Гісторыя Беларусі дапаможнік. У 4 ч. Ч. 1.
Ад старажытнасці да сярэдзіны XVI ст.
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 351с.
Мінск 2018
Захаванне цэласнасці былых старажытнарускіх зямель і іх перавага ў складзе новай дзяржавы абумовілі значны ўплыў усходнеславянскага этнасу на развіццё гаспадарчага і культурнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага. Палітычнае аб’яднанне зямель і эканамічная інтэграцыя
садзейнічалі кансалідацыі насельніцтва, якая ўзмацнялася гандлёвымі стасункамі, юрыдычнымі нормамі, канфесіянальным фактарам і станаўленнем адзінай моўнай прасторы. Адначасова фарміраваліся асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў. У пэўнай ступені яны акрэслены дзяржаўна-палітычнымі фактарамі, фізіка-геаграфічнымі і кліматычнымі ўмовамі, гаспадарчай дзейнасцю.
Галоўным гаспадарчым заняткам беларускага насельніцтва заставалася земляробства. У XIV-XV стст. атрымалі развіццё і пашырыліся старадаўнія спосабы апрацоўкі зямлі, але з’явіліся і новыя. У XIV ст. старажытны двухпольны севазварот замяшчаўся больш эфектыўным трохпольным (азімыя, яравыя, папар), які ўжо ў канцы XV ст. стаў пераважаючым. Разам з тым да сярэдзіны XVI ст. захаваліся і больш старажытныя аблогавая і падсечна-агнявая сістэмы земляробства. У заходніх, паўднёвых і прылеглых да іх землях Цэнтральнай Беларусі для апрацоўкі глебы выкарыстоўвалі парную валовую запрэжку і драўляную саху. У землях Беларускага Падзвіння і Падняпроўя выкарыстоўвалі конскую запрэжку і лягчэйшую саху, што было абумоўлена больш лёгкай пясчаністай глебай. Каб павялічыць вытворчасць, рабочыя часткі драўлянай сахі ўмацоўвалі жалезнымі нарогамі, лемяшамі. Улічваючы рэгіянальныя адметнасці, этнолагі вылучаюць віцебскую (рускую) саху з перакладной паліцай, падняпроўскую (беларускую, або магілёўскую) і палескую (літоўскую, падляшскую).
Асноўнай сельскагаспадарчай кулыурай было жыта, пераважна азімае. Пад яго адводзілі да паловы ворыўнай плошчы. У дзяржаўных і буйных феадальных гаспадарках значнае месца адводзілася таксама пад пасевы яравой і азімай пшаніцы. Паўсюдна сеялі авёс, ячмень, грэчку, проса, бабовыя, лён, каноплі, хмель. Шырока распаўсюдзілася агародніцтва, якім займаліся таксама жыхары гарадоў і мястэчак. Асноўнымі культурамі з’яўляліся рэпа, капуста, морква, буракі, рэдзька, мак, агуркі, цыбуля, часнок, розная зеляніна. Агародніцтва дапаўнялася садаводствам (яблыні, грушы, вішні і інш.), якое мела дадатковы характар і было слабаразвітым.
Другім важным сельскагаспадарчым заняткам была жывёлагадоўля, гаспадарчае значэнне якой паступова ўзрастала. Разводзілі коней, рагатую жывёлу, свіней, птушку. Жывёлагадоўля значна пашырала харчовыя запасы, давала сыравіну, угнаенні для палеткаў. Гаспадарчую значнасць захавалі паляванне, рыбалоўства, бортніцтва, іншыя промыслы.
Асваенне новых зямель і рост прадукцыйнасці працы садзейнічалі развіццю традыцыйнага мукамольнага промыслу, які ажыццяўляўся з дапамогай жорнаў, вадзяных млыноў і млыноў на коннай ці валовай цязе. Развіццё гандлёвых адносін з заходнееўрапейскімі краінамі прывяло да з’яўлення
на беларускіх землях у канцы XV ст. ветраных млыноў галандскага і нямецкага тыпаў. Пэўная механізацыя працы (выкарыстанне механічнага молата, вадзянога кола і інш.) вызначыла ў XV ст. удасканаленне металургічнага і жалезаплавільнага промыслаў. Развіваліся каменячосная справа, перапрацоўка драўніны на вугаль, смалу, паташ, дзёгаць і іншыя прадукты.
Асобнае месца ў гаспадарчай дзейнасці насельніцтва мела бортніцтва. Аб значнасці гэтага промыслу сведчыць бортнае права, якое склалася ў Вялікім Княстве Літоўскім. Паводле яго як за цяжкае злачынства каралі не толькі за крадзеж мёду, але і за рубку бортнага дрэва. Дрэвы з борцю пазначалі спецыяльна высечанымі бортнымі знакамі (аналагічна межаванню зямлі), якія абазначалі гаспадарчую прыналежнасць. У XV ст. традыцыйнае бортніцтва дапоўнілася пчалярствам па вуллёваму тыпу у калодах (пяньках, караньках). Аб гэтым промысле красамоўна ўзгадваў М. Гусоўскі:
Бортнікі нашы на стаўках разлапістых соснах Ставяць вуллі, а часам і ў дрэве пад верхам Выдзеўбуць долатам борці і лётвы прыладзяць Вось і стаяк-каранёк для залётнага рою.
Так прыручаем пчалу і частуемся мёдам.
Сярод іншых відаў прамысловай дзейнасці, што існавалі ў гэты час, неабходна адзначыць пляценне розных вырабаў з лазы, бярозавай кары, саломы, разьбу па дрэве і камені, ткацтва, сукнаробства, ганчарства, выраб хмельных напояў і інш.
Асобныя промыслы станавіліся галоўным відам рамеснай дзейнасці для некаторых сямей сялян і гараджан. Рамёствы, гандаль, розныя службовыя абавязкі былі асноўнымі заняткамі жыхароў гарадоў і мястэчак. Але рамесныя заняткі ў гарадах існавалі пераважна на стадыі кустарнай вытворчасці і хатніх промыслаў. Многія сем’і імкнуліся вырабляць неабходныя рэчы ў хатняй гаспадарцы (займаліся ткацтвам, прадзеннем, сталярствам і інш.), а не набываць іх. Гаспадарча-вытворчыя адносіны і побыт насельніцтва ў той час былі не вельмі дыферэнцаванымі ў залежнасці ад месца пражывання вёска або горад. У гаспадарчай дзейнасці гараджан даволі значную ролю адыгрывалі земляробства, агародніцтва, жывёлагадоўля, промыслы, доля якіх пачала скарачацца толькі з другой паловы XVI ст.
У XIV першай палове XVI ст. сфарміравалася характэрнае беларускае народнае адзенне, склалася самабытная нацыянальная кухня. Пашырэнне сувязей з іншымі краінамі прывяло да пераймання жыхарамі Беларусі асобных відаў вопраткі. Але гэты працэс адбіўся пераважна на строях феадальнага саслоўя і гараджан. У XIV-XV стст. пачаў складвацца своеасаблівы гарадскі касцюм, які сумяшчаў традыцыйныя і новыя элементы адзення.
У традыцыйным адзенні беларусаў пераважаў светлы колер. Вопратку шылі з саматканых тканін, якія выраблялі з ільну, воўны, канаплі. Асноўнай адзінкай традыцыйнага касцюма была доўгая кашуля (сарочка). Мужчынскі строй дапаўняўся паясным адзеннем (нагавіцы, порткі, штаны) і плечавым (світы, кафтаны, жупаны). Жаночы касцюм дапаўнялі саматканыя спадніцы, сукні, плахты, паневы, фартукі, безрукаўкі. Верхнім адзеннем служылі кажухі, шубы, зіпуны. Касцюм завяршаў галаўны ўбор кучма, шлык, магерка, капялюш, рантух, кіфера, намітка, хустка, чапец і інш. Касцюм дапаўняўся рознымі шнурамі, гузікамі, тканымі, скуранымі і плеценымі паясамі.
На беларускіх землях быў распаўсюджаны скураны абутак боты, чаравікі, туфлі, — які насілі не толькі феадалы, але і гараджане, сяляне. У сялянскім асяроддзі таксама насілі лапці-пасталы з лыка або са скуры. Зімовым абуткам былі валёнкі.
Адзенне ў пэўнай ступені вызначала саслоўную прыналежнасць, сямейны і маёмасны стан чалавека. Замужнія жанчыны на людзях павінны былі насіць галаўныя ўборы, якія поўнасцю пакрывалі валасы. Нспакрытая галава мужчыны на вуліцы сведчыла аб яго беднасці, хваробе, непрытуленасці. Дрэнным учынкам, абразай лічылася збіць шапку з іншага чалавека. Людзям простага стану забаранялася насіць адзенне з дарагіх тканін, напрыклад з шоўку або з каштоўнымі ўпрыгожаннямі. Да адзення ставіліся з павагай, яго зберагалі, пакідалі ў спадчыну. Існавалі звычаі адорваць адзеннем, раздаваць яго ў дні свят у якасці міласці вандроўнікам, жабракам.
Харчаванне беларускага насельніцтва ў XIV-XV стст. захоўвала традыцыйны характар і вызначалася ў першую чаргу прыродна-кліматычнымі ўмовамі і гаспадарчымі заняткамі. У харчовым рацыёне насельніцтва вылучыліся агульныя рысы — пераважнае месца пачалі займаць крупяныя і мучныя стравы, гародніна.
Пачэснае месца займала гатаванне хлеба, які выпякалі звычайна ў форме авальных або круглых боханаў вагой да 3 кг адразу на некалькі дзён і нават тыдняў. Яшчэ з язычніцкіх часоў усходнеславянскія народы надавалі хлебу сакральны сэнс у каляндарных, сямейных, гаспадарчых абрадах і святах. Распаўсюджанне атрымалі і такія стравы з круп і мукі (жытняй, пшанічнай, грэцкай, аўсянай), як кашы і кісялі, крупнікі, заціркі, бліны і аладкі, якія таксама цесна звязаныя з народнымі абрадамі. Шырока ўжывалі гародніну, асабліва рэпу і капусту, з якой гатавалі гарачыя стравы (парылі, варылі, смажылі), а таксама квасілі, мачылі, салілі ў запас. Сярод мясных прадуктаў перавагу мелі вырабы са свініны. Паўсюдна былі вядомы каўбасы, якія абавязкова гатавалі да святочнага стала. Але ўжыванне
мясных прадуктаў абмяжоўвалася рэлігійнымі пастамі і абумоўлівалася саслоўным і маёмасным станам сямей, рэгіёнам пражывання. Малочныя прадукты, рыба, садавіна, арэхі, грыбы, ягады дапаўнялі харчовы рацыён. Варта заўважыць, што малочных прадуктаў ужывалі значна менш, чым у сучасны перыяд. Магчыма, гэта было абумоўлена невысокай малочнай прадукцыйнасцю мясцовай «чырвонай» пароды кароў, а таксама шырокім выкарыстаннем валоў у гаспадарцы.
У якасці напояў традыцыйнай беларускай кухні ў гэты перыяд былі вядомы разнастайпыя квасы, кісялі, адвары (узвары), піва, слабаалкагольныя напоі з дадаваннем хмелю. У канцы XV XVI ст. значнае распаўсюджванне атрымалі разнастайныя слабаалкагольныя напоі з мёду. Гарэлка на тэрыторыі Беларусі да сярэдзіны XVI ст. была малавядомай і выкарыстоўвалася як лекавы сродак. Віно было даступна толькі найбольш заможным феадалам, таму што завозілася выключна з-за межаў княства і каштавала вельмі дорага.
Да XVI ст. можна казаць аб адзінай кулінарнай традыцыі беларускіх зямель. Харчаванне розных слаёў насельніцтва істотна не адрознівалася. Шляхта, заможныя гараджане ўжывалі амаль гыя ж прадукты, што і сяляне, але лепшай якасці і ў іншых прапорцыях. Віно, спецыі, цукар імпартаваліся і з прычыны значнай дарагавізны спажываліся нязначна наваг прадстаўнікамі вышэйшага саслоўя.
РАЗВІЦЦЁ ДУХОЎНАЙ КУЛЬТУРЫ
Адначасова з фарміраваннем беларускай народнасці адбывалася станаўленне і развіццё адметных рыс духоўнай культуры беларусаў. Важнейшай часткай яе з’яўляецйа вусна-паэтычная творчасць. У гэты перыяд беларускі фальклор быў прадстаўлены жанрамі, вядомымі з больш старажытных часоў (песні, быліны, казкі, легенды, магічныя заклінанні, замовы). Але ў XIV-XV стст. узніклі і пашырыліся новыя жанры гістарычныя песні і казанні, гераічныя быліны, лірычныя песні, паданні. Звесткі аб фальклорных героях, пераказы легенд, прыказкі часткова захавалі летапісы XIV-XVI стст., хронікі, дакументы дзяржаўнага справаводства.
Беларускаму фальклору ўласцівы культ прыроды, анімістычныя ўяўленні, сімвалізм. Шматлікія вусна-паэтычныя цыклы беларускага фальклору датычыліся каляндарна-абрадавых свят: Каляды, Масленіца, Вялікдзень, Сёмуха, Русалачны тыдзень, Купалле і інш. 3 земляробчымі абрадамі звязаны талочныя, ільнаробчыя, ярылавыя, жніўныя песні. Разнастайныя сямейна-бытавыя і каляндарна-земляробчыя абрады ўвабралі ў сябе дахрьіс-