Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.
Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
Ужо ў канцы XIV ст. беларуская мова з’яўлялася дзяржаўнай у ВКЛ. У 1588 г. у Статуце ВКЛ яна атрымала заканадаўчае замацаванне ў афіцыйным справаводстве, на ёй былі створаны выдатныя помнікі культуры: публіцыстычныя творы, мемуарная літаратура, хронікі, летапісы.
Станаўленне беларускай мовы звязана з працэсам фарміравання беларускай літаратурнай традыцыі. У XIV ст. складалася арыгінальная беларуская літаратура, якая мела царкоўна-рэлігійную накіраванасць: гэта сказанні («Сказанне аб літоўскіх (віленскіх) пакутніках»), хаджэнні (Аграфенія, Варсанофія, Ігнація Смаляніна), пропаведзі і пахвальныя словы.
Значнай культурнай з’явай пачатку XV ст. стала дзейнасць на Беларусі прапаведніка, пісьменніка Рыгора Цамблака. Яго пропаведзі на рэлігійныя святы, пахвальныя словы святым маляўніча апісваюць прыроду і людзей. У 1415 г. на царкоўным саборы ў Новагародку Цамблак быў абраны
мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Русі. Абранне Рыгора Цамблака мітрапалітам «державы Лнтовскыя» было спробай князя Вітаўта стварыць самастойны ад Масквы праваслаўны цэнтр. У 1416 г. Цамблак перанёс мітрапаліцкую кафедру ў Вільню, а сваю рэзідэнцыю ў Новагародак. 3 1415 па 1419 г. на беларускіх землях мітрапаліг напісаў мноства пропаведзей на царкоўныя святы, палемічны твор «Како держат веру немцы», пахвальныя словы Яўхімію Тырноўскаму, святому Дзімітрыю Салунскаму, пахвальнае слова бацькам Канстанцкага сабору і інш. Гуманістычныя па сваім змесце творы Рыгора Цамблака ўнеслі значны ўклад у станаўленне беларускай літаратурнай традыцыі.
У XV ст. на беларускіх землях з’явіліся летапісныя творы, якія мелі выразную нацыянальную патрыятычную накіраванасць. Гістарычныя падзеі выкладаліся ў іх з пазіцый неабходнасці ўмацавання дзяржаўнага кіравання. У старэйшым беларускім летапісе, «Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх», напісаным у Смаленску. разглядаюцца гістарычныя падзеі пасля смерці князя Гедыміна, ухваляюцца дзеянні князя Вітаўта як мудрага гаспадара і аўтарытэтнага палітыка. У канцы XV ст. у Смаленску быў напісаны летапіс Аўраамкі, у якім выкладзены падзеі, узятыя аўтарам з больш ранніх летапісных твораў пра Кіеўскую Русь, наўгародскія і маскоўскія справы.
У пачатку XVI ст. у развіцці беларускай духоўнай культуры адбылася рэвалюцыйная па сваім змесце з’ява кнігадрукаванне на роднай мове, якое здзейсніў у 1517 г. Францыск Скарына. Гэта набліжала Свяшчэшіае Пісанне да простых людзей. Яно падкрэслівае роўнасць мовы беларусаў з лацінскай, грэчаскай і іншымі класічнымі мовамі свету.
Шырокае распаўсюджванне старабеларускай мовы і станаўленне ўласнабеларускай літаратуры з’явіліся важнымі фактарамі кансалідацыі розных этнічных груп, якія пражывалі на тэрыторыі ВКЛ (літва, дайнова, яцвягі, прусы, жамойты, латгалы, татары, яўрэі, цыгане і інш.), у беларускую народнасць.
Рэфармацыя, а затым контррэфармацыя на Беларусі пашырылі цікавасць да нацыянальнай культуры, мовы. Ідэі гуманізму, вальнадумства змянілі традыцыйны рэлігійны светапогляд адукаванай часткі насельніцтва.
Адраджэнне на беларускіх землях адбывалася пад уздзеяннем як грэка-візантыйскай, так і заходнееўрапейскай культуры. У XVI ст. ішоў працэс секулярызацыі культуры Беларусі, з’явіліся свецкія бібліятэкі, пашырылася цікавасць да навукі. Паступова адбываліся змены ў звычаях, паводзінах шляхты, якая імкнулася пераймаць заходнееўрапейскую моду, культуру.
ФАРМІРАВАННЕ ЭТНІЧНАЙ САМАСВЯДОМАСЦІ
Важнейшым фактарам этнічнай кансалідацыі грамадства з’яўляецца этнічная самасвядомасць насельніцтва. Этнічная ідэнтычнасць як разуменне сваёй прыналежнасці да акрэсленай этнічнай супольнасці фарміравалася і праяўлялася па-рознаму ў залежнасці ад саслоўнай, рэлігійнай прыналежнасці, меж тэрыторый рассялення насельніцтва. Яна адлюстроўвалася ў этнанімічных вызначэннях. У саманазвах насельніцтва была зафіксавана ў першую чаргу прыналежнасць людзей да акрэсленай тэрыторыі вялікай вёскі (моладаўцы, маталянё), тэрытарыяльнай абшчыны, мястэчка, воласці, горада (менчукі, пінчукі, мазыране). 3 цягам часу гарадскія ўрбонімы распаўсюджваліся на насельніцтва бліжэйшай акругі. Зямляцкая субэтнічная супольнасць характарызуецца устойлівай самасвядомасцю са сваімі традыцыямі, асаблівасцямі быту, мовы, культуры.
Этнічная самасвядомасць праяўлялася ў першую чаргу ў працэсе ўзаемадзеяння з прадстаўнікамі іншых этнасаў. На этнічным памежжы ўзнікла патрэба міжэтнічнага параўнання, вызначэння «свой чужы».
Складванне монаэтнічнай ідэнтычнасці ў акрэсленых тэрытарыяльных арэалах прывяло да з’яўлення не аднаго, а некалькіх этнонімаў, якія спалучалі гістарычныя назвы «Русь», «Літва»: «русін», «рускі», «ліцвін», «ліцвін рускага роду».
3 XIII па XVI ст. самай распаўсюджанай назвай насельніцтва беларускіх зямель была «рускія». Сваю мову яны называлі рускай у адрозненне ад мовы маскавітаў, якую называлі маскоўскай. Назвы «русіны», «рускія» з цягам часу замацаваліся за праваслаўным насельніцтвам усходняй часткі Беларусі і смаленскіх зямель. У цэнтральнай частцы жыхары зваліся літвінамі. Паступова гэтая назва распаўсюдзілася на ўвесь беларускі этнас. У XVI ст. літвінам называў сябе палачанін Ф. Скарына. Аўтар трактата «Пра норавы татараў, літвінаў і маскавітаў» беларускі гуманіст М. Цішкевіч падпісваўся як Міхалон Літвін.
Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) шляхта ВКЛ падкрэслівала сваю прыналежнасць да літвінаў: «Мы і палякі, хоць і брацця, пісаў у канцы XVI ст. Л. Сапега, але зусім адменных звычаяў». На працягу стагоддзяў «літвінства» стала абагульняльнай формай этнічнай самасвядомасці насельніцтва беларускіх зямель.
Этнонім «беларусы» атрымаў распаўсюджванне на тэрыторыі сучаснай Беларусі значна пазней. Першыя звесткі пра Белую Русь ёсць у геаграфічным трактаце каталіцкага манаха «Апісанне зямель» (другая палова XIII ст.). Там гаворка ішла аб сучаснай паўночна-ўсходняй тэрыторыі Беларусі і частцы Пскоўшчыны.
У Іпацьеўскім летапісе ёсць апісанне падзей 1305 г., калі «много бо зла Ляхом Лнтва, Жмонт прежде сотворн, Ляхов н Мазуров полкамн в полон бра, снце Лях еднн по грнвне, се есть по десятн грошей лнтовскнх, в Лнтве н Белой Русн продаван был..
У 1472 г. маскоўскі князь Іван III у грамаце да папы рымскага называе сябе царом Белай Русі (Albae Russiae). Аднак гэтая назва не замацавалася за Маскоўскім княствам. У XVII-XVIII стст. расійскія манархі выкарыстоўвалі гэты тэрмін больш у палітычных мэтах для апраўдання сваіх тэрытарыяльных дамаганняў на гістарычную спадчыну Кіеўскай Русі. Цар Аляксей Міхайлавіч у 1655 г. пасля захопу Вільні дадаў да свайго тытула «велнкнй князь всея Велнкня н Малыя... н Белыя Росснн».
3 другой паловы XVI ст. назва «Белая Русь» мела больш-менш акрэсленую геаграфічную лакалізацыю. Яна ўжывалася ў некаторых дакументах ВКЛ у дачыненні да тэрыторый Падзвіння і Падняпроўя. З’явілася цікавае словаўжыванне «літвін беларусец». Назва «літвін» разглядалася як прыналежнасць да дзяржавы, «беларусец» мела этнарэлігійны змест.
Такім чынам, на працягу XIII-XVI стст. на землях ВКЛ склалася беларуская (руская, літвінская) этнічная супольнасць з агульнай тэрыторыяй, культурай, мовай. Вынікам гэтых працэсаў стала фарміраванне ў шляхты, духавенства, гараджан этнічнай самасвядомасці.
Асэнсаванне прыналежнасці да пэўнага этнасу праяўляецца ў патрыятызме, клопаце аб сваёй зямлі і яе людзях. У прадмове да кнігі «Юдзіф» Ф. Скарына так сфармуляваў гэтую думку: «.. .Понеже от прнрожеішя зверн, ходяшне в пустынм, знають ямы своя; птнцы, летаюшне по возьдуху, ведають гнезда своя; рыбы, плываюшне по морю п в реках, чують внры своя; пчелы н тым подобная боронять ульев свомх, — тако же м людн, ягде зроднлнся н ускормлены суть по Бозе, к тому месту велнкую ласку нмають».
У 70-80-я гт. XVI ст. нацыянальна-культурны рух пачаў згасаць. Ад яго адыходзіў пануючы клас, які ва ўмовах антыфеадальных выступленняў больш за ўсё клапаціўся аб сваім эканамічным становішчы, атрыманні прывілеяў ад кіраўніцтва Рэчы Паспалітай.
Спусташальная Лівонская вайна, абвяшчэнне Масквой сваёй місіі «трэцяга Рыма» стварала рэальную пагрозу ВКЛ з боку Маскоўскай дзяржавы. У той жа час пасля заключэння Люблінскай уніі (1569) значна ўзмацніўся польскі этнакультурны ўплыў. У такіх умовах фарміравалася біэтнічная і маргінальная ідэнтычнасць насельніцтва. Шляхта, гараджане ўсё часцей пераймалі культуру быту, традыцый, мову і адносілі сябе да іншых этнасаў, якія мелі больш высокі сацыяльны статус.
СУПРАЦЬСТАЯННЕ КРЫЖАЦКАЙ АГРЭСІІ I ПАХОДАМ МАНГОЛА-ТАТАР
У ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ XIII ст.
• Знешнепалітычнае становішча беларускіх зямель у канцы XII пачатку XIII ст.
• Войны Полацкага княства з Ордэнам мечаносцаў і Лівонскім ордэнам
• Барацьба населыііцтва Беларусі з мангола-татарамі
ЗНЕШНЕПАЛІТЫЧНАЕ СТАНОВІШЧА БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ У КАНЦЫ XII ПАЧАТКУ XIII ст.
Раскрываючы розныя аспекты міжнародных умоў развіцця княстваў, што існавалі на тэрыторыі Беларусі ў канцы XII пачатку ХШ ст., трэба ўлічваць геапалітычнае становішча беларускіх зямель, асаблівасці якога знаходзілі адбітак у знешнепалітычнай дзейнасці мясцовых дзяржаўных утварэнняў. Праз землі сучаснай Беларусі праходзілі важныя шляхі зносін, чаму спрыяла густая сетка водных камунікацый. Разам з тым гэтыя абшары былі адкрыты з усіх бакоў, не мелі якіх-небудзь натуральных, прыродных перашкод. Дзяржаўных меж у сучасным іх разуменні ў той час таксама не існавала.
У канцы XII пачатку XIII ст. беларускія тэрыторыі з’яўляліся часткамі некалькіх дзяржаўных адзінак, што раней уваходзілі ў сістэму княстваў Русі. Полаччына і Тураўшчына, якія ў папярэдні перыяд уключалі асноўныя абшары зямель сённяшняй Беларусі, у азначаны час уяўлялі сабой своеасаблівыя кангламераты дробных княстваў. Узаемасувязі ў іх трымаліся на роднасных адносінах князёў. Распад зямель у працэсе феадальнай раздробленасці прывёў да іх аслаблення. Як вынік, удзельныя мясцовыя
княствы былі ўцягнуты ў арбіту інтарэсаў больш магутных дзяржаўных фарміраванняў, што вылучыліся са складу Кіеўскай Русі. Так, у Полацку, які заставаўся цэнтрам прыцягнення ўвагі і памкнснняў навакольных князёў, адчуваўся моцны ўплыў Смаленскага княства. Турава-Пінскае княства ж, у адрозненне ад Полаччыны, і ў папярэдні перыяд, і ў час феадальнай раздробленасці, па сутнасці, не з’яўлялася самастойнай палітычнай адзінкай, знаходзячыся пад значным уплывам спачатку вялікіх князёў кіеўскіх, а пасля і галіцка-валынскіх князёў. На заходнебеларускіх землях у пачатку XII ст. утварылася Гарадзенскае княства, на чале якога стаялі нашчадкі малодшага сына Яраслава Мудрага Ігара, звязаныя пераважна з Валынню (першы вядомы гарадзенскі князь Усеваладка сын Давыда Ігаравіча). Да сярэдзіны XIII ст. Гарадзенскае княства заставалася ў фарватары палітыкі паўднёварускіх князёў. Бсрасцейская зямля, якая з сярэдзіны XII ст. кантралявалася Галіцка-Валынскім княствам, таксама ніколі не выступала як незалежнае палітычнае аб’яднанне. Знаходзячыся на перакрыжаванні гандлёвых шляхоў паміж землямі Кіеўскай Русі і Цэнтральнай Еўропы, яна з’яўлялася сферай геапалітычных інтарэсаў некалькіх моцных племянных саюзаў і княстваў і часта ператваралася ў арэну канфліктаў. Так, у канцы XII пачатку XIII ст. Пабужжа было часова захоплена польскімі князямі: спачатку Казімірам II, пазней Конрадам Мазавецкім і Лешкам Кракаўскім. Шэраг усходніх і паўднёва-ўсходніх беларускіх зямель у азначаны перыяд уваходзілі ў склад Смаленскага (Прупой (Прапойск), Крычаў, Мсціслаў Копысь), Чарнігаўскага (Гомель, Рэчыца, Чачэрск) і Кіеўскага (Мазыр і Брагін) княстваў і самастойнай ролі ў палітычным жыцці гэтых дзяржаў не адыгрывалі.