Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1. Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.

Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.

Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
113.95 МБ
На палітычную барацьбу ўплываў такі ўнутраны фактар, як прававое становішча старой арыстакратыі («рускае пытанне»). Існаванне ў 30-я гг. XV ст. двух Вялікіх Княстваў з’яўляецца адначасова адлюстраваннем палітычнай рэальнасці і алегорыі крыніц XV ст. Палітычна дзяржава распалася на Вялікае Княства на чале са Свідрыгайлам і Вялікае Княства на чале з Жыгімонтам у 1432 г. і праіснавала да моманту перамоў аб пераходзе падольскіх уладанняў у васальную залежнасць да польскага караля Свідрыгайлы. Так, у 1436 г. Свідрыгайла фактычна вызнаў паражэнне ў барацьбе за велікакняжацкі пасад.
Князь Жыгімонт сеў на вялікім княжанні толькі пасля паражэння Свідрыгайлы пад Вількамірам, яго адыходу ва Украіну і падпарадкавання сваёй уладзе ў 1436 г. Полацка і Віцебска. Толькі кантроль над паўночнай часткай княства даў магчымасць Жыгімонту ў поўнай мсры выконваць функцыі вялікага князя. Такім чынам, вылучэнне Вялікага Княства Свідрыгайлы і Вялікага Княства Жыгімонта умоўнасць. Яны не мелі ні дзяржаўнага, ні этнічнага ці рэлігійнага статусу. У аснове падзелу ляжала тэрытарыяльная падначаленасць сюзсрэну, якая страціла актуальнасць пры выключэнні аднаго з вялікіх князёў з сістэмы канфлікту. Метафара двух Вялікіх Княстваў летапісны варыянт ацэнкі праблемы дзвюх частак аднаго цэлага, старой і новай.
ЭТАПЫ КАНФЛІКТУ
Кожнаму этапу ўнутрыпалітычнай барацьбы 30-х гг. XV ст. адпавядае перамена метадаў і сродкаў вядзення барацьбы.
Першы этап ахоплівае перыяд ад замаху на вялікага князя Свідрыгайлу ў Ашмянах у 1432 г. да 1436 г. У гэты час баявыя дзеянні насілі характар прэвентыўных мер для выціскання апанентаў з палітычнай арэны дзяржавы. Асноўныя ваенныя падзеі адбываліся на двух франтах: паўночным і ііаўднёвым. Акцыі ў паўночных землях ВКЛ павінны былі вырашыць лёс велікакняжацкага пасада. Свідрыгайла меў за мэту вяртанне Вільні і знішчэнне Жыгімонта, а Кейстутавіч падпарадкаванне як мага большай тэрыторыі на ўсходзе. Для Свідрыгайлы асобае значэнне мелі буйныя паходы, для Жыгімонта рэйды ў глыб непадкантрольнай яму тэрыторыі. Асаблівасцю кампаній Свідрыгайлы можна лічыць імкненне дасягнуць бяспекі сталіцы Вільні і вымусіць знаць Віленшчыны перайсці на яго бок. Для Жыгімонта знясільванне і вынішчэнне тэрыторый адкрывала шлях для пераходу феадалаў на іншы бок. Ён, у адрозненпе ад Свідрыгайлы, мог не хвалявацца за сваю «велікакняжацкую рэпутацыю», бо абарона маёмасці васалаў абавязак сюзерэна. Вялікі князь не меў дастаткова войскаў і не паспяваў на ўсіх франтах. Яму патрабавалася ці здрада і фізічнае забойства апанента, ці генеральная бітва.
Першы буйны паход на Вільню распачаўся ў лістападзе 1432 г. Ён не дасягнуў станоўчага выніку: пасля бітвы пад Ашмянамі 8 студзеня 1433 г. Свідрыгайла адступіў да Полацка. У жніўні 1433 г. войскі вялікага князя дайшлі да Коўна, дзе быў знішчаны польскі гарнізон. Але Свідрыгайла зноў вярнуўся на ўсход, спаліўшы на сваім шляху Менск і Заслаўе. Восенню 1433 г. войскі Жыгімонта Кейстутавіча ў адсутнасць вялікага князя і
асноўных ваенных сіл спрабавалі авалодаць Мсціславам і Віцебскам, але беспаспяхова. Зімой 1433/34 г. Свідрыгайла здзейсніў яшчэ адзін паход на Віленшчыну, падтрыманы палескай акцыяй Аляксандра Носа з Валыні, які захапіў Гарадок і Пінск. Але з-за наступу польскіх войск луцкі староста вярнуўся на Валынь. Рашаючы паход быў прызначаны на лета восень 1435 г.
На паўднёвым фронце адбывалася пазіцыйная вайна паміж войскамі вялікага князя Свідрыгайлы і Каралеўства Польскага на чале з каралём за тэрыторыі Падолля і Валыні: акцыі ў ваколіцах Луцка і Бельска, паходы пад Львоў і крэпасці Падолля. Тут праявілі сябе палкаводцы Свідрыгайлы (князь Аляксандр Hoc, ваявода Юрша, князь Фёдар Астрожскі) і саюзнікі (малдаўскі гаспадар Аляксандр, царэвіч Айдар і інш.).
Вайна на два франты знясільвала ваенны патэнцыял Свідрыгайлы. Ён імкнуўся хутчэй пазбавіцца ўнутранага ворага і з гэтай мэтай шукаў генеральнай бітвы. У жніўні 1435 г. да яго войск далучыліся саюзнікі з Арды і Цверы. У Браславе вялікі князь сустрэў лівонскага магістра Ф. Керскорфа, у лагеры Свідрыгайлы знаходзіліся чэшскія наёмнікі Жыгімонта Карыбутавіча. Манарх спадзяваўся перамагчы Жыгімонта Кейстутавіча адной акцыяй, але яго разрозненае ў кіраўніцтве і тактыцы бою войска нічога не магло зрабіць з арганізаваным войскам праціўніка, складзеным пераважна з польскіх наёмнікаў пад кіраўніцтвам Міхаіла Жыгімонтавіча і Якуба з Кабылян. Пад Вількамірам 1 верасня 1435 г. адбылася самая буйная бітва за гады супрацьстаяння. Свідрыгайла атрымаў паражэнне і панёс вельмі значныя страты. Вількамірская бітва паклала пачатак канца ўлады Свідрыгайлы над паўднёвай часткай ВКЛ.
Вялікі князь Свідрыгайла пайшоў на новы палітычны крок спробу раз’яднаць саюз Польшчы і Жыгімонта. Перамовы пра пошук кампраміснага варыянта, на думку М. С. Грушэўскага, пачаліся яшчэ ў пачатку 1434 г. і працягваліся да канца 1436 г. Адначасова князь выкарыстоўваў настроі шляхты Львова, Галіча, Перамышля, Хэлма, Бэлза. У пачатку верасня 1436 г. ён заключыў дамову з польскімі панамі, паводле якой усе землі Свідрыгайлы пасля яго смерці перадаваліся польскаму каралю Уладзіславу.
Другі этап усталяванне кантролю вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча над усёй тэрыторыяй дзяржавы, які расцягнуўся ад 1436 да 1439 г., але цалкам не быў завершаны да сакавіка 1440 г.
У ваеннай кампаніі 1435—1436 гг. Жыгімонт здолеў падначаліць сабе Смаленск. Сітуацыя на ўкраінскіх землях была іншай: вясной 1436 г. Свідрыгайла кантраляваў тэрыторыі Севершчыны, Кіеўшчыны, Усходняга Падолля і Валыні. Летам 1436 г. пад уладу Жыгімонта Кейстутавіча
перайшлі Полацк і Віцебск. Ваенны паход Жыгімонта на Луцк і Кіеў не прынёс поспеху, як і чарговая акцыя ў верасні 1437 г., калі кіеўскі ваявода Юрша нанёс паражэнне войску, накіраванаму Жыгімонтам на захоп горада. Паступова баявыя дзеянні саступілі перамовам.
У канцы 1436 г. быў скліканы сойм у Серадзі. Яго пастановы вырашылі спрэчныя тэрытарыяльныя пытанні паміж ВКЛ і Каронай на карысць Жыгімонта Кейстутавіча. Каралеўскія войскі адклікалі з Валыні ў Малапольшчу ўжо да 25 студзеня 1437 г., іх стасункі са Свідрыгайлам забараняліся. Але выкананне дагавора не было поўным: Свідрыгайла вольна знаходзіўся на Падоллі і ў Перамышлі, што адбілася на познім пакарэнні Валыні Луцк перайшоў пад кантроль вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча толькі ў студзені 1439 г.
Такім чынам, у пачатку 1439 г. Жыгімонт Кейстутавіч змог падавіць апошні адкрыты ачаг супраціўлення сваёй уладзе. Але ў Вербную нядзелю 1440 г. «сотворнся зло велнко в Лнтве» — вялікі князь быў забіты ў замку ў Троках. У літаратуры існуе некалькі варыянтаў тлумачэння жорсткай расправы над манархам. Самы папулярны вынікае з апавядальных крыніц: князю адпомсцілі за намер знішчыць знаць у дзяржаве. Другая версія вылучае ролю вялікага князя Свідрыгайлы, які не спыніў сваёй барацьбы і толькі чакаў магчымасці нанесці ўдар. У пацвярджэнне гэтай версіі пераважна расійскія дарэвалюцыйныя гісторыкі звярталі ўвагу на двух братоў Чартарыйскіх з акружэння Свідрыгайлы. У польскай гістарыяграфіі абмяркоўваецца версія аб забойстве ў палітычных інтарэсах Ягелонаў, Уладзіслава і Уладзіміра.
Падставай для забойства сталі перамовы вялікага князя Жыгімонта з імператарам Альбрэхтам Габсбургам аб верагоднасці каранацыі Кейстутавіча і стварэнні Regni Lithuanorum, якое б адрывала землі ВКЛ ад уплыву з боку Польшчы. Гэта непакоіла палітычныя колы Кракава і не дазваляла Ягелонам забраць ВКЛ сабе.
Само забойства не выклікала палітычнай нестабільнасці ў ВКЛ. Больш за тое, праявілася падрыхтаванасць палітычнай эліты дзяржавы да рашучых дзеянняў у адносінах да манарха, спыненне эскалацыі ўнутрыпалітычнай барацьбы. Гэта прывяло да недапушчэння да ўлады ні Свідрыгайлы, ні Міхаіла Жыгімонтавіча.
Трэці этап цягнуўся ад пачатку да сярэдзіны 40-х гг. XV ст. Ён характарызуецца стабілізацыяй палітычнай сітуацыі ў краіне і падаўленнем апошніх ачагоў антыдзяржаўных выступленняў. Ішлі працэсы аб’яднання палітычнай эліты вакол маладога вялікага князя Казіміра і пераразмеркавання ўладных функцый у ВКЛ. Адбыўся канчатковы разрыў уніі з Польшчай.
На фоне рэгіянальных паўстанняў ішоў працэс рэканструкцыі палітычных адносін паміж цэнтрам і рэгіёнамі.
Пасля Вялікадня 1440 г. ураднікі ВКЛ. сярод якіх крыніцы вылучаюць біскупа віленскага Мацея, кашталяна віленскага Івана Осціка, маршалка земскага Яна (Івашку) Гаштольда, а таксама Манівіда і Пятра Манцігірадавіча, прапанавалі польскаму каралю Уладзіславу III Ягелону і каралевемаці Сафіі даслаць у ВКЛ свайго прадстаўніка. Каралевіч Казімір прыехаў у ВКЛ і ўжо 29 чэрвеня 1440 г. быў каранаваны ў кафедральным саборы Вільні ў якасці самастойнага манарха. Акцыя палітычнай эліты княства выклікала абурэнне з боку Польшчы, але да шырокамаштабных баявых дзеянняў справа не дайшла. У самім ВКЛ свае правы на велікакняжацкі пасад заявілі прадстаўнікі роду Гедымінавічаў: Свідрыгайла Альгердавіч, Аляксандр (Алелька) Уладзіміравіч і Міхаіл, сын Жыгімонта Кейстутавіча. Але ўсе яны былі заспакоены вялікімі маёмаснымі наданнямі на выключных правах. Так, Алелька атрымаў у пажыццёвае валоданне Кіеўскае княства, якое ў канцы XIV ст. было адабрана ў яго бацькі Уладзіміра Альгердавіча. Міхаіл Жыгімонтавіч таксама атрымаў спадчыну па бацьку Ноўгарад-Северскі. Што тычыцца Свідрыгайлы, то за ім пакідаліся тытул «вялікі князь», першае месца ў Радзе і Валынь на правах пажыццёвага валодання (па згодзе з Польшчай Валынь павінна была потым перайсці да Кароны).
Усё ж, нягледзячы на намаганні палітычнай эліты, пасля смерці вялікага князя Жыгімонта ўнутрыпалітычная барацьба не скончылася, а перайшла ў фазу супрацьстаяння цэнтра і рэгіёнаў (Падляшская вайна 1440 г., Жмудскае паўстанне 1440-1441 гг., паўстанне Чорных людзсй у Смаленску ў 1441-1442 гг.). Новаабраны вялікі князь Казімір цалкам залежаў ад сваёй Рады, якая вырашыла стабілізаваць унутрыпалітычнае становішча ў дзяржаве. Адначасова з падаўленнем выступленняў асобных арыстакратаў (Юрыя Сямёнавіча Мсціслаўскага і Міхаіла Жыгімонтавіча ў 40-я гг. XV ст.) велікакняжацкая ўлада забяспечыла «землі прыслухаючыя» кампраміснымі правамі, якія задаволілі канфліктуючыя бакі.