Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.
Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
Асноўнай вытворчай адзінкай у вёсцы была звычайна сям’я, радзей некалькі сем’яў і іх уласнасць: гаспадарчыя пабудовы, цяглавая і прадукцыйная жывёла, сельскагаспадарчы інвентар, а таксама зямля.
За карыстанне зямельнымі надзеламі сялян абавязвалі выконваць шматлікія павіннасці, характар і доля якіх змяняліся па меры развіцця феадальных адносін. Найстаражытнейшай формай феадальнай рэнты (падаткаабкладанне за карыстанне зямлёй), якая ўзнікла яшчэ ў часы разлажэння першабытнаабшчынных адносін і фарміравання першых дзяржаўных утварэнняў княстваў, была даніна (натуральны аброк). Даніна спаганялася жытам, пшаніцай, аўсом, сенам, мясам, прадуктамі бортніцтва і палявання.
Сялянскі двор уяўляў сабой складаны гаспадарчы комплекс. На сялянскіх сядзібах знаходзіліся жылыя дамы, розныя гаспадарчыя пабудовы (гумны, свірны, клеці, пуні, хлявы і інш.). Сяляне-гаспадары мелі ўвесь неабходны інвентар: плугі, бароны, вазы, косы, сохі, сярпы і іншыя прылады працы.
Асноўнай формай сельскіх паселішчаў былі вёскі (весі), для якіх уласцівы ўклад жыцця, звязаны з сельскагаспадарчай вытворчасцю і народнай традыцыйна-бытавой культурай. Шмат вёсак будавалася на берагах рэк і азёр, таму што глеба рачных далін была больш урадлівай, вадаёмы з’яўляліся надзейнай крыніцай пітной вады, а рэкі і азёры служылі месцам лоўлі рыбы і зручнымі шляхамі зносін. 3 канца X ст. да сярэдзіны XIII ст. колькасць вёсак павялічвалася. Рассяленне стала больш шчыльным.
У склад дваровай забудовы селяніна ўваходзілі: жылы дом, (будынак, хата, харомы, ізба), гаспадарчыя пабудовы (клець, свіран, хлеў, гумно). На будаўніцтва ішлі пераважна хвойныя пароды дрэў. Падлога ў жылых памяшканнях была глінабітная ці драўляная. Страха рабілася двухабо чатырохсхільная, яе крылі саломай, чаротам, дранкай.
Да канца XIII ст. печы ў хатах былі глінабітныя, з XIV ст. іх сталі рабіць з цэглы. У курных «чорных» (печ без коміна) хатах жыла найчасцей чэлядзь нявольная. Інтэр’ер хаты беларускага селяніна на працягу стагоддзяў захоўваў традыцыйныя рэчы хатняга дабрабыту: стол, паліцы, лавы, кублы, скрыні, жорны і г. д. Сялянскія хаты былі двух(хата сенцы) або трохкамернымі (хата сенцы камора).
Гаспадаркі аднаго паселішча складалі суседскую сельскую абшчыну, якая ў славян называлася «верв» (ад слова «вяроўка», з дапамогай яе адмяралі надзелы зямлі). Сельскай абшчыне належалі палі, лясы, вадаёмы існавала калектыўнае (абшчыннае) землекарыстанне.
У Беларусі суседская абшчына адыгрывала значную ролю ў арганізацыі сялянскага землекарыстання і выплаты феадальнай рэнты. На чале грамады стаяў старац (староста), які кіраваў раскладам даніны па асобных гаспадарках, яму дапамагалі дзясяцкія. Кіраўнікі абшчыны выбіраліся грамадой, якая з’яўлялася першаснай формай арганізацыі сялянства. Менавіта ў абшчыне ўсталяваліся прававыя нормы на аснове звычаёвага права. Яно існавала як адносна самастойны адміністрацыйна-прававы інстытут, якому належалі значныя судовыя (калектыўная адказнасць за злачынствы, зробленыя членамі абшчыны), павіннасныя, гаспадарчыя і іншыя паўнамоцтвы.
Такім чынам, стан сельскай гаспадаркі нашых продкаў і іх грамадская арганізацыя сведчаць аб даволі высокім узроўні эканамічнага і сацыяльнага развіцця тагачаснага сельскага насельніцтва.
ГАРАДЫ: УЗНІКНЕННЕ, ВЫГЛЯД, РАЗМЯШЧЭННЕ. ГАРАДСКІЯ РАМЯСТВО I ГАНДАЛЬ
Важнае значэнне пры вывучэнні працэсу станаўлення феадалізму мае пытанне фарміравання гарадоў, таму што яно садзейнічала разбурэнню перажыткаў патрыярхальна-родавых адносін. Узнікненне гарадскога жыцця было пераломным момантам у развіцці феадальнага грамадства.
Пад старажытным горадам звычайна разумеюць даволі буйны населены пункт, жыхары якога заняты пераважна рамяством і гандлем. Галоўнай прычынай станаўлення гарадоў выступае падзел працы аддзяленне рамёстваў ад земляробства, узнікненне рэгулярнага тавараабмену, што адбылося пры пераходзе ад першабытнаабшчыннага да рабаўладальніцкага ладу (на Усходзе, у Старажытнай Грэцыі і Рыме) ці феадальнага ладу ў большасці краін Еўропы, у тым ліку і ў Беларусі.
Першыя гарады на тэрыторыі Беларусі існавалі ўжо ў IX ст., яны згадваюцца ў летапісах, хроніках і іншых пісьмовых крыніцах., а ў XIII ст. іх колькасць дасягнула 35. Гарады выконвалі гандлёва-рамесніцкія, аграрныя, адміністрацыйна-фіскальныя, ваеннаабарончыя, культурныя і рэлігійныя функцыі; з’яўляліся цэнтрамі сельскагаспадарчых акруг. Княжацкая дружына ахоўвала не толькі горад, але і ўсю воласць (ці зямлю) ад знешніх рабаўнікоў. Лёс воласці быў цесна звязаны з лёсам яе горада. Многія беларускія гарады атрымалі сваю назву ад рэк, на якіх былі заснаваны: Полацк ад Палаты, Віцебск ад Віцьбы, Пінск ад Піны, Слуцк ад Случы, Друцк ад Друці, Чачэрск ад Чачоры, Орша ад ракі Рша і г. д. Іншыя ўзніклі на месцы старажытных гарадзішчаў жалезнага веку, якія з’яўляліся племяннымі цэнтрамі. Так развіваліся Лукомль, Гомель, Крычаў і інш. Шмат беларускіх гарадоў узнікла з умацаваных паселішчаў, парубежных крэпасцей Менск, Гародня, Камянец і інш.
Ядром старажытнага горада звычайна быў дзяцінец (град) умацаваная частка, абнесеная драўляным тынам, равамі і валамі (пазней мураванымі сценамі і драўлянымі вежамі). Там размяшчаліся адміністрацыйныя і культавыя пабудовы, жылі князь з дружынай, яго чэлядзь, гандляры, рамеснікі, духавенства. Побач знаходзіўся вакольны горад, абапал якога ўтвараліся падвойная лінія ўмацаванняў і пасады. Непадалёку ад горада часта знаходзіўся курганны могільнік (некропаль). Росту гарадоў спрыялі выгадныя геаграфічныя фактары скрыжаванне гандлёвых шляхоў, блізкасць ракі ці возера, якія выкарыстоўваліся ў якасці спажывання пітной вады і транспартных артэрый. Памеры раннефеадальных гарадоў параўнальна невялікія. Насельніцтва самых вялікіх гарадоў налічвала некалькі тысяч чалавек, а малых некалькі соцень жыхароў.
На тэрыторыі Беларусі, як і ва ўсёй лясной паласе Усходняй Еўропы, гарады будаваліся цалкам з дрэва. 3 бярвенняў рубілі жылыя памяшканні, хлявы, масты, гарадскія сцены, вежы, вароты, драўлянымі былі насцілы вуліц. Звычайная плошча жылых дамоў у IX першай палове XIII ст. складала прыкладна 9-25 кв. м. Спецыфічныя рысы домабудаўніцтва ўласцівы толькі Новагародку, дзе выяўлены двухкамерныя дамы агульнай плошчай 70-75 кв. м і нават 120 кв. м, якія мелі шкляныя вокны дыскападобнай формы. Сцены некаторых дамоў тынкаваліся, а ў асобных выпадках размалёўваліся фрэскамі. Ужо ў XII ст. у дамах заможных гараджан будаваліся печы з комінамі.
Гараджане мелі свае пашы, агароды і лугі, разводзілі хатнюю жывёлу, займаліся паляваннем і рыбалоўствам. Але асноўнымі іх заняткамі былі рамяство і гандаль. У гарадскіх цэнтрах засяроджваліся свецкія і духоўныя
феадалы і іх слугі, сюды сцякалася таксама насельніцтва з ліку сялян, якія займаліся рамяством і гандлем. У беларускіх гарадах дзейнічалі рамеснікі каля 60 розных спецыяльнасцей, многія рамёствы дасягнулі высокага тэхнічнага і мастацкага ўзроўню.
Вядучая роля ў гарадскім рамястве належала металаапрацоўцы, якая забяспечвала ўсімі неабходнымі тэхнічнымі прыладамі розныя віды гаспадарчай дзейнасці. У мастацкіх металаапрацоўчых вырабах шырока выкарыстоўваліся тонкая пайка, зварка, коўка, разьба, шліфоўка, паліроўка, чаканка, інкрустацыя, адліўка па васковых мадэлях. Сыравінай для металаапрацоўкі ў асноўным служыла крычнае жалеза, якое здабывалася шляхам варкі ў прымітыўных домніцах з балотнай руды, на якую былі багаты рэкі і азёры старажытнай Беларусі. Карысталіся і прывазным металам, асабліва каляровым срэбрам, золатам.
Высокага ўзроўню развіцця дасягнула ювелірная справа. Дакументальнымі крыніцамі пацвяржаецца існаванне гэтага рамяства амаль ва ўсіх буйных гарадах Беларусі (Берасце, Ваўкавыск, Гародня, Кобрын, Магілёў, Новагародак, Полацк і інш.). Шэдэўрам ювелірнага мастацтва, нацыянальнай рэліквіяй беларусаў стаў узвіжальны крыж, зроблены ў Полацку майстрам Лазарам Богшам у 1161 г. па заказе Ефрасінні Полацкай, пра што сведчыць надпіс на ім. У крыжы захоўваліся святыя рэліквіі, атрыманыя ігуменняй ад імператара Візантыі Мануіла Комніна. Крыж быў згублены ў часы Другой сусветнай вайны, узноўлены ў наш час брэсцкім ювелірам М. Кузьмічом.
У пачатку XIII ст. з’явілася складаная тэхніка ювелірнага ліцця «навыплеск», калі ўпрыгожанні рабілі пустацелымі, што давала магчымасць вырабляць больш тавару для продажу. Зыходнымі матэрыяламі ювелірных рамеснікаў былі медзь, свінец, волава, бронза, латунь; для ўпрыгожанняў заможнага насельніцтва золата, срэбра, білон, выкарыстоўваліся таксама паўкаштоўныя камяні, бурштын, косць.
Шырока былі прадстаўлены і іншыя рамёствы. Развівалася і касцярэзная вытворчасць: выраблялі накладкі калчанаў, дэталі арбалетаў, грабяні, фігуркі шахмат, грузікі, абразкі. Майстры па апрацоўцы каменю рабілі надмагільныя крыжы, надмагіллі ў выілядзе бюстаў, статуй, рэльефаў. Асабліва славіліся беларускія майстры-гарбары. Вырабы з юхту, замшы, саф’яну карысталіся вялікім попытам у Польшчы і гарадах Прыбалтыкі, куды вывозіліся гэтыя тавары. Высокім узроўнем развіцця вызначалася і шклаварнае рамяство. Майстры-шклавары ў Шыдлоўцы (каля Слоніма) выраблялі келіхі, кубкі, міскі і іншы посуд. У Полацку мясцовыя шклавары наладзілі вытворчасць шкляных упрыгожанняў, бранзалетаў, якія карысталіся вялікай
папулярнасцю ў гараджанак. Ганчарная вытворчасць забяспечвала пастаянны попыт на посуд. У яго асартымент уваходзілі гаршкі, кубкі, міскі, збаны, чарпакі, патэльні. Да X ст. посуд вырабляўся з гліны ўручную ляпным спосабам. У X ст. у Беларусі распаўсюдзілася ганчарнае кола. Яно дало магчымасць наладзіць масавую вытворчасць бытавога посуду.
У гаспадарчым жыцці гарадоў важнае месца займалі прадзенне і ткацтва. Ніткі пралі на ручным верацяне, на канец якога надзявалі каменны ці гліняны грузік-прасліцу. Прадзенне было заняткам кожнай жанчыны не толькі ў вёсцы, але і ў горадзе. Пралі з воўны, ільну, пянькі. Адзенне шылі жалезнымі ці бронзавымі іголкамі. Ваўняныя ніткі ўжывалі не толькі для ткацтва і шыцця, але і для вязання. 3 воўны валялі войлак, які выкарыстоўваўся як матэрыял для пашыву паходных шатроў, пакрывалаў, папон, шапак. Як разнавіднасць ткацтва існавала іголкавае пляценне. Матэрыялам для пляцення былі лаза, салома, чарот, мачала, карані дрэў, лыка, бяроста, скура, лучына, конскі волас і інш. Для пляцення выкарыстоўвалі драўляныя, касцяныя і жалезныя прыстасаванні.