Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1. Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.

Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
113.95 МБ
Гарады ВКЛ прынялі актыўны ўдзел у ваенных дзеяннях. Беларуска-літоўскія і рускія летапісы адзначаюць вядучую ролю Полацка і нават называюць яго сталіцай Свідрыгайлы. Віцебск фактычна быў рэзідэнцыяй
вялікага князя на паўночных землях. Менавіта адтуль дасылалася знешняя карэспандэнцыя. Сваю ролю ў барацьбе за ВКЛ адыгралі таксама Смаленск, Луцк і Кіеў. Гарады як цэнтры зямель вырашалі рэгіянальныя задачы (у першую чаргу паслаблялі сваіх эканамічных канкурэнтаў). 3 іншага боку, у асобе Свідрыгайлы яны бачылі ахоўніка «старнны», непарушнасці сваіх праў і значэння ўнутры зямель.
Цікавай бачыцца і пазіцыя іерархаў хрысціянскіх цэркваў у ВКЛ. I каталіцкія біскупы, і праваслаўныя епіскапы ўяўлялі сабе наступствы кардынальных перамен у дзяржаве. У момант перавароту 1432 г. пад кантролем Жыгімонта Кейстутавіча засталіся Віленскае і Медніцкае біскупствы, пры тым што на тэрыторыі, кантралюемай Свідрыгайлам, размяшчаліся ўсе праваслаўныя епархіі ВКЛ. Перад каталіцкай іерархіяй стаяла задача падтрымкі з боку князя-патрона менавіта каталіцкай царквы. У XV ст. яна яшчэ не магла паспрачацца з праваслаўнай царквой у правядзенні місіі на беларускіх і ўкраінскіх землях без манаршай падтрымкі. Толькі прывілеі і фінансаванне з боку пануючай дынастыі дазвалялі паўстаць парафіяльнай сетцы на тэрыторыі біскупстваў. Пры гэтым іерархі каталіцкай царквы ў ВКЛ знаходзіліся ў пасіўнай апазіцыі да любых перамоў аб царкоўнай уніі з праваслаўнымі, што яскрава праявілася ў пазіцыі віленскага біскупа Мацея (у 40-я гг. XV ст. ён нават абвінавачваўся ў Рыме ў наўмысным зрыве місіі мітрапаліта-ўніята Ісідора на ўсходзе Еўропы). Праваслаўная царква ў ВКЛ была пастаўлена ў вельмі складанае юрыдычнае становішча актамі канца XIV пачатку XV ст. Яе статус быў нявызначаны, місіянерская дзейнасць і функцыянаванне прыхадской сеткі заставаліся без прававога афармлення. Праваслаўная царква была больш незалежнай ад велікакняжацкага фінансавання, яе фундатарамі заставалася пераважная колькасць знаці ВКЛ. У 1432 г. з'явілася рэальная магчымасць мець лаяльнага да ВКЛ главу Кіеўскай мітраполіі, пасля высвячэння ў Канстанцінопалі кандыдата Свідрыгайлы епіскапа Герасіма мітрапалітам усяе Русі. У 1433 г. пачаліся перамовы паміж мітрапалітам Герасімам і папам Яўгенам IV аб удзеле іерарха ў рабоце Базэльската сабора і падрыхтоўцы Усяленскага сабора. Першапачаткова абумоўленая палітычнымі рэаліямі пазіцыя каталіцкіх і праваслаўных іерархаў, а таксама знешні ціск Кракава і Канстанцінопаля ў справах царкоўнай уніі прывялі іерархаў да пазіцыі спрыяння заканчэнню ўнутрыпалітычнай барацьбы ў ВКЛ і нармалізацыі міжцаркоўных адносін на рэгіянальным узроўні.
Пэўны ўплыў на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў ВКЛ аказала палітычная і эканамічная міграцыя (у першую чаргу выхадцаў з Арды і паўночна-заходніх рускіх княстваў, а таксама выхадцаў з Цэнтральнай Еўропы).
Мігрантаў планавалася накіроўваць на ўзмацненне абароны меж дзяржавы. Яны былі зацікаўлены ў вядзенні баявых дзеянняў, якія дазвалялі атрымліваць новыя зямельныя наданні і ўзвышаць палітычную вагу пры двары гаспадара. Пры гэтым велікакняжацкая ўлада выкарыстоўвала іх сувязі з «радзімай», каб прыцягваць да сябе новыя саюзніцкія сілы.
Самай буйной катэгорыі насельніцтва ВКЛ сялянству ні Жыгімонт, ні тым больш Свідрыгайла не абяцалі ніякіх кардынальных змен. Адзіным засведчаным супраціўленнем развязанаму канфлікту з’яўляюцца ўцёкі «людзей» з зоны баявых дзеянняў ва ўскраінныя раёны. Тыя, хто ўжо меў абмежаваны статус у адносінах да свайго феадала, імкнуўся пазбавіцца ад яго, перасяляючыся да іншага.
Мэты і задачы ўдзельнікаў унутрыпалітычнай барацьбы адрозніваліся не толькі паміж сацыяльнымі групамі, але і ўнутры іх. Галоўнай мэтай для ўсіх катэгорый насельніцтва было вырашэнне статуснага пытання ў дзяржаве: маёмаснага і палітычнага права, а таксама месца ВКЛ адносна іншых дзяржаў рэгіёна (у першую чаргу Каралеўства Польскага). Так, перад феадаламі-католікамі стаяла вельмі важная задача не дапусціць ураўнання ў правах прадстаўнікоў каталіцкай і праваслаўнай знаці, між якімі існавала рознасць інтарэсаў. На паўночна-заходніх землях, Віленшчыне і Троках, «новая» арыстакратыя (Валімунтавічы, Гаштольды, Гальшанскія, Осцікавічы) адчувала патрэбу ў замацаванні свайго становішча шляхам усталявання кантролю над новым гаспадаром і памяркоўнай палітыкі ў адносінах да Польшчы. Але ўжо ў ходзе Луцкай вайны з Польшчай (1431 г.) і пасля замаху ў Ашмянах на вялікага князя гэтая частка знаці стала пераважна на бок Жыгімонта Кейстутавіча і Кароны. На поўдні ВКЛ «старая» (руская) арыстакратыя адчувала сваю недатыкальнасць у маёмасных правах, а ва ўмовах вайны за Валынь і Падолле паступова патрапіла ў вялікую палітыку. Яе задачай з’яўляўся разрыў уніі з Польшчай, перамога ў вайне над малапольскай шляхтай, вяртанне ўсяго Падолля ў склад ВКЛ.
Беларускія землі ВКЛ з 1432 г. сталі арэнай высвятлення адносін паміж войскамі Свідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча. Землі, якія не ведалі ваенных дзеянняў ужо па некалькі дзесяцігоддзяў, імкнуліся як мага хутчэй вырашыць унутрыпалітычнае пытанне. Што тычыцца галоўных гарадоў Падзвіння і Падняпроўя (Полацк, Віцебск, Смаленск), то яны сталі цытадэлямі апальнага на Літве вялікага князя Свідрыгайлы. Менавіта гэтыя гарады ўваходзілі ў летапіснае Вялікае Княства Рускае. Падчас баявых дзеянняў і бязладдзя ў дзяржаве яны праводзілі рэстаўрацыю свайго прававога становішча. Полацк фактычна змог вярнуць сабе статус палітычнага і эканамічнага цэнтра. 3 1433 г. Смаленск стаў рэзідэнцыяй мітрапаліта ўсяе
Русі Герасіма і працягваў выконваць функцыі ідэалагічнага цэнтра ВКЛ (менавіта тут ствараюцца такія творы, як «Пахвала Вітаўту» і «Летапісец» 1446 г.). Віцебск стаў рэзідэнцыяй вялікага князя Свідрыгайлы, чаму не ў малой ступені садзейнічалі яго каменньія ўмацаванні. Цэнтр палітычнага жыцця дзяржавы паступова пераносіўся ў «землі прыслухаючыя», што адбівалася на актыўнасці мясцовай знаці. Феадалы-прыхільнікі Свідрыгайлы ў 1434 г. з Віцебска сведчылі лістом да Базэльскага сабору пра вернасць свайго манарха каталіцкай царкве і яго жаданні аб заключэнні уніі паміж хрысціянскімі цэрквамі на спецыяльным Усяленскім саборы.
Пры ўсёй стыхійнасці антыманаршага выступлення ў 1432 г. перад феадаламі ВКЛ стаялі дакладныя задачы. Па-першае, вайна давала шанец дамагчыся ад вярхоўнай улады новых і дакладных маёмасных праў, як гэта было ўжо зроблена польскай шляхтай у Кароне. Падзеі Луцкай вайны агалілі супярэчнасці рэгіёнаў ВКЛ. Калі на Валыні і Падоллі ў канфлікце з Польшчай бачылі выйсце з сітуацыі аб статусе дзяржаўнасці ВКЛ (аб уніях), то ў паўночнай частцы краіны гэтай вайны не жадалі. Пасля паражэння пад Луцкам у 1431 г. назіраліся ініцыятывы аб прымірэнні, якія падтрымліваў сам вялікі князь Свідрыгайла. Нарэшце ўзнікла справа замяшчэння дзяржаўных пасад пасля паражэння пад Луцкам, калі ў палон патрапілі ўраднікі ВКЛ, на іх месца манархам былі прызначаны некатолікі, што парушыла артыкул Гарадзельскага акта 1413 г.
Аднак барацьбу за ўладу паміж віленска-трокскімі і рускімі радамі нельга зводзіць да этнарэлігійных супярэчнасцей ва ўсёй дзяржаве. На баку абодвух князёў ваявалі феадалы, якія спавядалі хрысціянства і ўсходняга, і заходняга абраду.
Кароль Ягайла меў на мэце замацаванне сваёй улады і ўлады сваіх нашчадкаў у ВКЛ. Варыянт з дзвюма каронамі падыходзіў як мага лепей, бо забяспечваў абодвух сыноў Ягайлы і Соф’і Гальшанскай, каралевічаў Уладзіслава і Казіміра, уласнымі гаспадарствамі. Свідрыгайла з’яўляўся найлепшай кандыдатурай на вялікага князя, бо з’яўляўся апошнім родным братам польскага караля і, што самае галоўнае, бяздзетным. Сярод іншых законных прэтэндэнтаў на ВКЛ былі прадстаўнікі розных галін дынастыі Гедымінавічаў: Сямён-Лугвен, Жыгімонт Кейстутавіч, а таксама Алелька Уладзіміравіч і Жыгімонт Карыбутавіч. Але да прамой галіны Альгердавічаў ад Ульяны Цвярской адносіўся толькі Баляслаў-Свідрыгайла.
Князь Свідрыгайла ад смерці свайго бацькі Альгерда на працягу чатырох дзесяцігоддзяў змагаўся за найвышэйшы статус у дзяржаве, і яго «вайна» скончылася перамогай. Са згоды караля польскага ён быў абраны вялікім князем. Свідрыгайла хутка атрымаў паўнату ўлады ў дзяржаве, чым
выклікаў супрацьдзеянне з боку малапольскай шляхты на чале з кракаўскім біскупам Збігневам Алясніцкім. Ужо ў 1431 г. малапольская шляхта правакавала ВКЛ захопам замкаў Падолля ад імя караля. У адказ на гэта быў арыштаваны сам Ягайла. Перамовы не прывялі да згоды, і ў жніўні 1431 г. войскі ВКЛ пацярпелі паражэнне на Валыні. У дзяржаве наспела змова, галоўную ролю ў якой адыграў князь Міхаіл, сын Жыгімонта Кейстутавіча, і польскі ваявода Зарэмба Вавжынец. Такім чынам, у палітычнай гісторыі княства чарговы раз з’явілася «польская партыя». Галоўны кандыдат ад яе Жыгімонт Кейстутавіч пасля замаху ў Ашмянах у жніўні 1432 г. быў абвешчаны вялікім князем літоўскім, прызнаны палякамі кіраўніком ВКЛ, але толькі пажыццёва. Фармалыіа ВКЛ губляла сваю самастойнасць і пасля смерці князя павінна было інкарпаравацца ў склад Каралеўства Польскага.
3 восені 1432 г. перад Свідрыгайлам стаяла задача вярнуць кантроль над усімі землямі ВКЛ праз усталяванне сваёй улады ў Вільні, а таксама адстаяць цэласнасць дзяржавы ў вайне з Польшчай за Падолле і Валынь. На гэта былі накіраваны ўсе паходы вялікага князя. Што тычыцца Жыгімонта Кейстутавіча, то ў яго задачы ўваходзіла ўсталяванне кантролю над як мага большай тэрыторыяй ВКЛ і паступовае прызнанне мясцовымі феадаламі сваёй улады. За персонай Жыгімонта стаялі значныя палітычныя сілы, чые мэты і задачы рэалізоўваў князь, у першую чаргу сын Жыгімонта Міхаіл. Апошні меў надзею на ўтварэнне дамена роду Кейстутавічаў у ВКЛ з тых зямель, якія ў свой час належалі Кейстуту і Вітаўту. Другую сілу ўяўляла сабой Каралеўства Польскае. Вайсковы кантынгенг і польскія прадстаўнікі пры двары Жыгімонта кантралявалі манарха, «захоўвалі» яго вернасць ідэі далучэння ВКЛ да Кароны. Усё гэта цалкам адпавядала прыватным інтарэсам караля Уладзіслава-Ягайлы, які выйграваў ад усталяванпя ўлады сваёй дынастыі ў гэтай частцы Еўропы. Дзеля такой патрэбы польская шляхта атрымала ад манарха новыя правы і прынесла прысягу ў вернасці спадкаемцу Ягайлы Уладзіславу (будучаму каралю Уладзіславу ІП Варненчыку).