Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1. Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.

Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
113.95 МБ
Аднаўленне персанальнай уніі з Каралеўствам Польскім мела для Вялікага Княства Літоўскага як плюсы, так і мінусы. 3 аднаго боку, Вялікае Княства магло разлічваць на гарантавана добрыя адносіны з Польшчай і бяспечную заходнюю мяжу. Але ў той жа час было зразумела, што Казімір будзе вымушаны шмат часу і сіл аддаваць польскім справам, падоўгу знаходзячыся ў суседняй краіне. Гэта пагражала занядбаннем справамі Вялікага Княства Літоўскага, эфектыўнае вырашэнне якіх, як правіла, патрабавала асабістага ўдзелу манарха. Першапачаткова Казімір даволі часта наведваў Вялікае Княства, але з цягам часу гэтыя паездкі адбываліся радзей. У такой сітуацыі павялічылася значэнне Гаспадарскай Рады, якая ў адсутнасць вялікага князя фактычна кіравала дзяржавай.
Незадаволенасць частай адсутнасцю манарха праявілася ў Вялікім Княстве Літоўскім даволі хутка. У 1456 і 1461 гг. вяльможы звярталіся да Казіміра Ягелончыка з настойлівымі просьбамі даць ім асобнага ад Польшчы гаспадара. Яны прапанавалі кандыдатуру кіеўскага князя Сямёна Алелькавіча, але Казімір ні пры якіх абставінах не жадаў выпускаць з рук гэта спадчыннае ўладанне Ягелонаў. Яго пазіцыя не змянілася і пазней: калі ў 1478 г. на Берасцейскім сойме паны звярнуліся да Казіміра з прапановай прызначыць намеснікам у Вялікім Княстве аднаго са сваіх сыноў (Казіміра ці Яна Альбрэхта), ён зноў адмовіў.
ГАЛОЎНЫЯ НАПРАМКІ ЎНУТРАНАЙ ПАЛІТЫКІ
Адным з самых важных мерапрыемстваў, праведзеных Казімірам Ягелончыкам у галіне ўнутранай палітыкі, стала спроба кадыфікацыі крымінальнага права. 29 лютага 1468 г. сойм зацвердзіў Судзебнік, які быў распрацаваны галоўным чынам на аснове норм мясцовага звычаёвага права. Судзебнік замацаваў норму індывідуальнай адказнасці злачынцы, хоць і не адмяніў цалкам ранейшага звычая, згодна з якім пакаранне нёс не толькі сам злодзей, але і члены яго сям’і. У прыватнасці, было забаронена караць жонку і дзяцей злодзея ў выпадку, калі яны не ведалі пра злачынства і не карысталіся крадзеным. Кодэкс замацаваў вельмі жорсткія пакаранні за маёмасныя злачынствы: крадзеж трыццаці грошаў, каровы ці хатніх рэчаў на пяцьдзясят грошаў караўся смерцю. Строга забаранялася вызваляць злачынцу ад пакарання нават у выпадку вяртання ім скрадзенай маёмасці ці пераводзіць яго ў нявольніцкі стан. Пакаранне было абавязковым: «А над злодеем мнлостн не надобе». Судзебнік рэгламентаваў парадак разгляду спраў у судзе. Замацоўвалася норма, згодна з якой зямельныя спрэчкі павінны былі разглядацца толькі з выездам на месца. Строга забараняўся самасуд: напады на чужыя маёнткі, парубкі і г. д.
У цэлым артыкулы Судзебніка адпавядаюць нормам права эпохі позняга Сярэднявечча. Аднак у ім знайшлі адлюстраванне і тыя гуманістычныя тэндэнцыі, якія абазначыліся ў XV ст. у развіцці заканадаўства цэлага шэрагу краін Заходняй і Цэнтральнай Еўропы. Да іх трэба аднесці, у прыватнасці, пашырэнне канцэпцыі абмежавання калектыўнай адказнасці за злачынства і ідэі індывідуалізацыі пакарання. Лічыцца, што першапачаткова Судзебнік быў выдадзеньі толькі для т. зв. «Літоўскай зямлі» Віленскага і Трокскага ваяводстваў. Аднак не выключана, што з цягам часу яго дзеянне было пашырана на ўсю дзяржаўную тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. Нягледзячы на тое, што ўплыў Судзебніка на пазнейшыя юрыдычныя кодэксы ВКЛ, у прыватнасці на Статут 1529 г., быў дастаткова абмежаваным, яго прыняцце стала важным этапам у развіцці мясцовага заканадаўства.
Традыцыйна складанай для Вялікага Княства была канфесійная праблема. Становішча праваслаўных феадалаў па-ранейшаму заставалася нераўнапраўным у адносінах да прывілеяванай каталіцкай знаці. Прывілеі 1432 і 1434 гг. толькі часткова знялі рэлігійныя супярэчнасці. Нейкі час урадавыя колы Вялікага Княства Літоўскага спрабавалі залагодзіць сітуацыю з дапамогай царкоўнай уніі, аднак рэчаіснасць паказала, што ідэю саюзу паміж заходняй і ўсходняй цэрквамі не так лёгка рэалізаваць на практыцы.
Для правядзення уніі ва ўсяленскім маштабе існавалі сур’ёзныя перашкоды. У першую чаргу трэба адзначыць негатыўнае стаўленне многіх вернікаў, а таксама арганізацыйныя цяжкасці. Дамова пра царкоўны саюз, заключаная 6 ліпеня 1439 г. на саборы ў Фларэнцыі, спачатку не знайшла дзейснай падтрымкі ў свецкіх улад Вялікага Княства Літоўскага. Тутэйшая каталіцкая іерархія ў цэлым непрыхільна ставілася да папы рымскага Яўгена IV і скліканага ім Ферара-Фларэнтыйскага сабора, прызнаючы Базэльскі сабор і абранага ім антыпапу Фелікса V. Адпаведна, стаўленне ўлад Вялікага Княства Літоўскага да царкоўнай уніі, заключанай у Фларэнцыі, было дваістае. 3 аднаго боку, сама яе ідэя безумоўна віталася, але з другога каталіцкая іерархія і свецкія ўлады ВКЛ і Польшчы не вельмі жадалі прызнаваць рашэнні Ферара-Фларэнтыйскага сабора. У выніку мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі Ісідар, які прымаў актыўны ўдзел у працы сабора і падпісаў акт Фларэнтыйскай уніі, быў вымушаны не толькі ўцякаць з Масквы, але вельмі хутка пакінуў таксама тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага і накіраваўся ў Рым. Унія не знайшла падтрымкі і ў мясцовага праваслаўнага насельніцтва ВКЛ. Нягледзячы на гэта, Казімір Ягелончык перыядычна звяртаўся да ідэі уніі, праўда, без асаблівага поспеху.
У 1458 г. кіеўскім мітрапалітам стаў Грыгорый Балгарын, вучань і паплечнік Ісідара. Гэту падзею прынята лічыць момантам канчатковага расколу мітраполіі Кіеўскай і ўсяе Русі на дзве паловы. Мітрапаліты паўночна-ўсходніх і паўночна-заходніх зямель некалі адзінай рускай мітраполіі па месцы рэзідэнцыі сталі тытулаваць сябе мітрапалітамі Маскоўскімі і ўсёй Русі, мітрапаліты ж у Вялікім Княстве Літоўскім і Полынчы сталі называць сябе мітрапалітамі, архіепіскапамі Кіеўскімі, Галіцкімі і ўсёй Русі. Часцей за ўсё яны жылі ў Вільні, але мітрапалічыя рэзідэнцыі (двары) былі таксама ў Новагародку, Менску і, зразумела, Кіеве. Першапачаткова мітрапаліт Грыгорый Балгарын быў уніятам, аднак у канцы жыцця ён адышоў ад уніі і прызнаў вяршэнства праваслаўнага канстанцінопальскага патрыярха. Тым не менш у Вялікім Княстве Літоўскім дзеянні на карысць царкоўнай уніі мелі працяг. У 1476 г. група з 16 духоўных і свецкіх асоб на чале з нарачоным кіеўскім мітрапалітам, смаленскім епіскапам Місаілам склала пасланне да папы рымскага Сікста IV, у якім выказала прызнанне Фларэнтыйскай уніі. Аднак і на гэты раз крок у напрамку практычнай рэалізацыі уніі не меў колькі-небудзь значных наступстваў. Дакладна невядома нават, ці было гэта пасланне адпраўлена ў Рым. У далейшым, аж да часоў Берасцейскай уніі мітраполія Кіеўская і ўсяе Русі была праваслаўнай. Вельмі высокае месца сярод яе іерархаў у гэты час займалі полацкія архіепіскапы. Двое з іх (Сямён і Іёна Глезна) сталі кіеўскімі мітрапалітамі.
Аднаўленне шэрагу ўдзельных княстваў і ўзмацненне тамтэйшых князёў у пачатковы перыяд праўлення Казіміра было часовай з’явай, абумоўленай палітычнай сітуацыяй. Аднак па меры ўзмацнення сваёй улады Казімір вяртаўся да курсу Вітаўта, пачынаючы мэтанакіравана аслабляць, а пры пагодзе і ўвогуле скасоўваць удзелы. Праўда, Казімір дзейнічаў не так жорстка, як Вітаўт, і абыходзіўся без ваенных акцый. Тым не менш тэндэнцыя да скарачэння ўдзельных княстваў прасочваецца ў яго палітыцы вельмі выразна. У першую чаргу гэта датычылася буйных удзелаў, адным з якіх быў кіеўскі, на чале з князямі Алелькавічамі (пазней Алелькавічамі-Слуцкімі). Асаблівай магутнасці Кіеўскае княства, што распасціралася да Чорнага мора, дасягнула ў 1454—1470 гг. пры Сямёне Алелькавічы, якога сучаснікі часам называлі царом. Калі ў 1470 г. гэты князь памёр, Казімір не дазволіў заняць Кіеў ні яго брату Міхаілу, які валодаў Копылем і Слуцкам, ні ўдаве і дзецям, якім у выніку дастаўся Пінск. Кіеўскае княства было пераўтворана ў намесніцтва.
Гзты і падобныя крокі Казіміра выклікалі незадаволенасць князёў, якая абвастралася ўзвышэннем нетытулаванай знаці паноў, што пачалося ў часы Вітаўта. У эпоху Казіміра паны (пераважна каталіпкія) набылі яшчэ большую вагу ў велікакняжацкай Радзе і пры двары. Менавіта яны займалі большасць пасад не толькі агульнадзяржаўнага, але і мясцовага ўзроўню: ваявод, намеснікаў і г. д. Становішча паноў паступова ўзмацнялася за кошт шматлікіх зямельных падараванняў вялікага князя.
Адным з вынікаў акрэсленых працэсаў стала змова князёў супраць Казіміра Ягелончыка 1481 г. Самымі віднымі яе ўдзельнікамі былі Міхаіл Алелькавіч, Іван Гальшанскі і Фёдар Бельскі. Яны вырашылі скарыстаць вяселле апошняга, якое павінна было адбыцца ў Кобрыне, і забіць запрошанага туды Казіміра. Аднак змова была выкрыта. Князёў пакаралі смерцю, толькі Фёдар Бельскі выратаваўся ўцёкамі ў Маскву. Планы змоўшчыкаў дакладна невядомыя. Тэарэтычна на трон Вялікага Княства Літоўскага мог прэтэндаваць Міхаіл Алелькавіч праўнук Альгерда па мужчынскай лініі і Вітаўта па жаночай. Маскоўскія ж летапісцы паведамляюць пра намер змоўшчыкаў перайсці пад уладу вялікага князя маскоўскага Івана ПІ разам з землямі на ўсход ад ракі Бярэзіны (прытока Дняпра).
Стабільнае развіццё Вялікага Княства Літоўскага ў 50-гадовае праўленне Казіміра Ягелончыка моцна паўплывала на знешне непрыкметныя ўнутраныя працэсы, якія, тым не менш, мелі велізарнае значэнне для далейшага развіцця грамадства і дзяржавы. Да ліку такіх працэсаў адносіцца кансалідацыя шляхты. Канфесійныя адрозненні, якія абвастрыліся ў час грамадзянскай вайны 30-х гг. XV ст., паступова адыпілі на другі план. Яны былі знівеліраваны змяшанымі шлюбамі, удзелам у супольных акцыях (дыпламатычных, ваенных, прыдворнай службе) і праз дзеянне іншых механіз-
маў. Як вынік, у час праўлення Казіміра Ягелончыка ў Вялікім Княстве ўжо не існавала палітычных груповак, у аснову прыналежнасці да якіх была б пакладзена канфесійная прыкмета.
Працяглы мірны перыяд прывёў да ажыўлення эканамічнага жыцця на землях Вялікага Княства Літоўскага. Магнаты і шляхта ўсё больш адыходзілі ад ваеннай дзейнасці і пераключаліся на гаспадарчыя заняткі. Зямельныя падараванні Казіміра магнатэрыі і шляхце былі шматлікімі і шчодрымі. У большасці выпадкаў яны ўтрымлівалі дазвол заснаваць на атрыманай зямлі (нярэдка незаселенай) вёскі і перасяліць ці запрасіць туды людзей. Землеўладальнікі актыўна карысталіся гэтым дазволам, і сярэдзіна другая палова XV ст. сталі часам інтэнсіўнай унутранай каланізацыі края.