарэсах Полацка, бо гэта фартэцыя замыкала выхад да мора. У 1202 г. біскупам Альбертам і цыстэцыянскім манахам Тэадорыкам быў заснаваны вайскова-манаскі ордэн братоў рыцарства Хрыстовага. Афіцыйнай яго мэтай абвяшчалася абарона каталіцкага касцёла ў Лівоніі і пашырэнне хрысціянства сярод ліваў, латгалаў і эстаў. Браты-рыцары насілі бслыя плашчы з выявай чырвонага мяча і крыжа над ім, таму ў Сярэднявеччы была пашырана іх назва «браты па мячы», «мечнікі», «мечаносцы», а ваенна-манаскае аб’яднанне было больш вядома як Ордэн мечаносцаў. 3 1237 г. пасля аб’яднання з больш моцным Тэўтонскім ордэнам у канфедэрацыю ён пачаў называцца Лівонскім ордэнам. Ваенная арганізацыя рьшараў занялася заваёвай і хрысціянізацыяй падзвінскіх зямель. Ордэн пастаянна папаўняўся нямецкімі рыцарамі і стаў сур’ёзнай
ваеннай сілай у Прыбалтыцы. Умацаванне крыжаносцаў на гэтых месцах, пачатак іх агрэсіі прывялі да барацьбы Полацка за свае інтарэсы.
Як сведчаць крыніцы (асноўнай з іх за гэты перыяд з’яўляецца крыжацкая «Хроніка Лівоніі» Генрыха Латвійскага), пачатковае сутыкненне Полацка з Ордэнам мечаносцаў адбылося ў 1203 г., калі полацкі князь Уладзімір узяў у аблогу замак Ікскюль (Ікскуль) непадалёк ад Рыгі, а потым крэпасць Гольм. Есць меркаванне, што месца паходу было выбрана невыпадкова, бо менавіта замак Ікскюль разам з першым лацінскім храмам быў закладзены з дазволу Уладзіміра яшчэ псршым каталіцкім місіянерам Мейнардам. Ікскюль адкупіўся ад палачан, а Гольм выбраў абарону. Пры яго аблозе палачане сутыкнуліся з перадавой зброяй арбалетамі і балістамі і былі вымушаны адступіць. У тым жа годзе князь Герцыке Усевалад зрабіў спробу нападу на Рыгу, але і яна скончылася няўдачай. Гэта баявая сустрэча з крыжаносцамі скончылася паражэннем для палачан, якія недаацанілі сілы праціўніка і навейшую еўрапейскую зброю.
Падзеі 1203 г. азначалі пачатак адкрытай вайны, у ходзе якой Полаччына першай з усіх усходнеславянскіх зямель уступіла ў барацьбу з крыжацкай агрэсіяй. Адстойваючы свае пазіцыі ў Прыбалтыцы, Полацк барапіў і інтарэсы мясцовых балцкіх і фіна-ўгорскіх плямён, якія супраціўляліся заваёўнікам і бачылі ў славянскім горадзе на Дзвіне надзейную апору.