Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.
Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
смерці ў 1392 г. Ягайла не перадаў яму горад. Свідрыгайла паспрабаваў выступіць супраць волі гаспадара, бо лічыў Віцебск сваім уладаннем. Ягайла даручыў Вітаўту вырашыць праблему. Свідрыгайла ўпарта супраціўляўся, але ўрэшце быў вымушаны здацца на волю гаспадара.
Так, да сярэдзіны 1390-х гг. Вітаўт пазбавіў уладанняў найбольш уплывовых князёў. I хоць большасць з іх атрымалі іншыя землі, новыя ўдзелы былі меншымі па памерах, а князі ўжо не карысталіся такой самастойнасцю, як раней. Так, Карыбут, якога вызвалілі праз заступніцтва цесця Алега Разанскага, атрымаў Ноўгарад-Северскі, старэйшы сын Альгерда Андрэй пасля вызвалення з польскага палону ўвогуле не меў уладанняў у межах ВКЛ і быў вымушаны з’ехаць да свайго сына Івана, князя пскоўскага. У выніку самым небяспечным сапернікам Вітаўта стаў Скіргайла, які валодаў вялікім Кіеўскім княствам і карыстаўся падтрымкай русінскага насельніцтва і польскага караля. Але ў 1395 г. Скіргайла нечакана памёр. У 1398 г. Вітаўт, які рыхтаваўся да вялікага паходу на татар, быў вымушаны на нявыгадных умовах прымірыцца са Свідрыгайлам і паабяцаў яму Ноўгарад-Северскі, Падолле і некаторыя гарады Чырвонай Русі. Адносіны паміж Вітаўтам і Свідрыгайлам і надалей заставаліся вельмі складанымі. У 1402 г. апошні збег у Прусію, але на наступны год ён у чарговы раз памірыўся, і зноў атрымаў Севершчыну. Свідрыгайла прымаў актыўны ўдзел у палітычных справах і нават хадзіў з Вітаўтам у 1406 г. на Смаленск. Аднак у 1408 г. збег да Васіля I у Маскву, дзе атрымаў Уладзімір-на-Клязьме, Пераяслаў, Юр’еў, Волак і Ржэў. У 1409 г. Свідрыгайла вярнуўся ў ВКЛ, але быў прыняты з недаверам і за перамовы з Ордэнам закуты ў кайданы. Супярэчнасці сярод Гедымінавічаў яшчэ больш пашырылі падазронасць Вітаўта да родзічаў. Фарміраваліся ўмовы для з'яўлення новай эліты дзяржавы, персанальна адданай гаспадару.
АДНОСІНЫ 3 РУСКІМІ КНЯСТВАМІ
ВКЛ у канцы XIV пачатку XV ст. праводзіла актыўную знешнюю палітыку ў адносінах да сваіх усходніх суседзяў. Гэтаму спрыялі трывалыя дынастычныя сувязі паміж Вялікім Княствам Літоўскім і рускімі княствамі: у 1390 г. Вітаўт выдаў сваю дачку Сафію замуж за будучага маскоўскага князя Васіля 1; сам быў жанаты з Ганнай Святаславаўнай са смаленскіх князёў; сын вялікага князя цвярскога Іван Міхайлавіч быў жанаты з Марыяй, роднай сястрой Вітаўта; стрыечныя ж сёстры Агрыпіна, Алена і Феадора былі замужам за рускімі князямі Барысам Суздальскім, Уладзімірам Андрэевічам (братам Дзмітрыя Данскога) і Святаславам Звенігародскім
адпаведна. У канцы XIV ст. Вялікае Княства Літоўскае было самай моцнай палітычнай сілай на ўсходзе Еўропы, якой не маглі супрацьстаяць паасобку іншыя рускія княствы.
Пасля смерці смаленскага князя Святаслава, калі паміж яго сынамі пачалася барацьба за ўдзелы, Вітаўт зрабіў спробу далучыць Смаленскае княства. У 1395 г. Вітаўт нечакана для смалян апынуўся пад горадам і прапанаваў сябе ў якасці трацейскага суддзі. Калі яны разам са сваімі баярамі прыехалі да Вітаўта, іх зняволілі і адвезлі ў Вялікае Княства Літоўскае. Горад быў узяты войскамі ВКЛ, тут пакінулі намеснікаў вялікага князя.
Аднак гараджане забілі намеснікаў і запрасілі на княжанне Юрыя Святаславіча. Менавіта ён пасля смерці бацькі атрымаў уладу над Смаленскім княствам, але з-за ўсобіц напярэдадні паходу войск Вялікага Княства Літоўскага на Смаленск быў вымушаны хавацца ў Разанскім княстве. Спроба Вітаўта другі раз узяць Смаленск не мела поспеху. У 1401 г. ён заключыў мір з Юрыем Святаславічам. У 1404 г. Вітаўт зрабіў трэцюю спробу, таксама безвыніковую, заваяваць Смаленск. Пасля гэтага Юрый Святаславіч звярнуўся па дапамогу да вялікага магістра і асабіста адправіўся ў Маскву да Васіля I. Ліст магістра да Вітаўта адносна смаленскіх спраў вынікаў не прынёс, а маскоўскі князь не жадаў сварыцца з цесцем. Скарыстаўшыся адсутнасцю князя ў горадзе, Вітаўт у 1405 г. у чарговы раз напаў на Смаленск, нарэшце ўзяў горад і такім чынам завяршыў далучэнне Смаленскай зямлі да Вялікага Княства Літоўскага.
He апошняе месца ў планах Вітаўта па пашырэнні тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага на гюўнач займалі Пскоў і Ноўгарад. Гэтыя гарады атрымлівалі вялікія прыбыткі ад гандлю з немцамі. Іх асноўнымі контрагентамі былі Любек, Дэрпт і Рэвель. Але становішча Ноўгарада ў канцы XIV ст. было вельмі няўстойлівым: Маскоўскае княства вяло наступальную палітыку ў адносінах да наўгародскіх зямель. Каб захаваць свае ўладанні, ноўгарадцы былі вымушаны звярнуцца па дапамогу да вялікіх князёў літоўскіх.
У 1389 г. у Ноўгарад прыехаў княжыць Сямён (Лунгвен) Альгердавіч, які ад свайго імя і ад імя ноўгарадцаў даў Ягайлу пісьмовае абяцанне трымацца саюзу з ім. Такім чынам Ноўгарад патрапіў у залежнасць ад Польскага каралеўства. Аднак Вітаўт меў на гэтыя землі свае віды. У 1396 г. ён запатрабаваў ад ноўгарадцаў прызнаць яго сваім вялікім князем, але атрымаў адмову і ў 1399 г. аб'явіў ім вайну, не змог здзейсніць задуманае з-за татарскіх спраў.
Наступальная палітыка вялікага князя ў адносінах да Пскова ўскладнялася яшчэ і папярэдняй мірнай дамовай паміж Вітаўтам і Ордэнам,
у адпаведнасці з якой князь не толькі адмаўляўся ад усялякіх прэтэнзій на пскоўскія землі, але і абавязаўся дапамагчы рыцарам захапіць гэтыя тэрыторыі. У пачатку XV ст. узаемная незадаволенасць паміж Вітаўтам і Ноўгарадам толькі ўзрастала. Некаторы час у Ноўгарадзе знаходзіўся Юрый Святаславіч Смаленскі, і Вітаўт патрабаваў яго выдачы, але наўгародцы палічылі за лепшае адправіць таго да маскоўскага князя. Далучэнне Смаленскай зямлі ў пэўнай ступені развязала рукі Вітаўту ў барацьбе з паўночнымі суседзямі. У 1406 г. ён захапіў асобныя пскоўскія ўладанні і моцна абрабаваў Пскоўскую зямлю, пасля чаго пскавічы звярнуліся да Ноўгарада і вялікага князя маскоўскага. На гэты раз Васіль I прыняў бок Пскова, што выклікала ў 1406-1408 гг. шэраг памежных канфліктаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім Княствам Маскоўскім, якія завяршыліся мірам у 1408 г. Ноўгарад заключыў пагадненне з Вітаўтам яшчэ раней, у 1407 г., і прыняў сваім князем Сямёна Альгердавіча. Такім чынам, напярэдадні Грунвальдскай бітвы адносіны Вітаўта з рускімі княствамі нармалізаваліся. Наўгародцы на чале з Альгердавічам удзельнічалі ў Грунвальдскай бітве, а ў 1411 г. заключылі дагавор з Вітаўтам і Ягайлам, што ў выпадку парушэння Ордэнам Торуньскага міру будуць ваяваць супраць рыцараў.
Між тым у 1410-20-х гг. адносіны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Псковам і Ноўгарадам заставаліся напружанымі, паколькі Вітаўт не пакідаў памкненняў далучыць гэтыя землі. У 1418 г. ён разам з Ягайлам нават быў прызначаны папам Марцінам V галоўным вікарыем каталіцкай царквы ў Пскове і Ноўгарадзе з мэтай вяртання іх жыхароў у каталіцкую веру. У 1426 г. Вітаўт распачаў вайну супраць Пскова, а ў 1428 г. супраць Ноўгарада.
Адносіны Вітаўта з Маскоўскім, Разанскім, Цвярскім і іншымі больш дробнымі рускімі княствамі былі стабільна прыязнымі. Вітаўт неаднойчы сустракаўся з маскоўскім князем Васілём I, і нават захоп Смаленскай зямлі войскам Вялікага Княства Літоўскага не перашкодзіў спатканню двух князёў у Смаленску ў 1396 г. Толькі калі незадаволены асабістым становішчам у Вялікім Княстве Літоўскім князь Свідрыгайла Альгердавіч пераехаў у Маскоўскае княства і падтрымаў Васіля I, той пайшоў на адкрытае выступленне супраць агрэсіўнай палітыкі Вітаўта ў адносінах да Пскоўскай зямлі. Узаемнаму паразуменню паміж Маскоўскім княствам і Вялікім Княствам Літоўскім спрыяла дзейнасць княгіні Соф’і Вітаўтаўны. Згодна з тэстаментам Васіля I, пасля яго смерці Вітаўт стаў апекуном і абаронцам сваёй дачкі і ўнука, князя Васіля II.
Такія ж прыязныя адносіны былі ў Вітаўта з Цвер’ю. У 1427 г. вялікі князь літоўскі заключыў саюз з цвярскім князем Барысам Аляксандравічам,
у адпаведнасці з якім ўсталёўваліся ўзаемныя абавязкі ў палітычнай, ваеннай, эканамічнай сферах. вырашаліся тэрытарыяльныя пытанні. Падобныя дамовы былі заключаны Вітаўтам у 1430 г. з разанскім і адоеўскім князямі. На з’ездзе 1430 г. разам з мітрапалітам Фоціем прысутнічалі і рускія князі: маскоўскі, цвярскі, разанскі і адоеўскі, што падкрэслівала аўтарытэт і вагу вялікага кпязя Вітаўта ў рускіх землях.
ТАТАРСКІ НАПРАМАК ЗНЕШНЯЙ ПАЛІТЫКІ ВІТАЎТА
Адносіны з татарамі ў канцы XIV ст. сталі прыярытэтным напрамкам знешняй палітыкі Вялікага Княства Літоўскага. Пачатак сувязям Вітаўта з татарамі паклаў хан Тахтамыш. Ён аб’яднаў пад сваёй уладай Белую і Залатую Арду, а потым нават выступіў супраць Тамерлана, які здзейсніў тры паходы супраць мяцежнага Тахтамыша і пазбавіў яго ўладанняў. Вітаўт прыняў апальнага хана, бо бачыў магчымасць з яго дапамогай пашырыць сваю ўладу на ўсходзе Усходняй Еўропы. Па звестках летапісцаў, яны заключылі дамову, паводле якой Вітаўт абавязваўся дапамагчы Тахтамышу вярнуць Залатую Арду, а той — зрабіць Вітаўта ўладаром не толькі Маскоўскага княства і Наўгародскай зямлі, але і ўсёй Русі. Сапернік Тахтамыша, хан Залатой Арды Цімур-Кутлуг неаднойчы патрабаваў выдаць мяцежніка, але Вітаўт адмаўляўся і рыхтаваўся да вайны з татарамі.
Першы паход супраць татар Вітаўт здзейсніў яшчэ ў 1398 г. Ён атрымаўся дастаткова паспяховы: была пабудавана крэпасць у ніжнім цячэнні Дняпра, у Вялікае Княства Літоўскае вывезлі татарскі палон. Менавіта з гэтага моманту пачынаецца гісторыя беларускіх татар. У 1399 г. супраць татарскай конніцы Цімура-Кутлуга Вітаўт павёў не толькі войска Вялікага Княства Літоўскага, але і татар Тахтамыша, а таксама дапаможныя атрады палякаў і немцаў. Папа рымскі абвясціў крыжовы паход супраць Залатой Арды. Зборным пунктам быў прызначаны Кіеў, а адтуль аб’яднаныя войскі Вітаўта рушылі да р. Ворсклы, дзе спаткалі арду Цімура-Кутлуга. Залатаардынскі хан чакаў дапамогі ад цемніка Эдыгея, таму зрабіў выгляд, што згодны заключыць мір і плаціць Вітаўту даніну. Але, пасля таго як да р. Ворсклы падышла арда Эдыгея. перавага апынулася на баку татар. Бітва адбылася 12 жніўня 1399 г., войскі Вітаўта былі акружаны і разбіты.
Планы Вітаўта зрабіцца ўладаром Усходняй Еўропы рухнулі. Перамога ў гэтай бітве дазволіла Цімуру-Кутлугу зрабіць спусташальны набег на землі Кіеўшчыны і Валыні, але Вялікае Княства Літоўскае здолела захаваць кантроль над Паўночным Прычарнамор’ем. Тахтамыш збег у Сібір, дзе