Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.
Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
Асноўныя падзеі, што паклалі пачатак Літоўскай дзяржаве, разгортваліся ў Верхнім Панямонні. Першым князем прэтэндэнтам на ролю яе стваральніка выступіў літоўскі князь Міндоўг. Крыжацкія крыніцы, сярод якіх важнае месца займае «Хроніка Лівоніі» Генрыха Латвійскага, неаднойчы згадваюць, што першы вялікі князь ВКЛ паходзіў з роду аднаго з вярхоўных уладароў кунігасаў Літвы, найбольш верагодна Даўгерда. Нарадзіўся ён, хутчэй за ўсё, на рубяжы XII і ХШ стст., бо першы раз узгадваецца як малады палітычны дзеяч у летапісных крыніцах пад 1219 г. Галіцка-Валынскі летапіс паведамляе, што ў тым годзе быў заключаны сумесны мірны дагавор паміж лідарамі Уладзіміра-Валынскага княства Данілам Галіцкім і Васількам ды балцкімі «старэйшымі» князямі з Жамойціі, Дзяволтвы, Літвы, а таксама прадстаўнікамі найзнатнейшых родаў Рушкавічаў і Булевічаў. Сярод пяці літоўскіх князёў чацвёртым значыўся Міндоўг. Там жа ён згадваецца як выкрадальнік чужых жонак. Так, ён пазабіваў трох братоў Булевічаў і ў аднаго з іх, Вішымунта, «жену его поял».
На працягу наступных дзесяцігоддзяў летапісы не ўпамінаюць імя Міндоўга. Аднак ужо ў 1235 г. гэты кунігас паўстае як адзінаасобны ўладар Літвы ці большай яе часткі. Так, фраза Галіцка-Валынскага летапісу: «По том же лете (1235 г. — Аўт.). Даннл же возведе на Конрада (Мазавецкага. Аўт.) Лнтву Мнндога, Нзяслава Новгородьского» сведчыць аб тым, што літоўскі князь быў саюзнікам ці васалам Галіцка-Валынскай Русі і меў цесныя кантакты з Новагародскай зямлёю. Узаемападтрымка паміж лідарамі Галіцка-Валынскага княства і Літвы працягвалася да другой паловы 40-х гг. ХПІ ст. Яшчэ ў 1245 г. Міндоўг дапамагаў Данілу Галіцкаму ў барацьбе з чарнігаўскім князем Расціславам.
На працягу 1246-1249 гг. Міндоўг умацаваўся ў рэгіёне. Ён падпарадкаваў Новагародскую зямлю, захапіў уладанні сваіх пляменнікаў Эдзівіда і Таўцівіла. Па дапамогу да яго ў барацьбе супраць крыжакоў звярнуліся куршы. Літоўскі ўладар наладзіў выправу супраць еўрапейскіх агрэсараў, але яна аказалася няўдалай. Рыцары атрымалі перамогу, а Міндоўг быў вымушаны ратавацца ўцёкамі «во град нменем Ворута» (другі варыянт Рута).
Супраць узмоцненага літоўскага князя ўтварылася кааліцыя, якая складалася з пакрыўджаных пляменнікаў. Таўцівіл звярнуўся па дапамогу да «Андреевн, мастеру рнжьску», жамойцкаіа кунігаса Выкінта, галіцкага правіцеля Данілы Раманавіча, Лівонскага ордэна і рыжскага арцыбіскупства.
У небяспечных абставінах Міндоўгу прыйшлося аператыўна шукаць выхад. Па-першае, ён прыняў запрашэнне ўзначаліць уладу ў Новагародку, куды перабраўся са сваімі прыбліжанымі і войскам. Па пазнейшых звестках (XVII ст.), там ён ахрысціўся ў праваслаўе, але гэта не пацверджана раннімі крыніцамі. Міндоўг звярнуўся да магістра Лівонскага ордэна Андрэя Сцірланда, каб той падтрымаў яго. Падмацоўваў сваю просьбу Міндоўг «дармн многнмн... послал бо бе злата много н сребра, н сосуды серебреннн н златьш н краснын н коне многы» з дадатковай умовай, што калі магістр заб’е ці прагоніць Таўцівіла яго канкурэнта, то атрымае яшчэ большыя багацці. На гэту прапанову Міндоўг атрымаў адказ з Рыгі: «Не можешн нзбавлен бытнн» ад сваіх вечных, незлічоных супраціўнікаў, «аіце не послешн к папе н прннмешн креідення, не одолешн врагу. Дружбу нмею к тебе».
У князя Літвы дзейснай падтрымкі практычна не існавала. Ён пайшоў на прамы кантакт з Рымам у 1250-1251 гг. і прыняў заходнюю веру Хрыстову. Але, як заўважае аўтар Галіцка-Валынскага летапісу, «креіценне же его льстнво бысть». Гэты балцкі лідар, нягледзячы на сваё хрышчэнне, «богом свонм жряше (прыносіў ахвяры. -Аўт.), н мёртвых телеса сожнгаше, н поганьство свое яве творяше».
Тым не менш прыняцце каталіцтва на некаторы час нейтралізавала агрэсію на заходніх суседзяў, што ўдала выкарыстаў тагачасны князь Новагародка. 3 дапамогай сілы Міндоўг адваяваў для сябе Літву, аб’яднаўшы яе з Новагародкам. Як адзначае Іпацьеўскі летапіс, гэты ўжо слынны ў балта-славянскіх землях кунігас «Лнтву заня, понмана вся земля Лнтовская».
Добра разумеючы, што гэты крок будзе не даспадобы магутным галіцка-валынскім князям, Міндоўг працягнуў пошук падтрымкі на Захадзе. Пасля прыняцця каталіцтва ён дамогся каранацыі. У 1253 г. (па іншых звестках, у 1252 г.) «велнкнй князь лмтовскнй Мнндовг коронован бысть на кролевство Лнтовское в Новогродку, за благословеннем папы Ннокентня». У гонар каранацыі быў наладжаны баль, на які запрашаліся шматлікія госці з блізкага і далёкага замежжа. Лівонскі магістр Андрэй Сцірланд удзельнічаў у каранацыі. Холмскі біскуп Генрых, «в Прусех кардннал папежскнй», паклаў на галаву Міндоўга карону Яго Вялікасці караля.
Але за проста так карона папам рымскім Інакенціем IV не давалася. Міндоўгу давялося адмовіцца ад прэтэнзій на валоданне Жамойціяй, саступіць Ордэну права на панаванне ў Нальшанах і Дзяволтве. Праўда, князь лічыў гэта частковай саступкай. Па меркаванні літоўскага ўладара, трэба было спыніць крыжацкі ўціск і зрабіць заходніх суседзяў часовымі саюзнікамі ў супрацьстаянні з галічанамі ды валынянамі. Дзеля захавання міру з поўднем каранаваны Міндоўг аддаў ва ўладанне сыну Данілы Галіцкага Раману Новагародак на ўмовах васальнай залежнасці, а сваю дачку выдаў замуж за другога сына Данілы Шварна.
Аднак надзеі Міндоўга на мір не здзейсніліся. Тройчы абрушвалася моц галіцка-валынскага войска, якое было падтрымана шматлікімі балцкімі кунігасамі, а таксама дружынамі Пінскага княства, на землі толькі што створанай маладой дзяржавы. Войскі Данілы Галіцкага прынеслі рабаванні і гвалт на землі Літвы і Новагародчыны. Як адзначае Галіцка-Валынскі летапіс, нязваныя «госці» з поўдня «пленнша всю землю Новгородскую».
ПАЛІТЫКА КНЯЗЁЎ ВОЙШАЛКА I ТРАЙДЗЕНЯ
Няўдачы, што пачалі пераследаваць Міндоўга, выклікалі незадаволенасць у баярскім асяродку новагародцаў. У хуткім часе на княжацкі пасад быў запрошаны сын Міндоўга Войшалк. Гэта асоба, паводле трактоўкі ў блізкіх да таго часу крыніцах, даволі супярэчлівая. 3 аднаго боку, ён быў жорсткім тыранам (праўда, толькі пакуль прытрымліваўся язычніцтва), аб чым сведчыць Іпацьеўскі летапіс: «Войшелк же нача княжнтн в Новегородце, в поганьстве буда, н нача пролнватн кровн много: убнвашеть бо на всяк по трн по четырн;
которого же днн не убьяшеть кого, печаловашеть тогда, колнже убьяшеть кого, тогда весел бяшеть». Але, паводле летапісу, неўзабаве на сына Міндоўга сышло азарэнне, «вннде страх божнй во сердце его, помыслнв собе хотя прнятн святое креіценне; н крестяся ту в Новегородце». 3 гэтага моманту Войшалк прыняў «мняскяй чян» і адышоў ад свецкага жыцця. Невядома, ці быў гэта палітычны крок або сапраўды душэўны парыў. Тым не менш літоўскі князь да канца жыцця заставаўся прыхільнікам усходняга хрысціянства. У 1265 г. Войшалк нават спрабаваў ахрысціць у праваслаўе падуладныя яму балцкія землі. 3 другога боку, прыняцце ўсходняй Хрыстовай веры адным з літоўскіх лідараў дыктавалася складанымі палітычнымі рэаліямі. Вайна маладой літоўска-новагародскай дзяржавы з Галіцка-Валынскім княствам, якая працягвалася з 1248 па 1254 г., закончылася неспрыяльна для першай. Яна практычна змяніла палітычную сітуацыю ў Панямонні. Князі Раманавічы Даніла Галіцкі і Васілька узмацнілі тут сваю ўладу. 3 гэтым Войшалку трэба было лічыцца і шукаць замірэння з паўднёвымі суседзямі.
Саюз Новагародка з моцнай Галіцка-Валынскай Руссю базаваўся на значных саступках на карысць апошняй. Улада ў сталічным панямонскім цэнтры аддавалася аднаму з сыноў галіцкага князя. Даніла патрабаваў паставіць на чале Новагародскай зямлі Шварна, але той быў мужам сястры Войшалка і прэтэндаваў на спадчынныя ўладарныя правы. Таму Войшалк настойваў на лідарстве ў Верхнім Панямонні другога сына Данілы — Рамана. Урэшце галіцкі князь згадзіўся на гэта. Новагародскім князем стаў Раман. Ад імя Міндоўга ён пачаў валодаць сталічным горадам, а Войшалк ад свайго імя падараваў яму Слонім, Ваўкавыск ды іншыя панямонскія землі, якімі сам Міндоўг кіраваў да 1254 г.
Зрабіўшы значныя палітыка-тэрытарыяльныя саступкі, Войшалк дамогся галоўнага недапушчэння поўнай інкарпарацыі Панямоння ў склад Галіцка-Валынскай Русі. Сістэма палітычнай улады тут не змянілася, памяняліся толькі галоўныя дзеючыя асобы. Такім чынам, закладзенае ядро новай дзяржаўнасці ў панямонскім рэгіёне захавалася.
Праўда, Войшалк, якому тады быў 31 год, на пэўны час сышоў з палітычнай арэны. Ён мусіў адправіцца на пражыванне ў Галіцка-Валынскае княства пад нагляд князя Данілы і тры гады правёў у Палонінскім манастыры. Сваім манаскім паслушэнствам ён пераканаў галіцка-валынскіх палітыкаў, што ўжо не вернецца ў актыўнае свецкае жыццё. Пасля трохгадовага затачэння Войіяалк папрасіўся ў паломніцтва на Афон. Атрымаўшы дазвол, ён рушыў у святы шлях, але «не может дойтя до Святей Горе, зане мятежь бысть велнк тогда в тых землях». Пасля вяртання на Галіччыну літоўскі манах-хрысціянін звярнуўся да Данілы Галіцкага з прапановай вяртання яго
на радзіму і заснавання пад Новагародкам праваслаўнага манастыра. Вярхоўны ўладар Галіцка-Валынскага княства згадзіўся. У 1258 г. Войшалк з манахамі, што былі адабраны ў Палонінскім манастыры, вярнуўся на Новагародчыну і заснаваў у Лаўрышаве (20 км ад Новагародка) «собе манастырь на реце Немне, межн Лнтвою н Новымгородком, н ту жнвяше».
Але палітычная стабільнасць у панямонскім рэгіёне была вельмі хісткай. У 1258 г. з ініцыятывы мангола-татарскай Арды, ад якой Галіцка-Валынская дзяржава была залежная, шматлікае татарскае войска нечакана з’явілася на Вальші і прымусіла князя Данілу падначаліцца хану Бурундаю і ісці выправай на Літву. Тое было зусім не ў інтарэсах Галіцка-Валынскага княства, бо рушыла ўсю пабудаваную на прынцыпах васалітэту сістэму адносін гэтай дзяржавы з панямонскім дзяржаўным асяродкам. Але Бурундай катэгарычна заявіў: «Нду на Лнтву. Оже есн мнрен, пойдн co мною». Даніла Раманавіч не мог аслухацца, але сам у выправу на Новагародскія землі і Літву не пайшоў, адправіўшы туды свайго брата Васільку, які адзначыўся ў гэтым рабаўнічым паходзе. Паводле Галіцка-Валынскага летапісу, «Васнлковн же едуіцу по Бурундан однному по Лнтовской земле, обрет негде Лнтву, нзбнв ю». Надалей ён ва ўсім дапамагаў Бурундаю, «н воеваше ездя с ннм».